Добры настаўнік павінен быць творцам. Можна адточваць майстэрства, вывучаць дапаможнікі і методыкі, але без творчага падыходу да працы вельмі складана дасягнуць паспяховых вынікаў. Такога меркавання прытрымліваецца настаўніца англійскай мовы гімназіі № 3 Магілёва Вольга Каплан. На яе думку, школа вельмі падобна да тэатра. На кожны ўрок, як і на выступленне, трэба ісці нібы на творчы экзамен.
Сёння Вольга Аляксандраўна лічыць настаўніцкую працу сваім прызваннем. Між тым на адпаведны факультэт цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова яна некалі паступала толькі з-за захопленасці замежнымі мовамі.
— У нас быў вельмі паспяховы клас. Шмат выдатнікаў, залатых медалістаў. Сямёра выпускнікоў працягнулі адукацыю ў нашым педагагічным універсітэце. Але пасля абавязковай адпрацоўкі ў прафесіі засталася толькі я, — расказвае Вольга Каплан.
Па размеркаванні маладым спецыялістам яна трапіла ў трэцюю гарадскую гімназію — навучальную ўстанову, якую сама калісьці скончыла. Так і працуе там пятнаццаць гадоў. За гэты час педагогіка стала для яе любімай справай. А калі займаешся тым, што любіш, то пастаянна імкнешся да самаўдасканальвання. Вольга Каплан нястомна пашырае прафесійныя гарызонты.
— Урок не павінен быць проста перадачай ведаў ад настаўніка да вучня. Трэба і добра выкладаць свой прадмет, і ўмець зацікавіць ім дзяцей. Не менш важна таксама знайсці падыход да кожнага вучня, дапамагчы яму паверыць у сябе, раскрыць свае таленты, — пераканана Вольга Аляксандраўна.
На сваіх уроках яна не толькі дае вучням пэўны набор ведаў, але і фарміруе ў іх жаданне вучыцца самастойна. Каб дасягнуць гэтай мэты, выкарыстоўвае розныя методыкі навучання, гарманічна спалучаючы традыцыйныя і сучасныя падыходы. На занятках настаўніца перыядычна прымяняе метад праектаў, інтэлектуальныя гульні, творчыя заданні.
— Актыўна выкарыстоўваю і інфармацыйныя тэхналогіі. Але лічу, што яны не павінны цалкам замяняць настаўніка. Ніякая, нават самая дасканалая, тэхніка, не заменіць жывых зносін. Толькі праз узаемадзеянне з педагогам вучні атрымліваюць самыя трывалыя веды, — адзначае Вольга Каплан.
Гімназістам урокі ў Вольгі Аляксандраўны вельмі падабаюцца яшчэ і таму, што гэта не сухая лекцыя, не маналог. Кожныя заняткі праходзяць у форме сяброўскай гутаркі. Адметна, што гавораць пераважна на англійскай мове, прычым часта не проста гавораць, а ладзяць на ўроках сапраўдныя тэатралізаваныя пастаноўкі.
— Некалькі гадоў назад заўважыла, што дзеці, якія наведваюць драматычны гурток, значна лепш спраўляюцца з вырашэннем камунікатыўных задач. Тады і вырашыла пачаць выкарыстоўваць на занятках метад драматызацыі. Прымяняю яго на розных этапах урока для ўсіх узроставых катэгорый вучняў. Драматызацыя на занятках захоплівае настолькі, што працягваецца і ў пазаўрочны час. Разам з вучнямі мы ставім спектаклі на англійскай мове, і гэта прыносіць адпаведныя вынікі. Дзеці становяцца больш упэўненымі ў сабе, развіваюць свае камунікатыўныя навыкі, што дапамагае дасягаць пэўных поспехаў у вучобе, — падкрэслівае Вольга Аляксандраўна.
Каб падтрымаць цікавасць вучняў да прадмета, Вольга Каплан знаходзіцца ў бесперапынным прафесійным пошуку, самаразвіцці. З мэтай атрымання новага вопыту яна ішла і на сёлетні конкурс “Настаўнік года”. Хацелася паглядзець на работу калег, ацаніць свае педагагічныя магчымасці. Пра тое, каб выйграць, нават не думала, а атрымалася якраз наадварот. Вольга Аляксандраўна атрымала ўпэўненую перамогу на гарадскім этапе конкурсу. Падчас абласнога тура яна таксама выступіла годна, заваяваўшы дыплом удзельніка.
Дарэчы, гэта не першыя яе прафесійныя ўзнагароды. Плённая праца Вольгі Каплан неаднаразова адзначалася мясцовымі ўладамі. Сваімі поспехамі яе радуюць і вучні, якія штогод становяцца прызёрамі гарадской алімпіяды, разнастайных інтэлектуальных конкурсаў па англійскай мове. Усе гэтыя складнікі ў сукупнасці робяць Вольгу Аляксандраўну абсалютна шчаслівым чалавекам.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.