Педагогіка — яе прызванне

- 9:00Людзі адукацыі

Наталля Віктараўна Байдо, акрамя асноўнай працы настаўніцай, з’яўляецца членам Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Наталля Віктараўна ўдзельнічае ў адкрытых дыялогах з моладдзю. Сярод пытанняў, што закранаюць маладыя людзі, — тэмы адукацыі, працаўладкавання, перспектыў развіцця. 

Наталля Віктараўна лічыць, што ёй пашанцавала з прафесіяй. Яшчэ падчас студэнцкай практыкі яна зразумела, што педагогіка — яе прызванне. “Я вельмі люблю дзяцей. Работа з імі зараджае мяне пазітыўнай энергіяй. Мае ўрокі хіміі і біялогіі праходзяць з максімальнай карысцю для навучэнцаў”, — сцвярджае настаўніца.

Н.В.Байдо скончыла ў 2014 годзе Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Біёлаг, выкладчык біялогіі і хіміі”. У гімназіі № 3 Віцебска працуе з 2015 года. У гэтым жа годзе ёй была прысвоена ступень магістра педагагічных навук па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка навучання і выхавання (у галіне хіміі)”. На XXII Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ магістраў у 2015 годзе навуковая работа Наталлі Віктараўны Байдо адзначана дыпломам I ступені. Педагог мае дыпломы за актыўную даследчую дзейнасць і значны ўклад у развіццё сучаснай навукі Head of Science and Information Department (RS global media WORLD SCIENCE — CJNFERENCE.COM). 

У 2016 годзе Наталля Віктараўна была ўзнагароджана трэцяй прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Наталля Віктараўна — добрасумленны, старанны настаўнік, пастаянна павышае свой прафесійны ўзровень. Ні адзін яе ўрок не абыходзіцца без нагляднасці. Яна стараецца зацікавіць кожнага навучэнца, а пры ўзнікненні цяжкасцей — абавязкова падтрымаць. Наталля Віктараўна лічыць, што вельмі значным на ўроках з’яўляецца стварэнне атмасферы пазітыўнага эмацыянальнага настрою вучняў, што дазваляе лёгка і параўнальна хутка засвойваць новы матэрыял, спрыяе павышэнню матывацыі навучэнцаў. Для кожнага з вучняў настаўніца стараецца падрыхтаваць дыферэнцыраваныя заданні, стварыць сітуацыю поспеху. 

Наталля Віктараўна плануе адукацыйны працэс з улікам псіхолага-ўзроставых асаблівасцей вучняў. Яе ўрокі праходзяць у аптымальным тэмпе, адрозніваюцца насычанасцю карыснай інфармацыяй, прадуманай паслядоўнасцю ўзаемазвязаных паміж сабой этапаў. Наталля Віктараўна выкарыстоўвае розныя метады навучання: тлумачальна-ілюстрацыйны, часткова-пошукавы, рэпрадукцыйны, метад праектаў. Выконваючы творчыя заданні, навучэнцы складаюць крыжаванкі, удзельнічаюць у віктарынах; да асобных тэм урока падбіраюць прыказкі і прымаўкі, рыхтуюць паведамленні па прапанаванай тэме. Наталля Віктараўна практыкуе стварэнне разам з навучэнцамі на ўроках хіміі інтэлект-карт, лэпбукаў.

Н.В.Байдо — актыўная ўдзельніца творчай групы настаўнікаў па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнцый у навучэнцаў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі і ва ўмовах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Педагог на ўроках хіміі прымяняе практыка-арыентаваныя заданні, каб стварыць умовы для авалодання навучэнцамі ўменнямі выкарыстоўваць тэарэтычныя веды на практыцы. На ўроках Наталлі Віктараўны арганічна спалучаюцца навучанне, выхаванне і творчае развіццё навучэнцаў з мэтай фарміравання метапрадметных кампетэнцый. 

Вучні Наталлі Віктараўны з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі інтэлектуальных конкурсаў, Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, біялогіі, экалагічнай канферэнцыі. Яны неаднаразова станавіліся пераможцамі абласнога этапу конкурсу навукова-даследчых работ “Эўрыка” і прымалі ўдзел у Рэспубліканскай канферэнцыі навукова-даследчых работ.

Н.В.Байдо пастаянна павышае сваю кваліфікацыю: працуе з метадычнай літаратурай, наведвае семінары, канферэнцыі, удзельнічае ў вэбінарах. Настаўніца актыўна выкарыстоўвае сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. З мэтай асэнсавання і абагульнення сваёй педагагічнай дзейнасці Наталля Віктараўна стварыла электроннае партфоліа, мае ўласны сайт.

З’яўляючыся класным кіраўніком, педагог удзяляе асаблівую ўвагу маральна-эстэтычнаму, грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню і інтэлектуальнаму развіццю навучэнцаў, павышэнню матывацыі гімназістаў да вучобы. Наталля Віктараўна творча падыходзіць да правядзення пазакласных мерапрыемстваў, актыўна супрацоўнічае з бацькамі навучэнцаў. Вялікую ўвагу ўдзяляе фарміраванню класнага калектыву. Больш за пяць гадоў Наталля Віктараўна разам з навучэнцамі свайго класа прымае актыўны ўдзел у дзейнасці гімназічнага валанцёрскага атрада “Добрае сэрца”. Класны кіраўнік разам з дзецьмі прымала ўдзел у рэспубліканскіх акцыях “Нашы дзеці”, “Цуды на Каляды”, патрыятычным праекце “Кветкі Вялікай Перамогі”, гарадской дабрачыннай акцыі “Шукаю сябра” ў дапамогу прытулку для бяздомных жывёл. 

Безумоўна, Наталля Віктараўна валодае і якасцямі лідара, праяўляе вялікую зацікаўленасць у працы, актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю. Прынамсі, у 2019 годзе Наталля Віктараўна прыняла ўдзел у гарадскім этапе рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. У 2020 годзе ў складзе Маладзёжнай палаты Віцебскай вобласці прысутнічала на сустрэчы з намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі Анатолем Міхайлавічам Ісачэнкам, у складзе дэлегацыі моладзі Віцебскай вобласці прыняла ўдзел у адукацыйнай зімовай школе маладых лідараў прыгранічных рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Наталля Віктараўна адзначае, што вельмі запамінальнай, яркай і значнай падзеяй у яе жыцці быў удзел у VI Усебеларускім народным сходзе. “Я адчувала вялікую адказнасць і, безумоўна, гордасць, што прадстаўляю сваю гімназію, сваю родную Віцебскую вобласць, — падзялілася ўражаннямі настаўніца. — Усебеларускі народны сход даў рэальную магчымасць людзям розных узростаў і прафесій прыняць непасрэдны ўдзел у абмеркаванні і вырашэнні лёсавызначальных і гістарычна значных для краіны пытанняў. Працяглы час я працую ў сістэме адукацыі, таму лічу, што адной з галоўных мэт на найбліжэйшую пяцігодку павінна стаць далейшае павышэнне якасці адукацыйных паслуг. Упэўнена, што ў прыярытэце застануцца захаванне і памнажэнне сямейных каштоўнасцей, эстэтычнае і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі. На Усебеларускім народным сходзе я выступіла з прапановай працягнуць узрост моладзі да 35 гадоў, каб маладыя людзі змаглі прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, выступаць з маладзёжнымі прапановамі, удзельнічаць у праектах і праграмах грамадскай падтрымкі”. 

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.