Кожны малады педагог вымушаны вырашаць на першым месцы сваёй працы задачу з трыма невядомымі. З аднаго боку, вучні — трэба навучыцца трымаць іх увагу, знайсці залатую сярэдзіну паміж дыктатурай і анархіяй у класе. З другога — бацькі, прадукцыйныя адносіны з якімі часам пабудаваць цяжэй, чым з іх нашчадкамі. Яшчэ адна немалаважная справа — пошук паспяховых адносін з калегамі.
Вопыт Ірыны Аляксандраўны Багманян, маладога педагога з трохгадовым стажам, настаўніцы біялогіі гімназіі № 12 Мінска, у гэтай справе можна лічыць сапраўды ўдалым. Тым больш што ў яе задачцы складнікаў куды больш. Пасля заканчэння факультэта прыродазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка яна скончыла магістратуру біялагічнага факультэта БДУ, паступіла ў аспірантуру, з запалам паўдзельнічала ў конкурсе “Лідар года — 2015”, узначаліла метадычнае аб’яднанне класных кіраўнікоў у сваёй гімназіі.
— Ірына Аляксандраўна, ведаю, што ваш шлях у педагогі пачаўся незвычайна — з навукі. Як так склалася?
— Навуковая дзейнасць пачалася яшчэ ў Мінскім медыцынскім каледжы, там я стала ўладальніцай першых узнагарод. Ва ўніверсітэце працягнула дзейнічаць у медыцынскім кірунку. Мы з групай аднадумцаў атрымалі грант на чатырохгадовае даследаванне ранніх маркераў інфаркту міякарда ў крыві. На 5 курсе стала лаўрэатам прэміі Мінгарвыканкама за актыўны ўдзел у навуковым, грамадскім і культурным жыцці Мінска, двойчы падавала свае навуковыя работы на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ і ў выніку маю дыпломы II і III ступеней.
Паколькі маёй мэтай на той час была ўсё ж такі навука, пасля заканчэння ВНУ паступіла ў магістратуру на дзённае аддзяленне і аб працы ў школе нават не думала. Але апантаная даследчая дзейнасць не прадугледжвае наяўнасць сям’і. Пасля таго, як тры гады запар я сустракала ўсе святы “за навукай”, гэтая праблема стала крытычнай. І тут мне патэлефанавала дырэктар гімназіі Кацярына Пятроўна Пятруша і прапанавала месца маладога спецыяліста. Яна добра мяне ведала: менавіта ў гэтай гімназіі я праходзіла дзве практыкі падчас навучання ва ўніверсітэце.
Такім чынам, з прапановай дырэктара распачаць педагагічную дзейнасць менавіта ў медыцынскім класе гімназіі № 12 мне ў свой час пашанцавала. Першы год сумяшчала з магістратурай, пасля заканчэння магістратуры пачала працаваць як малады спецыяліст.
— Ірына Аляксандраўна, ці давялося вам адчуць цяжкасці адаптацыйнага перыяду на сваёй першай працы?
— Шчыра кажучы, калі я прыйшла ў гімназію ў якасці маладога спецыяліста, адаптацыі асабліва не было. Я ўжо ведала, што працаваць буду ў медыцынскім класе, ведала ўзровень біялогіі, які тут выкладаюць, і была падрыхтавана адназначна. Прычына простая — у гэтай навучальнай установе я праходзіла практыку. А вось успамінаючы першыя свае ўрокі, якія мне давялося правесці яшчэ на практыцы, магу дакладна сказаць, што было не столькі складана, колькі страшна. Тым больш выкладанне матэрыялу тут паглыбленае. Да таго ж нялёгка працаваць, калі ты практыкант або малады настаўнік, а перад табой сядзіць адзінаццацікласнік. Цябе ўспрымаюць як равесніцу, і каб “паставіць” сябе, трэба пастарацца.
— Як вы пераадольвалi момант невялікай розніцы ва ўзросце? Ці здаралася часам ацэньваць выхаванца з пазіцыі “я цябе разумею — сама нядаўна была такой жа”?
— Да паступлення ва ўніверсітэт я скончыла медыцынскі каледж, таму розніца ва ўзросце з маімі падапечнымі ў мяне большая, чым нават яны думаюць. А характар, як жартуюць у сям’і, ваенны. Жартачкаў, панібрацтва, сяброўскага стаўлення дакладна няма. Вучань павінен ясна разумець, што перад ім стаіць педагог. Гэта не сведчыць аб тым, што на маіх уроках пануе дыктатура, але павага да чалавека, які выкладае табе прадмет, — адназначна. Напэўна, правільны тон удалося задаць у адносінах “вучань — выкладчык” адразу, таму што калі сёння выпадкова дзесьці сустракаю тых мінулых адзінаццацікласнікаў, у якіх яшчэ студэнткай выкладала біялогію, то вітаюць мяне з павагай і без “тыкання”, хоць многія з іх і не ведаюць, што я засталася працаваць у гімназіі.
— Класнае кіраўніцтва прынесла вам яшчэ адзін адаптацыйны момант — адносіны з бацькамі. Якія тут ёсць складанасці і нюансы?
— Адзінае, да чаго падрыхтавацца загадзя немагчыма, — класнае кіраўніцтва. Амаль што з першымі віншаваннямі аб прыёме на працу мне паведамілі, што я з’яўляюся кіраўніком 5 “Б” класа. Вось тут пачалася сапраўдная адаптацыя. Калі дзеці пераходзяць з пачатковай школы ў старэйшую, ім цяжка перастроіцца і ўспрыняць новую сістэму. Няма больш аднаго кабінета і адзінага настаўніка на ўсе прадметы, ніхто не водзіць за руку ў сталоўку — адным словам, пачынаецца дарослае школьнае жыццё. Таму пытанняў было шмат, і ўвесь верасень я правяла “на тэлефоне” ў размовах з бацькамі. Адразу пастаралася зняць пытанне “хаджэння” па настаўніках. Калі былі спрэчныя моманты з выкладчыкамі, адпраўляла вучняў вырашаць іх самастойна, такім чынам прывіваючы дзецям даросласць. Аднак няньчыцца таксама прыходзіцца нават зараз, хоць дзеці ўжо ў 7 класе. Бацькі дасылаюць смс-паведамленні: “Пракантралюйце, каб выпіў таблетку”, “Забярыце ў правай кішэні партфеля грошы” і г.д. І ты ідзеш і кантралюеш, а як інакш?
— Ці перашкаджае маладосць у адносінах з бацькамі?
— Сапраўды, калі яшчэ на вучняў ты маеш уплыў, то на іх бацькоў, якія з’яўляюцца нават не маімі аднагодкамі, а аднагодкамі маіх бацькоў, аказаць уплыў значна цяжэй. Калі не магу дастукацца, прыходзіцца спасылацца на законы, статут гімназіі, дакументы, дзе прапісаны правілы. У навучальнай установе існуе і служба псіхолагаў, на кансультацыі якіх можна разлічваць у спрэчных момантах, далучаюцца сацыяльныя педагогі, калі ёсць пытанні вучнёўскіх паводзін. Аднак я схільная прытрымлівацца таго, што “смецце з сям’і не выносяць”, таму псіхалагічная служба за маю трохгадовую практыку спатрэбілася ўсяго аднойчы. Разумею, што калі буду пастаянна перанакіроўваць бацькоў разам з вучнямі сваім калегам, то здабытыя павагу і давер страчу абавязкова.
— Як складваюцца вашы адносіны з калектывам і адміністрацыяй?
— Калег-прадметнікаў ведала добра, яшчэ падчас практыкі адносіны з імі ўстанавіліся добрыя і даверлівыя. Наша гімназія з’яўляецца базай для студэнтаў, таму іх тут заўсёды шмат, і выкладчыкі біялогіі Вольга Мікалаеўна Якімава і Таццяна Дзмітрыеўна Бабай да супрацоўніцтва адкрыты заўсёды. Нават калі да цябе як да студэнта-практыканта ёсць заўвагі па вядзенні ўрока, іх робяць настолькі тактоўна і карэктна, што не застаецца страху і няўпэўненасці ў сабе перад наступным урокам.
Таксама моцную дапамогу адчула, калі пасля прыходу ў гімназію на працу атрымала пасаду класнага кіраўніка, а з ёй і шмат дакументальнай работы. Ва ўніверсітэце няма прадмета, дзе нас навучылі б, як запаўняць дакументацыю. Аднак пры тым жа запаўненні класнага журнала існуе шмат нюансаў. Я добра памятаю момант, калі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Раманаўна Вазавікова села побач са мной, дастала чыстыя лісты паперы і ад рукі пачала запаўняць і тлумачыць амаль кожную старонку ў імправізаваным класным журнале. Яна патраціла на тлумачэнні некалькі гадзін, але “гід па класным журнале” я захоўваю да гэтага часу і карыстаюся ім. Мне даспадобы паважлівы і спакойны педагагічны “клімат” гімназіі. Менавіта маладым спецыялістам, а іх штогадова з’яўляецца ў гімназіі 4—5 чалавек, тут утульна “расці” ў вопыце і ведах.
— З вышэйшай навучальнай установы малады спецыяліст выходзіць з пэўнай сумай ведаў па методыцы выкладання прадмета. Ці хапіла тэорыі першыя часы?
— Ва ўніверсітэце мне вельмі падабалася методыка як навука, таму я стараюся пераймаць вопыт у гэтай сферы не толькі нашых калег, але і замежных педагогаў. Спачатку старэйшыя калегі-біёлагі нават раілі памяншаць колькасць выкарыстаных метадычных прыёмаў. А вось на ўроках хіміі, якую я выкладала падчас практыкі, іх разнастайнасць спатрэбілася: цяжкага для засваення матэрыялу шмат, таму пастаяннае пераключэнне ўвагі вучняў з гульнявога блока на схему, са схемы на кластар і гэтак далей дало магчымасць “трымаць” увагу класа.
— Ужо вызначылі для сябе свой стыль выкладання? Да якіх метадаў ён больш падобны?
— Я прыхільніца лагічных форм, таму хутчэй прапаную вучням пазнавальную схему, чым дам інфармацыю ўрока ў якасці гульні. Але да гэтага я прыйшла не адразу, а з набыццём пэўнага вопыту ў прафесіі. Таксама ўжо ў гімназіі я перайшла на некаторыя прыёмы адукацыйнай сістэмы “Школа 2100”. Некалькі гадоў назад яна была папулярная ў Беларусі. Запазычыла адтуль праблемна-дыялагічныя метады, калі дзеці самі дашукваюцца да тэмы і з першых хвілін актыўна ўключаюцца ў работу на ўроку.
База нашай гімназіі дазваляе актыўна прымяняць электронныя сродкі. У кожным класе ёсць камп’ютары, электронныя дошкі. Карыстаючыся гэтым, я пачала займацца сістэмай дыстанцыйнага навучання Moodle. Ствараю модулі і прымяняю іх і ў якасці прэзентацый на ўроку, і ў якасці дамашніх заданняў. Электронныя прэзентацыі размяшчаю на сайце гімназіі, і дома вучні могуць праглядаць іх. Потым паэтапна адкрываю модулі: спачатку дамашнія заданні, потым дадатковыя, пасля карэкціруючыя. Доступ да заданняў з самастойнымі работамі раблю свабодным толькі пасля таго, як работа напісана на ўроку. Такім чынам навучэнцы могуць пракантраляваць сябе і разабраць свае памылкі. Кожны год блокі з самастойнымі работамі прыходзіцца мяняць, таму што школьнікі злаўчыліся спампоўваць іх для наступных пакаленняў карыстальнікаў. Апошні час стала таксама ствараць інтэрнэт-старонкі і размяшчаць інфармацыю ўрока там. Для сучаснага вучня, які пастаянна карыстаецца інтэрнэтам у тэлефоне, — ідэальны варыянт. Старонкі з прэзентацыяй і заданнямі лёгка загружаюцца і лёгка гартаюцца.
— У кожнай навучальнай установе ёсць свае традыцыі і каноны. Як вы ўпісаліся ў рамкі гімназіі?
— У нашым педагагічным калектыве няма падзелу на гурткі па ўзроставай прымеце. Асобных маладзёжных суполак не існуе. І, як мне ўспамінаецца, гэта было з першых дзён. На штогадовай жнівеньскай педагагічнай нарадзе маладых спецыялістаў абдорваюць кветкамі і ўрачыстымі віншаваннямі. У свой час для мяне гэта было нечакана і прыемна. У Дзень настаўніка існуе яшчэ адна добрая традыцыя — калектыўныя паездкі па цікавых мясцінах краіны. Калі ў першы год сваёй працы ў гімназіі я была адзінай прадстаўніцай маладых педагогаў, якія адправіліся ў вандроўку, то зараз моладзі далучаецца значна больш. Усе асноўныя святы таксама праводзім усім калектывам. З гэтага года я ўзначаліла метадычнае аб’яднанне класных кіраўнікоў гімназіі, і з’явілася яшчэ адна традыцыя — сустракаемся па суботах у рамках гэтага аб’яднання.
— Што б вы параілі маладым спецыялістам, якія толькі пачынаюць свой педагагічны шлях?
— Трэба ўлюбіцца ў сваю прафесію. Калі педагогіка не будзе падабацца, то і дзеці будуць гэта адчуваць, і канспекты да ўрокаў атрымлівацца не будуць, і з адміністрацыяй адносіны таксама не складуцца. І наогул будзе толькі агіда ад работы. Яшчэ адна парада — навучыцца падладжвацца пад узрост дзяцей: у 5 класе ты з імі яшчэ як матуля, у 8 класе яны ўжо падлеткі, і трэба недзе асцярожна і своечасова пажартаваць з імі, але ў той жа час захаваць строгасць, у старшых класах вучням патрэбны ад цябе канкрэтныя веды, бо яны амаль усе мэтанакіраваныя і ведаюць, чаго хочуць.
—Дзякуй за карысныя парады і прыемную размову.
Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.