Педкаледж і школа: 40 гадоў разам!

- 10:50Навіны рэгіёнаў

У Горацкім педагагічным каледжы склалася стройная і паслядоўная сістэма падрыхтоўкі будучых педагогаў. Навучэнцы праходзяць практыку як у гарадскіх, так і ў сельскіх установах адукацыі Магілёўшчыны. Вопытныя творчыя настаўнікі, многія з якіх з’яўляюцца выпускнікамі нашай навучальнай установы, дапамагаюць маладым людзям набыць упэўненасць у сабе і замацавацца ў педагагічнай прафесіі.

Для ўдасканалення прафесійнай падрыхтоўкі будучых настаўнікаў і выхавальнікаў на базе каледжа ўжо многія гады працуе навукова-метадычны комплекс “Горацкі педкаледж МДУ імя А.А.Куляшова — аддзел адукацыі, спорту і турызму Горацкага райвыканкама — базавыя адукацыйныя ўстановы педкаледжа”. Асноўныя напрамкі яго дзейнасці адлюстраваны ў доўгатэрміновым дагаворы аб супрацоўніцтве, які арыентаваны на аказанне неабходнай кадравай і навукова-метадычнай дапамогі педработнікам школ і дзіцячых садоў. У рамках гэтай работы настаўнікі і выхавальнікі знаёмяцца з навінкамі вучэбна-метадычнай літаратуры, атрымліваюць ад выкладчыкаў каледжа неабходныя групавыя і індывідуальныя кансультацыі з адначасовай перадачай актуальных метадычных матэрыялаў з фондаў каледжа.Для павышэння якасці практычнай падрыхтоўкі навучэнцаў падчас педпрактыкі праводзяцца сумесныя кансультацыі настаўніка і выкладчыка-метадыста па некаторых найбольш складаных тэмах. Праглядаюцца і аналізуюцца з навучэнцамі паказальныя тэматычныя відэаўрокі, праведзеныя выкладчыкамі каледжа ў школе.
Прадметныя камісіі каледжа цесна ўзаемадзейнічаюць з профільнымі кафедрамі і факультэтамі МДУ імя А.А.Куляшова. У сумеснай рабоце выпрацоўваюцца агульныя падыходы і пераемнасць практычнага навучання навучэнцаў каледжа і студэнтаў універсітэта, праводзяцца семінары-практыкумы, справаздачныя выставы і канферэнцыі, конкурсы педагагічнага майстэрства і г.д. Навучэнцы і студэнты ў складзе аб’яднанага педатрада “Белая Русь” праходзяць сумесную летнюю практыку на базе дзіцячага аздараўленчага комплексу “Жамчужына Расіі” (Анапа, Краснадарскі край, Расійская Федэрацыя).
На сайце каледжа рэгулярна абнаўляецца тэматычная старонка “Педагагічная практыка”, дзе можна знайсці шмат карысных метадычных і справаздачных матэрыялаў, якія адлюстроўваюць шматгранны працэс практычнай падрыхтоўкі навучэнцаў каледжа.
У каледжы пастаянна папаўняецца фонд відэатэкі перадавога педагагічнага вопыту, дзе можна азнаёміцца не толькі з відэаўрокамі і выхаваўчымі заняткамі педагогаў, якія творча працуюць, але і ўбачыць цікавыя відэасюжэты самастойнай педагагічнай дзейнасці навучэнцаў-практыкантаў.
У змест усіх вучэбных праграм практыкі (летняй на 3 курсе і пераддыпломнай на 4 курсе) уваходзіць прафарыентацыйная работа з будучымі абітурыентамі.
Перад ад’ездам на практыку кожны навучэнец-практыкант атрымлівае ў сваю асабістую метадычную скарбонку пакет матэрыялаў для правядзення інфармацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў прафарыентацыйнай накіраванасці: ілюстраваныя буклеты пра Горацкі педкаледж, пра яго традыцыі і дасягненні, пра аграгарадок Леніна, яго гераічнае мінулае і сучасныя будні. Да друкаваных дакументаў звычайна дадаецца дыск або флэш-карта з цікавымі відэасюжэтамі пра вучобу і адпачынак навучэнцаў, а таксама асноўнымі даведачна-інфармацыйнымі матэрыяламі для будучых абітурыентаў.
Падчас летняй педпрактыкі навучэнцы 3 курса, працуючы ў складзе педагагічных атрадаў на штатных пасадах важатых і выхавальнікаў, расказваюць дзецям аб прафесіі настаўніка, яе важным значэнні ў жыцці грамадства, аб сваім навучанні і захапленнях у каледжы, выкарыстоўваючы відэа- і фотаматэрыялы, паведамляюць пра ўмовы прыёму ў каледж. Аповед дапаўняецца яркімі творчымі выступленнямі. Для бацькоў і выпускнікоў базавых школ нашы навучэнцы праводзяць індывідуальныя кансультацыі па пытаннях выбару прафесіі.
У працэсе праходжання выніковай пераддыпломнай педпрактыкі навучэнцы 4 курса актыўна праводзяць тэматычныя гутаркі “Мая прафесія”, “Пытайцеся — адказваем!”, афармляюць у школах інфармацыйна-даведачныя стэнды пра каледж. Па выніках практыкі яны рыхтуюць змястоўнае апісанне і аналіз сваёй прафарыентацыйнай работы.
Як паказвае шматгадовы вопыт, такая работа навучэнцаў у перыяд вытворчай практыкі станоўча ўплывае на фарміраванне прафесійнага самавызначэння ў будучых абітурыентаў. Акрамя таго, работа са школьнікамі спрыяе развіццю прафесійна значных асобасных якасцей саміх навучэнцаў каледжа, дапамагае іх наступнай прафесійнай адаптацыі на першым рабочым месцы.
Варта адзначыць добрыя ацэнкі навучэнцаў па практыцы (адзнакі 8—10 балаў штогод складаюць 86%). Мы пастаянна атрымліваем станоўчыя водзывы ў іх вытворчых характарыстыках ад адміністрацый школ, дзіцячых садоў, раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Магілёўшчыны і іншых рэгіёнаў. Пра добрую арганізацыю вытворчага навучання і высокі якасны ўзровень яго вучэбна-метадычнага забеспячэння сведчаць паспяховыя выступленні нашых навучэнцаў на ўніверсітэцкіх, раённых, абласных прафесійных конкурсах “Лепшы будучы настаўнік” і “Працоўны семестр”.
Днямі Горацкі педкаледж Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова святкуе 40-гадовы юбілей. З гэтай нагоды выказваем шчырую ўдзячнасць усім педагогам базавых устаноў адукацыі за іх нялёгкую, але высакародную працу па падрыхтоўцы будучых школьных настаўнікаў і выхавальнікаў дзіцячых садоў. Жадаем ім моцнага здароўя, творчых поспехаў у рабоце і вялікага чалавечага шчасця.

Алег СВІРЫД,
загадчык вытворчай практыкі Горацкага педкаледжа
імя А.А.Куляшова, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.