Пекінская “бронза” юных географаў

- 15:37Рознае, Якасць адукацыі

На мінулым тыдні каманда беларускіх школьнікаў вярнулася з XIII Міжнароднай геаграфічнай алімпіяды (iGeo), што праходзіла з 16 па 22 жніўня ў Пекіне (Кітайская Народная Рэспубліка). У скарбонку зборнай два бронзавыя медалі заваявалі выпускнік сярэдняй школы № 18 Баранавіч Міхаіл Стрэмаус і выпускнік гімназіі № 22 Мінска Арцём Зубрыцкі.

Міжнародная геаграфічная алімпіяда праводзіцца з 1996 года пад патранатам Міжнароднага геаграфічнага саюза і з’яўляецца важнай часткай работы па развіцці і папулярызацыі навукі аб навакольным асяроддзі. Упершыню яна стартавала ў Гаазе. З таго часу месца правядзення інтэлектуальных спаборніцтваў кожны раз мяняецца, але нязменным застаецца адно — імкненне юнакоў і дзяўчат, якія цікавяцца геаграфіяй, прадэманстраваць свае веды і пашырыць кругагляд, дабіцца поспехаў у гэтай сферы.

У алімпіядзе ўдзельнічаюць школьнікі ва ўзросце ад 16 да 19 гадоў — пераможцы нацыянальных спаборніцтваў юных географаў. Галоўныя задачы конкурсу — стымуляванне цікавасці да геаграфіі, развіццё міжнароднага ўзаемадзеяння.

Трэнерамі-кіраўнікамі нацыянальнай каманды выступілі загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі Беларусі і дзяржаў Садружнасці геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта кандыдат геаграфічных навук Генадзь Зянонавіч Озем і дацэнт кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін геаграфічнага факультэта БДУ кандыдат геаграфічных навук Людміла Уладзіміраўна Факеева.

У сёлетняй алімпіядзе прынялі ўдзел прадстаўнікі 47 краін свету (у мінулым годзе — 39): з Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Кітая, Злучаных Штатаў Амерыкі і інш. Беларусь на спаборніцтвах прадстаўлялі 4 навучэнцы: Міхаіл Стрэмаус (сярэдняя школа № 18 Баранавіч), Арцём Зубрыцкі (гімназія № 22 Мінска), Яўген Каліноўскі (гімназія № 1 Віцебска) і Ягор Гафараў (гімназія № 2 Віцебска).

Як расказаў Г.З.Озем, традыцыйна спаборніцтвы складаліся з трох этапаў: тэарэтычнага, палявога і мультымедыйнага. Афіцыйнай мовай iGeo была англійская, прычым перакладныя заданні адсутнічалі. Тэарэтычны тур уключаў 6 тэматычных блокаў заданняў па 8—12 пытанняў у кожным блоку. Былі прадстаўлены пытанні тэставага характару, на сціслае апісанне і на разважанне. Усе заданні тэарэтычнага тура размясціліся на 27 (!) друкаваных аркушах. Палявы этап складаўся з двух падэтапаў: палявога і камеральнага. Палявы падэтап датычыўся даследавання часткі гарадскога квартала Пекіна, а тэматыка камеральнага была прысвечана праблеме ўстойлівага развіцця гарадоў. Навучэнцы выконвалі элементы swot-аналізу, складалі планы, карты, стваралі і абгрунтоўвалі праекты. Мультымедыйнае тэсціраванне складалася з 40 пытанняў. Кожнае пытанне ўтрымлівала графічны элемент, а таксама аўдыя- і відэаматэрыялы. Удзельнікі праглядалі карту, відэасюжэт або праслухоўвалі аўдыязапіс і адказвалі на пытанні.

— Ацэньваючы вынікі алімпіяды, скажу, што нашы навучэнцы справіліся не зусім так, як таго хацелася б. Заданні тэарэтычнага тура яны выканалі паспяхова і па рэйтынгу ўвайшлі ў першую дваццатку. Горш справіліся з палявым этапам, за які можна было набраць 50% балаў. Шмат пытанняў узнікала менавіта з якасцю выканання работ, іх афармленнем. Школьнікі сутыкнуліся з новай мясцовасцю, са спецыфікай гарадскога асяроддзя Кітая, з іншымі прыроднымі ўмовамі, з зусім іншым менталітэтам. Добра было б пажыць у гэтай атмасферы хаця б тыдзень, каб сарыентавацца. Нядрэнна вучні выканалі заданні мультымедыйнага этапу. У выніку мы занялі 17-е агульнакаманднае месца. Наперад вырваліся прадстаўнікі Расіі, Кітая, Тайланда. Алімпіяда паказала, што ў школах неабходна ўзмацніць практыка-арыентаваны складнік навучання, — адзначыў Генадзь Зянонавіч.

Для ўдзельнікаў алімпіяды была арганізавана культурная сесія, дзе яны знаёмілі прысутных з элементамі культуры сваіх краін. Экскурсійная праграма была вельмі цікавай і насычанай. Яна ўключала паездкі ў Забаронены горад, да Вялікай Кітайскай сцяны, наведванне Хутунга — аднаго з раёнаў Пекіна, музея гарадскога планавання Пекіна і інш.

У наступным годзе XIV Міжнародная геаграфічная алімпіяда пройдзе ў Белградзе (Сербія).

***

Сёлета 46 беларускіх навучэнцаў заваявалі 42 медалі на дзевяці міжнародных прадметных алімпіядах: 5 залатых, 17 сярэбраных і 20 бронзавых. У снежні адбудуцца яшчэ адны міжнародныя спаборніцтвы — алімпіяда па астраноміі і астрафізіцы. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі “Дасягненні беларускай моладзі на міжнародных прадметных алімпіядах”, што прайшла ў сталічным Доме прэсы, паведаміла кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі -Анжэла Рычардаўна Кудаярава.

А.Р.Кудаярава адзначыла, што розніца ў колькасці атрыманых медалёў з году ў год вар’іруецца ў межах двух-трох. “У нас няма такога, каб 10 гадоў назад мы прывозілі, напрыклад, 20 медалёў, а зараз, 40 медалёў, ці наадварот”, — сказала яна.

Самым ураджайным рэгіёнам па колькасці заваяваных медалёў і падтрыманні высокага ўзроўню падрыхтоўкі навучэнцаў на працягу ўжо многіх гадоў з’яўляецца Мінск. Сёлета вялікі рывок наперад зрабіла Брэсцкая вобласць, якая прадэманстравала дастойныя вынікі на рэспубліканскім узроўні.

Галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Алена Мікалаеўна Сенчанка расказала аб поспехах на міжнародных спаборніцтвах беларускіх маладых вучоных. “У прыватнасці, удзел у Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных штогод прыносіць Беларусі медалі, — адзначыла яна. — Два апошнія гады накіроўваем па 6 удзельнікаў, і ўсе яны вяртаюцца з узнагародамі. Сёлета беларускія навучэнцы атрымалі 2 залатыя, 1 сярэбраны і 3 бронзавыя медалі”.

Беларускія школьнікі дэманструюць высокія вынікі і на міжнародных турнірах юных фізікаў і юных матэматыкаў. У гэтым годзе ў турніры юных матэматыкаў прынялі ўдзел дзве каманды, і абедзве вярнуліся з медалямі — сярэбранымі і бронзавымі. У турніры юных фізікаў вучні таксама практычна кожны год прывозяць медалі, сёлета яны атрымалі “бронзу”.

Гаворачы аб стымуляванні адоранай і таленавітай моладзі, А.Р.Кудаярава адзначыла, што ў Беларусі вядзецца банк даных такіх навучэнцаў, у які ўключаюцца звесткі аб лаўрэатах спецфонду прэзідэнта і пераможцах міжнародных алімпіяд да дасягнення імі 31 года. На ўзроўні дзяржавы для таленавітых дзяцей прадугледжаны шэраг ільгот. У прыватнасці, гэта атрыманне месца ў інтэрнаце ўстановы вышэйшай адукацыі без чаргі, першачарговае размеркаванне па заканчэнні вучобы ў ВНУ, прадастаўленне льготнага крэдыту на будаўніцтва ці набыццё жылля.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.