Перамога па-булгакаўску

- 10:33Людзі адукацыі, Рознае

Гэты навучальны год для настаўніцы рускай мовы і літаратуры сталічнай гімназіі № 18 Вольгі Іванаўны Паграбан знакавы і багаты на падзеі: яна паспела не толькі прыняць віншаванні калег з 25-годдзем прафесійнай дзейнасці, але і атрымаць перамогу ў Міжнародным конкурсе прафесійнага педагагічнага майстэрства “Крыштальная чарніліца. Булгакаўскі ўрок”, які праходзіў у Мінску з 8 па 14 кастрычніка.

Удзел у конкурсе аказаўся для настаўніцы нечаканым. Ініцыятарам быў творчы калектыў роднай гімназіі на чале з дырэктарам установы Аксанай Юр’еўнай Мігас і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Алай Аляксандраўнай Венскай, якім прыйшлося падбухторваць сціплую настаўніцу да конкурснай дзейнасці.

— Я ніколі не лічыла сябе конкурсным удзельнікам. Мне заўсёды здаецца, што я не вартая перамогі, што ўзровень іншых канкурсантаў надзвычай высокі. Але калі ўжо гонар мундзіра трэба было адстойваць, з галавой акунулася ў прапанаваныя конкурсныя ўмовы, — расказвае настаўніца.

Па ўмовах конкурсу, трэба было распрацаваць урок па творчасці Булгакава і за 20 хвілін прадэманстраваць сваё педагагічнае майстэрства. Вучнёўскую аўдыторыю і тэхнічныя сродкі канкурсантам прадаставіла сталічная сярэдняя школа № 61.

— На маю думку, менавіта па выніках урока на булгакаўскую тэму можна дакладна меркаваць пра майстэрства настаўніка. Глыбіню пісьменніка і неабмежаваныя магчымасці аўтарскіх выразных сродкаў здольны правільна і яскрава раскрыць адзінаццацікласнікам не кожны педагог. Разумна разважаць пра сэнс жыцця, пра філасофію быцця, пра дабро і зло — гэта выдатна, але “няўтульна” ў 16-гадовым узросце. Таму ўдвая цікава было падрыхтаваць для дзяцей нешта такое, каб гэта ў рамках булгакаўскай тэматыкі гучала для іх актуальна, — тлумачыць Вольга Іванаўна. — Падлетку важна, як пазіцыянаваць сябе сярод аднагодкаў, як быць у цэнтры ўвагі равеснікаў. Тут дапамагае гумар. Многія ўмеюць і любяць жартаваць, у кагосьці гэта не атрымліваецца. У любым выпадку павучыцца тэхніцы смеху ў вялікага пісьменніка цікава ўсім. На гэтым і спыніліся. Да таго ж дзякуючы абранай тэме ў вучняў з’явілася магчымасць прадметна папрацаваць з тэкстам, убачыць прыёмы майстэрства Булгакава.

Адной з адметнасцей конкурснага ўрока Вольгі Іванаўны было нестандартнае знаёмства вучняў з настаўніцай. Яе прадставілі вучнёўскай аўдыторыі не афіцыйна, а праз шарж. Калі пасля знаёмства з намаляванай гумарыстычнай выявай настаўніцы яна выйшла да іх сама, пра ўсе псіхалагічныя бар’еры паміж дзецьмі і чужым настаўнікам можна было забыць.

Каб раскрыць тэму перад вучнямі, давалася ўсяго 20 хвілін, таму ўрыўкі тэксту, з якімі будуць працаваць дзеці, Вольга Іванаўна скрупулёзна выбірала “вачыма дзяцей”. Сучаснага падлетка хвалюе сацыяльны статус, грошы — вось вам Воланд са сваёй світай, якія сыплюць у натоўп жывыя слізкія грашовыя паперкі, і людзі адразу становяцца нежывой безаблічнай масай.

— Галоўная фішка майго конкурснага ўрока — безгаловы аркестр. Хацелася паспрабаваць у адной ідэі змяшаць усе булгакаўскія прыёмы стварэння камічнага. Абапіраючыся на адзін з любімых прыёмаў Булгакава — пазбаўляць сваіх герояў галавы, пайшлі на рызыку: прапанавалі свой безгаловы аркестр на суд вучняў і журы.

Насуперак хваляванням настаўніцы і яе калег, самабытная булгакаўшчына выклікала жывую цікавасць і ў дзяцей, і ў журы. Як прызнаваліся пасля вучні, гэта было і смешна, і страшна адначасова, незабыўна і вельмі па-булгакаўску.

Урок — гэта такая лабараторыя, дзе адразу відаць, што атрымалася, ці дасягнуты вынік, ці спадабалася дзецям. І калі ўсё склалася як трэба, у прафесіянала вырастаюць крылы для далейшай працы і перамог.

— У працэсе падрыхтоўкі да конкурсу і падчас яго я зразумела адно: нам, настаўнікам, вельмі важна і патрэбна, каб час ад часу нас ацэньвалі калегі. “Крыштальная чарніліца” — выдатны конкурс, створаны для настаўніцкага майстэрства і для таго, каб у педагогаў з’явілася другое дыханне, стымул і жаданне працаваць для дзяцей.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.