Перамога Трампа пацверджана выбаршчыкамі

- 12:17Інфармацыйная гадзіна, Рознае

На гэтым тыдні ў ЗША падвялі канчатковыя вынікі галасавання выбаршчыкаў, паведамляе Associated Press.

Сходы выбаршчыкаў, упаўнаважаных аддаць галасы за кандыдатаў у прэзідэнты ЗША, прайшлі ва ўсіх штатах. Па іх выніках Дональд Трамп атрымлівае 304 галасы, Хілары Клінтан, — 227 галасоў. У параўнанні з вынікам галасавання, праведзенага 8 лістапада, першы недалічыўся двух галасоў, Клінтан — пяці. Для выбрання прэзідэнтам дастаткова набраць 270 галасоў. Перамога Трампа пацверджана выбаршчыкамі.

Працэдура галасавання выбаршчыкаў 19 снежня праходзіла на фоне пратэстаў — іх у некаторых штатах правялі праціўнікі выбрання Трампа. У перыяд паміж агульнанацыянальным галасаваннем і пасяджэннем калегіі праціўнікі кандыдата-рэспубліканца, які перамог, масава завальвалі пісьмамі і дакучалі тэлефоннымі званкамі выбаршчыкаў ад гэтай партыі, заклікаючы ўстрымацца ад падтрымкі мільярдэра.

6 студзеня 2017 года Кангрэс ЗША павінен на аснове пратаколаў сходаў выбаршчыкаў зацвердзіць вынікі галасавання. Інаўгурацыя новага кіраўніка дзяржавы адбудзецца 20 студзеня.