Пераможцамі рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі» сталі 30 унікальных распрацовак

- 16:18Репортаж

Мерапрыемства адбылося ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, куды з’ехаліся вучоныя і педагогі, школьнікі і студэнты, а таксама маладзёжны актыў з усёй Беларусі. Тут разгарнулася маштабная выстава-прэзентацыя, на якой быў прадстаўлены 171 праект, паведаміў карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Маладыя аўтары ахвотна расказвалі пра свае ўнікальныя распрацоўкі на карысць нашай краіне. Гэтыя маладыя людзі, самыя кемлівыя і вынаходлівыя, ужо сталі пераможцамі адборачных тураў. Усяго ж для ўдзелу ў 13-м сезоне “100 ідэй для Беларусі” было пададзена каля 1300 заявак з усёй краіны. Перад фіналам свайго хвалявання маладыя вынаходнікі не хавалі, але жартавалі: “Сезон трынаццаты — значыць, шчаслівы!”

— Сумесна са сваёй камандай я распрацаваў вусцілкі для прафілактыкі плоскаступнёваці ў навучэнцаў 1—6 класаў, — расказаў дзевяцікласнік сярэдняй школы пасёлка Мухавец Брэсцкага раёна Уладзіслаў Марчук. — Спадзяёмся на перамогу, хаця і бачым тут шмат дастойных канкурэнтаў. Вядома, хвалюемся.

Моцным матыватарам для канкурсантаў паслужыла спецыяльная секцыя “Рэалізавана”, размешчаная якраз на ўваходзе ў залу: пераможцы былых тураў праекта расказвалі ўдзельнікам гэтага сезона, як іх распрацоўкі ўкараняюцца ў жыццё.

— Мы прымалі ўдзел у конкурсе “100 ідэй для Беларусі” ў 2019 годзе, а ў 2020-м наша задума ўжо была рэалізавана, — падкрэсліла педагог Магілёўскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа Аляксандра Шамбалава. — Гэта праект вулічнага асвятлення на праграмуемай платформе ARDUINO, у якога няма аналагаў у нашай краіне. Тэхналогія дазваляе эканоміць бюджэтныя сродкі, і ў нашым каледжы яна ўжо прымяняецца. Ёсць і іншыя ўстановы, якія праяўляюць цікавасць да нашай тэхналогіі.

Падтрымаць удзельнікаў, а таксама ўзнагародзіць пераможцаў прыехаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец.

— Хачу ўсіх фіналістаў запрасіць стаць удзельнікамі змен Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка — усе дарогі для вас адкрытыя, а выпускнікоў школ — паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, каб звязаць сваё жыццё з навукай, стаць сапраўднымі прафесіяналамі, — сказаў міністр.

Дарэчы, выбраць лепшых было сапраўды цяжка, і толькі напрыканцы дня сталі вядомы імёны пераможцаў. Сярод іх — студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Мікіта Нічыпар, Аляксей Аліхвер і Аляксандра Будзько. Яны былі адзначаны ў намінацыі “Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі” з праектам “ФіламентПрофіПрынт”.

— Мы зрабілі акцэнт на рапрацоўцы беларускіх матэрыялаў для 3D-прынтараў замест імпартных, — патлумачыў кіраўнік праекта Аляксандр Антонаў, дацэнт кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій ГрДУ, які прыехаў на фінал са сваімі студэнтамі. — Перавагі відавочныя: павышаныя параметры дэфармацыйна-трываласных характарыстык, а таксама нізкі кошт (у паўтара разу ніжэйшы за кошт аналагаў).

У гэтым годзе ў кожнай намінацыі ўпершыню было не 2, а 3 катэгорыі: гэта школьнікі і навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі; студэнты і курсанты ўстаноў вышэйшай адукацыі; маладыя вучоныя і працоўная моладзь. Праект “100 ідэй для Беларусі” рэалізуецца БРСМ сумесна з Міністэрствам адукацыі, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях.

Сярод трыццаці шчасліўчыкаў таксама вучні сярэдняй школы № 8 Крычава з праектам “Полісахарыднае варэнне” (намінацыя “Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства”); навучэнцы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, якія прапанавалі “Інтэрактыўную трохвымерную мадэль мозга з вучэбнымі функцыямі” (намінацыя “Ахова здароўя (медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, бія- і нанаіндустрыя)”); студэнты ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай з распрацоўкай “Віртуальны трэнажор “Станцыя тэхнічнага абслугоўвання” (намінацыя “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі”) і іншыя.

Намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая, якая наведала выставу і азнаёмілася з распрацоўкамі, адзначыла, што ўсе яны носяць практыка-арыентаваны характар і з кожным разам колькасць заявак ад удзельнікаў павялічваецца. Таксама яна пералічыла шырокія магчымасці, якія праект прадастаўляе моладзі, якая жыве і вучыцца ў нашай цудоўнай краіне.

Усе пераможцы, акрамя падарункаў, атрымалі магчымасць прэтэндаваць на грашовую падтрымку і распрацоўку бізнес-планаў.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара і ўдзельнікаў