Перападрыхтоўка са знакам якасці

- 11:04Суразмоўца

Педагогу неабходна вучыцца кожны дзень на працягу ўсяго жыцця, таму што кожны дзень ён вымушаны шукаць адказы на самыя розныя, часам нечаканыя пытанні. У гэтым упэўнена Святлана Мікалаеўна Фяклістава, дэкан факультэта перападрыхтоўкі спецыялістаў адукацыі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт. Шмат гадоў яна працавала на факультэце спецыяльнай адукацыі ўніверсітэта. На працягу 11 гадоў была загадчыкам кафедры сурдапедагогікі. Сёння чытае курсы лекцый, якія тычацца методыкі навучання і карэкцыйнай работы з дзецьмі з парушэннем слыху на ўзроўні дашкольнай і школьнай адукацыі і з дзецьмі з кахлеарнымі імплантамі (КІ).

Святлана Мікалаеўна Фяклістава курыруе распрацоўку аднаго з заданняў дзяржаўнай праграмы развіцця спецыяльнай адукацыі, якое мае на ўвазе распрацоўку праграмна-метадычнага забеспячэння псіхакарэкцыйнай, карэкцыйнай і прафарыентацыйнай работы з дзецьмі з АПФР. Яна з’яўляецца навуковым кансультантам інавацыйных праектаў “Укараненне праграмнага забеспячэння карэкцыйна-развіццёвай работы з дзецьмі з парушэннем слыху, кампенсаваным кахлеарным імплантам, ранняга і дашкольнага ўзросту” і “Укараненне мадэлі метадычнага забеспячэння працэсу навучання і выхавання слепаглухіх дзяцей на базе рэсурснага цэнтра “Маладзечанская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку”. У 2016 годзе атрымала грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы адукацыі на распрацоўку і ўкараненне вучэбна-метадычнага комплексу для арганізацыі карэкцыйных заняткаў з дзецьмі з кахлеарным імплантам ранняга і дашкольнага ўзросту па развіцці слыхавога ўспрымання і вуснага маўлення.

— Святлана Мікалаеўна, раскажыце пра спецыяльнасці, па якіх сёння ідзе перападрыхтоўка спецыялістаў і кіраўнікоў сістэмы адукацыі на вашым факультэце?
— Перападрыхтоўка спецыялістаў і кіраўнікоў сістэмы адукацыі ажыццяўляецца ў IПКiП БДПУ па 15 спецыяльнасцях (як за кошт бюджэтных сродкаў, так і на ўмовах аплаты). Навучанне вядзецца па такіх запатрабаваных у цяперашні момант спецыяльнасцях, як “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”, “Практычная псіхалогія”, “Псіхалогія сямейных адносін”, “Псіхалогія кіравання”, “Матэматыка”, “Інфарматыка” і г.д. Вельмі вялікі кірунак перападрыхтоўкі — карэкцыйная педагогіка, якая ажыццяўляецца па спецыяльнасцях “Інтэграванае навучанне і выхаванне ў школьнай адукацыі”, “Інтэграванае навучанне і выхаванне ў дашкольнай адукацыі”, “Лагапедыя”, “Алігафрэнапедагогіка”. Зараз вывучаем запыты па падрыхтоўцы настаўнікаў сусветнай мастацкай культуры, паколькі гэты вучэбны прадмет зноў уведзены на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі.

— Чым адметная падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Інтэграванае навучанне ў школьнай адукацыі” і “Інтэграванае навучанне ў дашкольнай адукацыі”?
— На першай ступені вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца падрыхтоўка па вузкіх спецыяльнасцях — “Лагапедыя”, “Сурдапедагогіка”, “Тыфлапедагогіка”, “Алігафрэнапедагогіка”. Аднак на практыцы настаўнік-дэфектолаг працуе з рознымі катэгорыямі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Паколькі ў краіне ёсць запатрабаванасць у настаўніках-дэфектолагах шырокага профілю для работы ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання як на ўзроўні дашкольнай, так і агульнай сярэдняй адукацыі, то прыярытэтнай з’яўляецца падрыхтоўка менавіта па гэтых спецыяльнасцях (што важна, на бюджэтнай аснове). У нас рыхтуюць педагогаў для работы практычна з усімі групамі дзяцей з АПФР.

— Зараз у сферы адукацыі на слыху слова “інклюзія”. Але ў пераліку спецыяльнасцей, які вы агучылі, яна не згадваецца.
— Канцэпцыя інклюзіўнай адукацыі была зацверджана толькі ў ліпені 2015 года. Для таго каб увесці на факультэце новую спецыяльнасць, неабходна выканаць пэўныя працэдуры, у тым ліку ўлічыць запыт аб неабходнасці падрыхтоўкі такіх спецыялістаў. Ведаю, што ў ІПКiП праз два гады запланавана адкрыццё спецыяльнасцi “Інклюзіўная адукацыя” для перападрыхтоўкі спецыялістаў як для класаў, так і для груп інклюзіўнай адукацыі.
Сёння ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання дзіця з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі атрымлівае адукацыю па вучэбным плане для адпаведнай назалагічнай групы. Інклюзіўная адукацыя прадугледжвае ўключэнне ўсіх навучэнцаў у адзіную адукацыйную сістэму.
Зразумела, будуць створаны адпаведныя ўмовы, наладжана псіхолага-педагагічнае суправаджэнне кожнага такога дзіцяці. Калі правільна падабраць неабходныя методыкі, то інклюзіўная адукацыя будзе прымальнай для навучэнца з асаблівасцямі ў развіцці. Канечне, многае залежыць і ад жадання бацькоў дапамагаць свайму дзіцяці.

— Наколькі хутка выкладчыкі вашага факультэта рэагуюць на змены, якія адбываюцца ў сістэме? Ці прымяняюць новыя формы работы са слухачамі? Як рэалізоўваецца індывідуальны падыход пры рабоце са слухачамі?
— У IПКіП БДПУ вядзецца не толькі перападрыхтоўка кадраў, але і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі. Асаблівасцю дзейнасці нашага інстытута з’яўляецца тое, што мы працуем з улікам адукацыйных запытаў спажыўцоў, гэта азначае, што могуць быць арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі па любой тэме, па выніках праходжання якіх педагогам выдаецца адпаведнае пасведчанне ўстаноўленага ўзору. У якасці спажыўца ведаў можа выступіць як асобная ўстанова адукацыі, так і ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму. У нас праводзіцца таксама кваліфікацыйны экзамен для педагогаў на прысваенне ці пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі.
Арганізоўваюцца ў інстытуце і вучэбныя курсы, якія ў адрозненне ад курсаў павышэння кваліфікацыі могуць доўжыцца ад 4 гадзін і больш. Тэматыка такіх курсаў можа быць як шырокай, так і вузкай. Напрыклад, у 2016 годзе ў нас ужо былі рэалізаваны вучэбныя курсы па сямейна-цэнтраваным падыходзе да карэкцыйна-развіццёвай работы з дзецьмі з КІ ранняга і дашкольнага ўзросту. Яны прызначаліся для бацькоў такіх дзяцей. Бацькі даведваліся аб тым, якія намаганні прыкладаць, каб узровень слыхамаўленчага і пазнавальнага развіцця іх дзіцяці дазволіў яму вучыцца ў масавай школе і не адчуваць вялікіх цяжкасцей пры асваенні адукацыйнай праграмы. Адметная рыса гэтых курсаў — практычная накіраванасць. На базе Рэспубліканскага цэнтра для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху нашы выкладчыкі працуюць з баць-камі, прычым бінарна: разам з настаўнікамі-дэфектолагамі цэнтра арганізоўваюць майстар-класы па развіцці слыхавога ўспрымання немаўленчых гучанняў, па развіцці слыхавога ўспрымання з дапамогай маўлення, па развіцці маўлення ўвогуле, па выкарыстанні музычнай стымуляцыі ў працэсе навучання дзяцей з КІ. Пасля кожнага майстар-класа разам са спецыялістамі ІПКіП праходзіць яго абмеркаванне, выкладчыкі і настаўнікі-дэфектолагі адказваюць на пытанні бацькоў.
У гэтым жа годзе ў нас быў праведзены вучэбны курс для настаўнікаў-дэфектолагаў па рабоце з дзецьмі, якія маюць парушэнні аўтычнага спектра. Па запыце нашых слухачоў праведзены курсы псіхалагічнай тэматыкі: “Псіхалогія стрэсу” і “Навучанне матыматыцы: зместавы і практычны аспекты”. Праведзены таксама выязныя курсы на базе ўстановы для педагагічнага калектыву сярэдняй школы № 14 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху. Ініцыятарам паслугі выступіла дырэктар установы, паколькі на базе гэтай школы працуе і рэсурсны цэнтр для дзяцей з КІ. У Бабруйскай спецыяльнай школе для дзяцей з парушэннем слыху (па запыце дырэктара) таксама пройдзе вучэбны курс для педагогаў, які тычыцца сучасных тэндэнцый адукацыі дзяцей са слыхавой дэпрывацыяй.
Ёсць у інстытуце і такая форма работы, як стажыроўка педагогаў. Яна таксама ажыццяўляецца па заяўцы ўстановы адукацыі на бюджэтнай або платнай аснове. Стажыроўка можа быць па любой праблематыцы. Яна, дарэчы, можа стаць прыступкай для падрыхтоўкі да кваліфікацыйнага экзамену. У мяне, напрыклад, быў стажор, якога цікавіла вельмі вузкая тэма — рэалізацыя рэжымных момантаў пры рабоце з дзецьмі з парушэннем слыху на ўзроўні дашкольнай адукацыі. Выхавальнік у працэсе стажыроўкі згодна з маімі парадамі і самастойна распрацаваў варыянты магчымых алгарытмаў па рэалізацыі рэжымных момантаў, наглядныя схемы іх паслядоўнасці, метадычныя рэкамендацыі да кожнага алгарытму.
ІПКiП у гэтым годзе ўдзельнічаў у праекце, які тычыўся суправаджэння татамі сваіх дзяцей з АПФР. Праект праводзіўся пры падтрымцы Германіі. Доўжыўся ён год і быў вельмі выніковым, паколькі даў стымул для развіцця іншых праектаў. Ёсць такая арганізацыя — “Крылы анёлаў”. Яе кіраўнік — Дзмітрый Цімашкоў — самы матываваны ўдзельнік праекта. Праект, дарэчы, зацікавіў многіх татаў, асабліва тых, хто выхоўвае сваіх дзяцей у адзіночку і вымушаны падстройваць свой працоўны графік пад патрэбы дзіцяці.

— Святлана Мікалаеўна, якія праблемныя пытанні задаюць педагогі вашым выкладчыкам на лекцыях?
— Асноўныя пытанні і запыты настаўнікаў-дэфектолагаў тычацца планавання карэкцыйнай работы і адукацыйнага працэсу з дзецьмі з АПФР, а таксама магчымасцей рэалізацыі адукацыйных праграм ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання. Задаюць пытанні і псіхалагічнага плана: як працаваць з бацькамі звычайных дзяцей, каб тыя адэкватна прымалі дзяцей “асаблівых”; як зрабіць так, каб бацькі зразумелі плюсы таго, што дзіця з АПФР прыйшло ў агульнаадукацыйную ўстанову, і інш.
Часта спецыялісты чакаюць універсальнага рэцэпта. Атрымаць, напрыклад, дакладны план карэкцыйнай работы, загатоўку, якую можна выкарыстаць у любы момант. На жаль, гэта немагчыма. Ні адзін выпуск класа (групы) дзяцей ва ўстанове не паўтарае папярэдні, нягледзячы на тое, што дзяцей можа аб’ядноўваць аднолькавае парушэнне. Нельга ўзяць адну і тую ж схему ці шаблон і прымяніць для любога вучня (выхаванца). Напрыклад, размова ідзе пра падбор тэкставага матэрыялу па тэме заняткаў. Педагог будзе яе выкладаць не аднолькава дзецям з розным узроўнем маўленчага і пазнавальнага развіцця. Важна, каб настаўнік-дэфектолаг ведаў шляхі рэалізацыі індывідуальнага падыходу і мог рэалізоўваць іх на практыцы. Менавіта на гэтым мы акцэнтуем увагу ў працэсе перападрыхтоўкі спецыялістаў.

— Ад якіх слухачоў падчас курсавой падрыхтоўкі вы адчуваеце большую эмацыянальную аддачу, зацікаўленасць у атрыманні новай інфармацыі — ад больш вопытных ці ад маладых пачынаючых педагогаў?
— Часам вопыт — гэта добры падмурак і стартавая пляцоўка для руху наперад, а іншы раз ён перашкаджае ўспрыманню новага. Не кожны можа прыняць новае лёгка і хутка. Не залежыць гэта і ад узросту. Галоўнае — гатоўнасць успрыняць нешта іншае, нестандартнае, жаданне рухацца наперад. Большасць слухачоў, якія да нас прыходзяць, матываваныя, яны адчуваюць патрэбу ў ведах. Хтосьці з іх хоча атрымаць новую спецыяльнасць, таму што разумее, што можа пазбавіцца пасады, якая стане незапатрабаванай. Іншыя ж прыходзяць, таму што хочуць набыць новую цікавую спецыяльнасць. Некаторыя нашы слухачы імкнуцца ўдасканаліцца ў сваіх навуковых даследаваннях: хтосьці з іх вядзе міні-даследаванне на базе сваёй установы, хтосьці ўдзельнічае ў праектах розных маштабаў, і яму патрэбна новая інфармацыя.
З верасня 2015 года на факультэце праходзяць заняткі па дысцыпліне “Увядзенне ў спецыяльнасць”. Адна з асноўных яе задач — вывучэнне запытаў, адукацыйных патрэб, матываў слухачоў, таго, з чым яны прыйшлі ў інстытут, да чаго імкнуцца. Большасць педагогаў вельмі патрабавальныя да прафесарска-выкладчыкага складу, і гэта для нас добры стымул, бо разам са сваімі слухачамі расцём і мы.

— Якія цікавыя формы заняткаў выкарыстоўваюць вашы выкладчыкі? Ці часта яны выступаюць з класічнымі лекцыямі?
— Нікога ўжо не цікавяць звычайныя лекцыі, мы імкнёмся да такіх варыянтаў заняткаў, якія можна назваць “перавернуты клас”. Асноўны блок матэрыялаў даецца слухачам у электронным выглядзе, а на занятках ажыццяўляецца абмеркаванне тэм у форме дыялогаў. Практыкуюцца бінарныя заняткі, калі два спецыялісты інстытута адначасова займаюцца са слухачамі. Мы вучым сваіх слухачоў згуртаванасці, фарміруем уменне працаваць у камандзе. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя метады навучання. Што тычыцца методык, то яны могуць быць рознымі. Напрыклад, методыка “Павадыр”: калі ў пары працуюць “сляпы” і “павадыр”, які водзіць яго па памяшканні. “Сляпому” пасля задаюць пытанні: “Ці запытаў у вас “павадыр”, куды вы хочаце ісці?”; “Ці зручна ён вас трымаў?”; “Ці папярэджваў аб перашкодах?”. Гэта фарміруе ў спецыялістаў меркаванне аб тым, як важна прыслухоўвацца да рэальных патрэб дзіцяці, якога вучыш.
Іншы раз слухачы і выкладчык мяняюцца ролямі на занятках. Выкладчык выступае ў ролі кансультанта або адміністратара, а слухачы займаюць актыўную пазіцыю, прадстаўляюць новы матэрыял для калег па групе, а пасля ідзе абмеркаванне тэмы, дзе кожны развівае сваю думку.

— Як павышаюць кваліфікацыю выкладчыкі вашага факультэта?
— Яны могуць навучацца, напрыклад, ў РІВШ, а таксама ў нас на факультэце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных праектах, у тым ліку ў праграмах прафесійнай мабільнасці. У гэтым годзе было пададзена пяць заявак ад факультэта на ўдзел у праграме прафесійнай мабільнасці “Мост” пры падтрымцы Еўрасаюза. У выніку дзве заяўкі ад нашых выкладчыкаў выйгралі праграму ўдзелу. Павышэнне кваліфікацыі ажыццяўляецца таксама праз удзел у міжнародных канферэнцыях. Нашы выкладчыкі ездзяць па ўсім свеце і гатовы дзяліцца набытымі ведамі з педагогамі ўсёй краіны.
Запрашаем усіх жадаючых, неабыякавых да жыцця і да сваёй прафесіі педагогаў, праходзіць перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі ў БДПУ імя Максіма Танка — вядучым універсітэце нашай краіны. Перападрыхтоўка ў IПКiП БДПУ — гэта запатрабаваныя спецыяльнасці, канкурэнтаздольнасць на рынку працы, новыя магчымасці для кар’ернага росту, для таго, каб змяніць сваё жыццё ў лепшым напрамку.

Гутарыла Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.