“Перавернутая” гісторыя

- 11:39Адукацыйная прастора

Калі ў мінулым годзе сталічная гімназія № 6 уступіла ў інавацыйны праект па ўкараненні ў сваім адукацыйным асяроддзі мадэлі “Перавернуты ўрок”, Настасся Алегаўна Курацёва была першай з шэрага жадаючых працаваць у праекце. Маладая настаўніца-інаватар прызнаецца: таптацца ў прафесіі на адным месцы не дазваляе характар, таму яна знаходзіцца ў пастаянным пошуку якасных форм навучання, якія былі б цікавы і ёй, і яе вучням.

Настаўніцтва для яе — сямейная справа. Педагогамі з’яўляюцца не толькі бацькі, але і муж Настассі Алегаўны. Магчыма, такая безумоўная сямейная падтрымка дае жаданне і сілы займацца яшчэ і навуковай дзейнасцю: вучыцца ў аспірантуры факультэта міжнародных адносін БДУ, рыхтаваць публікацыі па педагогіцы, гісторыі і паліталогіі, прымаць удзел у міжнародных педагагічных канферэнцыях. Таксама Настасся Алегаўна ўзначальвае міжраённае метадычнае аб’яднанне па прадмеце “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)”.

Выбраная настаўніцай перавернутая мадэль навучання пабудавана на ўзаемнай цікавасці да яе і з боку настаўніка, і з боку навучэнца. Яна дае штуршок да развіцця — не проста завучванне тэрмінаў і дат, а фарміраванне крытычнага мыслення. “Для мяне вельмі складана з урока ва ўрок паўтараць адно і тое ж, што, па сутнасці, з’яўляецца абавязковай часткай традыцыйных заняткаў. А калі ў настаўніка няма ахвоты да навучання, хіба будзе яна ў дзяцей? — гаворыць Настасся Алегаўна. — Пры традыцыйным навучанні настаўнік кіруе працэсам, а вучні выступаюць больш слухачамі і гледачамі, пры перавернутым лідзіруючая пазіцыя на ўроку належыць не мне, а дзецям. У маіх навучэнцаў ёсць шырокія магчымасці для пошуку ісціны, выказвання сваіх меркаванняў і ідэй. Я не займаю 20 хвілін урока на тлумачэнне новага матэрыялу. Вызвалены час трачу на больш складаныя прафесійныя задачы: замацаванне і паглыбленне ведаў, атрыманых вучнямі самастойна. Кожны клас з дзвюх паралелей, у якіх я выкладаю, крочыць сваім шляхам, заняткі насычаны дзіцячымі разважаннямі, творчасцю і актыўнасцю. І паспяваем мы больш, чым на традыцыйных уроках”.

Пераход да мадэлі перавернутага навучання цікавы, але вельмі працаёмісты для настаўніка. Перш за ўсё яму патрэбна дасканала разабрацца з метадычнай часткай: пазнаёміцца з асаблівасцямі тэхналогіі, уявіць структуру перавернутага ўрока. Пасля гэтага больш за ўсё часу марнуецца на тэхнічныя моманты: адабраць матэрыял, якасна, часам толькі з 10-га дубля запісаць відэа, апрацаваць яго, размясціць у інтэрнэце.

“Спачатку на запіс і апрацоўку відэаўрокаў я траціла да 5 гадзін. Але паколькі па мадэлі перавернутага навучання я працую з пяцікласнікамі другі год, сёлета лягчэй. За мінулы год напрацавала базу відэаўрокаў, заданняў і ў гэтым годзе ўношу ў іх толькі некаторыя дапаўненні і дапрацоўкі. Больш часу зараз удзяляю падрыхтоўцы да перавернутых урокаў у шостых класах, — тлумачыць педагог-інаватар. — Усе відэа размяшчаю ва ўласным відэаблогу “Пятля часу” на сайце youtube.com. На гэтым сэрвісе ёсць добрыя магчымасці для структуравання — можна ствараць раздзелы (у мяне створаны для 5 і 6 класаў, раздзел з конкурснымі работамі, раздзел, які тычыцца класнага кіраўніцтва). У дапаўненне да відэа ствараю ў Google-форме тэсты для праверкі разумення вучнямі асноўных момантаў новай тэмы: з варыятыўнасцю адказаў, адкрытымі пытаннямі, ілюстрацыямі, відэафрагментамі”.

Тэсты Настасся Алегаўна правярае звычайна на перапынку за некалькі хвілін да ўрока — у Google-формах гэта рабіць зручна і хутка. Адзнакі ставіць пераважна за работу на ўроку, але, калі ў тэст уключае творчае заданне, якое не з’яўляецца абавязковым для выкання, можа ацаніць і яго.

Любы перавернуты ўрок пачынаецца з… дамашняга задання — прагляду дома відэа і выканання заданняў да яго. Відэа невялікія па працягласці — ад 6 да 10 хвілін у залежнасці ад тэмы. Педагог рэкамендуе сваім вучням праглядаць відэа двойчы і ў розныя дні, каб інфармацыя лепш запомнілася. Пасля прапануе зрабіць некалькі заданняў — выканаць тэст у Google-форме, заданні ў рабочым сшытку або даць разгорнуты адказ на пытанне і размясціць яго ў каментарыях да відэа.

“На арганізацыйным этапе ўрока мы абмяркоўваем відэа, такім чынам, я адразу бачу, як вучні зразумелі інфармацыю новай тэмы. Калі ўсе новую тэму засвоілі, мы пачынаем працаваць з практычнымі і творчымі заданнямі. Звычайна тут добра спрацоўвае групавая работа або работа ў парах. Напрыклад, даю кожнай групе заданне адлюстраваць на лісце паперы нейкую з’яву, намаляваўшы яе. Пасля навучэнцы мяняюцца малюнкамі і абмяркоўваюць, якую з’яву адлюстравалі іх аднакласнікі. Заданне заключаецца ў тым, каб намаляваць усё як мага больш зразумела і рэальна. Так, у пятых класах навучэнцы малявалі з’яву “Пераход ад родавай абшчыны да суседскай” або “Пераход ад прысвойваючай гаспадаркі да вытворчай”. Часта, вывучаючы старажытныя дзяржавы, праводзім паралель з сучаснасцю, — расказвае Настасся Алегаўна. — Асаблівую ўвагу стараюся ўдзяляць выхаваўчаму боку навучання гісторыі: калі працуем з біяграфіямі гістарычных дзеячаў, абавязкова разважаем, якім чалавек быў, што зрабіў станоўчага, што адмоўнага. Шырока карыстаюся гульнявымі тэхналогіямі: пры дапамозе гульні “Кракадзіл” вучым тэрміны (даю тэрмін і заданне: намаляваць, паказаць пантаміму або растлумачыць словамі), ствараем сінквейны пры абагульненні ключавых тэрмінаў. Падчас групавой работы праводжу шмат конкурсаў ад самых простых да складаных: знайсці прычынна-выніковую сувязь, рашыць крыжаванку і г.д. Многія заданні спрыяюць вывучэнню не толькі новай тэмы, але і фарміруюць шырокі кругагляд вучняў. На занятках выкарыстоўваю міжпрадметныя сувязі: вывучаем тэмы па мастацтве (абавязкова падключаюцца школьныя прадметы “Мастацтва” і “Літаратура”), вывучаем старажытныя дзяржавы (звяртаемся да сучаснай карты і адсочваем, на тэрыторыях якіх сучасных краін размяшчаліся старажытныя). Звычайна да карт звяртаюся і ў знятых відэафрагментах. Чытацкую дасведчанасць развіваем, працуючы з тэкстам: выдзяляем галоўнае, складаем табліцы, вучымся рабіць высновы, — адным словам, развіваем усё тое, на што амаль заўсёды не хапае часу на традыцыйным уроку. Традыцыйнымі на перавернутых уроках застаюцца фізкультмінутка, рэфлексія, выстаўленне адзнак і запіс дамашняга задання”.

Пакуль не ўсе ўрокі настаўніцы пераведзены ў новы фармат. Настасся Алегаўна заўважае, што пераводзіць тэмы шостага класа ў перавернуты фармат больш складана, чым праграму пятага класа. Сустракаюцца аб’ёмныя тэмы, якія не ўціснеш у хвілін відэа: яны патрабуюць больш часу на абмеркаванне, структураванне, параўнанне. Што тычыцца 5 класа, то, на думку педагога, амаль усе тэмы, закладзеныя праграмай, можна перавярнуць.

“Дзеці зацікаўлены ў тым, каб нешта дадаткова пачытаць, паглядзець па тэме ўрока. На Youtube ёсць асаблівасць, якая спрацоўвае на карысць педагога і вучня: калі праглядаеш відэа, табе прапануецца яшчэ шэраг фрагментаў падобнай тэматыкі. Напрыклад, калі я размяшчала на Youtube відэа па тэме “Старажытны Егіпет”, дадаткова відэахостынг прапаноўваў гледачам навукова-папулярныя фільмы па гэтай жа тэме. Бацькі маіх вучняў расказвалі, што дзеці былі зацікаўлены ў іх праглядзе. Калі ў мінулым годзе работа над відэа для перавернутага навучання толькі пачыналася, я назірала захапляльную карціну: некаторыя з тых, хто не паглядзеў відэа да ўрока, на перапынку пасля заняткаў глядзелі згаданыя на ўроку фрагменты з гаджэтаў, каб пасля падтрымаць гутарку на належным узроўні”.

Безумоўна, дзеці прынялі новую мадэль навучання на “ўра”. З бацькамі было крыху складаней. Яшчэ на першым леташнім бацькоўскім сходзе настаўніца правяла падрыхтоўчую работу, пазнаёміла бацькоў з тэхналогіяй, расказала, як будзе выглядаць навучанне па прадмеце. Спачатку была насцярожанасць, няўпэўненасць, пытанні кшталту “А чаму менавіта мы?” і г.д. Але хваляванне бацькоў знікла, як толькі пачаліся першыя перавернутыя ўрокі. Мамы і таты дапамагалі дзецям рэгістравацца на Youtube, разам праглядалі відэа, першыя тэсты і заданні пасля відэа таксама апрабавалі на сабе. Такая зацікаўленасць сярод бацькоў дарагога варта.

Напэўна, у любога настаўніка, які ўпершыню чуе пра мадэль перавернутага навучання, узнікнуць сумненні, ці з’яўляецца гэтая тэхналогія ўніверсальнай або разлічана пераважна на моцныя класы. У настаўніцы гісторыі свой адказ на гэтае пытанне: “У мінулым годзе здавалася, што ў моцных класах перавернутыя ўрокі нібы ляцяць, дзеці падхопліваюць ідэю і самі развіваюць яе. І калі мае калегі адзначалі, што ў класах, дзе вучні больш слабыя, тэхналогія таксама спрацоўвае ўдала, не магла з імі згадзіцца. Але зараз, праз больш чым год назірання за навучэнцамі, пагаджуся і патлумачу: у слабых вучняў ёсць магчымасць некалькі разоў паглядзець відэа ці незразумелы момант у відэа, калі з першага прагляду не ўдаецца ўлавіць сутнасць, ёсць час замест вывучэння чарговага параграфа ў падручніку паглядзець іншыя відэа па тэме, якія прапануе відэахостынг Youtube, і паказаць свае веды на ўроку, праявіць сябе ў творчых заданнях, заданнях на разважанне, а не абавязкова ў запамінанні патрэбнага аб’ёму матэрыялу”.

Такім чынам, хоць і з розных бакоў, але мадэль перавернутага навучання ўздзейнічае на ўсіх без выключэння вучняў. Таксама тэхналогія дазваляе прымяняць дыферэнцыраваны падыход — падзяліць навучэнцаў на групы і даць рознаўзроўневыя заданні, што таксама працуе на карысць больш слабых вучняў.

“Дзеці з радасцю падхопліваюць ідэі стварэння заданняў да перавернутых урокаў: напрыклад, складаюць крыжаванкі па тэме ўрока і, калі атрымліваецца цікава і якасна, мяняюцца імі і рашаюць. Перавернутае навучанне дае шырокія магчымасці групавой работы ў інтэрнэце, правядзенню анлайн-семінараў з магчымасцю зваротнай сувязі адразу пасля прагляду відэа і інш. Але ўсё адразу ахапіць немагчыма, таму рухаемся паэтапна. У мінулай чвэрці паспрабавала карыстацца QR-кодамі. Гэта падабаецца вучням тым, што ёсць магчымасць павялічыць ілюстрацыю, разглядзець дробныя дэталі”, — расказвае педагог.

У мінулым годзе, калі інавацыйны праект у гімназіі толькі пачынаўся, жадаючых працаваць па новай мадэлі было няшмат. Але сёлета група настаўнікаў-інаватараў павялічылася ў два разы. Цікава, што далучаюцца не толькі настаўнікі гуманітарнага профілю, але і дакладных і прыродазнаўчанавуковых дысцыплін. Так, у інавацыі прымаюць удзел настаўнікі фізікі, матэматыкі, геаграфіі, біялогіі і інш. Прыблізна раз у чвэрць у гімназіі праходзіць семінар, дзе калегі-інаватары дзеляцца вопытам, расказваюць, якія ўдалыя фішкі і цікавыя магчымасці знаходзяць на сваіх перавернутых уроках. Напрыканцы кожнага навучальнага года праходзіць справаздачны семінар, дзе падводзяцца вынікі і высвятляецца выніковасць інавацыйнай дзейнасці. Пры ацэнцы вынікаў педагогі і адміністрацыя гімназіі звяртаюць увагу на павышэнне матывацыі вучняў — удзельнікаў праекта і рост сярэдняга бала паспяховасці.

У насычаны графік педагога-інаватара і навукоўца Настасся Алегаўна паспявае ўпісаць яшчэ і класнае кіраўніцтва. “Каб работа класнага кіраўніка праходзіла не фармальна, трэба пастаянна заахвочваць дзяцей, — лічыць настаўніца. — Я ніколі не сяджу на месцы і свайму класу не даю. Адзін-два разы ў месяц мы абавязкова ходзім у музей, кінатэатр, на майстар-класы, ездзім на экскурсію. Спрабую далучаць дзяцей і да творчасці: у мінулым годзе самастойна пісалі сцэнарый і ставілі навагодні спектакль, рыхтавалі да пастаноўкі касцюмы, наведалі майстар-клас па роспісе адзення. Дзень абаронцаў Айчыны і Міжнародны жаночы дзень святкавалі нестандартна — наладзілі кулінарны паядынак. Напэўна, мне пашчасціла з тым, што ў маім класе вельмі неабыякавыя і ініцыятыўныя бацькі: пастаянна прапануюць цікавыя для наведвання месцы, дзеляцца ідэямі класных мерапрыемстваў, нават рая ць прачытаць цікавыя кнігі”.

Міжраённае метадычнае аб’яднанне па прадмеце “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)”, якое ўзначальвае Настасся Алегаўна Курацёва, збірае настаўнікаў трох раёнаў Мінска. Тэмы, узнятыя падчас сустрэч, педагог стараецца выбіраць на патрэбу дня. Напрыклад, на адным з апошніх мерапрыемстваў гаварылі аб прафесійным росце і аб тым, як правільна складаць партфоліа, абагульняць вопыт, падаць сябе падчас здачы на катэгорыю, знайсці магчымасці павышэння кваліфікацыі з дапамогай стажыровак. Сваім вопытам абавязкова дзеляцца настаўнікі і запрошаныя госці. Так, супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музея на адным з аб’яднанняў расказалі пра тое, як правільна “чытаць” карціны і працаваць з дзецьмі над іх успрыманнем. “Апошняе метадычнае аб’яднанне правялі ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Месца было выбрана невыпадкова: праграма прадмета “Мастацтва” за 6 клас уключае ў сябе вялікі раздзел па кінамастацтве, а інфармацыю пра беларускае кіно знайсці складана, таму я і вырашыла звярнуцца да першакрыніц. Адным словам, мая работа кіраўніка метадычнага аб’яднання накіравана на тое, каб настаўнікі ўбачылі магчымасці і перспектывы сваёй прафесійнай дзейнасці і маглі карыстацца імі на сваю карысць”, — падводзіць вынік педагог.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.