Перазагрузка напярэдадні новага навучальнага года

- 14:51Рознае, Якасць адукацыі

Жнівень, цудоўнае надвор’е, дзівосны горад і выключная атмасфера прафесійнага яднання… Думаю, пад гэтымі словамі падпісаўся б любы ўдзельнік VІІ Міжнароднага фестывалю школьных настаўнікаў у Ялабузе (Татарстан). Тры фестывальныя дні праляцелі на адным дыханні, пакінуўшы ўдзельнікам толькі віхор эмоцый ад бесперапыннай змены ўражанняў і ўспаміны пра бясконцы паток цікавых людзей, гатовых абмяркоўваць праблемы настаўніцтва і дзяліцца сваімі ідэямі і вопытам.

Ініцыятарамі фестывалю школьных настаўнікаў у 2009 годзе стала група вучоных Ялабужскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (з 2011 года Ялабужскі інстытут Казанскага федэральнага ўніверсітэта), якія прапанавалі стварыць своеасаблівую нефармальную пляцоўку абмену педагагічным вопытам і перспектыўнымі ідэямі па аналогіі з такімі форумамі, як “Селігер”, “Грушынскі фестываль”, “Тэрыторыя сэнсаў”.

Ва ўяўленні большасці, педагогіка — гэта штосьці класічнае, строгае і акадэмічнае, але гэты стэрэатып цалкам разбурае фестываль у Ялабузе, дзе ў атмасферы сумеснай творчасці педагогі з розных гарадоў і краін у працэсе непасрэдных і жывых зносін абмяркоўваюць надзённыя педагагічныя праблемы і дзеляцца сваім вопытам і дасягненнямі.

VІІ Міжнародны фестываль школьных настаўнікаў не стаў выключэннем. На гэты раз на беразе Камы сабралася больш за 500 настаўнікаў, якія напярэдадні адкрыцця фестывалю былі разгублены ад незвычайна насычанай праграмы: публічныя лекцыі, круглыя сталы, дзелавыя гульні, майстар-класы, панэльныя дыскусіі, практычныя кейс-семінары, трэнінгі, прэзентацыі перадавога педагагічнага вопыту, выставы, творчыя і прафесійныя конкурсы… Наведаць хацелася абсалютна ўсе мерапрыемствы, але з-за паралельнай работы некалькіх фестывальных пляцовак даводзілася рабіць вельмі няпросты выбар: нехта аддаваў перавагу сваёй прадметнай галіне, нехта, каб дагадзіць цікаўнасці, знаёміўся з інавацыйнымі напрамкамі, а нехта ішоў на сустрэчу са знаёмымі па папярэдніх фастывалях мадэратарамі. Дарэчы, у гэтым годзе мадэратарамі форуму выступілі больш за 40 вядучых спецыялістаў у галіне адукацыі з Германіі, Аўстрыі, ЗША, Беларусі, Латвіі, Эстоніі, Казахстана. Шырока былі прадстаўлены і расійскія навукова-метадычныя школы з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Растова-на-Доне, Чэбаксар, Кірава, Екацярынбурга, Казані, Ялабугі.

Мадэратары правялі больш за сто майстар-класаў для педагогаў, асноўнымі тэмамі якіх сталі: адукацыйная экасістэма школы ХХІ стагоддзя, перавагі і рызыкі мабільнай адукацыі, фармальнае і нефармальнае навучанне, фарміруючае ацэньванне, бесперапыннае прафесійнае развіццё педагога, змяшанае навучанне, роля сучасных адукацыйных тэхналогій, стварэнне інфармацыйна-адукацыйных асяроддзяў. Ключавой тэме фестывалю “Настаўнік, які мяняецца ў зменлівым свеце” была прысвечана публічная лекцыя дырэктара Ялабужскага інстытута КФУ Алены Мярзон, якая стала своеасаблівай “уверцюрай” напярэдадні адкрыцця фестывалю. На ўрачыстай цырымоніі прысутнічаў Энгель Фатахаў, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Татарстан, міністр адукацыі і навукі. Яркімі момантамі свята сталі: светлавое шоу, харэаграфічныя і вакальныя нумары і інавацыйнае рашэнне цырымоніі — робат “Ева”. Адбылося ўручэнне грамат і падзячных пісьмаў педагогам рэгіёна за заслугі ў адукацыі. У гэты ж дзень былі праведзены пасяджэнні круглых сталоў “Педагагічная навука і адукацыя” для работнікаў вышэйшай школы і “Сучасная адукацыя і кар’ера настаўніка” для будучых настаўнікаў. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі ў стварэнні праектаў, правядзенні сумесных навуковых даследаванняў.

Фестывальная форма работы настаўнікаў была пабудавана на дыялогу паміж настаўнікамі-практыкамі і вучонымі-спецыялістамі, дыскусійныя пляцоўкі і майстар-класы ахапілі шырокі спектр актуальных напрамкаў дзейнасці педагогаў. Вялікую ўвагу ўдзельнікаў фестывалю прыцягнулі праблемы якасці адукацыі, эксперыментальнай дзейнасці настаўніка, арганізацыі даследчай дзейнасці школьнікаў, перспектыў полікультурнай адукацыі, педагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі, выкладання асноў рэлігійных культур і свецкай этыкі, выкарыстання адукацыйных анлайн-платформ, падрыхтоўкі педагагічных кадраў і практыкі работы з маладымі настаўнікамі.

Мадэратары дзяліліся з педагогамі сваім вопытам, знаёмілі іх з новымі эфектыўнымі тэхналогіямі і, што асабліва каштоўна, давалі гатовыя інструменты, якімі можна карыстацца для дасягнення найбольш высокіх вынікаў. Заняткі былі максімальна практыка-арыентаванымі, праходзілі ў інтэрактыўным рэжыме і карысталіся асаблівай папулярнасцю ў педагогаў, што пастаянна адзначалася ў водзывах і лістах зваротнай сувязі, якія запаўняліся ўдзельнікамі фестывалю пасля кожнага майстар-класа. Вялікую колькасць станоўчых каментарыяў па выніках сваіх заняткаў атрымалі і беларускія мадэратары.

Майстар-класы Лідзіі Аляксандраўны Казінец, дацэнта кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка, былі прысвечаны тэхналогіі вывучэння і абагульнення інавацыйнага педагагічнага вопыту. Святлана Іванаўна Гін, настаўніца пачатковых класаў кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, дацэнт кафедры акмеалогіі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, на сваіх майстар-класах дзялілася сакрэтамі выкарыстання методыкі ТРВЗ і псіхолага-педагагічнага суправаджэння малодшых школьнікаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі.

Мне ж удалося пазнаёміць расійскіх калег са сваімі напрацоўкамі ў арганізацыі практыкі кіравання вучэбнай дзейнасцю на ўроках англійскай мовы з дапамогай сэрвісаў Web 2.0, а таксама абмеркаваць магчымасці прафесійнага развіцця сучаснага настаўніка, прадэманстраваўшы вопыт беларускіх настаўнікаў на прыкладзе дзейнасці БПА, асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”, клуба “Крыштальны журавель”.
Асаблівым сюрпрызам для мяне стала знаёмства са сваімі калегамі пераможцамі конкурсу “Настаўнік года” — Святланай Сухамятнікавай (Эстонія) і Сяргеем Качарэжкам (Расія).

Рэгламент фестывалю прадугледжваў таксама нефармальныя зносіны настаўнікаў і вучоных, культурную праграму, наведванне гістарычных і культурных месцаў, якімі славіцца Ялабуга: старажытнае гарадзішча, храмы, дом-музей І.Шышкіна, месца апошняга прытулку М.Цвятаевай, музеі У.Бехцерава, Н.Дуравай.

Асаблівасцю VІІ Міжнароднага фестывалю школьных настаўнікаў стала правядзенне на базе Ялабужскага інстытута летняй педагагічнай школы для студэнтаў выпускных курсаў педагагічных напрамкаў падрыхтоўкі. Работа школы праводзілася ў рамках фестывалю ўпершыню. Праблематыка работы школы “Малады настаўнік: замацаванне ў прафесіі” прывабіла каля 50 прадстаўнікоў педагагічных ВНУ і ССНУ Расіі і БДПУ імя Максіма Танка.

Будучыя настаўнікі атрымалі ўнікальную магчымасць мець зносіны з вядучымі спецыялістамі ў галіне адукацыі. На працягу пяці дзён на базе спартыўна-аздараўленчага лагера “Буравеснік” праводзіліся семінары і майстар-класы, якія ахоплівалі актуальныя напрамкі дзейнасці педагогаў. У рабоце летняй педагагічнай школы паўдзельнічалі выкладчыкі расійскіх і замежных ВНУ, настаўнікі-практыкі, якія маюць сур’ёзныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, мадэратары VІІ Міжнароднага фестывалю школьных настаўнікаў. Асаблівую цікавасць сярод студэнтаў выклікалі майстар-класы па тэмах: “Прафесійнае развіццё настаўніка”, “Педагагічная харызма”, “Ацэньванне эфектыўнасці адукацыйнага працэсу”, “Аўтарытэт маладога настаўніка”, “Чаму і як вучыць сучасных дзяцей?”, “Развіццё крэатыўных навыкаў дзяцей”, “Інавацыйны педагагічны вопыт як аб’ект навуковага пазнання”, “Тэхналогія праектавання праблемнага ўрока”. Адным з прыкладных вынікаў, які неабходна было атрымаць удзельнікам падчас работы летняй педагагічнай школы, быў уласны метадычны праект, гатовы да прымянення на практыцы. На думку ўдзельнікаў, работа ў гэтым праекце мабілізавала кожнага з іх, дала магчымасць паказаць сябе, выявіць свой прафесійны патэнцыял. Дарэчы, праект, распрацаваны студэнтам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, быў прызнаны лепшым.

Вяртаючыся на радзіму, студэнты няспынна дзяліліся ўражаннямі.

Паліна Ціханская, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка: “Гэта цікавы вопыт, мы пазнаёміліся са студэнтамі з розных куткоў Расіі, наведалі майстар-класы, паспрабавалі стварыць свой праект. Вельмі спадабаліся заняткі па фарміраванні педагагічнай харызмы, прафесійным развіцці настаўніка. Такія акцыі неабходны, таму што гэта магчымасць абмяняцца ідэямі, педагагічнымі навінкамі, што вельмі важна для нашай будучай прафесійнай дзейнасці. Веды, атрыманыя намі на майстар-класах, безумоўна, спатрэбяцца нам у будучыні”.

Настасся Ліванава, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка: “Мы змаглі пазнаёміцца з незвычайнымі, вельмі цікавымі, таленавітымі і прыязнымі людзьмі, пазналі многае пра сістэму адукацыі Расіі, паўдзельнічалі ў рэалізацыі адукацыйнага праекта. Гэтыя пяць дзён сталі дзівосным падарожжам у свет цудоўных ідэй і выдатных педагогаў. Дзякуй за магчымасць прадстаўляць Беларусь на такім цудоўным педагагічным форуме”.

Юрый Коўшык, студэнт 5 курса гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка: “Такія мерапрыемствы неабходны, бо яны даюць магчымасць пазнаёміцца з вопытам калег, прадставіць паспяховыя і выніковыя знаходкі, напрацоўкі і дасягненні сваёй адукацыйнай сістэмы, вывучыць, крытычна ацаніць, параўнаць адукацыйныя падыходы і зрабіць пэўныя высновы. За гэтыя дні я яшчэ не раз пераканаўся ў правільным выбары будучай прафесіі”.

Летняя педагагічная школа аб’яднала будучых педагогаў, яе змест быў накіраваны на паглыбленне ведаў будучых настаўнікаў пра існуючыя сістэмы адукацыі, гісторыю і культуру розных народаў. Такая форма жывых прафесійных зносін стала яркім прыкладам узмацнення практыка-арыентаванай накіраванасці прафесійнай падрыхтоўкі будучага настаўніка. Як адзначалі самі ўдзельнікі форуму, “адна справа — даведацца пра эфектыўны вопыт творчых педагогаў з педагагічных выданняў, іншая — убачыць аўтара на свае вочы, пачуць ад яго самога галоўную ідэю вопыту, зразумець, як рэалізаваць яе ў адукацыйным працэсе”.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў фестывалю падчас цырымоніі закрыцця, арганізатары неаднаразова падкрэслівалі, што фестываль неабходна берагчы, што гэта сапраўды вельмі патрэбная і сур’ёзная пляцоўка, бо, менавіта гледзячы на настаўнікаў-практыкаў, у студэнтаў фарміруецца пэўная філасофія і стаўленне да настаўніцкай прафесіі. Таму трэба зрабіць усё магчымае, каб будучы настаўнік з задавальненнем ішоў працаваць у школу, разумеючы ступень адказнасці не толькі перад дзяржавай, дзецьмі і іх бацькамі, але і перад самім сабой.

VІІ Міжнародны фестываль школьных настаўнікаў заваяваў прызнанне і аўтарытэт у педагагічнай супольнасці, зарэкамендаваўшы сябе як адна з форм прафесійнага росту і развіцця педагогаў, прывабная пляцоўка для абмену вопытам у інавацыйнай адукацыйнай дзейнасці прадстаўнікоў настаўніцкай супольнасці, для абмену думкамі па пытаннях развіцця педагагічнай адукацыі, педагагічных даследаванняў. Фестываль сапраўды стаў своеасаблівым допінгам, спосабам “перазагрузкі” напярэдадні новага навучальнага года. Пасля фестывалю яшчэ больш хочацца ствараць, дзяліцца сваім вопытам з калегамі, настаўнікамі-практыкамі, будучымі педагогамі. З кожным годам якасць арганізацыі і работы гэтага мерапрыемства значна ўзрастае. Упэўнена, што фестываль будзе прымаць настаўнікаў усяго свету яшчэ доўгія гады.

Інеса ЗУБРЫЛІНА,
старшы выкладчык кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі
ІПКіПК МДЛУ, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска.