Першачарговая задача — вярнуць зборную ў элітны дывізіён

- 11:05Інфармацыйная гадзіна

Старшынёй ФХБ выбраны 42-гадовы былы хакеіст Генадзь Савілаў. Канферэнцыя ФХБ прыняла аднагалоснае рашэнне ў выніку галасавання.

Новы кіраўнік беларускага хакея адзначыў, што перад тым, як прыняць прапанову ўзначаліць федэрацыю, дасканала вывучыў стан спраў. Як падкрэсліў Генадзь Савілаў, часу на разварушванне няма. “Пачалася падрыхтоўка да чэмпіянату краіны, трэба прадоўжыць развіваць дзіцяча-юнацкі хакей, адкуль павінны прыйсці новыя прафесійныя гульцы. У найбліжэйшы час неабходна назначыць новага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі. Хутчэй за ўсё, гэта будзе не замежны спецыяліст. А першачарговая задача — вярнуць зборную ў элітны дывізіён, у сярэднетэрміновай перспектыве — выступіць на Алімпіядзе 2022 года ў Пекіне”, — расказаў Генадзь Савілаў.

Другі момант, на які трэба звярнуць увагу, — узаемаадносіны федэрацыі і вядучага клуба ХК “Дынама-Мінск”. “Не сакрэт, што супрацоўніцтва ФХБ і клуба далёкае ад ідэальнага. Віцэ-прэм’ер Васіль Жарко выказаў на канферэнцыі пажаданне, каб быў адзін наглядальны савет у клуба і федэрацыі. Будзем над гэтым працаваць не на шкоду выступленням каманды ў КХЛ, але і для зборнай павінна быць аддача ад клуба”, — адзначыў кіраўнік ФХБ.

На думку Генадзя Савілава, зборная павінна камплектавацца з гульцоў сусветнага класа, калі хочам гуляць у элітным дывізіёне. “Тут неабходна ўзмацняць ролю “Дынама-Мінск”. Наш чэмпіянат павінен быць канкурэнтаздольным і служыць для выпускнікоў спартыўнай школы трамплінам у топ-чэмпіянаты”, — падкрэсліў старшыня ФХБ.

Ён лічыць, што федэрацыя хакея павінна каардынаваць дзеянні ўсіх структур па развіцці гэтага віду спорту. “Вельмі важная работа з абласнымі адміністрацыямі, Мінспорту, НАК”, — сказаў кіраўнік ФХБ.

На канферэнцыі ФХБ падводзіліся вынікі мінулага сезона. Сямён Шапіра з-за нездавальняючых вынікаў нацыянальнай зборнай, якая пакінула элітны дывізіён, прыняў рашэнне падаць у адстаўку з пасады кіраўніка ФХБ.