Першая Рэспубліканская алімпіяда па фізічнай культуры і здароўі стала паспяховай

- 11:49Адукацыйная прастора

Першая ў краіне Рэспубліканская алімпіяда па фізічнай культуры і здароўі праходзіла ў Маладзечне Мінскай вобласці. Базай стала сярэдняя школа № 14, дзе пастараліся стварыць максімальна камфортныя і спартыўныя ўмовы для ўдзельнікаў каманд і членаў журы. І, як не раз адзначалі юныя спартсмены, ім усё вельмі спадабалася, асабліва атмасфера сяброўства, якая аб’яднала ўсе каманды.

Першадыпломнікі каманды Гродзенскай вобласці Вадзім Дарашкевіч, Аліна Агапітава з сярэдняй школы № 2 г.п.Рось, Яўген Машко з гімназіі № 2 Гродна і кіраўнік каманды Д.Д.Пайлак.

На Рэспубліканскай алімпія­дзе па фізічнай культуры і здароўі ў сярэдняй школе № 14 Маладзечна гонар свайго рэгіёна абаранялі 7 каманд з 6 абласцей і Мінска. У кожным рэгіёне па выніках абласной алімпіяды фарміравалі каманду з 10 чалавек (5 хлопцаў і 5 дзяўчат). У склад каманды Мінскай вобласці як прымаючай уваходзіла 11 чалавек. У выніку 71 школьнік стаў удзель­нікам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды — вучні 8—11 класаў.

У склад журы ўваходзіла 15 чалавек. Гэта лепшыя настаўнікі з усіх рэгіёнаў, прадстаўнікі вышэйшай школы, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Старшынёй журы быў заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь, выдатнік адукацыі, лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, настаўнік-метадыст, настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы № 10 Слуцка імя Ф.С.Рубанава Валерый Леанідавіч Варанцоў.

“Калі браць гісторыю развіцця алімпіяднага руху па нашым прадмеце, то першая абласная алімпіяда па фізічнай культуры прайшла ў Слуцку. А апошнія 15 гадоў гэтая абласная алімпіяда праходзіла ў Маладзечне. Мы не раз звярталіся ў Міністэрства адукацыі з прапановай уключыць алімпіяду па фізічнай культуры ў лік рэспубліканскіх, таму сёння хачу падзякаваць міністру адукацыі І.В.Карпенку за падтрымку нашай ініцыятывы, за тое, што наш прадмет стаў 18-м сярод алімпіядных”, — адзначыў В.Л.Варанцоў.

Пры распрацоўцы алімпіядных заданняў пад увагу браўся, безумоўна, метадычны і арганізацыйны вопыт Мінскай вобласці, змест вучэбнай праграмы па прадмеце. “Алімпіяда па фізічнай культуры і здароўі складалася з некалькіх тураў. Першы тур — тэарэтычны, у які ўваходзілі заданні трох тыпаў, заснаваныя на вучэбнай праграме. У першым тыпе заданняў трэба было вы­браць правільны адказ з 4 прапанаваных, у другім — дапі­саць азначэнне, словазлучэнне, дату. Заданні трэцяга тыпу прадугледжвалі супастаўленне. Адразу хачу заўважыць, што вучні з тэарэтычным блокам справіліся паспяхова.  

Настасся Кібалка і яе настаўнік І.А.Кібалка з Чурлёнскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мінскай вобласці.

Другі тур — практычны. Ён уключаў жыццёва неабходнае плаванне на 50 метраў, вызначэнне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці, дзе дзеці выконвалі 4 заданні. Яны ўключалі чаўночны бег 4 па 9 метраў, скачок у даўжыню з месца (давалася 3 спробы), у дзяўчат — падыманне тулава са становішча лежачы, а ў хлопцаў — падцягванне на перакладзіне. Чацвёртае заданне — тэст на гібкасць. Тут зноў хачу падкрэсліць, што боль­шасць навучэнцаў паказала выдатную фізічную падрыхтоўку і загартоўку. Яшчэ дзеці дэманстравалі свае здольнасці ў спартыўных гульнях. Удзельніку алімпіяды прадастаўлялася магчымасць выбраць від спартыўнай гульні. Гэта мог быць баскетбол, валейбол, гандбол або футбол. У выніку ўсе размеркаваліся па групах і выконвалі заданні, якія былі распрацаваны да кожнай з прапанаваных гульняў. Пасля на аснове атрыманых вынікаў вызначаўся рэйтынг кожнага ўдзельніка алімпіяды”, — расказаў старшыня журы.

У выніку дыпломы рознай вартасці на першай Рэспубліканскай алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі заваявалі 30 чалавек.

Дыпломы І ступені атрымалі навучэнцы 10 класа Аліна Агапітава з сярэдняй школы № 2 г.п.Рось Гродзенскай вобласці (настаўніца А.С.Цівунчык), Настасся Кібалка з Чурлёнскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мінскай вобласці (настаўнік І.А.Кібалка), Лізавета Люсцібер з сярэдняй школы № 5 Пружан (настаўнік В.М.Жук).

Сярод вучняў 11 класа дыпломы І ступені заваявалі Вадзім Дарашкевіч з сярэдняй школы № 2 г.п.Рось Гродзенскай вобласці (настаўнік Д.М.Патула), Яўген Машко з гімназіі № 2 Гродна (настаўніца А.М.Кодзік), Мікіта Гарбачонак з ліцэя № 1 Мінска (настаўнік А.С.Вайцяховіч).

Прыз міністра адукацыі ўручылі вучаніцы 8 класа сярэдняй школы № 14 Наваполацка Марыі Кецко. У камандным заліку першай стала каманда Гродзенскай вобласці, другой — Мінска, трэцяй — Магілёўскай вобласці.

Трэнер каманды Гродзенскай вобласці настаўнік фізічнай культуры Краснасельскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна Д.Д.Пайлак адзначыў высокі ўзровень арганізацыі алімпіяды і прафесійную работу журы. “Я, канечне, вельмі задаволены. На рахунку нашай каманды 3 дыпломы І ступені, 2 — ІІ і 2 дыпломы ІІІ ступені. Падрыхтоўка каманды ажыццяўлялася на працягу двух месяцаў, двойчы арганізоўваліся зборы. Каманду рыхтавала таксама цэлая каманда педагогаў вобласці (кожны па асобным напрамку), таму дыпломы нашых вучняў — гэта агульная заслуга, таму ўсім нізкі паклон. Мы з такім вынікам ужо ўвайшлі ў гісторыю”, — сказаў Дзмітрый Дзмітрыевіч.

Настаўнік фізічнай культуры Чурлёнскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ігар Анатольевіч Кібалка таксама вельмі задаволены ўдзелам у Рэспубліканскай алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі. Ён адчуў двайную гор­дасць — як педагог і як бацька. Яго вучаніца і дачка Настасся атрымала дыплом І ступені. “Мне спадабалася добрая арганізацыя і прафесійнае судзейства. А да алімпіяды мы рыхтаваліся сур’ёзна. Двойчы былі на зборах па 5 дзён, шмат працавалі індывідуальна. Было няпроста, але вынік таго варты”, — адзначыў Ігар Анатольевіч.

Удзельнікі алімпіяды — дзеці, матываваныя на атрыманне прафесіі настаўніка фізкультуры, трэнера. У сувязі з гэтым рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Сяргей Барысавіч Рэпкін запрасіў у свой універсітэт не толькі пераможцаў алімпіяды, але і ўсіх яе ўдзельнікаў. “Вы — будучая педагагічная і трэнерская эліта”, — заўважыў ён у сваім віншавальным слове.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.