Першы “ШАГ” першай гімназіі

- 9:20Адукацыйная прастора

У мінулы чацвер ва ўстановах адукацыі па ўсёй краіне прайшлі традыцыйныя мерапрыемствы ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ”. Так быў дадзены старт рабоце “Школы актыўнага грамадзяніна” ў гэтым навучальным годзе. Школьнікі ў розных кутках Беларусі абмяркоўвалі тэму “Гордасць за Беларусь. Адукацыя ў імя будучыні краіны (аб дасягненнях на ўсіх узроўнях асноўнай адукацыі)”.

Першы “ШАГ” у першай сталічнай гімназіі прайшоў маштабна, цікава і змястоўна. Маштабна таму, што да адкрытага дыялогу далучыліся не толькі старшакласнікі гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска. На пляцоўку для зносін запрасілі навучэнцаў сярэдняй школы № 118 — яны прысутнічалі ў актавай зале, а юнакі і дзяўчаты з сярэдняй школы № 130 і гімназіі № 40 Мінска падключыліся да размовы па відэасувязі.

Змястоўнасць дыялогу забяспечылі цікавыя госці маладзёжнай дыялогавай пляцоўкі. Усе яны — людзі, што маюць непасрэднае дачыненне да галіны адукацыі, якая і была ў цэнтры ўвагі: Наталля Генадзьеўна Кучынская ўзначальвае ўпраўленне па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска, Кацярына Эдуардаўна Дубінская — дырэктар Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”, Сяргей Рыгоравіч Мусіенка з’яўляецца кіраўніком аналітычнага цэнтра ЕсооМ і аўтарам праекта “Гордасць за Беларусь” (менавіта гэты праект стаў тэматычным падмуркам “ШАГа” ў гэтым навучальным годзе).

Праект “Гордасць за Беларусь” рэалізаваны Аналітычным цэнтрам EcooM сумесна з газетай “СБ. Беларусь сегодня”, Міністэрствам інфармацыі і Міністэрствам адукацыі. Выкарыстоўваючы мову лічбаў і фактаў, праект дэманструе дасягненні беларускага народа ў розных сферах грамадскага жыцця ў перыяд станаўлення суверэнітэту нашай краіны. Акрамя таго, выдадзены дапаможнік для педагогаў і вучэбна-наглядны дапаможнік для навучэнцаў “Гордасць за Беларусь”, аўтарам якіх з’яўляецца С.Р.Мусіенка.

— Як паказвае жыццё, дзецям, ды і дарослым таксама, не хапае ведаў аб нашай сацыяльнай рэчаіснасці. Праект “ШАГ” сёлета дапаможа ліквідаваць гэты прабел у ведах. Праект “Гордасць за Беларусь” нам вельмі дапаможа ў гэтым, — расказвае дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска Наталля Уладзіміраўна Бушная.

І хоць тэмай сустрэчы была вызначана галіна адукацыі, дапытлівыя навучэнцы пашырылі яе межы. Гаварылі пра жыццё ва ўсіх яго праяўленнях — ад побытавых пытанняў, такіх як школьнае харчаваннне, да глабальных, як, напрыклад, інклюзіўныя працэсы ў грамадстве.

Галоўную задачу першых заняткаў у “Школе актыўнага грамадзяніна” можна сфармуляваць так: даць дзецям убачыць відавочнае. Бо нярэдка тое, чаго мы не заўважаем і што лічым штодзённым, насамрэч з’яўляецца падставай для гордасці. Вакол нас жывуць людзі і адбываюцца падзеі, якімі мы павінны ганарыцца.

Старт новаму сезону “ШАГа” дадзены, і цяпер кожны чацвёрты чацвер месяца ў школах на маладзёжных пляцоўках зноў будуць збірацца юныя актыўныя грамадзяне.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.