Перспектыўныя кірункі для сумеснага бізнесу

- 10:51Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час адкрыцця Беларуска-в’етнамскага бізнес-форуму назваў 6 перспектыўных галін для развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сёння дзве краіны адкрываюць новыя гарызонты супрацоўніцтва, і найлепшыя перспектывы бачацца ў наступных галінах: прамысловасць; інфраструктура і будаўніцтва; асваенне і выкарыстанне прыродных рэсурсаў; харчовая сфера і лёгкая прамысловасць; інфармацыйна-камунікацыйныя і высокія тэхналогіі; турызм.

Прамысловасць

“Беларусь гатова прадаўжаць актыўны пераход ад простага гандлю да вытворчай кааперацыі шляхам тэхналагічнага інвесціравання, стварэння сумесных прадпрыемстваў, сэрвісных і вучэбных цэнтраў”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Так, у бліжэйшыя месяцы ў В’етнаме пачнуць праца­ваць сумесныя вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода па зборцы грузавых аўтамабіляў і гарадскіх аўтобусаў. Акрамя таго, прапрацоўваюцца пытанні стварэння беларуска-в’етнамскіх прадпрыемстваў па вытворчасці поліамідаў, медыцынскай тэхнікі, прыбораў у галіне радыяцыйнага кантролю і іншай прадукцыі.

Інфраструктура і будаўніцтва

У Беларусі назапашаны значны вопыт праектавання і ўзвядзення аб’ектаў рознай складанасці: метро, ма­стоў, падземных пераходаў, будынкаў сацыяльна-культурнай сферы.

“Мы бачым перспектывы выкарыстання беларускіх будаўнічых тэхналогій у В’етнаме, гатовы падзяліцца вопытам. Менавіта для гэтага нядаўна адкрылі ў вас прадстаўніцтва кампаніі “Мінскметрапраект”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Асваенне і выкарыстанне прыродных рэсурсаў

“Беларускія тэхналогіі ў галіне павышэння нафтааддачы пластоў і распрацоўкі радовішчаў могуць знайсці па­спяховае прымяненне ў В’етнаме. Прыкладам эфектыўнага развіцця такога ўзаемадзеяння з’яўляецца супрацоўніцтва аб’яднання “Беларуснафта” з карпарацыяй нафты і газу “ПетраВ’етнам”, — сказаў прэзідэнт.

Харчовая сфера і лёгкая прамысловасць

Узаемадзеянне ў гэтай галіне мае добрыя перспектывы. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, цяпер з в’етнамскай кампаніяй “Ау В’ет індастры” ажыццяўляецца пілотны праект па стварэнні сумеснага прадпрыемства па выпуску ў В’етнаме прадукцыі з сухога малака, вырабленага ў Беларусі.

У сваю чаргу мы прапануем павялічваць пастаўкі ў Беларусь якаснай і канкурэнтаздольнай па цане в’етнамскай прадукцыі, у тым ліку морапрадуктаў, рыбы, рысу, чаю, кавы, спецый, трапічных фруктаў”, — адзначыў беларускі лідар.

Інфармацыйна-камунікацыйныя і высокія тэхналогіі

Супрацоўніцтва ў гэтай галіне набірае абароты. “Беларусь з’яўляецца адным з еўрапейскіх лідараў у галіне высокіх тэхналогій і вядомым распрацоўшчыкам праграмнага забеспячэння. Рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій Беларусі кампанія “Форанкс” ужо выконвала работы для шэрага камерцыйных банкаў В’етнама. Водзывы вельмі станоўчыя”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Турызм

“Гэтая сфера са спрашчэннем візавага рэжыму атрымала новыя магчымасці для развіцця. Запрашаю прадстаўнікоў турыстычнага бізнесу В’етнама прымаць актыўны ўдзел у міжнародных профільных выстаўках і кірмашах, якія право­дзяцца ў Беларусі, расказваць аб перавагах адпачынку ў вашай краіне, наладжваючы ўзаемавыгадныя кантакты з беларускімі турфірмамі”, — заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

На заканчэнне кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў час перагавораў з Прэзідэнтам В’етнама Чан Дай Куангам была дасягнута дамоўленасць прыкласці ўсе магчымыя намаганні, каб краіны на працягу бліжэйшых гадоў выйшлі на ўзровень тавараабароту $500 млн. “Вядома, наша агульная беларуска-в’етнамская камісія выпрацуе такія падыходы і такі план па дасягненні гэтай мэты. Але рэалізоўваць гэта давядзецца вам: прадпрымальнікам і бізнесменам. Хацелася б, каб вы выканалі гэтую задачу і дасягнулі гэтай мэты”, — заявіў беларускі лідар.