Плануем урок правільна

- 15:01Якасць адукацыі

Кожны сучасны настаўнік імкнецца даць не толькі якасныя веды сваім навучэнцам, але і паднесці іх цікава і ярка. На жаль, у вялікай колькасці сучасных дзяцей адсутнічае або толькі часткова прысутнічае матывацыя да навучання, асабліва да вывучэння замежнай мовы, што патрабуе многа сіл і часу. Яны не імкнуцца самастойна атрымаць новую інфармацыю, а некаторыя не жадаюць нават засвоіць той неабходны мінімум, які яны абавязаны ведаць. Таму задача кожнага настаўніка даць такі ўрок, які б зацікавіў нават самага нематываванага вучня.

Да нас на дапамогу ў такім выпадку прыходзяць інфармацыйныя тэхналогіі. Але правесці правільны ўрок з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій не так проста, як здаецца на першы погляд. Ён, як і традыцыйны ўрок, патрабуе выканання пэўных дыдактычных прынцыпаў:

  • прынцып сістэмнасці (урокі з выкарыстаннем ІКТ павінны праводзіцца ў адпаведнасці як з матэрыялам, які вывучаецца, так і з вывучаным, а таксама з тым, з якім прагназуецца работа; яны павінны право­дзіцца сістэматычна, а не толькі ў якасці іскрынкі на адкрытым уроку);
  • прынцып развіцця (ва ўрок павінна закладацца магчымасць пастаяннага пашырэння і абнаўлення не толькі задач, але і сродкаў іх дасягнення);
  • прынцып інфарматыўнасці і індывідуалізацыі (выкарыстанне камп’ютара, інтэрнэту ў якасці крыніцы інфармацыі, адаптыўнасці да індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў);
  • прынцып актыўнасці саміх навучэнцаў.

Часцей за ўсё прычынай або асноўнай матывацыяй выкарыстання ІКТ на ўроках замежнай мовы выступае дэфіцыт аўтэнтычнага вучэбнага матэрыялу, таму магчымасць падачы праз выкарыстанне ІКТ унікальных інфармацыйных матэрыялаў, такіх як відэафрагменты, гуказапісы, фотаздымкі, інтэрактыўныя карты і г.д., становіцца тым выратавальным кругам, які прыходзіць на дапамогу настаўніку. Таксама матывацыяй з’яўляецца неабходнасць авалодання лінгвакраіназнаўчым матэрыялам, вывучэння культуры, літаратуры краін, мова якіх вывучаецца, пры дапамозе аўтэнтычных матэрыялаў; развіццё інфармацыйна-пошукавай дзейнасці; стварэнне ўмоў для псіхалагічнага камфорту і мікраклімату, у якім любы навучэнец зможа пака­заць сябе незалежна ад узроўню валодання мовай; і, канечне ж, кантроль і аб’ектыўнае ацэньванне ў кароткія тэрміны.

У выніку правільна спланаваны і праведзены ўрок з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій заўсёды пакажа тое, што ІКТ на вашым уроку замежнай мовы разглядаюцца не як асноўная мэта або прыгожая абалонка, а як яшчэ адзін спосаб спасціжэння свету дзіцем, не толькі як крыніца дадатковай інфармацыі па прадмеце, а як заснавальнік першаснага фундаменту ведаў. Такія ўрокі спрыяюць самаарганізацыі працы і самаадукацыі як настаўніка, так і навучэнцаў, актывізуюць і пашыраюць індывідуальную актыўнасць дзіцяці.

Разглядаючы пытанне арганізацыі ўрокаў з выкарыстаннем ІКТ на метадычнай нарадзе настаўнікаў англійскай мовы, я як кіраўнік метадычнага аб’яднання прыняла рашэнне стварыць памятку, што дапаможа педагогам правільна спланаваць такі ўрок, якой я і хацела б падзяліцца.

Памятка па планаванні ўрока з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій на ўроках англійскай мовы:

  1. Вызначыць для сябе мэту выкарыстання ІКТ і абгрунтаваць выкарыстанне ІКТ на ўроку. Пры гэтым улічваем мэту ўрока; змест; матэрыял папярэдняга і наступнага ўрока; асаблівасці класа; навукова-метадычную падрыхтаванасць настаўніка.
  2. Вызначыць, на якім этапе ўрока мы збіраемся выкарыстоўваць ІКТ:

— праверка дамашняга задання;

— вывучэнне новага матэрыялу;

— замацаванне ведаў і ўменняў;

— праверка ведаў;

— рэфлексія.

  1. Падабраць вучэбна-метадычнае забеспячэнне і вызначыцца з формай выкарыстання праграмнага забеспячэння, ЛАР, улічваючы аўтэнтычнасць матэрыялу:

 

  1. Цалкам праграма, ЛАР.
  2. Фрагменты.
  3. Асобныя элементы.
  4. Стварэнне ўласных матэрыялаў.
  5. Растлумачыць навучэнцам правілы і патрабаванні пры рабоце з выкарыстаннем ІКТ. Звяртаем увагу на мэтапастаноўку; арганізацыю дзейнасці; кіраванне вучэбнай дзейнасцю; патрабаванні санітарна-гігіенічных норм у залежнасці ад узроставых асаблівасцей навучэнцаў.
  6. Спрагназаваць чаканы вынік, вызначыць уплыў ІКТ на выніковасць урока. Улічваем матывацыю навучэнцаў, самастойную работу навучэнцаў, дасягненне пастаўленых мэт урока.

Таццяна ЦЫДЗІК,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 19 Гродна.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.