Пошук — адзін з напрамкаў дзейнасці Ільянскай сярэдняй школы імя А.А.Грымаця

- 15:42Образование

Пошук — адзін з напрамкаў дзейнасці Ільянскай сярэдняй школы імя А.А.Грымаця Вілейскага раёна. Пошукавая работа ўжо на працягу многіх гадоў з’яўляецца часткай адукацыйнага працэсу ўстановы. Наша школа актыўна супрацоўнічае са многімі музеямі, архівамі, установамі адукацыі і даследчыкамі-аматарамі.

Пошукавыя традыцыі з 1944 года закладвалі былы дырэктар ветэран вайны Ілья Савіч Касцючэнка, настаўнік гісторыі Іосіф Мікалаевіч Курац і ветэран вайны Іван Канстанцінавіч Зайцаў.

У той час вялася перапіска з ваеннымі камісарыятамі, архівамі, ветэранамі. Сабраны ўспаміны многіх удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, устаноўлены імёны загінуўшых і тых, хто вярнуўся пераможцам. Сабраныя звесткі актыўна выкарыстоўваліся ў выхаваўчай рабоце, правядзенні масавых мерапрыемстваў з удзелам ветэранаў.

У 1970—1990-х гадах вялікі ўклад у гэтую работу ўнеслі настаўнікі гісторыі Марыя Раманаўна Мядзведзева і Ала Феліксаўна Варславан. Былі ўстаноўлены даныя аб 40 байцах Чырвонай Арміі і партызанах, пахаваных у брацкай магіле вёскі Ілья. Іх імёны ўвекавечаны на мемарыяльных плітах. Былі арганізаваны перапіска са сваякамі загінуўшых, наведванне імі памятных месцаў і пахаванняў, сустрэчы з навучэнцамі, грамадскасцю, ветэранамі.

 У 90-я гады і да нядаўняга часу плённа працавалі Роза Канстанцінаўна Шэрая, Ула­дзімір Сцяпанавіч Кажамяка, Люцыя Францаўна Маркевіч. У гэты час ва ўстанове былі створаны музеі “Вілейшчына літаратурная” (30.04.1992) і “Ільянскія далягляды” (09.05.1995), дзе знайшлі адлюстраванне матэрыялы, сабраныя ў выніку пошукавай дзейнасці. Устаноўлены і ўвекавечаны на мемарыяльных плітах брацкай магілы ў вёсцы Ілья 10 імён пахаваных тут байцоў. Акрамя гэтага, была даследавана дзейнасць партызанскай брыгады імя М.В.Фрунзэ, якая дзейнічала ў рэгіёне і вяла падпольную дзейнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны. Нашы педагогі і навучэнцы вывучалі падзеі, звязаныя з халакостам у Ільі, наладзілі сувязі з нашчадкамі яўрэяў, якія выжылі ў халакосце.

Па выніках пошукавай дзейнасці арганізаваны ўдзел нашых навучэнцаў у многіх конкурсах і акцыях. Сярод шматлікіх узнагарод — дыпломы пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў Усебеларускай турыстычна-края­знаўчай экспедыцыі навучэнцаў “Наш край”, “Дзень зямлі”, “Нам засталася спадчына”, “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Мая радзіма — Беларусь”, “Мой край”, “На славу агульнай Перамогі”; міжнародных конкурсаў “Урокі халакосту”, “Урокі халакосту — шлях да талерантнасці”, “Мне сняцца сны аб Беларусі”, “Па­мяць” і інш.

 

Дарэчы, народны музей “Ільянскія далягляды”, якім ганарыцца наша школа, стаў пераможцам рэспубліканскіх конкурсаў “Даследчая дзейнасць і навуковыя дасягненні сучаснага музея ўстановы адукацыі”, “Інавацыйныя формы арганізацыі вучэбна-даследчай дзейнасці навучэнцаў”, музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі. Матэрыялы пошукавай дзейнасці адзначаны вялікай колькасцю ўзнагарод абласнога і раённага ўзроўню і былі выкарыстаны ў дакументальных і мастацкіх фільмах, у тым ліку “Мікалай Кісялёў”, “Праведнік” і інш.

Сёння пошукавую дзейнасць працягваюць кіраўнік школьнага народнага музея “Ільянскія далягляды” Віктар Новік і кіраўнік музея “Вілейшчына літаратурная” Аксана Шушкевіч. Клуб “Пошук” займаецца вывучэннем падзей перыяду Першай і Другой сусветных войнаў на тэрыторыі былога Ільянскага раёна. Удзельнікі клуба даследуюць факты баявых дзеянняў, дзей­насць партызанскай брыгады імя М.В.Фрунзэ, факты генацыду і халакосту на тэрыторыі Ільяншчыны.

Праз сайт школы можна наведаць віртуальныя музеі. Праводзяцца розныя мерапрыемствы і акцыі (“Генацыд беларускага народа”, “Унукі памятаюць”, “Зброя Перамогі”, “Жанчыны на вайне”, “Ветэран побач”, “Узнагароды нашых землякоў”, “Партызанскі бацюшка” і г.д.). Сумесна з Вілейскім краязнаўчым музеем былі ўстаноўлены імёны 20 загінуўшых ваеннаслужачых і партызан, пахаваных у брацкай магіле аграгарадка Ілья.

Ва ўстанове створаны праектна-даследчы цэнтр. У працэсе даследчай дзейнасці пад кіраўніцтвам Алесі Юшко была створана экспазіцыя, прысвечаная гісторыі яўрэйскай суполкі і халакосту ў Ільі, а таксама Youtube-канал, дзе знайшлі адлюстраванне матэрыялы пошуку.

У нашай школе працуе рэсурсны цэнтр “Музейная педагогіка”, рэалізоўваецца інавацыйныя і педагагічныя праекты. Навучэнцы і педагогі паспяхова ўдзельнічаюць і неаднаразова адзначаліся дыпломамі на навукова-практычных канферэнцыях з міжнародным удзелам “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”, “Шлях да вытокаў”, “Праблемы выкладання гісторыі халакосту і Другой сусветнай вайны ў Беларусі”, конкурсах работ даследчага характару, у рэспубліканскім форуме музеяў устаноў адукацыі “Памяць народа ў надзейных руках маладых” і інш.

Сёння ў пошукавай рабоце задзейнічаны многія педагогі, навучэнцы і іх бацькі, бо гэты напрамак дзейнасці — неад’емная частка ваенна-патрыятычнага выхавання і выхаваўчай работы.

 Ігар ЮШКО,
дырэктар Ільянскай сярэдняй школы
 імя А.А.Грымаця, удзельнік пошукавай дзейнасці