Поспех любіць працавітых

- 10:23Людзі адукацыі

Гэтага педагога дзеці любяць так моцна, што літаральна не адпускаюць з заняткаў. Ды і настаўнік асабліва не спяшаецца з іх, бо яму вельмі падабаецца працаваць з цікаўнымі і мэтанакіраванымі вучнямі. Таму і заседжваюцца яны, бывае, да позняга часу ў класе, пакуль не рэшаць чарговую закавырыстую задачу.

Настаўнік фізікі Міхаіл Міхайлавіч Макаед з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста яшчэ ў дзяцінстве палюбіў фізіку і матэматыку. Зацікавіла імі настаўніца матэматыкі Антаніна Іосіфаўна Міцковіч з сярэдняй школы № 2 Камянца. Таму з выбарам будучай прафесіі аматар статыстыкі і прагнозу, як сам сябе называе педагог, праблемы не было. Пасля заканчэння фізіка-матэматычнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна ён працаваў у Бушміцкай базавай школе і сярэдняй школе № 2 Камянца. За 25 гадоў работы Міхаіл Міхайлавіч не расчараваўся ў педагагічнай прафесіі, якая дорыць шмат радасці ад зносін з дзецьмі.
— Я не фізік, а педагог, — сціпла прызнаецца М.М.Макаед. — Мая галоўная задача — выхаваць вучняў добрымі людзьмі. Падабаецца глядзець за іх развіццём, а фізіка ў гэтым добра дапамагае.Цікаўлюся ў настаўніка, які за 5 гадоў падрыхтаваў 17 пераможцаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, як зацікавіць сучасных школьнікаў фізікай.
— Паказваць доследы, здзіўляць, прапаноўваць чытаць спецыяльную літаратуру, рабіць штосьці сваімі рукамі, — адказвае М.М.Макаед. — Сярод сённяшніх вучняў шмат мэтанакіраваных і захопленых дзяцей, якія імкнуцца атрымліваць новыя веды і пастаянна рухацца наперад. Галоўнае — працавітасць і вера ў поспех. Без гэтага выніку не будзе. А яшчэ настаўнік павінен шчыра і аддана любіць дзяцей і прафесію.
Да алімпіяднага руху педагог прыйшоў не адразу. Падчас работы ў школе Камянца шмат увагі ўдзяляў горна-пешаходнаму турызму.
— Алімпіяда — гэта той жа спорт, дзе важна настойліва працаваць і дасягаць выніку, — упэўнены Міхаіл Міхайлавіч. — Без імкнення да перамогі і здаровага азарту поспеху не будзе ў любой дзейнасці.
На працягу некалькіх гадоў настаўнік з’яўляецца кіраўніком каманды Брэстчыны на Рэспубліканскай алімпіядзе па фізіцы. З кожным вучнем М.М.Макаед працуе індывідуальна. У рабоце абавязкова ўлічвае псіхалагічныя і вучэбныя асаблівасці дзяцей. Пад кожнага з іх падбірае заданні.
Прозвішча Макаеда добра ведаюць у вобласці. Адны паважаюць, іншыя крыху зайздросцяць (не без гэтага). Але ўсе згаджаюцца, што Міхаіл Міхайлавіч сапраўдны прафесіянал сваёй справы, Настаўнік з вялікай літары.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.