Поспех прадпрыемства залежыць ад эфектыўнага менеджменту

- 10:24Інфармацыйная гадзіна

Акрамя інвестыцый, поспех любога прадпрыемства залежыць ад эфектыўнага менеджменту. Аб гэтым, падводзячы вынікі рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць, заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.

Прэм’ер-міністр правёў нараду па пытаннях фінансавага аздараўлення сельскагаспадарчых арганізацый, а таксама наведаў шэраг прамысловых прадпрыемстваў у Кобрыне. Так, у ААТ “Інструментальны завод “СІТАМО” кіраўніку ўрада далажылі аб рэзультатыўнасці мер, якія прымаюцца па паляпшэнні фінансава-эканамічнага стану завода. Гэта адзінае ў рэспубліцы прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вырабе слясарна-мантажнага інструменту. Паводле слоў Андрэя Кабякова, яно магло б сур’ёзна працаваць не толькі ў вытворчай тэхнічнай кааперацыі, што першапачаткова было яго прызначэннем, але і ў рознічнай сетцы, гандлі.

Аднак пры добрай якасці прадукцыі на прадпрыемствах часта не звяртаюць увагі на прывабны знешні выгляд, упакоўку вырабу. “На жаль, гэтыя так званыя дзіцячыя хваробы са старых часоў, нярыначны падыход яшчэ прысутнічаюць. Таму тут трэба нават не столькі капітальных укладанняў, інвестыцый, хоць гэта таксама патрэбна. Тут больш важна, напэўна, стаўленне да справы, жаданне, падбор кадраў — вось тое, што патрабуецца ад прадпрыемстваў у сучасных умовах”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Ён прывёў у прыклад менеджмент СТАА “ПП Палессе”, на якім таксама пабываў. Асноўным відам дзейнасці прадпрыемства з’яўляецца вытворчасць дзіцячых гульняў і цацак. Пачаўшы вытворчасць 18 гадоў таму фактычна з нуля, цяпер тут экспартуюць больш за 80 працэнтаў прадукцыі. Кобрынскія цацкі вядомы ў больш чым 40 краінах свету. Прэм’ер-міністр назваў прадпрыемства сур’ёзным, прагрэсіўным і эфектыўным. “Вельмі добрыя ўмовы, цудоўнае абсталяванне, цікавая змястоўная работа. Тут шмат маладых асоб — канструктары, тэхнолагі, рабочыя. Відаць, што ўсе з вялікім жаданнем працуюць і атрымліваюць адпаведнае ўзнагароджанне за работу”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Таксама Андрэй Кабякоў наведаў ААТ “ПТФ “Ручайка”. Кіраўніку ўрада далажылі аб праведзенай рабоце па павышэнні эканамічнай эфектыўнасці прадпрыемства і перспектывах яго развіцця, а таксама мерах, што прымаюцца для павелічэння аб’ёму продажаў новага дахавага матэрыялу.

На нарадзе ў Кобрыне з удзелам кіраўніцтва Брэсцкай вобласці быў асобна разгледжаны ход выканання ўказаў па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый. Андрэй Кабякоў адзначыў, што работы наперадзе яшчэ шмат. “Мы практычна прайшлі толькі чвэрць шляху з пункту гледжання рэалізацыі гэтых указаў. Няпростая работа, што патрабуе індывідуальнага падыходу да кожнага з сельгаспрадпрыемстваў, якое знаходзіцца ў складаным фінансавым стане. Агульнага, шаблоннага рашэння, нейкіх адзіных рэцэптаў тут няма. Патрэбна ювелірная індывідуальная работа”, — падкрэсліў кіраўнік урада.

Вывад праблемных сельгасарганізацый на бясстратную работу — працэс складаны. Пры падрыхтоўцы дакументаў нельга было абсалютна ўсё прадугледзець, таму па шэрагу пытанняў патрэбна ўдакладненне нарматыўнай базы. “Але гэта не перашкаджае рэалізацыі дакументаў. Інструменты, якія кіраўнік дзяржавы прадаставіў гэтымі ўказамі, даюць магчымасць мясцовым органам улады пры непасрэдным удзеле рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, банкаўскай сістэмы знаходзіць рашэнні, прычым не зацягваючы. І мы разлічваем, што ў найбліжэйшы час, на працягу некалькіх месяцаў, нам будзе зразумела, што рабіць з кожным канкрэтным прадпрыемствам у сельскагаспадарчай галіне, якое трапіла ў складаную фінансавую сітуацыю”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

“Мы вызначыліся, што літаральна да канца года па ўсіх ключавых пазіцыях, якія патрабуюць вырашэння, будзе выпрацавана дарожная карта: што з гэтымі прадпрыемствамі рабіць, як выводзіць са складанага фінансавага становішча. Ёсць розныя падыходы: дасудовыя працэдуры, паслясудовыя, антыкрызіснага кіравання, санацыі прадпрыемстваў — усе гэтыя наборы інструментаў прысутнічаюць, і мы вельмі ўважліва гэтыя пытанні прагледзелі”, — паведаміў па выніках нарады Андрэй Кабякоў.