Поспех прапарцыянальны працы

- 11:57Адукацыйная прастора

Для ўдзельнікаў прадметнай алімпіяды зімовыя канікулы — гэта не бесклапотны адпачынак, а дадатковы час для стараннай падрыхтоўкі. Калі ж яшчэ, як не на канікулах, можна засяродзіць увагу на адным прадмеце? Зразумела, гэта няпроста, але юныя алімпіяднікі, нягледзячы на свой невялікі ўзрост, ужо засвоілі важную ісціну: поспех прама прапарцыянальны таму, колькі ты працаваў над яго дасягненнем. Гэта чарговы раз пацвердзіў трэці этап прадметнай алімпіяды, які нядаўна завяршыўся ва ўсіх абласцях краіны.

На Міншчыне трэці этап прадметнай алімпіяды сабраў 865 разумнікаў і разумніц, якія добра праявілі сябе на папярэднім — раённым — этапе. Лепшыя знаўцы 17 прадметаў адправіліся ў Жодзіна, Маладзечна, Слуцк, Вілейку, Барысаў, Узду, Дзяржынск, Нясвіж і Чэрвень, дзе і ладзіліся інтэлектуальныя спаборніцтвы. Адметнасцю абласнога этапу гэтага года стала правядзенне ўпершыню алімпіяды па кітайскай мове.

Юныя біёлагі для ўдзелу ў трэцім этапе алімпіяды сабраліся ў сталіцы, у Мінскім абласным ІРА. Усяго 62 удзельнікі. 18 хлопцаў і дзяўчат выступалі за 9 клас. Дарэчы, сярод іх было трое васьмікласнікаў. Навучэнцаў 10 і 11 класаў, якія алімпіядныя заданні выконвалі разам, было 44. Сярод іх былі таксама ўдзельнікі і дыпламанты заключнага этапу алімпіяды мінулага года.

Трэці этап алімпіяды па біялогіі прадугледжваў тэарэтычны і практычны туры. Тэарэтычны праходзіў ва аўдыторыях МАІРА, а практычны — у лабараторыях БДПУ імя Максіма Танка. Дзевяцікласнікі пабывалі ў лабараторыях батанікі, заалогіі, анатоміі чалавека, дзе выконвалі адпаведныя заданні. Іх старэйшыя таварышы разгадвалі загадкі малекулярнай генетыкі, анатоміі і фізіялогіі раслін, біяхіміі і мікрабіялогіі ў адпаведных лабараторыях.

— Алімпіядныя заданні, як заўсёды, патрабавалі глыбокага ведання матэрыялу. Спецыфіка практычнай часткі заданняў гэтага года ў тым, што ў іх быў прадстаўлены шырокі спектр прафесійных сфер дзейнасці, дзе запатрабаваны біялагічныя веды, — гэта медыцына, харчовая прамысловасць, крыміналістыка, судовая экспертыза, — расказвае член журы прарэктар па вучэбнай рабоце МАІРА Інга Пятроўна Кандрацьева. — Цікавай была падача заданняў практычнага тура, якія паглыблялі ўдзельнікаў у кантэкст прафесійнага выбару і паказвалі, наколькі вялікія перспектывы могуць быць у тых, хто сваю прафесійную дзейнасць вырашыць звязаць з біялагічнай навукай.

27 навучэнцаў справіліся з заданнямі лепш за іншых і атрымалі дыпломы розных ступеней. Лідарамі ж і ўладальнікамі дыпломаў І ступені сталі Лізавета Буйко, навучэнка нарачскай сярэдняй школы № 2 Мядзельскага раёна, Кацярына Імпалітава, прадстаўніца гімназіі №1 Слуцка, Кацярына Пакладок, навучэнка гімназіі № 3 Маладзечна, Аліса Каўбасюк, якая вучыцца ў Гімназіі-каледжы мастацтваў Маладзечна, і Ягор Мішук, навучэнец Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя.

Традыцыйна моцна выступіла на алімпіядзе па біялогіі каманда Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Сярод прызёраў — адразу некалькі выхаванцаў Ларысы Міхайлаўны Кавалеўскай, якая не ўтойвае, у чым сакрэт поспеху яе вучняў.

— Праца — бесперапынная, пастаянная, карпатлівая. Праца педагога і навучэнца. Шанс мае толькі працаздольны вучань, бо біялогія прадугледжвае шмат завучвання, запамінання складаных тэрмінаў. Як педагог я вялікую ўвагу ўдзяляю базавым ведам, іх глыбокаму засваенню. А потым на аснове моцнай базы адбываецца паглыбленне ведаў — на кожнай новай ступені дадаваць нешта новае да таго, што ўжо ёсць у дзіцяці, — расказвае Ларыса Міхайлаўна. — Пры гэтым важнай з’яўляецца таксама здольнасць лагічна мысліць, бо біялагічныя задачы настолькі ж складаныя ў разважаннях, як і матэматычныя.

Перамога ў трэцім этапе — падзея для навучэнцаў не толькі радасная, але і хвалюючая, бо цяпер на іх ляжыць вялікая адказнасць прадставіць Міншчыну на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.