Поспех у сістэматычным выкарыстанні практыка-арыентаваных заданняў

- 15:05Віцебск

ЮР’ЕВА Марына Валянцінаўна,
настаўніца біялогіі гімназіі № 5 Віцебска.

Скончыла ВДУ імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Біялогія і хімія”, магістр педагагічных навук, педагагічны стаж — 17 гадоў. Педагагічнае крэда: “Калі дакладна ведаеш “навошта?”, можна пераадолець любое “як?”.

Намінацыя “Хімія, біялогія”

Актуальнасць рэалізацыі практыка-арыентаванага падыходу ў навучанні заключаецца ў тым, што ён дазваляе значна павысіць эфектыўнасць адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце “Біялогія”. Гэтаму спрыяе сістэма адбору зместу вучэбнага матэрыялу, якая дапамагае навучэнцам ацэнь­ваць значнасць, практычную запатрабаванасць ведаў і ўменняў, якія набываюцца, і, як вынік, спрыяе павышэнню матывацыі, пазнавальнай цікавасці навучэнцаў.

Неабходнасць прымянення практыка-арыентаванага падыходу ў навучанні пацвярджаецца і рэкамендацыямі, распрацаванымі Нацыянальным інстытутам адукацыі па выніках рэспубліканскага маніторынгу ўзроўню навучанасці навучэнцаў па вучэбным прадмеце “Біялогія”.

Уласны педагагічны вопыт Марыны Валянцінаўны па прымяненні практыка-арыентаваных заданняў (ПАЗ) дазволіў выявіць наступны парадокс. Здавалася б, нестандартнае ПАЗ, звязанае з канкрэтнай жыццёвай сітуацыяй, павінна выклікаць стабільную цікавасць у навучэнцаў. Але, як паказвае практыка, цікавасць да выканання гэтых заданняў хутка згасае і навучэнцы лічаць за лепшае выбіраць заданні з традыцыйнымі фармулёўкамі, якія не патрабуюць умення прымяняць веды на практыцы.

Прааналізаваўшы прычыны вышэйадзначанага парадоксу, настаўніца прыйшла да высновы, што яго наяўнасць абумоўлена наступнымі фактарамі:

адсутнасцю сістэмнага і сістэматычнага прымянення ПАЗ на вучэбных занятках і ўліку пры складанні і прымяненні ПАЗ:

адсутнасцю логікі пабудовы вучэбнага курса прадмета “Біялогія”;

адсутнасцю матываў вучэбнай дзейнасці і вядучай дзейнасці розных узроставых груп навучэнцаў;

адсутнасцю ў навучэнцаў ведаў і вопыту для арыентавання ў прапанаванай сітуацыі;

адсутнасцю дакладна акрэсленых крытэрыяў ацэньвання ПАЗ.

Для фарміравання кампанентаў актыўнай вучэбнай дзейнасці, на думку настаўніцы, неабходна сістэмнае, сістэматычнае прымяненне ПАЗ. Сістэмнае прымяненне прадугледжвае ўлік патрабаванняў нарматыўных дакументаў пры складанні інварыянтнага кампанента, тэмы вучэбных заняткаў і ўлік узроставых асаблівасцей навучэнцаў. Сістэматычнае прымяненне прадугледжвае, што змест варыятыўнага кампанента адпавядае этапу вучэбных заняткаў. Карэкціруючае прымяненне ажыццяўляецца праз распрацоўку дакладных крытэрыяў ацэньвання ПАЗ.

Асноўваючыся на асаблівасцях розных узроставых груп, Марына Валянцінаўна прапануе наступную параўнальную табліцу ўліку матываў вучэбнай дзейнасці і вядучай дзейнасці навучэнцаў пры складанні і прымяненні ПАЗ.

Элемент параўнання Сярэдні школьны
ўзрост
Старэйшы школьны ўзрост
Змест варыятыўнага кампанента ПАЗ Асноўваецца на рэальнай жыццёвай сітуацыі, у якой у навучэнцаў ёсць свой жыццёвы вопыт: догляд свойскіх гадаванцаў, паход у лес па грыбы і г.д. Мадэлюе сітуацыю з прафесійнай практыкі ўрача, эколага, селекцыянера і г.д.
Прыклад задання Каця і Маша вырашылі дапамагчы бабулі прапалоць градкі з цыбуляй. Маша палола пры дапамозе матыкі, выцягваючы пустазелле з каранямі, а Каця проста адрывала надземныя часткі раслін і справілася хутчэй за сяброўку. Каму з дзяўчат хутка зноў прыйдзецца па­лоць сваю градку? Растлумач­це чаму На прыём да ўрача прыйшла пацыентка, у якой па выніках аналізу крыві быў заніжаны адзін важны паказчык. Урач параіў ёй ужы­ваць у ежу яблыкі. Пра які паказчык ідзе гаворка і якое дачыненне да яго маюць яблыкі?
Эфектыўная форма арганізацыі дзейнасці Групавая работа, пры якой магчыма недастатковы асабісты вопыт кожнага ўдзельніка ўзбагачаецца за кошт вопыту ўсіх удзельнікаў групы Індывідуальная і парная работа з наступным аб’яднаннем у групу для абмеркавання вынікаў і прыняцця канчатковага рашэння

Як паказала практыка, неабходна распрацоўваць дакладныя крытэрыі ацэньвання ПАЗ, асноўваючыся на нормах ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў на ўроках біялогіі. Ведаючы крытэрыі, школьнікі не толькі матывуюцца на навучанне, але і могуць спрагназаваць вынік сваёй работы, што павышае іх аўтарытэт і стымулюе актыўную пазнавальную дзейнасць.

Рэалізацыя практыка-арыентаванага падыходу ў навучанні закладае асновы сацыяльнай і прафесійнай мабільнасці на аснове збалансаваных адносін асобы, грамадства і навакольнага асяроддзя.