“Як бы мяне ні называлі — ці то “залатым голасам” Беларусі, ці то “сярэбраным” або “брыльянтавым”, гэта вялікая адказнасць. І, калі людзі так кажуць, значыць па нейкіх крытэрыях яны зрабілі такія высновы. Я рады гэтаму, рады таму, што працую не дарма і што гэта ацэнена ўдзячнымі слухачамі, — адзначыў наш госць спявак Пётр Ялфімаў. — І тут проста неабходна трымаць марку, у любым месцы і пры любых абставінах. Таму для мяне гэта і своеасаблівы стымул, каб працаваць кожны дзень. Бо, калі цябе так назвалі, нават адзін раз, ты проста абавязаны быць такім і яшчэ лепшым…”
— Дзе вы атрымалі музычную адукацыю?
— З першага па восьмы клас я вучыўся ў сярэдняй школе № 33 з музычным ухілам Магілёва, у музычным “А”-класе. Спачатку іграў на блок-флейце. Праз некаторы час мне вельмі спадабалася труба і я папрасіўся ў свайго педагога па спецыяльнасці Івана Іванавіча Кудзянка дазволіць мне вучыцца іграць на трубе.
— У гэтай жа школе працавала і ваша маці Жанэта Генадзьеўна?
— Так, яна працавала там хормайстрам. І ці то на шчасце, ці то на жаль, але я ў яе не вучыўся — хормайстры ў мяне былі іншыя. Памятаю, што некалькі разоў мама вяла ў нашым класе заняткі па хоры. Пасля таго я зразумеў, як мне пашанцавала: на сваіх дзяцей заўсёды звяртаюць больш увагі, таму, безумоўна, мне і пападала больш. Яна класны харавік. І ў плане дысцыпліны была вельмі строгай.
— Якія яшчэ таленты праявіліся ў вас у дзяцінстве?
— Падчас вучобы ў школе я паралельна асвойваў азы выяўленчага мастацтва ў мастацкай школе. Нават марыў кінуць музыку і заняцца выяўленчым мастацтвам — хацеў стаць мультыплікатарам або дызайнерам.
— Шкадуеце, што мары не спраўдзіліся?
— Чаго шкадаваць?! Зараз я дызайнер у сваіх музычных творах. Гэта ж таксама творчасць і вельмі блізка да выяўленчага мастацтва.
Мае мары пра выяўленчае мастацтва не здзейсніліся часткова таму, што бацькі проста не захацелі адпускаць мяне ў Мінск, бо мой малодшы брат на той момант ужо там вучыўся. Так склаліся абставіны, але я аб гэтым не шкадую. Усё ідзе так, як яно павінна ісці.
— А зараз бераце ў рукі аловак ці пэндзаль?
— Зараз не малюю. Выкарыстоўваю свае навыкі (смяецца) ў прыкладным плане: калі, напрыклад, трэба зрабіць які-небудзь эскіз.
— У 9 класе вы змянілі месца вучобы?
— Так. Мама прапанавала мне займацца музыкай і далей, і за гэта я ёй вельмі ўдзячны. Я паступіў у Магілёўскі вучэбна-педагагічны комплекс “Гімназія-каледж музыкі і харэаграфіі” (так установа называецца цяпер, раней жа гэта быў проста Магілёўскі ліцэй музыкі і харэаграфіі) на харавое аддзяленне ў клас да… сваёй маці.
З ліцэем звязаны і першыя крокі на эстрадзе. Першым музычным калектывам, дзе я стаў спяваць, была эстрадная студыя “Дубль В”, якой кіравалі Васіль Сінькоў і Васіль Буйніцкі (нас там было чацвёра: я, Наташа Падольская, Іра Сапяжынская і Алена Шчарбінская).
— Што-небудзь змянілася з пераходам у ліцэй?
— Безумоўна. Ліцэйскае жыццё на той момант кардынальна адрознівалася ад школьнага. У нас было больш свабоды — не ў плане дысцыпліны, а ў плане зносін. Было адчуванне нейкага іншага свету. Напрыклад, у школе мы называлі адно аднаго па прозвішчах — Іваноў, Пятроў, Казлова, Сідараў, — а тут (ух ты!) да мяне яшчэ і па імені сталі звяртацца. Для мяне гэта было нязвыкла, але потым я зразумеў, што гэта правільна і так павінна быць.
У ліцэі сябравалі ўсе — ад 8 да 12 класа, жылі адной вялікай сям’ёй, дапамагалі адно аднаму, падтрымлівалі. І гэта было здорава! Я вельмі люблю той час, бо з ім звязана шмат станоўчых эмоцый.
— Тое, што вы любілі музыку, не выклікае ніякіх сумненняў. А як складваліся стасункі з агульнаадукацыйнымі прадметамі?
— Я надта не любіў усё, што звязана з дакладнымі навукамі. Аднак быў адзін прадмет, з якім у мяне склаліся асаблівыя адносіны.
Калі мы пачыналі вывучаць хімію, я, відаць, упусціў нешта сур’ёзнае, бо на ўроках мне было вельмі складана і сумна. А вось калі пачалася арганічная хімія, я — што б вы думалі?! — стаў яе разумець. Я кайфаваў, мне гэта падабалася. Я даў сабе ўстаноўку, што вывучу хімію і паспяхова здам яе.
У выніку атрымаў чацвёрку па пяцібальнай сістэме і быў вельмі шчаслівы. Менавіта тады я адчуў на сабе любоў педагога па хіміі. Я разумеў, што магу вывучыць гэты прадмет. Яго проста трэба вучыць, як, дарэчы, і ўсе іншыя прадметы.
Мне пастаянна рабілі заўвагі на ўроках чарчэння. Я тады вучыўся ў мастацкай школе і ўсё чарціў ад рукі, а не пад лінейку. Канечне, атрымлівалася роўна, але было прыкметна, што не па правілах. Мая настаўніца (так здарылася, што выкладчыца была тая ж самая, што і ў мастацкай школе) заўсёды казала: “Пеця, гэта ж чарчэнне!”
— А як было ў Пеці Ялфімава ў школе з паводзінамі?
— У школе рознае бывала. То там нашкодзілі, то там, але неяк усё праходзіла без сур’ёзных наступстваў, таму, відаць, асабліва і не запомнілася. Я нават ніколі не замазваў адзнакі і не вырываў старонкі. Вельмі не любіў, калі бацька прасіў паказаць дзённік. Я заўсёды імкнуўся прадугадаць той момант, калі, седзячы ля тэлевізара, ён папросіць дзённік “на агляд”, і ўцекчы спаць.
Аднойчы ў школе я пабіўся з аднакласнікам (ужо не памятаю з-за чаго) і мне паставілі адзінку па паводзінах. У той дзень я прыйшоў дадому і адразу сумленна прызнаўся, што ў мяне па паводзінах адзінка. Маё прызнанне было прынята, і наганяй я не атрымаў.
Памятаю, як раз і назаўсёды кінуў школьны хор у 5 класе. Прычынай стала тое, што быў зняважаны мой гонар. Узімку на адным з перапынкаў хлопцы адчынілі акно, якое было заклеена на зіму. Прыйшоў педагог, убачыў, што ўсё адарвана і сапсавана, і запытаўся, хто гэта зрабіў. Я як самы сумленны (раз удзельнічаў, то трэба і адказваць!) стаў прыбіраць. У гэты момант настаўнік паклікаў завуча, тыкнуў у мяне пальцам і сказаў, маўляў, вось гэты нягодны хлопец, які ўсё зрабіў. Вядома, я адказаў, што быў не адзін, а абвінавацілі мяне аднаго. Пакрыўджаны, прамовіў: “Больш я ў вас не спяваю!” — і гучна грукнуў дзвярамі.
— Што вас можа пакрыўдзіць?
— Несправядлівасць. Але я навучыўся спраўляцца з многімі рэчамі. Раней я запальваўся імгненна і гатовы быў сарвацца ў любую хвіліну. Цяпер я імкнуся трымаць сябе ў руках, а калі здараюцца такія выпадкі, то хутка адыходжу. Калі разумею, што атрымліваецца нешта дрэннае, стараюся адмежавацца ад гэтага. Але чалавечыя эмоцыі ўсё роўна застаюцца эмоцыямі. Часам бывае і крыўдна, і цяжка, і балюча.
— Што не любілі ў школе больш за ўсё?
— Вучыцца мне было сумна і ляніва. Значна цікавей было пайсці ў студыю, паспяваць, пастаяць на сцэне. Відаць, менавіта тады я зразумеў, што спевы стануць маёй прафесіяй.
У школе я больш за ўсё не любіў запаўняць дзённік і запісваць дамашнія заданні. А ў ліцэі ўжо была самадысцыпліна — пасталеў і разумеў, што адказваю за свае ўчынкі.
— Вы эстрадны спявак, які, адзін з нямногіх, мае класічную (кансерваторскую) адукацыю.
— Скончыўшы ліцэй, я паехаў у Мінск паступаць у кансерваторыю. Нягледзячы на тое, што тады я займаўся эстраднымі спевамі, я паступіў менавіта на акадэмічныя спевы, каб атрымаць трывалую базу. І сёння мне гэта вельмі дапамагае ў прафесіі.
— У жніўні на чэмпіянаце свету па выканальніцкім мастацтве вы атрымалі 5 залатых медалёў у розных, на першы погляд нават процілеглых, намінацыях, сярод якіх і оперны, і эстрадны вакал.
— Гэта абсалютна не перашкаджае адно аднаму. Галоўнае — атрымаць добрую базу. Аднак паўтаруся: я ўжо тады (а мая прафесійная скіраванасць “выкрышталізавалася” недзе да 10 класа) разумеў, што эстрадныя спевы стануць маёй прафесіяй.
— Бацькі неяк паўплывалі на ваш прафесійны выбар?
— Якраз-такі і не. Мама ніколі не ўмешвалася ў маю прафесійную кар’еру. Яна дала мне магчымасць рэалізавацца і, безумоўна, радавалася, калі я паведаміў, што абіраю музыку сваім далейшым лёсам. Мама ніколі не вучыла мяне спяваць, ніколі не займалася са мной вакалам. Яна была маім педагогам толькі як харавік-дырыжор: у яе я вучыўся чытаць партытуры, працаваць з хорам, дырыжыраваць.
— Пра каго з педагогаў па вакале вы можаце сказаць добрыя словы?
— Першым маім педагогам па вакале быў Васіль Сінькоў. У кансерваторыі спачатку Эдуард Іванавіч Пелагейчанка, а потым прафесар Анатоль Міхайлавіч Генералаў, які і даў мне добрую класічную аснову. У яго было шмат вучняў, з якіх шмат хто вёў даволі актыўную канцэртную дзейнасць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Канцэртна-камерны клас у мяне выкладаў прафесар Віктар Скарабагатаў. Гэтыя педагогі заклалі ў мяне трывалую базу, навучылі разумець, што такое музычны твор, як адчуць яго сутнасць. З Віктарам Скарабагатавым мы і сёння сустракаемся, я працягваю займацца з ім акадэмічнымі спевамі.
А ў плане рок-музыкі вучыць мяне не было каму, шмат чаго я не разумеў, да многага даходзіў сваёй галавой. Шмат слухаў рокавай класікі.
Калі займаўся акадэмічным вакалам, спрабаваў спяваць і на эстрадзе. Увесь час спрабаваў зразумець, як акадэмічныя веды можна прымяніць да эстрадных спеваў. Гэты працэс адбываўся марудна і складана. На жаль, побач са мной не было такога чалавека, які б мог нешта параіць. Маім студэнтам зараз значна прасцей, бо я маю ўласны вопыт, магу ім падзяліцца: я гэта неаднаразова “прапусціў” праз сябе, сам для сябе з’яўляючыся аб’ектам эксперымента. Мае вучні атрымліваюць правераную інфармацыю, якая будзе ім карыснай.
— У вас зараз актыўная педагагічная практыка. Як і калі ўзнікла ідэя заняцца педагагічнай работай?
— Гэта ўсё адкрылася для мяне само сабой. Я ніколі не думаў, што буду выкладаць. Яшчэ ў кансерваторыі казаў сабе: “Ратуй божа, каб я калі-небудзь выкладаў!” Проста ішоў час, я набіраўся вопыту — і канцэртнага, і студыйнага. А зараз? Зараз я вучу іх і вучуся сам, і вельмі люблю сваіх студэнтаў.
Калі ты прыходзіш да разумення, што нечага ўжо дасягнуў, лагічна вынікае жаданне падзяліцца “набыткамі”. У той жа час разумееш, што ты можаш
стаць для каго-небудзь дарадцам, якога сам не меў, дапамагчы хутчэй прайсці прафесійную школу, пазбегнуўшы непатрэбнай работы.
Менавіта ў такі момант прыходзіць думка, што ў цябе ёсць што перадаць наступнаму пакаленню. І хочацца не тое што зарабіць грошай, а падзяліцца сваімі ведамі.
Не кожны можа перадаць свае веды. І калі ты разумееш, што змог нешта патлумачыць, а цябе не толькі зразумелі, але і з задавальненнем выкарысталі гэтыя веды і атрымалі станоўчы вынік, то адчуваеш сапраўдную асалоду. Мне вельмі падабаецца выкладаць.
Мая асноўная педагагічная дзейнасць разгортваецца ў сценах Інстытута сучасных ведаў імя А.М.Шырокава, а з гэтага навучальнага года я яшчэ выкладаю і ва ўніверсітэце культуры.
— Не хвалюецеся, што праз некаторы час вашы вучні абыдуць вас у майстэрстве і складуць вам канкурэнцыю?
— Вучні павінны быць лепшымі за сваіх настаўнікаў. Да таго ж я ніколі ні ў кім не бачу канкурэнта, таму што кожны выканаўца — асоба. Калі б гэта былі спартыўныя спаборніцтвы, то, магчыма, можна было б вызначаць, хто наймацнейшы. А на эстрадзе ў кожнага сваё месца.
— У вас ёсць свая ніша сярод беларускіх выканаўцаў?
— Напэўна, так. У мяне ёсць свае слухачы, людзі, якім падабаецца мая творчасць. А калі хто-небудзь наважыцца яе заняць, калі ласка.
Кожны чалавек павінен разумець, што гады ідуць, мы не маладзеем. Да нас былі іншыя, і пасля нас таксама будуць іншыя. Павінна існаваць пераемнасць пакаленняў, і я не лічу, што спевакі павінны спаборнічаць паміж сабой. Колькі было раней і колькі ёсць сёння цудоўных выканаўцаў і педагогаў, якіх памятаюць і будуць памятаць яшчэ вельмі доўга. Узяць хаця б легенд беларускага музычнага мастацтва Уладзіміра Мулявіна, Віктара Вуячыча або Валерыя Дайнэку, якіх я лічу вакалістамі нумар адзін у нашай краіне. Хай прыходзяць новыя, але “старыя” застаюцца тымі, кім яны былі, — у іх ёсць сваё месца. А, каб запомнілі, трэба пакінуць пасля сябе нешта карыснае.
І я не здзіўлюся, калі гадоў праз пяць з’явіцца новы Пётр Ялфімаў. Падрастае новае пакаленне. Калі маладым даць правільны штуршок у развіцці, яны сапраўды здолеюць стаць лепшымі за сваіх педагогаў.
— Калі адбылося ваша першае выступленне?
— Маё першае выступленне прайшло на сцэне актавай залы “Магілёўхімвалакно” ў 6 год. Гэта быў канцэрт-справаздача нашай 33-й школы. Я спяваў песню з рэпертуару вядомага тады саліста Сяргея Парамонава. Там былі такія словы: “Ты скачи, коняшка, шашка наголо. / Ты не бойся, мама, никого!”
З гэтым выступленнем звязаны і мой першы сцэнічны кур’ёз. Пасля прыпеву павінен быў пачацца другі куплет, а мой канцэртмайстар, пераблытаўшы, адразу перайшоў на канцоўку (не ведаю, чаму так здарылася, бо падчас рэпетыцый усё ішло добра). Уявіце сабе: я стаю на сцэне і, амаль плачучы, кажу: “Там не та-а-ак! Там не та-а-ак!” Зала, безумоўна, рагатала… А мне было так крыўдна, што далей я, канечне, спяваць не стаў, а проста сышоў са сцэны.
— А калі заявілі пра сябе на прафесійнай сцэне?
— Мне было 14 гадоў, калі я прыйшоў спяваць у студыю “Дубль В”. І першае сур’ёзнае выступленне адбылося ў тэлевізійным праекце “Зорная ростань”, які тады, дарэчы, рабілі Таццяна Касмачова, Людміла Голдырава і Алег Елісеенкаў. Згаданы праект даў жыццё бадай 70% (а мо і больш) сённяшняй беларускай эстрады. Праект быў шыкоўны, ён з’явіўся задоўга да “Народнага артыста” і “Фабрыкі зорак”. І гэта было маё першае выступленне на прафесійнай сцэне. А далей пайшло-паехала: канцэрты, гастролі, штодзённыя заняткі ў студыі, што прынесла свой плён.
Тады не было такіх камп’ютарных сродкаў, з дапамогай якіх можна было што-небудзь “намаляваць”, і мы проста вучыліся працаваць. І размова была такая: ты або можаш спяваць, або не можаш. Сярэдзіны не было. І я вельмі рады таму, што жыў і вучыўся менавіта ў той час.
— Зорная хвароба не адольвала?
— Усе мае зоркі былі “выпалены” яшчэ на пачатковай стадыі, у 15 гадоў — працай і штодзённымі заняткамі. Ці можа быць гэтая зорная хвароба, калі ты ведаеш, якой крывёю даецца поспех!?
— Не сакрэт, што сёння многія дзеці не маюць магчымасці развіваць свае таленты і здольнасці. Вельмі часта “на публіку” выходзяць не больш таленавітыя, а больш падрыхтаваныя.
— Вось у гэтым плане вельмі карысным і быў праект “Зорная ростань”. У сілу таго, што не кожны мог прыехаць на конкурс, конкурс сам “ездзіў” па рэспубліцы і адбіраў таленты.
— Многія дзеці хочуць стаць спевакамі і музыкамі. Як вы ставіцеся да такіх памкненняў малых?
— Не дай бог! Нікому не раю гэтага рабіць.
— Ну а калі дзіця сапраўды мае талент?
— Калі дзіцяці даць магчымасць займацца вакалам ці музыкай для агульнага развіцця, то калі ласка. Для гэтага існуюць музычныя школы. Але такія заняткі павінны працягвацца да таго часу, пакуль дзіця само не пачне ўсведамляць, трэба яму займацца музыкай ці не.
Калі гэтым займацца як хобі — цудоўна, але для таго, каб зрабіць гэта прафесіяй, патрэбны час і здольнасць чалавека самастойна прыняць рашэнне. Што тычыцца мяне, то я свядома зрабіў выбар: я разумею, што раблю гэта добра, хачу, магу, умею гэта рабіць і буду вучыць рабіць гэта іншых.
Для агульнага развіцця музычная школа патрэбна кожнаму дзіцяці: гэта развівае і выхоўвае маленькую асобу, маральна і духоўна ўзбагачае чалавека з маленства.
Сапраўды, ёсць таленавітыя дзеці, у якіх няма магчымасці развівацца, а ёсць дзеці пасрэдныя, але з вялікімі магчымасцямі (праўда, часцей за ўсё гэта магчымасці бацькоў). Кожнае дзіця для сваіх бацькоў лепшае за іншых. Так было, ёсць і будзе заўсёды. Але бацькі павінны цвяроза глядзець на рэчы, бо не заўсёды іх жаданні і амбіцыі супадаюць з жаданнямі і творчымі і артыстычнымі магчымасцямі дзяцей.
У гэтым плане я вельмі ўдзячны педагогам, якія не ўзводзілі мае магчымасці ў ранг абсалюту. Я і сёння лічу, што і можна, і трэба рабіць лепш, і ўвесь час працую над сабой.
— Ці часта звяртаюцца да вас па дапамогу?
— Паступае многа тэлефанаванняў такога
кшталту: “Я спяваю і хацеў бы займацца ў Пятра Ялфімава”. І ў мяне адразу ўзнікае пытанне: “А вам для чаго? Для таго каб потым казаць, што вы вучыліся ў Ялфімава, ці каб сапраўды атрымаць веды і вучыцца спяваць?”
Я цаню і свой час, і сваё здароўе. І амаль адразу магу сказаць, ці буду займацца з гэтым чалавекам. Нават не мае значэння, будуць мне плаціць грошы ці не. Калі чалавеку гэта трэба для агульнага развіцця, то я нагадваю, што для гэтага існуе шмат іншых месцаў. А калі ёсць іншая матывацыя, то і ў мяне будзе адпаведны падыход.
— Хто найбольш паспрыяў вашаму поспеху?
— Найперш, безумоўна, бацькі, бо, як кажуць, гены пальцам не раздавіш. Генетычная схільнасць да музыкі адыграла сваю ролю. І, канечне, Таццяна Касмачова. Упершыню мы сустрэліся з ёй на праекце “Зорная ростань”. У пэўны час, праз многа гадоў пасля “Зорнай ростані”, яна надала мне сілы рухацца далей. Без яе намаганняў я, магчыма, так бы і застаўся таленавітым хлопчыкам з вялікімі магчымасцямі. Яна прымусіла мяне паверыць у тое, што я магу ўсё здзейсніць. “Песняры”, “Славянскі базар”… У 23 гады ў мяне было вельмі шмат сумненняў у сваіх сілах. Самае страшнае, калі ў гэтым узросце побач не акажацца чалавека, які можа падштурхнуць да дзейнасці і ўсяліць веру ва ўласныя сілы. У такі момант для мяне побач аказалася Таццяна. Зараз, выходзячы на сцэну, я адчуваю сябе ўпэўненым і разумею, што магу звярнуць горы.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.