Пра ферму, фабрыку і ўзорны хор

- 12:05Сацыяльны ракурс

Ролю працы ў выхаванні дзяцей цяжка пераацаніць. Праца — падмурак выхаваўчага працэсу, менавіта праз яе ажыццяўляюцца сацыяльныя сувязі чалавека з грамадствам і прыродай. Праз працоўную дзейнасць дзіця пазнае свет, вучыцца прымяняць тэарэтычныя веды на практыцы, развіваецца асобасна і фізічна. Асабліва важна зразумець каштоўнасць паняцця “праца” хлопчыкам і дзяўчынкам, якія ў свой час па розных прычынах пазбавіліся самых блізкіх людзей — бацькоў, прызваных несці дзецям гэтае веданне.
Як зрабіць так, каб выхаванцы дзіцячых дамоў і інтэрнатных устаноў былі падрыхтаваны да самастойнага жыцця гэтак жа, як дзеці, што выхоўваюцца ў сем’ях? Адказ на гэтае пытанне шукалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара па арганізацыі інавацыйнай дзейнасці “Выхаванне грамадзяніна, сем’яніна, працаўніка ва ўмовах практыка-арыентаванага адукацыйнага асяроддзя інтэрнатных устаноў для дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў”. Семінар сабраў гасцей амаль з усіх абласцей краіны — дырэктараў дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў для дзяцей-сірот з Гродна, Сянно, Магілёва, Радашковіч, Рэчыцы. Удзел у ім таксама прынялі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Што маем

Месцам правядзення мерапрыемства невыпадкова была абрана Ашмянская школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Гэтая ўстанова, якой кіруе выдатны педагог Уладзімір Аляксандравіч Бізюк, ужо не першы год працуе над стварэннем сістэмы паўнацэннай занятасці дзяцей у вольны ад вучобы час, абапіраючыся на ўсё тое, што спрыяе фарміраванню асобы дзіцяці, дапамагае ў выхаванні яго грамадзянскіх, патрыятычных пачуццяў, якасцей працаўніка і сем’яніна.

Па словах Уладзіміра Аляксандравіча, многія дзеці, паступаючы ў школу-інтэрнат, не ведаюць, што такое нармальны побыт у доме, не маюць уяўлення аб вядзенні хатняй гаспадаркі, аб асновах сям’і ўвогуле. Да таго ж у іх абсалютна не сфарміраваны навыкі самаабслугоўвання.

— Яны ніколі не выконвалі самую простую дамашнюю работу, — гаворыць У.А.Бізюк. — Слова “працаваць” у іх сем’ях выкарыстоўвалася толькі з негатыўным адценнем. І самае крыўднае, усялякая грамадска карысная дзейнасць для іх была непрымальнай.

 

На сёння ў Ашмянскай школе-інтэрнаце пражываюць 73 дзіцяці, усяго навучаецца 90 — разам з выхаванцамі СПЦ і створаных у горадзе дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. З тых 73 чалавек, што жывуць у інтэрнаце, 70% паступілі на працягу апошняга года. Такім чынам, за два гады кантынгент установы абнавіўся амаль на 90%.

— Палова дзяцей атрымала статус сіраты і была ўладкавана сюды ва ўзросце 12-17 гадоў, — працягвае Уладзімір Аляксандравіч. — Таксама палова дзяцей да атрымання адпаведнага статусу выхоўвалася толькі адной маці. Па-за шлюбам народжана кожнае трэцяе дзіця; 10% выхаванцаў — круглыя сіроты. У некаторых бацькі скончылі жыццё самагубствам прама на вачах дзяцей. Кожнае другое дзіця пакутуе ад псіхічных расстройстваў. З тых хлопчыкаў і дзяўчынак, што прыбылі ў гэтым навучальным годзе, 14 знаходзіліся на ўліку ў ІСН па месцы жыхарства.

Нельга не здагадацца, што адаптацыя такіх дзяцей адбываецца вельмі цяжка. Аднак педагогам Ашмянскай школы-інтэрната ўдаецца дабіцца значных поспехаў на шляху сацыялізацыі дзяцей. І ўдзельнікі семінара атрымалі выдатную магчымасць не толькі пачуць аб тым, як гэта дасягаецца, але і пабачыць на свае вочы.

Як выпраўляем

Уся работа педагагічнага калектыву школы-інтэрната накіравана на стварэнне сітуацыі поспеху для выхаванцаў. Дзякуючы тонкаму псіхалагічнаму ўздзеянню з боку педагогаў, дзеці пачынаюць разумець важнасць той ці іншай справы, да якой далучаюцца, і адчуваюць сваю патрэбнасць. Так, многае ў школе створана рукамі дзяцей: рамкі для карцін, драўляныя кашпо для вазонаў, карнізы на вокнах, нават адзенне яны шыюць і вяжуць самі, прычым якасць і выгляд яно мае выдатныя.

Тут, пэўна, трэба ўзгадаць, што Ашмянская школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, з’яўляецца рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай па апрабацыі практыка-арыентаванай мадэлі “Школа-фабрыка”. У асобным памяшканні на тэрыторыі ўстановы месцяцца дрэваапрацоўчы цэх, швейная і вязальная майстэрні, рэдакцыя школьнай газеты “Крыніца”, клас-цырульня. (У свой час абсталяваць школьную фабрыку дапамог дабрачынны італьянскі фонд “Дапаможам ім жыць”.) Пад кіраўніцтвам педагогаў выхаванцы вырабляюць ложкі, сталы, крэслы, вуллі, вяжуць і шыюць, мадэліруюць прычоскі і выпускаюць сваё выданне. Гатовая прадукцыя ідзе як на ўласныя патрэбы школы, так і на продаж.

— Мы вучым дзяцей працаваць у калектыве, стараемся ўсё рабіць разам з імі, паказваем уласны прыклад, — гаворыць У.А.Бізюк. — Арганізоўваючы разнапланавую дзейнасць, мы даём вучням выбар. Выхаванцы маюць прамое дачыненне да рамонту памяшканняў школы. А яшчэ мы вучым іх прадаваць прадукцыю. Насамрэч тых, хто ўмее добра прадаць, — адзінкі. Таму мы пастаянна ўдзельнічаем у асенніх кірмашах, выкладаем дзецям асновы прадпрымальніцтва. І станоўчыя вынікі ёсць: тыя з малых, хто яшчэ некалькі месяцаў назад быў абыякавы да ўсяго, сёння актыўнічаюць нароўні з іншымі. Мы нават “прымусілі” іх хвалявацца да прыезду гасцей. (Смяецца.)

Як сапраўдны дом, школа-інтэрнат мае свой двор. І кожны куток гэтай вялікай тэрыторыі так ці інакш звязаны з імёнамі канкрэтных дзяцей: адно стварыла клумбу, другое дапамагала абсталёўваць фантан, трэцяе прыдумала цікавую кампазіцыю з каменняў і кветак, чацвёртае зрабіла лаўку і г.д. Акрамя таго, дзеці і педагогі разам удзельнічаюць у школьным праекце “Малыя рэкі” па добраўпарадкаванні невялікай рачулкі, што працякае па тэрыторыі школы.

Тым выхаванцам, якія маюць схільнасць да сельскагаспадарчых работ, таксама даецца магчымасць праявіць сябе: яны даглядаюць вялікі школьны сад, працуюць у цяпліцах і на ферме. (Так, у школы-інтэрната ёсць свая ферма, пабудаваная за сродкі, заробленыя дзецьмі. — Заўв. аўт.) Дырэктар установы перакананы, што з тых дзяцей, якія працуюць на падсобнай гаспадарцы, як мінімум 10% стануць выдатнымі гаспадарамі. А гэта, пагадзіцеся, нядрэнны вынік!

Значная ўвага ўдзяляецца і супрацоўніцтву з арганізацыямі і прадпрыемствамі. (Менавіта супрацоўніцтву, а не спажывецтву, як падкрэсліў У.А.Бізюк.) Напрыклад, школа-інтэрнат бярэ ў СВК “Кракоўка” маладых бычкоў для гадавання, а ўзамен дае вырашчаную сваімі сіламі расаду. Значная колькасць дзяцей у летні перыяд працуе па дамоўленасці з цэнтрам занятасці, і нават на прадпрыемствах горада.

Выдатныя сувязі наладжаны таксама з Ротары-клубам: выхаванцы школы-інтэрната маюць магчымасць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах на бокс-карах (бокс-кары — маленькія інерцыйныя аўтамабілі. — Заўв. аўт.), ладзіць зносіны са студэнтамі БДУ і вядомымі людзьмі, якія праводзяць ва ўстанове цікавыя мерапрыемствы.

Яшчэ адзін момант, якому ў Ашмянскай школе-інтэрнаце ўдзяляецца першачарговая ўвага, — гэта стварэнне дамашняй абстаноўкі. Адзін з карпусоў інтэрната цалкам аддадзены дзецям для пражывання. Утульныя спальныя пакоі, гасціныя, кухні — усё, як у звычайных дамах. І пахне на кухні дамашняй, а не сталоўскай ежай. Праўда, гатуюць дзеці пад кіраўніцтвам дарослых, але паспытаць смак самастойнага жыцця яны таксама могуць. З гэтай мэтай у школе абсталявана кватэра, у якой па чарзе па некалькі чалавек пражываюць выхаванцы інтэрната.

Для дзяцей вельмі важна, што яны вучацца і жывуць у розных карпусах. Тэрыторыя інтэрната даволі вялікая, і для таго, каб трапіць у школу, малым даводзіцца пэўны час крочыць па двары, удыхаючы свежае паветра. Яны менавіта ідуць у школу, а не пераходзяць з аднаго паверха на другі, не знаходзяцца ў замкнёнай прасторы.

Лечым спевамі

Аднак самай яркай адметнасцю Ашмянскай школы-інтэрната з’яўляецца хор “Пралеска”, з дапамогай якога ўдаецца паспяхова вырашаць многія праблемы ў выхаванні дзяцей. 52 гады харавым калектывам установы кіруе настаўнік вышэйшай катэгорыі Вольга Пятроўна Емяльянава. Хор школы-інтэрната праславіўся яшчэ ў савецкія часы — станавіўся лаўрэатам многіх конкурсаў, аглядаў, фестываляў. З 1992 года ён носіць ганаровае званне “Узорны”, а ў 2008 стаў членам міжнароднага маладзёжнага харавога аб’яднання “Камертон”. У нашы дні рэгулярна выступае на сцэне Белдзяржфілармоніі. Рэпертуар “Пралескі” складаецца з твораў класічнай, народнай і папулярнай музыкі. У.А.Бізюк называе школьны хор дзяржавай у дзяржаве.

— Харавыя спевы — самы даступны і масавы від дзейнасці, праз які кожнае дзіця можа праявіць свае таленты, — заўважае Вольга Пятроўна. — Праз музыку ў дзяцей развіваюцца эмоцыі, пачуцці, мысленне, прывіваецца любоў да сваёй краіны. У рэшце рэшт, яны разумеюць, што прыносяць радасць іншым людзям, — чым не грамадска карысная справа?

Удзельнікі харавога калектыву, сапраўды, крыху адрозніваюцца ад іншых выхаванцаў інтэрната. Яны больш працавітыя, дысцыплінаваныя, а галоўнае — усе творчыя асобы. Акрамя таго, юныя артысты ўжо ведаюць, што спевы лечаць, — Вольга Пятроўна неяк прадэманстравала ім гэта на прыкладзе. (Адна з дзяўчат паскардзілася перад рэпетыцыяй на дрэннае самаадчуванне. Кіраўнік хору памерала ёй артэрыяльны ціск і заўважыла, што ён павышаны. Але ўсё роўна запрасіла дзяўчынку паўдзельнічаць у занятках. Пасля выканання некалькіх песень ціск зноў памералі. І што вы думаеце? Ён нармалізаваўся! Для дзяцей гэта стала сапраўдным адкрыццём.)

Вучымся кіраваць выхаваўчым асяроддзем

Удзельнікі семінара не толькі паслухалі выступленне хору “Пралеска”, яны прайшліся па вучэбных кабінетах, майстэрнях, жылых памяшканнях, завіталі ў музей гісторыі Ашмянскай школы-інтэрната і музей старых электра- і радыёпрыбораў (дзе вельмі здзівіліся, убачыўшы старыя радыёлы і сапраўдны грамафон) і проста пагутарылі з выхаванцамі названай установы. А потым адбылося гарачае абмеркаванне надзённых пытанняў, якія абавязкова трэба вырашаць дзіцячым дамам і школам-інтэрнатам. Акрамя таго, усім прысутным было прапанавана прыняць удзел у апрабацыі мадэлі выхаваўчага працэсу ў інтэрнатных установах для дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, “Грамадзянін. Сем’янін. Працаўнік” (прадставіў яе вядучы навуковы супрацоўнік НІА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Аляксандр Журба).

— Гэтая сустрэча вельмі важная, — сказала, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, начальнік аддзела ўпраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Галіна Іванаўна Рудзянкова. — Будучыня інтэрнатных устаноў вызначана, аднак закрыць іх цалкам у найбліжэйшыя гады адназначна не ўдасца. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што яны пабудаваны такімі вялікімі па плошчах і разлічаны на такую вялікую напаўняльнасць, што сёння паўстала пытанне: як, захоўваючы ўстанову, рацыянальна выкарыстоўваць яе магчымасці і атрымлі ваць станоўчы вынік ад работы? Як бы там ні было, але нават самыя лепшыя выхаванцы школ-інтэрнатаў па-ранейшаму ма юць значныя праблемы пры выхадзе ў самастойнае жыццё.

На думку Галіны Іванаўны, для дзіцячых дамоў і інтэрнатных устаноў павінна быць распрацавана асобная праграма выхаваўчай работы, у якой у значнай ступені будуць улічвацца ўмовы жыцця ў інтэрнаце.

— Інтэрнатныя ўстановы сёння — гэта і сям’я для дзяцей, і месца вучобы, і месца іх сацыялізацыі. Між тым цалкам адысці ад агульнай праграмы выхаваўчай работы інтэрнаты таксама не могуць, — заўважыла спецыяліст. — Апошнім часам трыво жыць тое, што ўвесь выхаваўчы працэс у нас будуецца на мерапрыемствах, хаця само па сабе мерапрыемства — гэта інструмент, і без выхаваўчай “настройкі” ён можа працаваць ухаластую. Выхаваўчую работу ў дзіцячых дамах і інтэрнатах трэба пачынаць з педагагічнай дыягностыкі дзяцей, а сёння ўсё ж такі перавага аддаецца псіхалагічнай. На прыкладзе Ашмянскай школы-інтэрната мы ўбачылі спрыяльнае выхаваўчае асяроддзе — такі своеасаблівы расол, трапіўшы ў які, кожнае дзіця ў той ці іншай ступені ўбярэ ў сябе яго частку. Аднак хочацца, каб гэты працэс быў больш структураваны, прадуманы, мэтанакіраваны і арганізаваны з пункта гледжання прафесіяналаў. Каб не спадзявацца цалкам на створанае выхаваўчае асяроддзе, а яшчэ і кіраваць ім у адпаведнасці з тымі вынікамі, якія мы плануем дзеля кожнага выхаванца.

А.Ф.Журба, выносячы на абмеркаванне ўдзельнікаў семінара новую мадэль выхавання ў інтэрнатных установах, у сваю чаргу адзначыў, што ні адна такая мадэль не можа быць цалкам перанесена ў той ці іншы інтэрнат ці дзіцячы дом, паколькі ўсе яны маюць розныя магчымасці. Таму і сваю работу педагогі ў межах эксперымента павінны бу дуць будаваць зыходзячы з магчымасцей установы.

— Аднак ёсць моманты, на якіх абавязкова неабходна акцэнтаваць увагу, — сказаў Аляксандр Фёдаравіч. — Мы павінны разумець, што нельга ўспрымаць выхаваўчы працэс толькі як падрыхтоўку дзяцей да дарослага жыцця. Яны, як і мы, жывуць сёння, і іх цяперашняе жыццё павінна быць паўнацэнным. Трэба арыентавацца на рэаліі, даваць выхаванцам тое, што актуальна сёння, вучыць іх прадпрымальнасці. Аптымальны варыянт — калі ў вольны час дзеці будуць заняты ў рамках сваіх інтарэсаў, як гэта робіцца ў Ашмянскай школе-інтэрнаце, і мець магчымасць выбару.

Удзельнікі семінара атрымалі інфармацыю аб умовах і парадку ўдзелу ў эксперыментальнай рабоце. Кола ўстаноў, якія афіцыйна заявяць аб намеры ўдзельнічаць у эксперыменце, вызначыцца ў красавіку.

Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.
Фота аўтара.


© Сайт арыгіналу Сацыяльны ракурс, 2012.
Тэгі: , , ,

Feed enhanced by Better Feed from Ozh