Пра карту прафесійнага поспеху расказала Алена Літвінава з Хальчанскай базавай школы

- 9:00Главная, Образование

Сваю педагагічную дзейнасць настаўніца гісторыі Хальчанскай базавай школы Веткаўскага раёна Алена Літвінава прадстаўляе ў выглядзе карты­-плана па дасягненні поспеху яе вучнямі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Прафесійны поспех спадарожнічае і самой Алене Аляксандраўне, якая двойчы станавілася лепшай па прафесіі ў Веткаўскім раёне, з’яўляецца ўладальніцай дыплома ІІ ступені другога этапу рэс­публіканскага конкурсу “Лепшы класны кіраўнік” і фіналісткай трэцяга (вочнага) этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2023”.

Карта-план работы педагога складаецца з чатырох сегментаў, першы з іх — гэта эфектыўная вучэбна-пазнавальная дзейнасць.

— Каб мае вучні не думалі, што гісторыя — гэта толькі даты, я вывела формулу поспеху: сучасныя тэхналогіі + творчасць + супрацоўніцтва, — адзначае Алена Аляк­сандраўна. — У выніку нашы сумесныя ўрокі гісторыі ператвараюцца ў загадкі, праекты, анлайн-выставы і прэзентацыі. Я выкарыстоўваю прыёмы візуалізацыі і тэхналогіі інтэрактыўнага навучання. Дзеці вучацца разважаць, супастаўляць, даследаваць. І ў выніку яны паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху і прадметных конкурсах.

Алена Аляксандраўна расказала пра найбольш цікавыя прыёмы работы ў класе. Так, пры вывучэнні тэмы “Штодзённае жыццё нашых продкаў” у 6 класе педагог выкарыстоўвае прыём “Загадкавая карцінка”. Яна загадзя рыхтуе набор малюнкаў: сялянскага дома, сельскагаспадарчых жывёл, прылад працы, прадметаў ткацтва і інш. Настаўніца прапаноўвае дзецям у парах або групах апісаць карцінку ці фота. Развіццю пазнавальнай дзейнасці спрыяе і прыём “Памяняемся месцамі”. Дзеці мяняюцца месцамі, адказваючы на пытанні ці выказваючы свае адносіны да пэўнай падзеі. Тыя, хто даў станоўчы адказ, павінны падняцца і сесці на любое свабоднае месца.

Пры выкарыстанні прыёму “Незавершаны сказ” вучні завяршаюць сказ любымі словамі. Напрыклад, па тэме “Рэфармацыя ў Германіі” ў 7 класе незавершаныя сказы могуць гучаць так: “Ерэтык — гэта…”, “Інквізіцыя — гэта…”, “Ян Гус. Хто ён?”. Прыём “Мазгавы штурм” дапамагае хутка ўключыцца ў сумесную дзейнасць. У пачатку ўрока па тэме “Узнікненне дзяржавы ў Кітаі” ў 5 класе настаўніца праводзіць мазгавы штурм у парах, задаючы пытанні: 1. Каму належала ўлада ў старажытных дзяржавах Усходу? 2. Як гэтая ўлада ўмацоўвалася? 3. Што спрыяла ўзнікненню дзяржаў у старажытнасці? Прыём “Асацыяцыі” пады­дзе для вывучэння тэмы “Расія ў пачатку ХVII стагоддзя. Смутны час” у 7 класе. Дзеці прыдумваюць асацыятыўныя і тэрміналагічныя рады, абмяркоўваюць іх і складаюць выніковыя рады.

Знаёмства з прыёмам “Ментальная карта” Алена Аляксандраўна пачынае ў 5 класе. Вакол асноўнай тэмы ці праблемы вылучаюцца пэўныя сэнсавыя адзінкі. Ментальная карта малюецца на дошцы (круг, авал, чатырохвугольнік): тэма — у цэнтры, сэнсавыя адзінкі (асобныя словы або словазлучэнні) — вакол тэмы. Пры складанні карты могуць з’явіцца няправільныя сэнсавыя адзінкі. Да іх можна вярнуцца пазней, калі вучні самі заўважаць памылку ці настаўніца зверне іх увагу на яе. Так, пры тлумачэнні тэмы “Старажытная Індыя” ў 5 класе педагог выкарыстоўвае гатовую ментальную карту, тлумачэнне ідзе разам з работай над тэкстам падручніка (чытанне і знаходжанне ў тэксце слоў, выкарыстаных у карце). Далей адбываецца сумесная работа вучняў над стварэннем ментальнай карты. Пры вывучэнні ў 5 класе тэмы “Культура старажытных егіпцян” Алена Аляксандраўна прапаноўвае незавершаную карту, дзе пазначана толькі кола пытанняў і намаляваны каркас з лініямі 1-га, 2-га, 3-га парадку, але адсутнічаюць подпісы на іх. Дзеці ўпісваюць патрэбную колькасць слоў, правільна размяшчаючы іх на каркасе, папярэдне выбраўшы з падручніка.

Педагог любіць прыём “Ведаю. Хачу ведаць. Умею”. Ён адлюстроўвае тры стадыі адукацыйнага працэсу: выклік, асэнсаванне, рэфлексію. Такая стратэгія падыдзе ў выпадку, калі лекцыя папярэднічае даследчай рабоце вучняў і падразумявае далейшую самастойную дзейнасць. Прыём “Лаві памылку” дазваляе засвоіць большую колькасць паняццяў, тэрмінаў, дат, імён гістарычных асоб, развівае памяць, вучыць чуць адно аднаго. Ён падыдзе для вывучэння тэмы “Ператварэнне Егіпта ў магутную дзяржаву” ў 5 класе. Па тэме “Культура” ў 6 класе нас­таўніца выкарыстоўвае прыём “Рэклама”: дае заданне стварыць рэкламу замка Вітаўта ў Гродне, а ў 7 класе па тэме “Расія ў эпоху Пятра Вялікага” — прарэкламаваць асобу Пятра I. Прыём “Перакрыжаваныя групы” эфектыўны для работы з тэкстам. Вучні дзеляцца на тры групы. Кожнай даецца свой тэкст і алгарытм заданняў: 1) азнаёміцца з інфармацыяй; 2) выпісаць ключавыя словы; 3) згарнуць інфармацыю ў тры сказы; 4) скласці два пытанні сваім аднакласнікам. Далей склад груп мяняецца, каб у кожнай былі ўдзельнікі з першапачатковых груп. Вучні абменьваюцца інфармацыяй і задаюць адзін аднаму пытанні. У выніку абмяркоўваюцца ўсе тры тэксты. На рэфлексіўна-ацэначным этапе дарэчы будзе прыём “Завяршы фразу” або “Сінквейн”.

Другі сегмент прафесійнай карты Алены Літвінавай — пазаўрочная работа.

— Лічу, што гісторыя — самая гераічная і самая паэтычная з усіх навук. Мы шукаем, даследуем, бяром інтэрв’ю, а затым ствараем інтэрактыўныя праекты. Так, мае вучні з дапамогай дадатку izi.TRAVEL (спампаваць і выбраць “Я проста гуляю”) распрацавалі віртуальную экскурсію “Зорачка на карце раёна” (https://izi.travel/en/browse/75f764aa-9144-4b7d-94e4-a224e09d7c6b), якая ахоплівае 42 аб’екты на тэрыторыі Веткаўскага раёна. Яна была адзначана дыпломам ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе “Не меркне летапіс Перамог”, — адзначыла Алена Аляксандраўна.

У рамках усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства” на той момант вучаніца 9 класа Вікторыя Данцова распрацавала пешаходную экскурсію па месцах баявой славы вёскі Хальч. Былі вызначаны 5 аб’ектаў для наведвання: помнік воінам-землякам, Сялецкі яр, помнік Пятру Іванавічу Заўялаву, брацкія магілы савецкіх воінаў № 2036 і № 2037. Даследаванне вучаніцы 9 класа Варвары Купцовай “Лейтэнант П.І.Заўялаў — герой Сожа” было прысвечана камандзіру другой асобнай армейскай роты 331-га стралковага палка Гомельскай стралковай дывізіі, які аддаў сваё жыццё дзеля вызвалення жыхароў вёскі Хальч. На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Гартаючы старонкі сямейнага альбома” работа была адзначана дыпломам ІІІ ступені. “Вайна ў лёсе маёй сям’і” — тэма даследавання Аляксандра Райкова, вучня 9 класа, у якім ён, выкарыстоўваючы фатаграфіі з сямейнага альбома, апісаў жыццёвы і ваенны шлях свайго прадзеда сяржанта Емяльяна Сцепанькова. На раённым этапе абласнога конкурсу “Гісторыя сям’і — гісторыя Перамогі” работа была адзначана дып­ломам I ступені. На абласным конкурсе “Юны архівіст” на той момант вучні 9 класа Данііл Шапавалаў і Дзяніс Пышны выступілі з тэмай “Наш край не абмінула вайна…”, якую прысвяцілі памяці ахвяр генацыду беларускага народа, нявінна забітых і зніклых без вестак падчас вайны, абаронцам вёскі Хальч. Юныя даследчыкі абапіраюцца на ўспаміны мясцовых жыхароў.

— Трэцім важным сегментам маёй карты з’яўляецца краязнаўчая дзейнасць, — працягвае нас­таўніца. — На працягу 10 гадоў я з’яўляюся кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Спадчына”. Разам з вучнямі мы распрацавалі краязнаўчы маршрут па гістарычных месцах вёскі Хальч пад паэтычнай назвай “Душы запаветны куток…”. У яго ўвайшлі аб’екты пешаходнай экскурсіі па месцах баявой славы вёскі, капліца, Лысая гара, Свята-Міхайлаўская царква, археалагічны помнік ранняга жалезнага веку, Гецаў яр, Шаманскі Заружак, пойма ракі Сож. А галоўным аб’ектам стала сядзіба Войніч-Сенажэцкіх (былы радавы палац Халецкіх). Узвя­дзенне самага буйнога ў Магілёўскай губерні палаца пачалося ў пачатку ХІХ стагоддзя на правым крутым беразе Сожа. Вядомы беларускі мастак Напа­леон Орда пакінуў нам у спадчыну цудоўны малюнак гэтага велічнага палаца. З работай “Белы дом на скале” вучань 7 класа Кiрыл Маркоўскi атрымаў узнагароду на рэспуб­ліканскім конкурсе “Гонар майго краю”.

У даследчай рабоце “Тапанімічныя асаб­лівасці мястэчка Хальч як сведкі лёсу народа” на той момант васьмікласніцы Паліна Шапавалава і Юлія Качанава разгледзелі назвы розных мясцін вёскі, прасачылі іх этымалогію. Вучаніцы даказалі, што любая геаграфічная назва сведчыць пра гісторыю і асаблівасці ландшафту мясцовасці, пра старажытнае рассяленне народаў. На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу навуковых края­знаўчых работ вучняў даследаванне атры­мала дыплом III ступені.

У Хальчанскай базавай школе ўжо стала добрай традыцыяй пачынаць летнія канікулы гістарычнай квест-гульнёй “Па дарогах продкаў”, у якой прымае ўдзел гомельскі мотаклуб “Жалезныя браты”.

— Чацвёрты сегмент маёй карты мае назву “Лепшы прыклад — асабісты прыклад”, — працягвае настаўніца. — Падарожжы, рэ­канструкцыя танцаў ХІХ стагоддзя, вырош­чванне рэдкіх гатункаў клубніц і малін, агульнафізічная падрыхтоўка (пешыя прагулкі, бег, ёга, кросфіт) — гэта кола маіх захапленняў. Танцамі ХІХ стагоддзя мне ўдалося зацікавіць і вучняў. Разам мы наведваем баль праваслаўнай моладзі, арганізоўваем школьнае мерапрыемства “Баль у пана Халецкага”. У 2022 годзе прадстаўлялі аб’яднанне па інтарэсах “Спадчына” ля панскага дома, на Дні горада Веткі, Дні музеяў і рэспубліканскім Дні славянскага пісьменства ў Добрушы.

Школа ўпрыгожвае маё жыццё яркімі фарбамі, дае магчымасць здзіўляць і здзіўляцца!

Надзея ЦЕРАХАВА