Пра што расказваюць пейзажы

- 12:07Якасць адукацыі

Існуе даволі папулярны выраз: “У справе выхавання няма дробязей”. Хочацца перафразаваць гэтае выказванне з пункту гледжання настаўніка-славесніка, які імкнецца прывіць сваім вучням любоў да чытання, уменне знаходзіць ідэю твора, бачыць пазіцыю аўтара, адлюстраванне эпохі і ў той жа час звернутасць твора да нашых дзён, гэта значыць, яго актуальнасць. І тады, на мой погляд, гэтае выказванне будзе гучаць так: “У справе выхавання чытача няма дробязей”.

Як жа выхаваць чытача, сфарміраваць чытацкую пісьменнасць школьніка ў век гаджэтаў, ІТ і, як сцвярджаюць псіхолагі, “кліпавага мыслення” дзяцей? На мой погляд, ключ да гэтага ляжыць у самім мастацкім тэксце. Трэба павярнуць тэкст твора да школьніка такім бокам, каб дзіця ўбачыла ў ім не шэрую руціну, а яркія фарбы, нечаканыя дэталі, успрыняло яго эмацыянальна. А тое, што ўспрымаецца на эмацыянальным узроўні, выклікае цікавасць і добра запамінаецца.

Такім чынам, дэталі. Менавіта дэталі мастацкага тэксту дазваляюць зацікавіць чытача, закрануць не толькі рацыянальную, але і эмацыянальную сферу, фарміраваць чытацкую пісьменнасць.

Адна з найважнейшых дэталей мастацкага тэксту — гэта апісанні прыроды, якія навучэнцы нярэдка лічаць другараднай інфармацыяй і часта ўвогуле прапускаюць пры чытанні. Як дапамагчы дзіцяці ўбачыць у апісанні прыроды паўнацэнную і значную частку тэксту?

Чытанне апісання прыроды апярэджваю наступным заданнем: “Калі б вы былі мастакамі, то змаглі б вы намаляваць пейзаж, прачытаўшы гэты фрагмент тэксту? Якія фарбы вы б выкарысталі? Чаму?”.

Напрыклад, такое заданне прапаную навучэнцам пры вывучэнні аповесці М.Горкага “Дзяцінства”. Школьнікі чытаюць фрагмент апісання прыроды ў час падарожжа Алёшы разам з бабуляй і маці на параходзе ў Ніжні Ноўгарад: “…с утра до вечера я с бабушкой на палубе, под ясным небом, между позолоченных осенью шелками шитых берегов Волги… Незаметно плывет над Волгой солнце; каждый час всё вокруг ново, всё меняется; зеленые горы — как пышные складки на богатой одежде земли; по берегам стоят города и села, точно пряничные издали; золотой осенний лист плывет по воде”. Дзеці з задавальненнем малююць слоўную карціну, тлумачаць, чаму яны выкарыстоўваюць яркія і светлыя фарбы; потым знаходзяць метафары, эпітэты, параўнанні ў тэксце. Нарэшце, пасля падрабязнага аналізу апісання прыроды яны адказваюць на наступныя пытанні: “Чаму Алёша любуецца маляўнічымі пейзажамі разам з бабуляй, а не з мамай? Навошта аўтар дае падрабязнае апісанне той прыгажосці, якую бачыў Алёша?” Пасля адказу на гэтыя пытанні навучэнцам становіцца зразумелы сэнс іншага фрагмента тэксту, у якім заключаны ключ да разгадкі асноўнай думкі аўтабіяграфічнага твора, а магчыма, і асобы самога аўтара: “До нее <бабушки> как будто спал я, спрятанный в темноте, но явилась она, разбудила, вывела на свет … это ее бескорыстная любовь к миру обогатила меня, насытив крепкой силой для трудной жизни”. І далей гаворка ідзе ўжо пра маральныя каштоўнасці: пра адкрыццё і спасціжэнне свету, пра адносіны да яго; пра важнасць таго, каб побач з дзіцем быў чалавек, які любіць; пра тое, што ў дзяцінстве закладваецца аснова ўсяго, што чалавек пранясе праз усё жыццё. Так мы разам з вучнямі будуем ланцужок: “апісанне прыроды — сродкі мастацкай выразнасці — асноўная думка — маральныя і духоўныя каштоўнасці — актуальнасць у нашы дні”.

Яшчэ адзін спосаб прыцягнення ўвагі дзяцей да апісання прыроды заключаецца ў наступным: чытанне тэксту апярэджваю даволі нечаканым пытаннем “Ці прыходзілася вам глядзець вострасюжэтныя кінафільмы, у якіх сітуацыя становіцца ўсё больш напружанай?”. Безумоўна, у сучасных школьнікаў ёсць такі вопыт кінагледачоў, але ў дзяцей узнікае здзіўленне: “Якое дачыненне вострасюжэтныя фільмы маюць да ўрока літаратуры?” На пытанне “Што дазваляе стварыць усё большае напружанне ў кінафільме?” школьнікі адказваюць, што атмасфера трывогі ствараецца пры дапамозе музыкі, колеру, хуткай і нечаканай змены кадраў і дзеянняў. “Ці можна стварыць такое напружанне ў мастацкім тэксце?” — на гэтае пытанне, як правіла, дзеці адказваюць адмоўна. Застаецца праверыць, ці магчыма стварэнне такой трывожнай дынамікі, звярнуўшыся да тэксту. Такім чынам, інтрыга ёсць, і цяпер вучні становяцца ўважлівымі чытачамі.

Выкарыстоўваю гэты прыём пры азнаямленні з апавяданнем “Бежын луг” з “Запісак паляўнічага” І.С.Тургенева. Паляўнічы, настраляўшы дзічыны, збіраецца з сабакам па мянушцы Дзіянка вярнуцца дадому. Настрой у паляўнічага цудоўны, і апісанне прыроды не прадвяшчае нічога дрэннага: “С самого раннего утра небо ясно; утренняя заря не пылает пожаром: она разливается кротким румянцем… Верхний, тонкий край растянутого облачка засверкает змейками; блеск их подобен блеску кованого серебра… Но вот опять хлынули играющие лучи — и весело и величаво, словно взлетая, поднимается могучее светило”. Школьнікі без цяжкасці знаходзяць сродкі выразнасці: яркія эпітэты, метафары, параўнанні. Калі паляўнічы разумее, што ён зублудзіў, мяняецца апісанне прыроды: “Меня тотчас охватила неприятная, неподвижная сырость, точно я вошел в погреб; густая высокая трава на дне долины, вся мокрая, белела ровной скатертью; ходить по ней было как-то жутко”. Пасля далейшых няўдалых спроб паляўнічага знайсці дарогу дадому прырода становіцца страшнай, палохаючай і варожай: “Лощина эта имела вид почти правильного котла с пологими боками; на дне ее торчало стоймя несколько больших, белых камней. Казалось, они сползлись туда для тайного совещания, и до того в ней было немо и глухо, так плоско, так уныло висело над нею небо, что сердце у меня сжалось”. І кульмінацыяй пошуку паляўнічым дарогі дадому становіцца тое, што ён ледзь не загінуў, ледзь не сарваўшыся ў цемры з абрыву ўніз: “Около получаса шел я так, с трудом переставляя ноги… Я все шел и уже собирался было прилечь где-нибудь до утра, как вдруг очутился над страшной бездной”. Школьнікі аналізуюць тэкст і адзначаюць, як нагнятаецца атмасфера небяспекі, напружанасці: ясны сонечны дзень — сырасць і мокрая белая трава — быццам жывыя белыя камяні, нейкі невядомы звярок, які слаба піснуў, апраметная цемра з кустамі, якія быццам устаюць з зямлі, і ўзнятая над страшнай безданню нага паляўнічага. Вучні робяць выснову, што аўтар па-майстэрску паказвае дынаміку, нарастанне напружання і пагрозы і прыводзіць нас да кульмінацыі, калі герой мог загінуць. І ўсё гэта І.С.Тургенеў здзяйсняе пры дапамозе мастацкага слова. Такі аналіз дазваляе навучэнцам усвядоміць сілу слова і ролю дэталей, у прыватнасці пейзажу, у стварэнні мастацкага вобраза.

Нярэдка аналіз апісання прыроды дазваляе больш глыбока зразумець і адчуць стан героя твора. Так, у аповесці “Дуброўскі” А.С.Пушкін не піша, як цяжка было на душы ва Уладзіміра Дуброўскага, калі ён пахаваў свайго бацьку, які пайшоў з жыцця пасля цяжбы з былым сябрам Траекуравым. Але апісанне прыроды, калі Уладзімір адасабляецца ад усіх і ідзе ў Кісцянёўскі гай, вельмі добра перадае яго душэўны стан: “Он шел, не разбирая дороги; сучья поминутно задевали и царапали его, нога его поминутно вязла в болоте. Он ничего не замечал. Наконец достигнул он маленькой лощины, со всех сторон окруженной лесом; ручеек извивался молча около деревьев, полуобнаженных осенью… Навучэнцы пасля прачытання гэтага фрагмента тэксту вызначаюць, якія пачуцці былі ў душы маладога Дуброўскага.

Такім чынам, аналіз апісанняў прыроды і вызначэнне іх ролі і значэння ў мастацкім творы ў значнай ступені спрыяе фарміраванню чытацкай пісьменнасці школьнікаў, выхаванню культуры пачуццяў і прысваенню навучэнцамі мадэлі маральных і духоўных паводзін.

Наталля ЧАРКЕС,
настаўнік-метадыст, настаўніца рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Скідзеля Гродзенскага раёна.