Праект «Працавіты Я» дазволіць падлеткам вызначыцца з будучай прафесіяй, загадзя прымераўшы яе на сябе

- 10:12Образование, Приложение, Шестой день

Калі ён стартуе і што прапануюць школьнікам, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведаўся ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” Мінска.

Праект стартуе ў верасні наступнага навучальнага года, але ў “Вікторыі” ўжо актыўна рыхтуюцца да яго. Як жа ён будзе рэалізоўвацца? Па суботах навучэнцы будуць знаёміцца з пэўнай спецыяльнасцю (пакуль аўтары праекта запланавалі дзевяць), а для гэтага будуць наведваць цыкл заняткаў (іх будзе чатыры), прысвечаных асобна кожнай спецыяльнасці.

Наталля Самурганава, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце і суаўтар праекта, расказвае:

— Першымі заняткамі цыкла будзе пагружэнне ў прафесію. На сустрэчу бу­дуць запрошаны прадстаўнікі прадпрыемс­тваў — партнёраў нашага Партызанскага раёна, якія з першых вуснаў раскажуць школьнікам пра пэўную спецыяльнасць. Разам з імі мы зможам прааналізаваць і рынак вакансій. У другія па ліку заняткі будзе ўключаны блок па падрыхтоўцы падлеткаў да эфектыўнага працаўладкавання. У прыватнасці, яны даведаюцца пра нюансы складання рэзюмэ, праходжання субяседавання, напісання суправаджальных пісьмаў, будуць разглядаць нормы найму і формы аплаты працы ў нашай краіне і г.д. Прычым гэтаму іх будзе вучыць не проста інспектар па кадрах, а эксперт у гэтым кірунку — эйчар сучаснай кампаніі, які дасканала валодае такімі навыкамі. На трэціх занятках мы пойдзем на прад­прыемствы, у вучэбныя лабараторыі і майстэрні, будзем пагружацца ў канкрэтную спе­цыяльнасць з улікам тэхнікі бяспекі, допускаў па ўзросце і г.д. На чацвёртай сустрэчы мы прааналізуем усё ўбачанае і пачутае, кожнае дзіця складзе ўласны рэйтынг прафесій.

Якія гэта будуць прафесіі? Аўтары праекта падабралі тыя, якія можна асвоіць у іх раёне.

— Арыентаваліся мы і на магчы­масць асваення гэтых спецыяльнасцей удзельнікамі нашага праекта сумесна з нашымі партнёрамі, — тлумачыць Наталля Ула­дзіміраўна. — Напрыклад, ра­зам з супрацоўнікамі РАНС мы азнаёмімся з прафесіяй пажарнага-ратавальніка, а з прадстаўнікамі аддзела ДАІ — з прафесіяй інспектара ДПС. У супрацоўніцтве з кавярняй удзельнікі праекта даведаюцца пра прафесію барыс­та, з цырульняй, што знаходзіцца ў нашым двары, — пра прафесію цырульніка-ўніверсала. Разам з педагогамі каледжа дрэваапрацоўкі мы асвоім спецыяльнасці “Разьбяр па дрэве і бяросце” і “Сталяр”, а з супрацоўнікамі маторнага завода — прафесію токара. Канечне, выкарыстаем і рэсурс уласнай установы. У сваім цэнтры мы прапануем дзецям паглыбіцца ў такія прафесіі, як педагог дадатковай адукацыі, харэограф, вакаліст, метадыст, мастак-афарміцель.

Па завяршэнні праграмы, у ліпені, для тых, хто прайшоў усе дзевяць цыклаў па прафесіях, бонусам стануць выязныя заняткі. На іх можна будзе даведацца пра ўнікальныя для Беларусі прафесіі. Напрыклад, азнаёміцца са справай шкловыдзімальшчыка яны паедуць на шклозавод “Нёман”, дзе на свае вочы ўбачаць, як выконваецца такога роду ручная работа.

Узрост удзельнікаў праекта — ад 12 да 18 гадоў. Па меркаванні аўтараў, нават для самых малодшых з іх зусім не рана задумвацца пра прафесію.

— Мы арыентуемся на тое, каб дзеці як мага раней вызначыліся з прафесіяй, каб яны больш адказна падыходзілі да яе выбару, а не кіраваліся модай, прэстыжам ці сярэднім даходам у гэтай сферы, — тлумачыць Н.У.Самурганава. — З 14 гадоў яны змогуць паспрабаваць свае сілы ў пэўнай прафесіі і падчас другаснай занятасці. Але падлеткі не гатовы да пошуку вакансій, не разумеюць, як ім працаўладкавацца, што для гэтага трэба. З такімі пытаннямі яны звычайна звяртаюцца да бацькоў. А навошта тады рэсурс шостага школьнага дня? Мы, педагогі, самі можам даступна расказаць ім пра гэтыя рэчы. Прычым мы свядома адыходзім ад прафарыентацыйных майстар-класаў, дзе з дапамогай дарослых у дзяцей ствараецца ілюзія, быццам любая прафесія лёгкая, зразумелая. Наадварот, мы арыентуемся на працяглы праект, на ўсвядомлены выбар прафесіі з улікам усіх яе нюансаў.

На першых занятках дзеці атрымаюць дзённікі ўдзельнікаў, дзе яны будуць аналізаваць усе прафесіі, з якімі азнаёмяцца на працягу праекта, выконваць дамашнія заданні. Напрыклад, адным з заданняў будзе стварыць эскіз прафесіі ў любой творчай форме — намаляваць яе, скласці пра яе верш, напісаць эсэ і інш.

Святлана НІКІФАРАВА