Праектаванне метапрадметных вучэбных заняткаў па матэматыцы

- 11:13Якасць адукацыі

Школа прызначана ўзброіць навучэнцаў не толькі (і не столькі) нейкай сумай ведаў, але і навучыць яго самому здабываць інфармацыю з розных крыніц, перапрацоўваць яе і прымяняць атрыманыя веды ў практычнай дзейнасці. Менавіта фарміраванне ўніверсальных вучэбных дзеянняў (УВД) прызначана вырашыць гэтую задачу. УВД — гэта сукупнасць спосабаў дзеяння навучэнца, а таксама звязаных з імі навыкаў вучэбнай работы, якія забяспечваюць самастойнае засваенне новых ведаў, фарміраванне ўменняў, уключаючы арганізацыю гэтага працэсу. Яны цесна звязаны з дасягненнем метапрадметных вынікаў — такіх спосабаў дзеяння, калі навучэнцы могуць прымаць рашэнні не толькі ў рамках зададзенага вучэбнага працэсу, але і ў розных жыццёвых сітуацыях.

Як жа спраектаваць метапрадметныя вучэбныя заняткі? Перш за ўсё трэба валодаць наступнымі паняццямі: “метапрадметны падыход”, “метапрадметныя вынікі”, “метапрадметная дзейнасць”.

Метапрадметны падыход — арганізацыйная дзейнасць навучэнцаў з мэтай перадачы ім спосабаў работы з ведамі. Гэты падыход прадугледжвае прамысліванне (а не запамінанне!) найважнейшых паняццяў вучэбнага прадмета, наяўнасць адукацыйнай дзейнасці, фарміраванне і развіццё ў навучэнцаў прадметных базавых здольнасцей, выкарыстанне спосабу пераадкрывання ведаў на розным вучэбным матэрыяле (гэта значыць, паўтарэнне навуковага адкрыцця ў вучэбным працэсе), наяўнасць рэфлексіўнай дзейнасці.

Метапрадметныя вынікі — асвоеныя навучэнцамі на базе некалькіх або ўсіх вучэбных прадметаў абагульненыя спосабы дзейнасці (напрыклад, параўнанне, схематызацыя, вывад, назіранне, фармуляванне пытання, выказванне гіпотэзы, мадэляванне і г.д.), якія прымяняюцца як у рамках адукацыйнага працэсу, так і ў рэальных жыццёвых сітуацыях.

Метапрадметная дзейнасць — дзейнасць за межамі вучэбнага прадмета. Яна накіравана на навучанне абагульненым спосабам работы з любым прадметным паняццем, схемай, мадэллю і г.д. і звязана з жыццёвымі сітуацыямі.

Праектаванне вучэбных заняткаў пачынаецца з разумення таго, што настаўнік на вучэбных занятках — перш за ўсё арганізатар адукацыйнага працэсу. Яму адводзіцца роля канструктара, які стварае новыя педагагічныя сітуацыі, новыя заданні, якія прадугледжваюць выкарыстанне абагульненых спосабаў дзейнасці, забяспечвае агульнакультурнае і асобаснае развіццё, узбройвае вучня ўменнем вучыцца.

Паводле У.Сіманава, дыдактычная сістэма педагога складаецца з наступных кампанентаў: 1) мэта; 2) змест навучання; 3) навучэнцы; 4) настаўнік; 5) формы, метады і сродкі навучання, 6) вынік. На мой погляд, з гэтых жа кампанентаў складаецца і дыдактычная сі­стэма “ўрок”. Дасягненне мэты залежыць ад таго, якім чынам яна была зададзена. Фармулёўка мэт павінна праводзіцца ў форме, якая дапускае праверку ўзроўню іх дасягнення.

Алгарытм працэсу мэтапастаноўкі павінен выглядаць наступным чынам:

˜ фармуляванне мэт навучання вучэбнаму прадмету “Матэматыка” на аснове патрабаванняў адукацыйнага стандарту і праграмы па прадмеце;

˜ канкрэтызацыя мэт навучання з улікам асаблівасцей класа, кожнага вучня і яго асобаснага сэнсу ў навучанні, канкрэтных умоў, сродкаў і спосабаў дасягнення;

˜ вызначэнне мэт навучання па раздзелах, тэмах;

˜ планаванне мэт канкрэтных заняткаў, раскладанне іх на мікрамэты (задачы кожнага этапу вучэбных заняткаў).

Для фармулявання мэты прадметных вучэбных заняткаў характэрна наступнае: 1) вызначэнне мэты дзейнасці настаўніка; 2) вынікі, якія чакаюцца або плануюцца: прадметныя ўменні і ўніверсальныя вучэбныя дзеянні. Спланаваўшы мэту вучэбных заняткаў, настаўнік выбірае змест вучэбнага матэрыялу, метады актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, формы арганізацыі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў і сродкі навучання для дасягнення выніку, які плануецца.

Сярод асноўных відаў УВД вылучаюць чатыры блокі (паводле А.Р.Асмолава):

  1. асобасны;
  2. рэгулятыўны;
  3. агульнапазнавальны;
  4. камунікатыўны.

Урок матэматыкі (павышаны ўзровень вывучэння матэматыкі) у 10 класе. Тэма: “Цотныя і няцотныя функцыі”

На вывучэнне тэмы адводзіцца 2 га­дзіны. 1 урок па тэме.

Мэта дзейнасці настаўніка:

˜ стварэнне ўмоў для ўсвядомленага засваення тэарэтычнага матэрыялу па тэме вучэбных заняткаў;

˜ садзейнічанне развіццю культуры вуснага і пісьмовага маўлення навучэнцаў, аператыўнай памяці, адвольнай увагі, наглядна-дзейнаснага мыслення;

˜ выхаванне культуры паводзін пры франтальнай, групавой і індывідуальнай рабоце.

Фарміраваць УВД:

асобасныя: здольнасць да самаацэнкі на аснове крытэрыю паспяховасці вучэбнай дзейнасці;

рэгулятыўныя: спрыяць уменню вызначаць і фармуляваць мэту на вучэбных занятках; прагаворваць паслядоўнасць дзеянняў на ўроку; працаваць па калектыўна складзеным плане; ацэньваць правільнасць выканання дзеяння на ўзроўні адэкватнай рэтраспектыўнай ацэнкі; планаваць сваё дзеянне ў адпаведнасці з пастаўленай задачай; уносіць неабходныя карэктывы ў дзеянне пасля яго заканчэння на аснове яго ацэнкі і ўліку характару зробленых памылак; выказваць сваю здагадку;

камунікатыўныя: спрыяць уменню афармляць свае думкі ў вуснай і пісьмовай формах; слухаць і разумець маўленне іншых; сумесна дамаўляцца аб правілах паводзін і зносін і выконваць іх;

пазнавальныя: спрыяць уменню арыентавацца ў сваёй сістэме ведаў (адрозні­ваць новае ад ужо вядомага); здабываць новыя веды (знаходзіць адказы на пытанні, выкарыстоўваючы падручнік, свой жыццёвы вопыт і інфармацыю, атрыманую на ўроку).

Адукацыйныя вынікі, якія плануюцца

Прадметныя

Да заканчэння вывучэння тэмы навучэнцы:

будуць правільна ўжываць тэрміны і выкарыстоўваць наступныя паняцці: “сіметрычнасць вобласці вызначэння адносна пачатку каардынат”, “цотная функцыя”, “няцотная функцыя”, “функцыя не з’яўляецца ні цотнай, ні няцотнай”;

будуць ведаць азначэнні сіметрычнасці вобласці вызначэння функцыі, цотнай і няцотнай функцыі; ні цотнай, ні няцотнай функцыі;

будуць умець вызначаць цотнасць або няцотнасць функцыі па яе аналітычным заданні, а таксама па графіку.

Метапрадметныя:

асобасныя: ажыццяўляюць самаацэнку на аснове крытэрыю паспяховасці вучэбнай дзейнасці.

Рэгулятыўныя:

˜ вызначаюць і фармулююць мэту вучэбных заняткаў;

˜ прагаворваюць паслядоўнасць дзеянняў на ўроку; працуюць па калектыўна складзеным плане;

˜ ацэньваюць правільнасць выканання дзеяння на ўзроўні адэкватнай рэтраспектыўнай ацэнкі;

˜ плануюць сваё дзеянне ў адпаведнасці з пастаўленай задачай;

˜ уносяць неабходныя карэктывы ў дзеянне пасля яго заканчэння на аснове яго ацэнкі і ўліку характару зробленых памылак.

Камунікатыўныя:

˜ умеюць афармляць свае думкі ў вуснай форме;

˜ слухаюць і разумеюць маўленне іншых;

˜ сумесна дамаўляюцца аб правілах паводзін і зносін і выконваюць іх.

Пазнавальныя:

˜ умеюць арыентавацца ў сваёй сістэме ведаў (адрозніваць новае ад ужо вядомага);

˜ здабываюць новыя веды (знахо­дзяць адказы на пытанні, выкарыстоўваючы падручнік, свой жыццёвы вопыт і інфармацыю, атрыманую на ўроку);

˜ умеюць браць з матэматычных тэкстаў неабходную інфармацыю.

Для актывізацыі разумовай дейнасці навучэнцаў, развіцця пазнавальнай цікавасці да прадмета, на мой погляд, асаблівая роля адводзіцца пастаноўцы ключавога пытання да тэмы вучэбных заняткаў. Ключавое пытанне можна фармуляваць як на вучэбныя заняткі, так і на серыю вучэбных заняткаў. Яно можа быць сфармулявана ў выглядзе задачы або ў выглядзе праблемы.

10 клас (базавы ўзровень вывучэння матэматыкі). Тэма: “Аксіёмы стэрэаметрыі”

Ключавое пытанне можна сфармуляваць наступным чынам: “Чаму стол на трох ножках больш устойлівы, чым на чатырох?”

Калі праблема або ключавое пытанне вучэбных заняткаў будуць сфармуляваны, настаўнік арганізоўвае самастойную работу навучэнцаў, у працэсе якой яны разам абдумваюць праект будучых вучэбных дзеянняў: ставяць мэту, узгадняюць тэму ўрока, выбіраюць спосаб, складаюць план дасягнення мэты; вызначаюць сродкі, рэсурсы і тэрміны.

Плануючы вырашэнне праблемы, неабходна:

па-першае, сфармуляваць сваю выснову па праблеме (форму правіла, алгарытму, апісанне заканамернасці, паняцця), да якой пры дапамозе настаўніка вучні змогуць прыйсці самі;

па-другое, выбраць такія крыніцы атрымання вучнямі неабходных новых звестак для вырашэння праблемы, у якіх не будзе змяшчацца гатовага адказу, высновы, фамулёўкі новых ведаў. Гэта можа быць работа з тэкстам (з табліцай, схемай, малюнкам), з якога лагічна можна вывесці прыметы паняцця, заканамерную сувязь паміж з’явамі, знайсці аргументы для сваёй ацэнкі і г.д.;

па-трэцяе, неабходна спраектаваць дыялог, які падводзіць або падахвочвае да пошуку вырашэння праблемы.

Сцэнарый урока прадугледжвае, што настаўнік павінен прадумаць магчымае выяўленне вырашэння праблемы. Напрыклад, гэта можа быць адказ на пытанне “Як мы вырашылі праблему?”. Вельмі важна выбраць і дакладна вызначыць крытэрыі і спосабы ацэнкі факта дасягнення мэты. Такія крытэрыі павінны аб’ектыўна вынікаць з самой фармулёўкі мэты, а спосабы — даваць магчымасць больш ці менш упэўненай ацэнкі. Ідэальнай, але рэдкай з’яўляецца магчымасць матэматычнай фіксацыі параметраў, якія кантралююцца. Часцей прыходзіцца звяртацца да апісання некаторых станаў, якія ўзніклі ў выніку вучэбнай дзейнасці. У любым выпадку характарыстыкі, якія адлюстроўваюць дасягненне мэты, павінны быць настаўнікам вызначаны пры мэтапастаноўцы, да пачатку заняткаў.

Плануючы заданні для прымянення новых ведаў, трэба разумець, што яны павінны насіць праблемны характар, нацэльваць вучня на пошукавую або даследчую дзейнасць, прадугледжваць індывідуальную або групавую работу. Неабходна дакладна ўсвядоміць, на фарміраванне якіх УВД гэтыя заданні накіраваны.

Пасля правядзення заняткаў, параўноўваючы дасягнуты вынік з тым, які планаваўся, педагог атрымлівае магчымасць далейшага канкрэтнага прафесійнага выніковага вядзення сваёй педагагічнай дзейнасці, дакладна ведаючы дасягнуты вынік і што яшчэ трэба зрабіць.

Генадзь ЗМІТРОВІЧ,
настаўнік матэматыкі ліцэя № 1 Мінска.