10 сакавіка ў Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа” адбылося адкрыццё самага буйнога мерапрыемства ў сферы індустрыі дзіцячых тавараў — ХІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Свет дзяцінства — 2016”, арганізаванай пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Міністэрства гандлю, а таксама Міністэрства аховы здароўя і Мінгарвыканкама. Выстава будзе працаваць да 13 сакавіка і, па меркаванні арганізатараў, стане сур’ёзным форумам па праблемах тавараў і паслуг для дзяцей.
Як расказаў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, выстава з кожным годам абрастае новымі ўдзельнікамі з усіх рэгіёнаў нашай краіны і блізкага замежжа, адметна і тое, што выказваюць жаданне паўдзельнічаць прадпрыемствы розных форм уласнасці і індывідуальныя прадпрымальнікі. Да таго ж гэтае мерапрыемства заўсёды ў цэнтры ўвагі дзяцей і іх бацькоў, бо прадстаўляе важныя рэчы, патрэбныя і ў штодзённым жыцці, і ў вучэбным працэсе.
Як падкрэсліў намеснік міністра гандлю Вячаслаў Леанідавіч Драгун, мерапрыемства дазволіць гандлёвым арганізацыям і вытворцам не толькі паказаць сваю прадукцыю для дзяцей і выявіць яе стан, але і наладзіць новыя дзелавыя кантакты, заключыць доўгатэрміновыя дагаворы.Дзіцячыя тавары, кніжкі, цацкі, адзенне і абутак ад айчынных — і не толькі айчынных — вытворцаў традыцыйна можна набыць оптам і ў розніцу. Тэматыка выставы задзейнічае ўвесь асартымент тавараў — пачынаючы ад рэчаў для будучых маці і нованароджаных і заканчваючы ўсім неабходным для дзяцей школьнага ўзросту. Асаблівасцю сёлетняй выставы “Свет дзяцінства” стала экспазіцыя прадукцыі для матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ўстаноў адукацыі і іх дзейнасці, створаная па ініцыятыве Міністэрства адукацыі.
Адразу пасля адкрыцця выставы быў дадзены афіцыйны старт рэспубліканскага экалагічнага мегапраекта “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, прымеркаванага да Года культуры і арганізаванага Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Дарэчы, праект будзе праходзіць у некалькі этапаў ва ўсіх установах адукацыі краіны і працягнецца да студзеня 2017 года. Плануецца, што за гэты час ва ўстановах адукацыі будуць выпрацаваны новыя падыходы да афармлення тэрыторый з мэтай стварэння мадэльных садоў бесперапыннага цвіцення, што дасць магчымасць стварыць спрыяльнае асяроддзе для навучэнцаў. Трэба адзначыць, што праект уключае пяць конкурсаў, сярод якіх — рэспубліканская экалагічная акцыя “Берагчы прыроду — значыць любіць Радзіму”, Рэспубліканскі конкурс па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, а таксама конкурс юных фларыстаў “Гуканне вясны”, чэмпіянат па фларыстыцы сярод юніёраў “Фестываль садоў і кветак” і Рэспубліканскі конкурс-выстава “Лёд. Кветкі. Фантазія”. Чакаецца, што ў праекце прымуць удзел больш як 700 тысяч школьнікаў, педагогаў і бацькоў.
Дарэчы, сёлета на выставе “Свет дзяцінства” ўстановы дадатковай адукацыі падрыхтавалі для дзяцей і бацькоў, а таксама спецыялістаў цікавыя майстар-класы, практыкумы, гульнявыя і інтэрактыўныя пляцоўкі, семінары і прэзентацыі. Напрыклад, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці арганізаваў не толькі выставу сваіх цікавых тэхнічных экспанатаў, але і інтэрактыўныя пляцоўкі “Робататэхніка”, “Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі”, майстар-класы “Стэрэафатаграфія”, “Псіхалагічная гасцёўня”, “Рашэнне галаваломак”, “Займальная астраномія”. Акрамя таго, падчас выставы жадаючыя змогуць атрымаць кансультацыі спецыялістаў у галіне прафарыентацыі і атамнай энергетыкі.
Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці, Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі і іншыя цэнтры дадатковай адукацыі, а таксама ўстановы фізічнай культуры, спорту і турызму знаёмяць дзяцей і іх бацькоў з аб’яднаннямі па інтарэсах і спартыўнымі секцыямі і запрашаюць жадаючых завітаць на заняткі.
Акрамя таго, тут можна атрымаць кансультацыі спецыялістаў Міністэрства аховы здароўя: стаматолага, педыятра, падлеткавага ўрача. Адказы на многія пытанні паспрабуюць даць і спецыялісты Рэспубліканскага інфармацыйна-метадычнага рэсурснага цэнтра “Ювентус”, які на выставе прадстаўляе ўсе сталічныя цэнтры, дружалюбныя да падлеткаў. Урач-валеолаг цэнтра “Ювентус” Інеса Аляксандраўна Палазнік паведаміла, што на працягу тыдня праходзіць акцыя “Культура нашых паводзін”, у рамках якой прэзентуецца дзейнасць цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў (такіх цэнтраў у рэспубліцы налічваецца 50, размешчаны яны ў раённых паліклініках). Кожны жадаючы падлетак можа прыйсці ў любы з такіх цэнтраў на групавыя заняткі і міні-трэнінгі па розных тэмах — гендарная роўнасць, прафілактыка інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, сексуальнае развіццё, узроставая фізіялогія падлеткаў і многія іншыя, а таксама асабіста пагутарыць з урачом-валеолагам, гінеколагам і псіхолагам. Таксама жадаючыя ў рамках праграмы ЮНІСЕФ могуць зрабіць тэст на ВІЧ па сліне, вынікі якога будуць гатовы ўжо праз 20 хвілін.
Асобная ўвага на адкрыцці выставы была прыцягнута да школьнай формы. Як паведаміў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, гэты навучальны год даў старт сумеснаму праекту Міністэрства адукацыі з Міністэрствам гандлю і канцэрнам “Беллегпрам” пад назвай “Школа будучага”. Адзенне дзелавога стылю было распрацавана з улікам пажаданняў бацькоў і навучэнцаў пяці ўстаноў адукацыі, якія сёлета ўдзельнічаюць у праекце. Яны самастойна падбіралі тканіны і мадэлі, у якіх хацелі б хадзіць на ўрокі.
— У прынцыпе, тэндэнцыя, што бацькі самі выбіраюць тканіну, форму і мадэль адзення дзелавога стылю, — гэта добры і правільны кірунак, таму што мы адразу ўлічваем інтарэсы і бацькоў, і дзяцей. Разам з нашымі вытворцамі будзем працаваць далей над гэтым праектам, а выстава — вельмі важны акцэнт для праекта з боку бацькоў і іх дзяцей, — падкрэсліў Віктар Віктаравіч.
У рамках праекта канцэрнам “Беллегпрам” на адкрыцці выставы былі арганізаваны паказы “Адзенне дзелавога стылю для навучэнцаў устаноў агульнай і сярэдняй адукацыі” і “Калекцыі дзіцячага адзення для спорту і адпачынку” трынаццаці беларускіх вытворцаў: ЗАТ “Калінка”, ААТ “Камінтэрн”, “Славянка”, “8 Сакавіка”, “Сцяг індустрыялізацыі” (гандлёвыя маркі DOMINION і VIVA LADY), “Палессе”, “Жлобінская швейная фабрыка”, “Элод”, “БелКрэда”, “Світанак”, “Лона”, а таксама двух прадпрыемстваў, якія не ўваходзяць у канцэрн, — ААТ “Надзея” (гандлёвая марка LEMUR) і ААТ “БелМадзістка” (гандлёвая марка TADUSKA). Варыянты формы для дзяўчынак у асноўным складаліся з сукенак, сарафанаў і спадніц рознай ступені элегатнасці, а для хлопчыкаў беларускія вытворцы прапанавалі як строгія класічныя касцюмы, так і больш фрывольныя варыянты з вузкімі штанамі і яркімі пінжакамі.
Плануецца, што ў наступным годзе да “Школы будучага” падключацца 22 установы адукацыі, якія таксама змогуць выбраць школьную форму на свой густ.
Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Аляксандра ДЗІДЗЕВІЧА, БелТА.