Прафесійнае станаўленне ў інавацыйным асяроддзі

- 12:10Педагагічная майстэрня

Змены, якія адбываюцца ў жыцці грамадства, складаныя задачы, якія стаяць перад адукацыяй на сучасным этапе развіцця краіны, патрабуюць перагляду поглядаў на прафесійнае станаўленне педагога. Ва ўмовах пераасэнсавання і мадэрнізацыі традыцыйных форм і метадаў арганізацыі адукацыйнага працэсу, пры ўвядзенні інавацый павышаецца роля даследчых, праекціровачных кампетэнцый у прафесійным станаўленні педагога. Настаўнік павінен умець арыентавацца ў новых сацыякультурных умовах, знаходзіць свой падыход да вырашэння педагагічных праблем, якія ўзнікаюць, самастойна думаць і прымаць рашэнне ў нестандартных сітуацыях.

Спрыяльнае адукацыйнае асяроддзе, якое стымулюе педагогаў да інавацыйнай дзейнасці, дазваляе разгля­даць яе як асаблівы від прафесійна-педагагічнага асяроддзя — інавацыйнага. Наяўнасць інавацыйнага асяроддзя ў педагагічным калектыве зніжае каэфіцыент “супраціўлення” настаўнікаў новаўвядзенням, спрыяе павышэнню іх матывацыі да даследчай, праекціровачнай дзейнасці, стварае рэальны патэнцыял для развіцця прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў. Інавацыйнае асяроддзе гімназіі характарызуецца пэўнай маральна-псіхалагічнай атмасферай, падмацаванай комплексам захадаў арганізацыйнага, метадычнага, псіхалагічнага характару, якія забяспеч­ваюць увядзенне інавацый у адукацыйны працэс гімназіі.

Прафесійнае станаўленне педагога ў інавацыйным асяроддзі гімназіі выклікана неабходнасцю ўліку прафесійна-асобасных патрэб педагогаў у самарэалізацыі, развіцця прафесійна значных якасцей асобы настаўніка. Яно накіравана на пераадоленне супярэчнасці паміж творчым характарам педагагічнай дзейнасці, які ва ўмовах рэалізацыі ва ўстанове адукацыі інавацыйнага праекта становіцца дамінуючым, і адсутнасцю мадэлей забеспячэння гэтага працэсу ў адукацыйнай практыцы ва ўмовах малога горада, рэпрадуктыўным характарам прафесійнай падрыхтоўкі, арыентаванай на ўзнаўленне “традыцыйнага” педагога-прадметніка. Таму вызначэнне і стварэнне педагагічных умоў прафесійнага станаўлення педагога ва ўмовах гімназіі, мадэлі падрыхтоўкі настаўніка да інавацыйнай дзейнасці ў гэтым асяроддзі стала прадметам нашага разгляду.

Мы лічым, што прафесійнае станаўленне педагога ў інавацыйным адукацыйным асяроддзі гімназіі будзе эфектыўным, калі педагог уцягнуты і ўсвядомлена ўключаны ў інавацыйную дзейнасць гімназіі; створаны арганізацыйна-педагагічныя ўмовы, якія забяспечваюць фарміраванне метадалагічнай кампетэнтнасці педагога; педагог мае магчымасці для прафесійнага самаразвіцця, самарэалізацыі; супрацоўніцтва, творчасць, адкрытасць, ініцыятыўнасць з’яўляюцца характарыстыкамі інавацыйнага адукацыйнага асяроддзя гімназіі.

Змяненне прыярытэтных мэт гімназічнай адукацыі ў бок акцэнтавання задач асобаснага развіцця навучэнцаў вызначыла аб’ектыўную неабходнасць у змяненні падыходаў да арганізацыі навучання і ў нашай установе адукацыі. Па рэкамендацыі навукова-метадычнага савета гімназіі група педагогаў стала ўдзельнікам інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі “Перавернуты ўрок” як механізма павышэння якасці адукацыі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, які адпавядвае новаму зместу і сучасным тэхналогіям навучання.

Шматгадовы вопыт рэалізацыі інавацыйных праектаў у гімназіі паказаў, што калі ўвесь педагагічны калектыў уключаны ў пошук шляхоў вырашэння праблем, то мэта будзе дасягнута. Стварэнне адзінай каманды педагогаў-інаватараў гімназіі мы бачым як працэс, звязаны з павышэннем прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Фарміраванне адзінай каманды накіравана на дасягненне агульнасці ў разуменні мэт дзейнасці каманды, на асэнсаванне праблем і шляхоў іх вырашэння, на ацэнку мінулага вопыту і вызначэнне перспектыў у развіцці ўстаноў адукацыі. Мы разумеем, што эфектыўнасць работы інавацыйнай каманды шмат у чым абумоўліваецца зразумеласцю мэт, якія перад ёй стаяць, веданнем форм і метадаў арганізацыі работы па дасягненні мэт.

Рэалізацыя інавацыйнага праекта пачалася з аналізу вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў. Гэта дазволіла кожнаму педагогу крытычна паставіцца да асабістага ўкладу ў агульную справу, а таксама пашырыць веды пра патрабаванні да вынікаў навучання. Праблемна-арыентаваны аналіз паслужыў магутным штуршком да перагляду адукацыйнай практыкі, якая склалася, прымусіла кожнага настаўніка задумацца пра тое, якім павінен быць узровень адукаванасці выпускнікоў гімназіі, якімі сродкамі навучання гэтага можна дабіцца, які ўласны ўзровень валодання прафесійна значнымі педагагічнымі кампетэнцыямі.

Работа па рэалізацыі інавацыйнага праекта стала рухавіком да глыбокага самааналізу педагагічнай дзейнасці кожнага педагога, а значыць, паслужыла пэўным пунктам адліку ў развіцці прафесійнага стылю кожнага педагога.

Падчас рэалізацыі інавацыйнага праекта работа педагогаў-інаватараў была накіравана на тэарэтычную падрыхтоўку; вывучэнне вопыту ўстаноў адукацыі, якія ўкараняюць мадэль “Перавернуты ўрок”; удасканаленне метадаў вывучэння асобы вучня і педагога гімназіі (сістэматычнае назіранне, гутаркі, анкетаванне, дыягнаставанне, маніторынг якасці адукацыйнага працэсу і вынікаў навучання, правядзенне псіхолага-педагагічных кансіліумаў); навучанне метадам і сродкам арганізацыі інавацыйнай дзейнасці; стварэнне ўмоў для навучання з выкарыстаннем мадэлі “Перавернуты ўрок”.

Інавацыйная дзейнасць патрабуе ад педагога пастаянна абнаўляць практыку, удасканальваць педагагічнае майстэрства і дабівацца больш высокіх вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў. Эфектыўнасць такой работы цалкам залежыць ад інавацыйнай успрымальнасці і кампетэнтнасці педагога, а таксама ад узроўню кіраўніцкай культуры і стратэгічнага мыслення адміністрацыі навучальнай установы, якая стварае неабходныя ўмовы і забяспечвае адрасную падтрымку і суправаджэнне інавацыйных дзеянняў педагогаў.

Катэгорыя “інавацыйнасці” ў гімназіі набыла форму калектыўнай справы. Аналіз інавацыйнай практыкі паказвае, што інавацыйная работа ў гімназіі стала больш навукаёмістай і эфектыўнай. Гэта стала магчымым дзякуючы выкананню наступных умоў:

* усімі ўдзельнікамі і арганізатарамі інавацыйнай дзейнасці вывучана і правільна выкарыстоўваецца нарматыўная прававая база;

* удзел у інавацыйнай рабоце настаўнікаў толькі добраахвотны, адказны, без спаборнасці;

* ідэя і напрамкі інавацыйнай дзейнасці вынікаюць з патрэб гімназіі, педагогаў, навучэнцаў, а таксама патэнцыяльных магчымасцей педагагічнага калектыву;

* інавацыйная работа ў нашай гімназіі — арганічная частка ўсяго педагагічнага працэсу;

* забяспечана пераемнасць усіх этапаў інавацыйнай работы і дзеянняў яе ўдзельнікаў;

* распрацавана сістэма навукова-метадычнага суправаджэння і каардынацыі інавацыйнай дзейнасці на ўсіх узроўнях;

* правільна вызначаны крытэрыі і паказчыкі эфектыўнасці інавацыйнай дзейнасці настаўніка і калектыву, кантралюецца стварэнне ўмоў для яе эфектыўнай арганізацыі і забеспячэнне ўсіх відаў падтрымкі;

* адэкватна выкарыстоўваецца псіхолага-педагагічная тэрміналогія.

Важную ролю ў каардынацыі і навукова-метадычным суправаджэнні інавацыйнай работы на ўсіх яе этапах адыгрывае Акадэмія паслядыпломнай адукацыі. Эфектыўным з’яўляецца навуковае кансультаванне ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці. Кансультанты інавацыйнага праекта аказваюць сістэматычную дапамогу ў арганізацыі і правядзенні метадычных практыкумаў па ўкараненні інавацыйнай мадэлі; распрацоўцы рэкамендацый па складанні праграм інавацыйнай дзейнасці; вызначэнні тэматыкі вучэбных семінараў у рамках інавацыйнай работы, тэм самаадукацыі і каляндарных планаў настаўнікаў-інаватараў; арганізацыі па актуальных праблемах інавацыйнай работы пастаянна дзеючых семінараў з акцэнтам на розных аспектах інавацыйнай дзейнасці, індывідуальных кансультацый на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кансультацый педагогаў па аналізе і тэарэтычным асэнсаванні інавацыйнай практыкі; арганізацыі дыягностыкі работы ўдзельнікаў інавацыйнага праекта на аснове інфармацыйна-метадычных матэрыялаў, якія даюцца; арганізацыі індывідуальнай і групавой дзейнасці педагагічных работнікаў на аснове самавызначэння ў праблемах і цяжкасцях інавацыйнай работы; арганізацыі дыягностыкі асобаснага росту і развіцця прафесійнай культуры ўдзельнікаў інавацыйных пераўтварэнняў, арганізацыі знешняга кансталтынгу па актуалізацыі ўласнага рэсурснага патэнцыялу гімназіі.

Сустрэчы, кансультацыі, семінары вучоных у нашай гімназіі не эпізадычныя, таму што інавацыйная дзейнасць патрабуе бесперапыннага суправаджэння, пастаяннага назірання, аналізу, пошуку, падтрымкі і кансультавання. Правільнае навукова-метадычнае суправаджэнне на ўсіх узроўнях кіравання становіцца найважнейшай умовай росту інавацыйнай культуры педагогаў. Для вызначэння паспяховасці дзейнасці педагога быў праведзены шэраг педагагічных даследаванняў: маніторынг здароўя, узроўню навучанасці, выхаванасці, школьнай трывожнасці, сфарміраванасці самаацэнкі навучэнцаў. У далейшым, сочачы за дынамікай гэтых паказчыкаў, педагог можа меркаваць пра вынікі сваёй работы і своечасова карэкціраваць яе. Для вызначэння многіх крытэрыяў эфектыўнасці інавацыйнай дзейнасці педагогу неабходны спецыяльныя веды і навыкі правядзення маніторынгу і псіхалагічных даследаванняў, таму гэты напрамак работы ажыццяўляўся ў цесным кантакце з псіхолагам гімназіі. З педагогамі, якія ўдзельнічаюць у інавацыйнай дзейнасці, было праведзена анкетаванне “Педагагічныя бар’еры, што робяць цяжкім асваенне інавацый”. Сярод “бар’ераў” былі названы:

— вялікая вучэбная нагрузка педагогаў (60% педагогаў);

— невялікі вопыт работы (12% педагогаў).

78% цікавяцца навінамі, але не ідуць за імі ўсляпую, аналізуючы мэтазгоднасць новаўвядзення, і лічаць, што інавацыі трэба ўкараняць у штодзённую практыку. 12% апытаных настаўнікаў успрымаюць новаўвя­дзенні сярэдне. Прычыну бачаць у невялікім вопыце работы. Большасць педагогаў, якія ўдзель­нічаюць у рэалізацыі праекта, пазітыўна ацэньваюць свой удзел, маюць высокую матывацыйную, тэарэтычную і практычную гатоўнасць, бачаць мэтазгоднасць увя­дзення інавацый, валодаюць вопытам такой дзейнасці, аднак адчуваюць пэўныя цяжкасці ў сувязі з вялікай вучэбнай нагрузкай. 12% педагогаў зацікаўлены ў праекце, але адчуваюць няўпэўненасць у сваіх сілах, паколькі маюць невялікі вопыт інавацыйнай работы. Выкарыстанне дыягнастычных методык дазволіла выявіць моцныя бакі ў дзейнасці педагогаў, іх запыты і запатрабаванні, у цэлым весці мэтанакіраваную работу па развіцці прафесійна-педагагічнай культуры, ствараючы ўмовы для праяўлення ініцыятывы і творчасці кожнага настаўніка. Гэта і прывяло да станоўчых вынікаў у рабоце з педагогамі. У педагогаў-інаватараў, якія працуюць у гімназіі, высокі ўзровень метадычнай падрыхтоўкі ў аспекце асваення інавацый. У гімназіі створана прафесійнае асяроддзе для абмену інавацыйным педагагічным вопытам. Маладыя настаўнікі з вялікай цікавасцю ўключыліся ў інавацыйную дзейнасць. Дзякуючы навукова-метадычнай дапамозе кансультанта інавацыйнага праекта і вывучэнню вопыту калег, назіраецца станоўчая дынаміка ўзроўню самаацэнкі педагогаў-інаватараў.

У гімназіі створана шматузроўневая сі­стэма павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў. Кіраўніцтва сістэматычна арганізоўвае штогадовыя курсы непасрэдна ва ўстанове з прыцягненнем работнікаў АПА, МАІРА, БДПУ імя Максіма Танка. Гэта да­зволіла якасна змяніць узровень агульнай і прафесійнай культуры настаўніка, эфектыўна паўплываць у цэлым на выніковасць вучэбнага працэсу ва ўстанове.

У гімназіі арганізавана сістэма падтрымкі педагогаў-інаватараў. У пачатку навучальнага года кожны настаўнік склаў індывідуальны план інавацыйнай работы, заснаваны на аналізе і асэнсаванні ўкаранення новай методыкі. Гэты аналіз паказаў неабходнасць далейшага падрабязнага вывучэння метадычнай літаратуры, заснаванай на вопыце іншых устаноў рэспублікі, якія працуюць над згаданай праблемай, і матэрыялаў інтэрнэту. Стымулюе і павышае якасць работы настаўнікаў-інаватараў удзел у семінарах, якія не толькі ўзбагачаюць педагогаў ведамі, але і спрыяюць абмену вопытам з калегамі.

Кіраўніцтва гімназіі адыгрывае важную ролю ў стымуляванні ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці, выяўленні найбольш эфектыўных прыёмаў і механізмаў работы, абмену вопытам. Усе вынікі інавацыйнай дзейнасці фіксуюцца яе ўдзельнікамі ў педагагічных дзённіках, партфоліа ў выгля­дзе рэфлексіўнага аналізу, прэзентацыі вынікаў на ўзроўні гімназіі, раёна, вобласці. Формы падачы канчатковых вынікаў інавацыйнай дзейнасці — майстар-класы для ўсіх педагогаў гімназіі, партфоліа, абагульненне вопыту работы па тэмах самаадукацыі, падрыхтоўка да друку матэрыялаў рэалізацыі інавацыйнага праекта.

Ала ЯРАШЭВІЧ,
дырэктар гімназіі № 6 Маладзечна.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.