Прафесійная адукацыя — гэта прэстыжна і перспектыўна

- 10:23Актуально, Апошнія запісы

“Каб быць добрым рабочым спецыялістам, трэба мець адпаведны талент”, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі падчас наведвання Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С.Высоцкага. У каледжы Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у свяце, прымеркаваным да Дня ведаў.

“Галоўны рэсурс любога прадпрыемства — гэта не абсталяванне, якім бы сучасным і высокатэхналагічным яно ні было, гэта людзі. Рабочы-прафесіянал ніколі не застанецца без справы. Ён будзе заўсёды запатрабаваны. І попыт на такіх спецыялістаў пастаянна расце”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Сучасныя рабочыя спецыяльнасці патрабуюць высокапрафесійнай падрыхтоўкі, таму сённяшні рабочы — высокаадукаваны і прагрэсіўны. “Усё больш маладых людзей усведамляе, што прафесійная адукацыя — гэта прэстыжна і, самае галоўнае, перспектыўна. Штогод больш за трэць выпускнікоў школ выбірае ліцэі і каледжы ў якасці першай ступені прафесійнага і кар’ернага росту”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Наша краіна адна з нямногіх на постсавецкай прасторы, дзе захавалася сістэма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых кадраў. І з году ў год яна ўдасканальваецца. Прыкладам можа служыць Мінскі аўтамеханічны каледж імя М.С.Высоцкага. Сёння каледж — гэта найноўшыя лабараторыі, аўтадром, станцыя тэхнічнага абслугоўвання. За гады існавання са сцен каледжа выйшлі 24 тысячы спецыялістаў. Многія былыя выпускнікі сталі кіраўнікамі на вытворчасці, навукоўцамі, буйнымі спецыялістамі ў галіне машынабудавання і выбітнымі дзяржаўнымі дзеячамі.

Падрыхтоўка спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй у аўтамеханічным каледжы ажыццяўляецца на дзённай і завочнай формах (за кошт сродкаў бюджэту і платна) па спецыяльнасцях “Аўтамабілебудаванне”, “Гідрапнеўмасістэмы мабільных і тэхналагічных машын”, “Тэхнічнае абслугоўванне тэхналагічнага абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытворчасці”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, “Аўтасэрвіс”, “Арганізацыя перавозак і кіраванне на аўтамабільным і гарадскім транспарце”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”.

На 1 верасня 2017 года ў каледжы вучацца 1634 навучэнцы, з якіх 1237 — на дзённай форме навучання. У 2014 годзе ў каледжы створаны рэсурсны цэнтр па навучанні кадраў у сферы тэхнічнага абслугоўвання і па рамонце аўтамабіляў. Цэнтр аснашчаны абсталяваннем новага пакалення, якое выкарыстоўваецца для правядзення лабараторна-практычных заняткаў з навучэнцамі, а таксама для правядзення курсаў па павышэнні кваліфікацыі работнікаў арганізацый аўтасэрвісу і транспартных прадпрыемстваў. У межах сеткавага ўзаемадзеяння на базе рэсурснага цэнтра праводзіцца навучанне студэнтаў БНТУ.

Вялікая роля ў падрыхтоўцы спецыялістаў адводзіцца ўзаемадзеянню з прамысловымі прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў. Размеркаванне выпускнікоў ажыццяўляецца на аснове доўгатэрміновых дагавораў з Мінскім аўтамабільным заводам, Мінскім заводам колавых цягачоў, Мінскім маторным заводам, Мінскім падшыпнікавым заводам, прадпрыемствам “Амкадор-Белвар”, Мінсктрансам і іншымі.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз пасля Рэспубліканскага педагагічнага савета звярнуў увагу на тое, што адукацыя павінна арыентавацца на патрэбы эканомікі: “Жыццёва неабходна забяспечыць кваліфікаванымі работнікамі такія сферы, як будаўніцтва, перапрацоўчая прамысловасць і машынабудаванне. Прычым нам патрэбны не проста працоўныя рукі, а майстры сваёй справы, якія сваімі рукамі будуць ствараць дэталі, вузлы, механізмы — канкурэнтаздольныя тавары заўтрашняга дня”.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што нядаўна пазнаёміўся з новым камбайнам “Палессе”. “Добрая тэхніка, нічым не саступае імпартным аналагам. Але нам трэба, каб яна не проста не саступала, а пераўзыходзіла тэхніку нашых канкурэнтаў. Суперкамбайн! А таксама супергрузавік, трактар, электрамабіль, пры тым самыя сучасныя. Ідэі і напрацоўкі ў нашых канструктараў ёсць, але, каб яны набылі рэальныя абрысы, патрэбны дасведчаныя рабочыя, людзі, адданыя сваёй справе”, — канстатаваў ён.

“У падрыхтоўцы такіх кадраў вядучая роля адводзіцца прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Мы разглядаем яе як школу фарміравання прафесіянала, грамадзяніна, патрыёта, таму што ён кожны дзень укладае майстэрства, талент і душу ў стварэнне нацыянальнага багацця”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым задача выкладчыкаў заключаецца не толькі ў падрыхтоўцы спецыялістаў, але і ў выхаванні гарманічнай асобы, сапраўднага працаўніка, адзначыў кіраўнік дзяржавы. “Гэта высакародная місія і разам з тым вялікая праца і вялікая адказнасць. Навучаючы моладзь, вы закладваеце асновы будучыні нашай краіны. Лепшае прызнанне майстэрства настаўніка — поспехі яго вучняў. Перакананы, што ваш вопыт, энтузіязм і імкненне да самаўдасканалення паслужаць годным прыкладам для падрастаючага пакалення”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што на Рэспубліканскім педагагічным савеце было прынята рашэнне пры наборы ва ўніверсітэты аддаваць прыярытэт выпускнікам устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — тым, хто паспрабаваў на асабістым вопыце будучую прафесію. “Прайдзіце гэтую прыступку сваёй адукацыі годна. Калі вы захочаце вучыцца ў ВНУ, у вас будзе такая перавага”, — заявіў ён.

Затым кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай і арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў каледжы, наведаў рэсурсны цэнтр падрыхтоўкі кадраў для абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў. Аляксандру Лукашэнку далажылі, што цяпер у Беларусі ідзе аптымізацыя сеткі прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў. На сённяшні дзень атрымаць адпаведную адукацыю можна ў розных установах: каледжах, каледжах пры ВНУ, прафесійных ліцэях і іншых. Міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што ў гэтай сістэме з’явіцца адзін від установы — прафесійны каледж. Такая работа вядзецца сістэмна і паслядоўна.

“Давайце гэта зробім, каб было дакладна і зразумела, а то нейкі разнабой”, — падтрымаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што пры падрыхтоўцы спецыялістаў ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі неабходна ўзмацніць практыкаарыентаванасць навучання. “Няхай навучэнцы бачаць, дзе яны будуць працаваць, з кім яны будуць працаваць”, — сказаў ён.

Асобна была закранута тэма ўдзелу прадстаўнікоў Беларусі ў чэмпіянатах WorldSkills, што дае магчымасць вывучаць новыя тэхналогіі, укараняць іх у адукацыйны працэс і вытворчасць. Зараз каманда рэспублікі рыхтуецца да ўдзелу ў 44 Міжнародным чэмпіянаце, які пройдзе ў кастрычніку ў Абу-Дабі.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь на падобных спаборніцтвах станавілася пераможцай, аднак хацелася б, каб перамог было больш, бо ў краіне даўно развіваюць рабочыя спецыяльнасці. “Я думаў, што мы там усіх “б’ём” уздоўж і ўпоперак, а аказваецца, не зусім так”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Наведваючы лабараторыю дыягностыкі аўтамеханічнага каледжа, дзе навучэнцы вывучаюць прылады электрамабіляў папулярных марак, прэзідэнт пацікавіўся ў выкладчыкаў каледжа, ці перспектыўна развіваць у краіне гэтую галіну, на што атрымаў станоўчы адказ.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна абмеркаваў з педагогамі прынцып работы электракара, яго тэхнічныя характарыстыкі, магчымасці і перавагі, пасля чаго даручыў прыцягнуць лепшых спецыялістаў каледжа да распрацоўкі беларускай мадэлі.

“Для мяне галоўнае, каб ён быў надзейным, бяспечным і даўгавечным, каб не трэба было кожны год рамантаваць, — расказаў пра свае патрабаванні да электрамабіля кіраўнік дзяржавы. — Вы мяне пераканалі ў тым, што мы павінны зрабіць добры электрамабіль. Для людзей, каб яны маглі па горадзе праехаць, на дачу з’ездзіць”. Прэзідэнт даручыў кіраўнікам профільных ведамстваў больш актыўна займацца распрацоўкай гэтага віду транспарту. “Да запуску атамнай станцыі мы павінны мець спажыўца і абавязкова інфраструктуру”, — падкрэсліў ён.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Максіма ГУЧАКА ,
БелТА.