Прафесія ў спадчыну

- 12:06Адукацыйная прастора

Кожны бацька ці маці скажа, як важна, каб на пачатку школьнага жыцця на шляху дзіцяці сустрэўся добры настаўнік — чулы, уважлівы, цярплівы, здольны абудзіць жаданне вучыцца, патлумачыць пытанні, якія тычацца не толькі вучобы, але і любой жыццёвай сітуацыі. Выхаванцам настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 26 Гродна Наталлі Іванаўны Кулаковай сапраўды пашчасціла. Разам з Наталляй Іванаўнай,творчым, ініцыятыўным педагогам, які здольны захапіць і павесці за сабой, які крочыць у нагу з часам, першыя школьныя гады для дзяцей становяцца яркімі, незабыўнымі, насычанымі яскравымі падзеямі, а ўрокі — нясумнымі, цікавымі, пазнавальнымі. Сваімі напрацоўкамі педагог пастаянна дзеліцца з калегамі. Больш за сто метадычных распрацовак настаўніцы прадстаўлены на Сучасным настаўніцкім партале, на партале прафесійнай суполкі “Метадысты.RU”, на адукацыйным партале PRODLENKA.ORG. Аб прынцыпах работы педагога, яго метадычных перавагах і знаходках, сакрэтах паспяховасці сярод калег, дзяцей і іх бацькоў наш карэспандэнт гутарыць з Наталляй Іванаўнай КУЛАКОВАЙ.

— Наталля Іванаўна, як вы прыйшлі ў педагогіку? Чаму сталі менавіта настаўніцай пачатковых класаў?
— Стаць настаўніцай — мара з дзяцінства. Гэта было маё ўнутранае жаданне. Самай любімай гульнёй у дзяцінстве была гульня ў школу: заводзіліся журналы і сшыткі, выстаўляліся адзнакі, праводзіліся ўрокі з цацкамі. Ды і не магло быць інакш, бо мая мама — настаўніца рускай мовы і літаратуры. Больш за 30 гадоў яна працавала ў школе. Мне падабалася глядзець, як яна піша планы, рыхтуецца да ўрокаў, правярае сшыткі. Я з дзяцінства бачыла, як любяць і паважаюць яе вучні, бацькі, калегі па рабоце. Мама адкрыла мне, што сяброўскі ўдзел, жывыя, даверлівыя зносіны з дзецьмі, мабыць, адна з галоўных умоў поспеху і задавальнення ад сваёй работы. Настаўнік павінен не працаваць з дзецьмі, а жыць з імі, дзяліць радасці і нягоды, узлёты і падзенні, не дапускаючы фальшы ў адносінах. Мне таксама хацелася быць такой жа ўважлівай да дзяцей. Аказваецца, у спадчыну могуць перадавацца не толькі хваробы, але і прафесіі.
Аднак я не стала настаўніцай рускай мовы, як мама, а выбрала прафесію настаўніцы пачатковых класаў. Першы настаўнік… Як гэта гучыць горда і ласкава!
Магчыма, 20 гадоў назад мне захацелася стаць для кагосьці першай і самай важнай. Як радасна бачыць дапытлівыя вочы дзяцей, калі яны ўглядаюцца ў твае вочы, імкнучыся прачытаць у іх больш, што ты вымавіш уголас! Гледзячы ў нашы вочы, яны шукаюць любові, разумення.

— А памятаеце свае першыя крокі ў прафесійнай дзейнасці, першыя ўрокі? З чым узнікалі цяжкасці ў маладога спецыяліста?
— Скончыўшы ў 1995 годзе БДПУ імя Максіма Танка, я прыйшла працаваць у сваю родную Красненскую сярэднюю школу. Добра памятаю свой першы год работы. Было вельмі складана прывыкаць да таго, што зусім нядаўна я сама вучылася ў сценах гэтай школы, слухала аповеды настаўнікаў на ўроках, рашала задачы і прыклады, расказвала на памяць вершы. А зараз стаю перад навучэнцамі і вучу іх жыццю, вучу таму, чаму мяне ў свой час вучылі настаўнікі. Безумоўна, не перадаць словамі тое хваляванне, калі я прыняла свой першы ў жыцці клас. Не перадаць таго, што адчувала ў той час, якія эмоцыі запаўнялі маю душу. Было вялікае хваляванне ад таго, ці разумею я пачуцці дзяцей, ці правільна разбіраюся ў дзіцячых спрэчках, крыўдах, ці правільныя парады даю бацькам. Паступова я ўлілася ў школьнае жыццё, знайшла падыход да дзяцей і калег. Дапамагала мне ў рабоце закладзеная прыродай педагагічная інтуіцыя. Безумоўна, былі і першыя расчараванні, і першыя слёзы радасці ад урокаў, першае захапленне ад таго, што на цябе глядзяць мілыя даверлівыя дзеткі, што яны чакаюць ад цябе чагосьці цікавага і новага.

— Наталля Іванаўна, якімі прынцыпамі вы кіруецеся ў рабоце з малодшымі школьнікамі? Чаму асноўнаму вы імкняцеся іх навучыць?
— Я веру, што кожнае дзіця таленавітае. Таленавітае па-свойму. Мая галоўная задача як настаўніка — выявіць унікальны патэнцыял кожнага вучня, дапамагчы дзіцяці праявіць свае лепшыя якасці, раскрыць сябе, выхаваць чалавечнасць і дабрыню. Вельмі хочацца, каб мае выхаванцы ўмелі радавацца і суперажываць, сябраваць і верыць у свае сілы, заўсёды прымаючы правільныя жыццёвыя рашэнні. Так прыемна ганарыцца сваімі вучнямі, якія атрымліваюць маленькія перамогі на кожным уроку, калі без памылак пішуць дыктанты, з лёгкасцю арыентуюцца ў складаным матэрыяле, не баяцца тварыць і памыляцца. Яшчэ я павінна навучыць дзяцей самастойна здабываць веды. Поўнасцю згодна са словамі К.Ушынскага: “Людзі, моцныя ў тэорыі, але бездапаможныя на практыцы, мала на што здатныя”. Імкнуся, каб мае вучні мелі трывалыя веды не толькі па прадмеце, але і маглі прымяніць іх на практыцы. Развіццё дзіцяці, удасканаленне яго лепшых якасцей можа адбывацца толькі ў дзейнасці. Менавіта таму вядучай ідэяй майго педагагічнага вопыту з’яўляецца мадэляванне метадычнай сістэмы, выбар найбольш эфектыўных тэхналогій, сродкаў і форм арганізацыі сумеснай дзейнасці настаўніка і вучня. Арганізацыя даследчай дзейнасці, выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій на ўроку, удзел у розных мерапрыемствах — эфектыўны спосаб зацікавіць навучэнцаў. Даводзіцца, безумоўна, шмат вывучаць, рыхтаваць, але, гледзячы на вынік, не шкада ні часу, ні сіл. А ўдзячныя, захопленыя погляды вучняў — сапраўдная ўзнагарода за працу.

— Галоўным спалучальным звяном у інтэграцыі розных арганізацыйных форм навучання па-ранейшаму застаецца ўрок. Аднак зараз мяняюцца прыярытэты і акцэнты ў адукацыі, яна становіцца накіраванай на фарміраванне ў навучэнца такіх якасцей і ўменняў, якія ў далейшым павінны дазволіць яму вывучаць штосьці самастойна, асвойваць новыя віды дзейнасці і, у рэшце рэшт, быць паспяховым у жыцці. Якім, па-вашаму, павінен быць сучасны ўрок? У чым перадумова яго паспяховасці?
— На маю думку, сучасны ўрок — гэта сітуацыя расстання з урокам строгім, які характарызуецца парадкам, дысцыплінай, выканальнасцю навучэнцаў, якія падпарадкоўваюцца настаўніку, і сустрэча з урокам свабодным, характарыстыкі якога нараджаюцца па павеве культуры, але не самі па сабе, а дзякуючы намаганням педагога, які выстройвае свой урок.
Лічу, што настаўнік да ўрока павінен адносіцца з вялікай цікавасцю, творча падыходзіць да яго падрыхтоўкі і правядзення. Неабходна ствараць такія ўмовы, якія садзейнічаюць свабоднаму развіццю вучня. На ўроку дзіця — суб’ект дзейнасці і яе гаспадар. Яно ставіць мэты, вырашае задачы, адказвае за вынік. Абавязковай умовай з’яўляецца наяўнасць зваротнай сувязі. Настаўнік вучыць дзяцей ацэньваць сваю падрыхтаванасць, высвятляць няведанне, знаходзіць прычыны цяжкасцей.
Лічу, што сучасны ўрок павінен быць такім, на якім дзіця можа свабодна выказваць свае думкі, адстойваць свой пункт погляду, разважаць, спрачацца, гэта значыць, навучанне будуецца на свабодзе слова, на станоўчых эмоцыях, на ўроку ёсць гуманны падыход да ўсяго. Настаўнік прымае і заахвочвае ўласную пазіцыю вучня. На ўроку павінна таксама панаваць цёплая атмасфера супрацоўніцтва, сутворчасці, псіхалагічнага камфорту, у ёй кожнае дзіця можа рэалізаваць сябе, раскрыць свае здольнасці, свой талент. Задача настаўніка — заўважаць кожны маленькі поспех дзіцяці, адзначаць яго і вучыць дзяцей бачыць удачы аднакласнікаў, радавацца іх руху наперад. Сучасны ўрок павінен быць шчыльным, настрой дзяцей на ім — дзелавым. А яшчэ ўрок павінен быць змястоўным і прадуманым, з дакладнай пастаноўкай праблемных пытанняў ці са стварэннем праблемных сітуацый, у вырашэнні якіх арганізавана супрацоўніцтва моцных і слабых навучэнцаў і настаўніка. Педагог павінен умела кіраваць гэтым працэсам. Перад тлумачэннем новага матэрыялу неабходна актывізаваць веды дзяцей, падвесці іх да раскрыцця тэмы ўрока. На этапе тлумачэння новага матэрыялу ісці ад думак дзяцей, шляхам проб і памылак прыходзіць да правільнага рашэння, бо тое, што здабыта шляхам пошуку, засвойваецца лепш. На ўроку павінна быць цікава, радасна і ў меру складана, а не страшна і сумна.

— Наталля Іванаўна, а што вы робіце для таго, каб вашы ўрокі былі цікавымі?
— Каб зрабіць навучанне цікавым, развіваць творчую актыўнасць і здольнасці дзяцей, ствараю ў класе такія ўмовы, каб дзіця самастойна шукала шляхі да ведаў, творча падыходзіла да рашэння задач. Зараз не выклікае сумнення той факт, што творчасці можна і трэба вучыць. Чым раней пачынаецца гэтая работа, тым больш істотны і значны вынік. Пры распрацоўцы ўрокаў звяртаю ўвагу на лагічнасць і паслядоўнасць выкладання матэрыялу, захоўваючы прынцып нарошчвання цяжкасцей ад простага да складанага, выкарыстоўваю дыферэнцыраваны падыход да дзяцей у залежнасці ад узроўню развіцця і індывідуальных асаблівасцей, уключаю выкананне творчых заданняў на розных этапах урока. Элементы займальнасці, гульня, выкарыстанне лагічных практыкаванняў выклікаюць у дзяцей жывы інтарэс да працэсу пазнання, дапамагаюць ім засвоіць вучэбны матэрыял, развіваюць творчую актыўнасць малодшых школьнікаў.
Шматгадовая практыка пераканала мяне ў тым, што настаўнік на пачатковым этапе навучання павінен даць добрыя веды, якія стануць фундаментам для далейшага навучання, развіваць здольнасць да самапазнання, сфарміраваць патрэбу вучыцца і самаразвівацца. Для гэтага я адбіраю найбольш эфектыўныя метады і прыёмы навучання, сродкі, якія садзейнічаюць актывізацыі мысліцельнай дзейнасці школьнікаў: метады даследчага характару, дыскусіі, пазнавальныя гульні, інтэграваныя ўрокі з прымяненнем ІКТ.

— Якім адукацыйным тэхналогіям аддаяце перавагу? У чым іх каштоўнасці?
— У сваёй рабоце актыўна прымяняю інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, бо сучасны ўрок немагчыма ўявіць без тэхнічных сродкаў навучання. Прымяненне ІКТ павышае станоўчую матывацыю да навучання, актывізуе пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, дазваляе праводзіць урокі на высокім эстэтычным і эмацыянальным узроўні, забяспечвае нагляднасць, прыцягненне вялікай колькасці дыдактычнага матэрыялу.
Практыка паказвае, што пры ўмове дыдактычна прадуманага прымянення інфармацыйных тэхналогій у межах традыцыйнага ўрока з’яўляюцца неабмежаваныя магчымасці для індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі вучэбнага працэсу. ІКТ адкрываюць дзецям доступ да нетрадыцыйных крыніц інфармацыі, павышаюць прадукцыйнасць самастойнай работы, прадастаўляюць новыя магчымасці для творчасці, набыцця і замацавання ўменняў і навыкаў, дазваляюць рэалізоўваць прынцыпова новыя формы і метады навучання. У рабоце выкарыстоўваю гатовыя мультымедыйныя прадукты і камп’ютарныя вучэбныя праграмы, у тым ліку і гульнявыя, ствараю ўласныя прэзентацыі, праекты, выкарыстоўваю сродкі інтэрнэту ў вучэбнай і пазакласнай рабоце.

— Для сваіх заняткаў вы распрацоўваеце інтэрактыўныя трэнажоры? З якой мэтай яны ствараюцца?
— Інтэрактыўныя трэнажоры ствараю з выкарыстаннем сродкаў праграмы PowerPoint. Аднойчы ў пошуках неабходнага матэрыялу да ўрока я трапіла на сайт аднаго настаўніка, дзе ўбачыла аб’яву аб дыстанцыйным навучанні “Тэхналагічныя прыёмы стварэння прэзентацый”. Як настаўнік, які даўно выкарыстоўвае ў сваёй практыцы прэзентацыі, спачатку пакінула яе па-за ўвагай (ну што тут новага адкрыю для сябе?). Потым інтарэс узяў верх, і я зарэгістравалася для ўдзелу ў навучанні. Так я адкрыла для сябе новыя магчымасці Microcoft PowerPoint. Зараз у маім арсенале дастаткова багатая скарбонка разнастайных тэхналагічных прыёмаў і дыдактычных матэрыялаў да ўрокаў, выкананых з прымяненнем такіх прыёмаў. На ўроках і пазакласных мерапрыемствах дыдактычныя гульні, выкананыя з прымяненнем тэхналагічных прыёмаў, — мой памочнік для матывацыі навучэнцаў да дзейнасці, для стварэння праблемнай сітуацыі, для сістэматызацыі ведаў і абагульнення, для таго, каб ажывіць і разнастаіць дзейнасць на ўроку.
Паколькі тэхналагічных прыёмаў для стварэння дыдактычных гульняў у праграме PowerPoint існуе многа, то і трэнажоры атрымліваюцца разнастайныя. У залежнасці ад мэт і задач, якія я хачу вырашыць, выкарыстоўваючы той ці іншы трэнажор, адны дазваляюць уводзіць і трэніраваць моўныя з’явы (складанне аднакаранёвых слоў, утварэнне складаных слоў, спражэнне дзеяслова, развіццё арфаграфічнай пільнасці, замацаванне лексічнага матэрыялу), матэматычныя з’явы (паўтарэнне складу ліку ці табліцы множання і г.д.).

— Наталля Іванаўна, вы стварылі персанальны сайт? Чым вы яго напаўняеце?
— Для мяне сайт — гэта не даніна модзе. Гэта магчымасць зносін з калегамі, маімі выхаванцамі, іх бацькамі і проста з зацікаўленымі ў школьным жыцці людзьмі. Гэта магчымасць дзяліцца сваімі напрацоўкамі, удачамі, цікавымі матэрыяламі сваіх калег. На сайце ў нефармальнай форме можна абмеркаваць хвалюючыя пытанні.
Сайт прадастаўляе магчымасць бацькам у любы час (нават ноччу) знайсці неабходную інфармацыю аб рабоце з дзецьмі. Бацькі могуць атрымаць кансультацыі, задаць любое пытанне. Сайт дапамагае рабіць з бацькоў не проста інертных спажывальнікаў адукацыйных паслуг, назіральнікаў, але і сацыяльных, псіхолага-педагагічных партнёраў.
А яшчэ сайт — цудоўны памочнік для арганізацыі дыстанцыйнага навучання з навучэнцамі. Я выкладваю на ім дадатковы матэрыял да ўрокаў, відэаўрокі, тэсты. Сёння на сайце працуе і дыстанцыйная майстэрня для педагогаў “Тэхналагічныя прыёмы стварэння ЭВМ сродкамі праграмы Microsoft Office PowerPoint”. Больш за 20 педагогаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Казахстана асвойваюць розныя тэхналагічныя прыёмы, вучацца ствараць свае інтэрактыўныя дыдактычныя гульні.

— Над чым вы працуеце зараз? Якія планы на найбліжэйшую перспектыву?
— Апошнім часам мне цікава ўсё, што звязана з выкарыстаннем ІКТ. Тэма па самаадукацыі, над якой працую зараз, гучыць так: “Сеткавыя праекты як сродак павышэння матывацыі малодшых школьнікаў”. Дзеці ўжо нараджаюцца з прыроджаным пошукавым рэфлексам: “Што гэта, дзе гэта, навошта гэта, якое гэта?” Праўда, не ўсе дзеці з’яўляюцца маленькімі геніямі. Але ў любога дзіцяці ёсць свае моцныя бакі, свой дар, свае даследчыцкія паводзіны. Калі не звяртаць увагі на такія бакі ў дзяцінстве, гэта пакіне адбітак на ўсё далейшае жыццё дзіцяці. Гэта сугучна з прынцыпамі сучаснай школы. Пачынаючы са старажытных часоў школа была прызвана выхаваць чалавека так, каб ён мог жыць у грамадстве, стаў паспяховым і запатрабаваным у ім. Сёння ва ўсіх сферах грамадскага жыцця запатрабаваны людзі адаптаваныя, творчыя, актыўныя, мабільныя, ініцыятыўныя. І да сучасных дзяцей патрэбен сучасны падыход. Рэалізаваць гэты падыход можна праз сеткавыя праекты. Са сваімі выхаванцамі я прайшла шлях ад каардынатара да арганізатара сеткавых праектаў. Сеткавай праектнай дзейнасцю займаюся ўжо другі год. Каманда маіх вучняў прайшла праз некалькі праектаў. І ад праекта да праекта дзеці мяняліся! А ці можа што-небудзь яшчэ аб’яднаць і дарослых, і дзяцей так, як агульная справа? Ды яшчэ калі яна з выдумкай, фантазіяй, жартам, гульнёй! Дзеці, якія спазналі радасць напружанай, арганізаванай вучэбнай працы, якая вядзе да поспеху, маюць вялікі запас аптымізму, стваральнай энергіі, актыўнасці. Як сказаў Арыстоцель, пазнанне пачынаецца са здзіўлення. Прымаючы ўдзел у праекце, дзеці не толькі даведваюцца шмат цікавага і набываюць новыя навыкі, але і атрымліваюць магчымасць ацаніць свае асабістыя дасягненні.
А таму вельмі хочацца рэалізаваць намечанае, давесці да канца пачатыя праекты. Сёння поўным ходам ідзе падрыхтоўка да гарадской навукова-практычнай канферэнцыі малодшых школьнікаў “Я спазнаю свет”. Хочацца дастойна прадставіць вынікі нашых даследаванняў.

— Вялікі дзякуй за размову і поспехаў вам у рэалізацыі планаў!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.