Прафесія як спадчына

- 14:33Людзі адукацыі, Рознае

Прыход у педагогіку Таццяны Амбрушкевіч, настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі Асіповіч, быў абумоўлены своеасаблівай спадчыннасцю. З адукацыйнай сферай былі звязаны яе бабуля, маці, а цяпер і дачка, таму не дзіўна, што ў Таццяны Львоўны схільнасць да настаўніцкай працы праявілася яшчэ ў дзяцінстве.

— Для мяне не было лепшага занятку, чым гульня ў школу. І цяпер памятаю, як рассаджавала лялек і пачынала для іх урок. Старанна расказавала ім пра тое, што даведвалася ад сваёй першай настаўніцы — Маі Рыгораўны Дубравінскай. Напэўна, таму пытанне выбару прафесіі перада мной нават не стаяла. Я заўсёды ведала, што мой шлях — гэта шлях педагога. Толькі вось доўга не магла вызначыцца з профілем. Вагалася паміж гісторыяй і філалогіяй. Перавагу ў выніку аддала апошняй. І невыпадкова, бо любоў да кнігі, чытання старанна выхоўвалася ў нашай сям’і, — расказвае настаўніца.

Дзіцячая мара Таццяны Амбрушкевіч спраўдзілася: яна паспяхова скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны і стала кваліфікаваным настаўнікам-філолагам. На сёння яе педагагічны стаж складае больш за 20 гадоў. Амаль увесь гэты час прысвечаны навучанню рускай мове і літаратуры навучэнцаў гімназіі.


За доўгія гады работы ў сістэме адукацыі Таццяна Львоўна выпрацавала свае методыкі выкладання. Дапамаглі ёй у гэтым уласныя настаўнікі, калегі.

— У маёй педагагічнай дзейнасці аб’ядналіся метадычныя почыркі любімых выкладчыкаў роднай сярэдняй школы № 21 Бабруйска — настаўніцы фізікі Ніны Андрэеўны Усавай і настаўніцы рускай мовы і літаратуры Галіны Аляксееўны Пархоменка. У прафесійным станаўленні мне таксама дапамагла калега настаўніца рускай мовы і літаратуры нашай гімназіі Галіна Данілаўна Пірагіус, — адзначае Таццяна Амбрушкевіч.

Свае ўрокі педагог імкнецца праводзіць так, каб вучоба была дзецям у радасць, таму, выкарыстоўваючы адукацыйныя тэхналогіі, усяляк стараецца захапіць вучняў прадметам, бо калі на ўроках цікава, тады і навучанне новаму будзе жаданай справай.

— Свае заняткі я будую з арыентацыяй на адкрыты дыялог, партнёрства і сумеснае праектаванне. Увогуле, мару пра тое, каб навучанне і выхаванне грунтаваліся на даверлівых адносінах паміж настаўнікам і вучнямі. У сваёй рабоце імкнуся менавіта да гэтага, — кажа Таццяна Львоўна.

Такі падыход настаўніка знаходзіць водгук у дзіцячых сэрцах. Вучні не проста чытаюць класікаў, а вучацца разважаць над прачытанным, выказваць свой пункт гледжання. Прачытаўшы Дастаеўскага, навучэнцы шукаюць адрозненні паміж жалем і спачуваннем, творы Талстога наводзяць іх на патрэбныя думкі аб значэнні кахання, узаемаадносінах у сям’і. Падчас такіх абмеркаванняў дзеці вучацца думаць, параўноўваць, выбіраць, прымаць правільныя жыццёвыя рашэнні.

Адметна, што, з’яўляючыся сёння прафесійным педагогам, выдатнікам адукацыі і маючы кваліфікацыю “настаўнік-метадыст”, Таццяна Амбрушкевіч не перастае ўдасканальваць сваё педагагічнае майстэрства. Яна пастаянна вучыцца новаму, эксперыментуе, актыўна ўкараняе эфектыўныя методыкі выкладання. Характэрна, што сваім станоўчым педагагічным вопытам Таццяна Львоўна дзеліцца з іншымі педагогамі. З’яўляючыся членам рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, настаўніца перыядычна выступае з адкрытымі ўрокамі і майстар-класамі на семінарах, канферэнцыях.

Асаблівае значэнне Таццяна Амбрушкевіч надае рабоце з адоранымі вучнямі. На працягу апошніх дзесяці гадоў яна сур’ёзна займаецца падрыхтоўкай навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядным руху. Пры гэтым з кожным са сваіх юных талентаў настаўніца займаецца па індывідуальным плане. На факультатыўных занятках яны вучацца працаваць з літаратурнымі і навукова-папулярнымі тэкстамі, дасканала разбіраюць складаны тэарэтычны матэрыял, выконваюць творчыя работы даследчага характару.

Старанная падрыхтоўка прыносіць свой плён. Навучэнцы Таццяны Львоўны паспяхова выступаюць на малышовай алімпіядзе, штогод становяцца прызёрамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, а яе вучаніца — Аляўціна Балвановіч — апошнія тры гады ўпэўнена перамагае на яе заключным этапе. Дарэчы, сёлета Аляўціна стала абсалютнай пераможцай на рэспубліканскім узроўні. Акрамя таго, у скарбонцы гэтай дзяўчынкі — дзве перамогі на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, а таксама дыплом за лепшае сачыненне на Міжнароднай алімпіядзе па рускай мове сярод навучэнцаў краін СНД, Балтыі, Грузіі, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Зараз яна лаўрэат спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Такія высокія дасягненні адораных навучэнцаў заўсёды радуюць настаўніцу. Але галоўнае для Таццяны Львоўны — прывіць імкненне да новых ведаў кожнаму вучню. Лепшая ўзнагарода для яе, калі выпускнікі, пакідаючы школу, кажуць: “Вы былі для нас не проста настаўнікам, а прыкладам”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва
Таццяны АМБРУШКЕВІЧ.