Практыкі ў вучэбным працэсе стане больш

- 11:13Якасць адукацыі

Універсітэты і каледжы павінны адыходзіць ад дубліравання і канкурэнцыі і рухацца ў бок супрацоўніцтва. Гэтая думка лейтматывам гучала на сумесным пасяджэнні Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі і Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Асноўнай тэмай, вынесенай на абмеркаванне кіраўнікоў, стала практыка-арыентаванае навучанне на розных узроўнях прафесійнай адукацыі, у тым ліку арганізацыя студэнцкіх практык і ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў. Як заўважыў старшыня Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзімір Шымаў, адпаведныя пытанні пастаянна абмяркоўваліся як саветам рэктараў, так і саветам дырэктараў УССА і ПТА. Сумеснае пасяджэнне двух саветаў — гэта спроба сістэмна разгледзець усю сукупнасць пытанняў і знайсці шляхі іх вырашэння.

— Мы прапанавалі правесці сумеснае абмеркаванне, стварыўшы пляцоўку для абмену вопытам і лепшымі напрацоўкамі, якія ёсць у розных установах адукацыі, — паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш. — З іншага боку, хацелася б, каб кіраўнікі крытычна паглядзелі на нарматыўнае забеспячэнне і адзначылі, што, на іх думку, трэба скарэкціраваць для таго, каб найбольш эфектыўна арганізаваць практычную падрыхтоўку ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Мы выдатна разумеем, што без практыкі немагчыма атрымаць паўнавартаснага, кваліфікаванага, адаптаванага да работы спецыяліста. Таму час, які вылучаецца на практычную падрыхтоўку, павінен выкарыстоўвацца з максімальнай карысцю.

Трэба адзначыць, што ўдзельнікі пасяджэння падрыхтаваліся да абмеркавання найлепшым чынам. Рэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ігар Войтаў паведаміў пра сучасны стан, праблемы і напрамкі развіцця практыка-арыентаванага навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі тэхнічнага профілю. У аснову яго даклада быў пакладзены аналіз даных дзевяці ўніверсітэтаў, у якіх вучацца больш за 90 тысяч чалавек. Рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Баранава прадаставіла такі ж аналіз па гуманітарных, юрыдычных і эканамічных спецыяльнасцях (абагульненне даных васьмі ўніверсітэтаў, у тым ліку БДУ). Аляксандр Жук, рэктар БДПУ імя Максіма Танка, расказаў пра асноўныя напрамкі арганізацыі практыка-арыентаванага адукацыйнага асяроддзя ў сваім універсітэце.

Па даручэнні Міністэрства адукацыі Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы комплексна прааналізаваў нарматыўна-прававое забеспячэнне практыка-арыентаванага навучання ў сістэме вышэйшай адукацыі. Акрамя таго, РІВШ абагульніў усе прапановы і рэкамендацыі, якія напярэдадні пасяджэння паступалі ад устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Атрыманыя вынікі агучыў прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Ігар Цітовіч.

У прыватнасці, ёсць прапанова ініцыіраваць змяненні ў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь у частцы прадастаўлення падатковых прэферэнцый арганізацыям і прадпрыемствам, якія забяспечваюць праходжанне вытворчай практыкі студэнтаў і навучэнцаў на аснове доўгатэрміновых дагавораў, інвесціруюць фінансавыя і іншыя сродкі ва ўстановы адукацыі, а таксама маюць сумесныя з установамі адукацыі філіялы кафедраў, вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы, інавацыйныя пляцоўкі, тэхнапаркі, бізнес-інкубатары, навукова-тэхнічныя цэнтры і іншыя структуры, якія забяспечваюць практыка-арыентаваную падрыхтоўку будучых спецыялістаў.

Акрамя таго, было прапанавана ўвесці ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь паняцце “студэнцкая занятасць”, вызначыць прававую рэгламентацыю студэнцкай занятасці. Ёсць патрэба і ва ўрэгуляванні шэрага фінансавых пытанняў. У прыватнасці, прапаноўваецца даваць высокакваліфікаваным супрацоўнікам арганізацый і прадпрыемстваў права ўдзельнічаць у выніковай атэстацыі навучэнцаў устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з захаваннем заработнай платы па асноўным месцы працы.

Аб стратэгічным партнёрстве бізнесу і адукацыі ў развіцці кадравага патэнцыялу інавацыйнай эканомікі гаварыў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі.

— Маючы зваротную сувязь ад прадпрыемстваў, мы атрымліваем сігнал, што якасць падрыхтоўкі кадраў не да канца адпавядае іх чаканням, — заўважыў рэктар. — Аналіз паказвае, што змест адукацыі распрацоўваецца на аснове наяўных класіфікатараў, але патрабаванні да шэрага прафесій, якія ўтрымліваюцца ў гэтых класіфікатарах, састарэлі. Аб’ектыўныя законы развіцця эканомікі ставяць перад намі новыя выклікі. Адпаведна, мяняюцца патрабаванні і да кваліфікацыі прафесіяналаў, якія выходзяць са сцен устаноў адукацыі. Нам трэба гэта ўлічваць.

Сёння ў краіне ажыццяўляецца мадэрнізацыя нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Курыруе гэтую работу Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Але сістэма прафесійнай адукацыі ўжо зараз рэагуе на запыты эканомікі. Напрыклад, за апошнія гады ўведзены цэлы шэраг новых спецыяльнасцей. І калі пры падрыхтоўцы рабочых гэта звязана найперш з эксплуатацыяй абсталявання і прымяненнем тэхналогій, то на ўзроўні ССА ёсць прыклады падрыхтоўкі высокакваліфікаваных рабочых з навыкамі праграмавання, наладкі, нават праектавання асобных сістэм.

Валерый Галубоўскі паведаміў, што многія прадпрыемствы праводзяць уласныя даследаванні, вынікі якіх цікавыя і для сферы адукацыі. Напрыклад, кампанія Opel вывучала фактары, якія найбольш уплываюць на поспех вытворчай дзейнасці.

— Так, тэхналогіі надзвычай важныя, — адзначыў рэктар РІПА, — але каля 30% поспеху забяспечваецца менавіта персаналам, яго вытворчым вопытам, кваліфікацыяй, так званымі мяккімі кампетэнцыямі, звязанымі з уменнем працаваць у камандзе, самастойна прымаць рашэнні, адказнасцю. Зразумела, што мы не зможам падрыхтаваць выпускніка дакладна адзін у адзін пад будучае месца працы, бо гэта вельмі дынамічная сфера. Аднак агульныя галіны ведаў, якія выяўляюцца ў мяккіх, прафесійных, лічбавых кампетэнцыях, павінны задаваць тон.

Валерый Мікалаевіч адзначыў, што калі раней установы арыентаваліся на кваліфікацыйныя патрабаванні класіфікатараў, то цяпер усё больш звяртаюцца да тых тэхналогій, якія прыносяць на прадпрыемствы пастаўшчыкі сучаснага абсталявання, арыентуюцца на стандарты WorldSkills. У краіне ўжо ёсць супольнасць міжнародных экспертаў, якія ўдзельнічаюць у сусветных чэмпіянатах, і іх вопыт улічваецца пры абнаўленні зместу адукацыйных праграм па спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Рэктар РІПА прывёў прыклад аднаго задання, якое прапаноўвалася сёлета на WorldSkills у Абу-Дабі. На яго выкананне — ад прачытання чарцяжа да выпуску гатовай дэталі — канкурсантам адводзілася ад 4 да 6 гадзін.
— Раней падобную работу выконвалі некалькі чалавек, — заўважыў Валерый Галубоўскі. — Аператар вырабляў узор, наладчык ажыццяўляў наладку станка, а тэхнолаг пісаў кіруючую праграму. Сёння гэта задача аднаго спецыяліста, які атрымлівае заказ і выконвае яго ў вельмі сціслы час. Прадпрыемствы, арыентаваныя на выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі, адразу ўбачылі тут каласальны патэнцыял і пачалі ўдзельнічаць у падрыхтоўцы такіх кадраў.

Сёння ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі краіны дзейнічае каля 40 рэсурсных цэнтраў па розных відах эканамічнай дзейнасці. На пасяджэнні гаворка ішла пра магчымасць сеткавага навучання на іх базе розных катэгорый навучэнцаў і спецыялістаў з профільных устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прад-прыемстваў, а таксама студэнтаў профільных універсітэтаў.

Наступным крокам для канцэнтрацыі рэсурсаў і іх рацыянальнага выкарыстання ва ўсёй адукацыйнай сістэме павінна быць стварэнне вядучых устаноў прафесійнай адукацыі. Іх задачай з’яўляецца падрыхтоўка кадраў, якія забяспечваюць інавацыйнае развіццё эканомікі, праз сувязь з вытворчасцю і абнаўленне зместу адукацыйных праграм.

— Мы бачым функцыянаванне гэтых устаноў на прынцыпах кластарнага падыходу, пры навукова-метадычным суправаджэнні РІПА і ўзаемадзеянні з профільнымі кафедрамі ўніверсітэтаў, — адзначыў Валерый Галубоўскі. — Трэба закладваць у змест падрыхтоўкі неабходныя веды і, выкарыстоўваючы патэнцыял усіх удзельнікаў сеткі (устаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі, прадпрыемстваў), арганізоўваць правядзенне практычных заняткаў. Вядучыя ўстановы прафтэхадукацыі будуць выступаць ядром кластара, бо калі мы гаворым пра абнаўленне зместу адукацыі і яго практычную арыентаванасць, то неабходна работа з сектаральнымі саветамі, прадпрыемствамі. Вядучыя ўстановы таксама распаўсюджваюць вопыт па прасоўванні іміджу прафесійнай адукацыі і навыкаў будучыні на профільныя ўстановы і рэсурсныя цэнтры.

— Сістэма прафтэхадукацыі не можа спаборнічаць з вышэйшай школай у плане тэарэтычнай падрыхтоўкі, — заўважыла дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага ліцэя будаўнікоў № 1 Алена Жалезняковіч, — але што тычыцца магчымасці падрыхтоўкі студэнтаў па рабочых прафесіях, мы можам гэта ажыццявіць. Няма сумнення, што выпускнік універсітэта, які ўмее працаваць рукамі, будзе больш запатрабаваны на рынку працы. Вядома, універсітэты могуць стварыць свае майстэрні і падрыхтаваць уласных майстроў вытворчага навучання (ці пераманіць нашых). Але навошта ствараць тое, што ўжо існуе ў сістэме прафесійнай адукацыі?
Алена Іванаўна расказала пра вопыт навучання студэнтаў інжынерна-будаўнічага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы рабочым прафесіям на базе ліцэя.

— Згодна з дамоўленасцю, студэнты праходзілі тэхналагічную практыку на базе нашай установы, у нашых майстэрнях і пад кіраўніцтвам нашых майстроў вытворчага навучання, — паведаміла дырэктар. — Пры гэтым яны атрымлівалі будаўнічы разрад. Жаданне авалодаць рабочай прафесіяй было такім, што студэнты былі гатовы атрымаць яе на платнай аснове. У 2014 годзе мы ажыццявілі навучанне 9 студэнтаў кваліфікацыі “тынкоўшчык”. Адметна, што адзін з тых выпускнікоў сёлета прыйшоў у наш ліцэй працаваць выкладчыкам спецтэхналогіі. У 2015 годзе ў нас паспяхова прайшлі навучанне некалькі дзясяткаў студэнтаў па кваліфікацыях “абліцоўшчык-тынкоўшчык” і “муляр”. На жаль, у 2016 годзе студэнтам было прапанавана атрымліваць рабочую кваліфікацыю на базе структурнага падраздзялення ўніверсітэта — ІПКіПК. Але ўзнікае пытанне: ці трэба ўніверсітэтам на гэтым этапе развіваць сваю вучэбна-вытворчую базу і ўкладваць туды значныя сродкі, калі ёсць магчымасць у нашых майстэрнях авалодваць навыкамі работы на сучасных механізмах з прымяненнем сучасных матэрыялаў?

Начальнік упраўлення продажаў прыватнага ўнітарнага прадпрыемства MAV нацыянальны эксперт WorldSkills па кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы” Аляксандр Радзюкоў выказаў погляд заказчыка кадраў на праблему падрыхтоўкі спецыялістаў.

— Мы рэгулярна праводзім навучанне персаналу ў падрадных, архітэктурных і праектных арганізацыях, але практыка паказала, што павышэнне кваліфікацыі мае абмежаваны рэсурс, — заўважыў эксперт. — З цягам часу прыйшло разуменне таго, што кадры лепш рыхтаваць са студэнцкай лаўкі. Гэта вылілася ў значную сацыяльную актыўнасць — адкрыццё лабараторый, правядзенне майстар-класаў і вучэбных семінараў на базе ўстаноў адукацыі, наш удзел у руху WorldSkills і стварэнне ўласнага вучэбнага цэнтра.

Аляксандр Радзюкоў прывёў прыклад задання WorldSkills па кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. Ён адзначыў, што, акрамя высокіх патрабаванняў да практычнай падрыхтоўкі канкурсанта, сёння на першы план на сусветным рынку выходзяць камунікатыўныя навыкі, інавацыйная скіраванасць, крэатыўнасць і г.д. — тое, што раней было ўласціва вышэйшай адукацыі. І ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі бяруць гэта пад увагу.

Як прадстаўнік вытворчасці Аляксандр Радзюкоў таксама патлумачыў, чаму студэнцкая практыка часта не прыносіць жаданага выніку:

— Так, згодна са стандартамі, для студэнтаў прадугледжана працяглая тэхналагічная практыка. Але, як правіла, гаворка ідзе пра выкарыстанне студэнтаў у якасці рознарабочых. Што здольны вынесці студэнт з такой практыкі? Асваенне новага абсталявання? Наўрад ці, бо гэтага абсталявання або няма, або яно настолькі дарагое, што навічка да яго проста не падпусцяць. Асваенне новых матэрыялаў? Хутчэй за ўсё, таксама не, бо, пакуль ён будзе гэта асвойваць, кампанія згубіць тэмп, тэрміны, якасць і, нарэшце, грошы, калі заказчык прад’явіць нейкія прэтэнзіі. Таму было б мэтазгодна тэхналагічную практыку хаця б часткова праводзіць на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта пацягне за сабой прыцягненне фінансавых плыней у гэтыя ўстановы, удасканаленне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы і, адпаведна, павышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў.

Падводзячы вынікі пасяджэння, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш адзначыў выдатную падрыхтоўку ўдзельнікаў па ўсіх пытаннях абмеркавання, падзякаваў за крытыку і шматлікія прапановы па ўдасканаленні работы. Вельмі важна, што ёсць яснае бачанне, куды рухацца, і разуменне таго, што менавіта трэба рабіць.

Вадзім Анатольевіч прывёў прыклад з даклада ААН аб чалавечым развіцці за 2016 год. У гэтым дакладзе сярод іншага ўказваюцца асноўныя патрэбы ў ведах і навыках у ХХІ стагоддзі (дарэчы, наша краіна заняла там высокае 52-е месца, і гэта забяспечана пераважна за кошт паказчыкаў у сферы адукацыі).

— Сярод асноўных патрэб эксперты ААН вызначаюць крэатыўнасць, крытычнае мысленне, здольнасць прымаць рашэнні, здольнасць да навучання, камунікатыўнасць, уменне працаваць у камандзе, асабістую і сацыяльную адказнасць, інфармацыйную адукаванасць, — адзначыў Вадзім Богуш. — Гэта сведчыць пра тое, што найбольш запатрабаваныя кампетэнцыі фарміруюцца ў калектыўнай практычнай дзейнасці. Праектуючы і ўдасканальваючы адукацыйныя стандарты і адукацыйныя методыкі, нам абавязкова трэба ўлічваць гэты аспект.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.