Працаваць на карысць людзям

- 10:32Людзі адукацыі

Вядомая народная мудрасць гаворыць: “Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца”. Гэтая прыказка цудоўна падыходзіць да Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і яго кіраўніка Алега Адамавіча Бахановіча, заслужанага работніка адукацыі Беларусі. Пацвярджэнне гэтага — назва ўстановы ў народзе. Бо спытай у прахожага месцазнаходжанне эканамічнага каледжа — ён задумаецца, а вось дарогу да “каледжа Бахановіча” пакажа кожны. Падобнае народнае прызнанне проста так не даецца, яго трэба заслужыць, прычым не прыгожымі словамі, а рэальнымі здзяйсненнямі. У Алега Адамавіча гэта атрымалася. Атрымалася дзякуючы нязломнаму характару, неймавернай працаздольнасці і ўменню душой хварэць за агульную справу.

У сферы адукацыі А.А.Бахановіч — невыпадковы чалавек. З педагогікай яго жыццё звязана ўжо больш як тры дзесяцігоддзі. Яго працоўная біяграфія звязана з абкамам камсамола, работай у Магілёўскім аблвыканкаме, дзе ён на працягу доўгага часу займаў пасаду першага намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі. У канцы 90-х Алег Адамавіч быў назначаны дырэктарам тагачаснага ПТВ № 70 хімікаў. Гэтае назначэнне стала для яго лёсавызначальным.

Кожную раніцу на працягу апошніх 23 гадоў А.А.Бахановіч упэўненым крокам уваходзіць у каледж, каб прыступіць не проста да любімай, а да ўжо роднай справы. Цяпер яго сустракае прыгожая, утульная, сучасная навучальная ўстанова — сапраўдны флагман сферы адукацыі Магілёўшчыны. Аднак так было не заўсёды. “Кіраўніком сённяшняга МДЭПТК я стаў вясной 1997 года. Тады каледж быў вучылішчам у стане, блізкім да закрыцця, і ўяўляў сабой фактычна безнадзейную навучальную ўстанову. У рэйтынгу ўстаноў ПТА рэгіёна вучылішча займала перадапошняе месца”, — расказаў Алег Адамавіч.

Усюды ва ўстанове сапраўды была негатыўная карціна: занядбаныя класы, аварыйны стан майстэрняў і інтэрната, запушчаная, нядобраўпарадкаваная тэрыторыя… Большая частка выпускнікоў была незапатрабаванай на рынку працы. Калі дакладней, вучылішча літаральна рыхтавала беспрацоўных. Таму і ўзнікла пытанне аб закрыцці ўстановы, і, здавалася, што гэта было адзінае правільнае рашэнне. Аднак А.А.Бахановіч аказаўся не з тых людзей, хто разводзіць рукамі, пускаючы ўсё на самацёк. Ён змог згуртаваць калектыў на змены да лепшага, накіраваць падначаленых на выкананне самых складаных задач з атрыманнем максімальнага выніку. Праз паўгода ўпартай працы пытанне аб закрыцці вучылішча не проста адпала. Пад кіраўніцтвам А.А.Бахановіча ўстанова атрымала новы эфектыўны імпульс да развіцця, а калектыў на доўгія гады стаў знакавым, адным з самых паспяховых у вобласці і краіне.

Сёння Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж — сучасны інавацыйны вучэбны комплекс, які ўключае ў сябе тры віды ўстаноў: ПТА, ССА і Цэнтр прафесійнай рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з АПФР. Як дакладна заўважае дырэктар, зараз установа — своеасаблівая “дзяржава ў дзяржаве”. Карпатлівай працай усяго калектыву тут створаны шматлікія сучасныя вучэбныя кабінеты, лабараторыі, камп’ютарныя класы, пяць музейных экспазіцый, рэсурсны цэнтр з аўтаномным аўтарамонтным падраздзяленнем, спартыўна-аздараўленчы, культурна-бытавы, медыцынскі комплексы, два камфартабельныя інтэрнаты, сваё харчаванне, майстэрні, дзе штогод выпускаецца каля 1000 найменняў запатрабаваных вырабаў, і многае іншае. Навучальная ўстанова аказвае медыцынскія, турыстычныя, транспартныя, цырульніцкія і іншыя паслугі.

МДЭПТК — адукацыйны брэнд Магілёўшчыны. Больш за 20 гадоў запар каледж з’яўляецца нязменным пераможцам працоўнага спаборніцтва сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці. “На працягу 14 гадоў наш каледж заслужыў права быць занесеным на абласную Дошку гонару як лепшая ўстанова адукацыі і навукі Магілёўскай вобласці. За шматгадовае лідарства і выдатны ўклад у развіццё прафесійнай адукацыі рэгіёна каледжу ў 2009 годзе на бестэрміновае захоўванне перададзены сцяг аблвыканкама. Па выніках 2015, 2018 гадоў наша ўстанова была занесена на рэспубліканскую Дошку гонару. У 2017 і 2019 гадах нас прызналі лепшымі ў краіне па забеспячэнні якасці падрыхтоўкі кадраў, — расказвае аб знакавых поспехах і дасягненнях каледжа дырэктар.

З асаблівым гонарам Алег Адамавіч гаворыць пра тое, што ўстанова, якую ён узначальвае, — піянер укаранення інклюзіўнай адукацыі ў Беларусі. У 1997 годзе на базе каледжа быў створаны першы ў краіне і на ўсёй постсавецкай прасторы Цэнтр прафесійнай рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. “Гэты праект быў накіраваны найперш на тое, каб змяніць стаўленне грамадства да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Ідэю я прывёз са Швецыі. Там людзі з інваліднасцю роўныя сярод роўных. А ў нас два дзесяцігоддзі назад гэтая моладзь была адна са сваёй бядой. Мне вельмі хацелася неяк ім дапамагчы, укараніць прынцыпы інклюзіі ў нашай краіне, каб асаблівыя маладыя людзі маглі знайсці сваё годнае месца ў жыцці. І мара ажыццявілася”, — адзначыў А.А.Бахановіч.

Дарэчы, за гады функцыянавання цэнтра атрымалі прафесію звыш 2300 выпускнікоў каледжа з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Вынікам іх якаснай падрыхтоўкі стала працаўладкаванне па прафесіі, замацаванне на вытворчасці, а 27 такіх выпускнікоў і ўвогуле працуюць на розных пасадах у каледжы. Адметна і тое, што кіраўніка Магілёўскага эканамічнага каледжа і яго калектыў адрознівае не толькі ўкараненне наватарскіх форм і метадаў прафесійнага навучання на базе сваёй установы, але і аказанне метадычнай дапамогі калегам і з вобласці, і з краіны. Дзякуючы падобнай дапамозе, аналагічныя магілёўскаму цэнтры зараз існуюць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Важна і тое, што ў каледжы працягваюць укараняць ідэі інклюзіі. З мінулага навучальнага года тут пачалі дыстанцыйнае прафесійнае навучанне маладых людзей з хваробамі апорна-рухальнага апарату.

У прыярытэце дзейнасці Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа — якасная прафесійная падрыхтоўка моладзі. Але не менш значную ўвагу дырэктар установы ўдзяляе развіццю талентаў і здольнасцей навучэнцаў. На міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах, алімпіядах, аглядах мастацкай самадзейнасці і спартыўных спаборніцтвах прадстаўнікамі каледжа заваявана каля 3000 прызавых дыпломаў. Асабліва важным А.А.Бахановіч лічыць і прывіццё падрастаючаму пакаленню любові да Радзімы, павагі да гісторыі сваёй краіны, выхаванне моладзі на духоўна-маральных каштоўнасцях беларускага народа. “У гэтым кірунку мы даўно плённа супрацоўнічаем з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Летась на базе каледжа быў адкрыты духоўна-асветніцкі цэнтр імя Кірылы і Мяфодзія, які спрыяе выхаванню моладзі на прынцыпах дабрыні, міласэрнасці і любові да блізкіх”, — паведаміў Алег Адамавіч.

У чым сакрэт такога поспеху? “Мая тэорыя поспеху простая. Я сам не ўмею працаваць для птушачкі і на гэта ж арыентую ўзначалены калектыў. Можна пабудаваць будынак, заваяваць мноства ўзнагарод, але самае складанае — стварыць калектыў аднадумцаў, людзей, якія гараць сваёй справай, з добрым настроем і новымі ідэямі ідуць на работу. Наш педагагічны калектыў — гэта адна вялікая сям’я, дзе кожны на сваім месцы і заняты любімай справай. У сваёй працы мы не бачым руціны. Усе педагогі каледжа — выключныя прафесіяналы, якія з чуласцю і ўважлівасцю адносяцца да сваіх падапечных. У нас ёсць агульная мэта, якая на працягу многіх гадоў застаецца нязменнай, — гэта падрыхтоўка кампетэнтных спецыялістаў, выхаванне неардынарных асоб”, — падкрэсліў А.А.Бахановіч.

На думку Алега Адамавіча, кіраваць калектывам — складанае мастацтва, у якім галоўныя якасці — уменне крытычна паглядзець на свае дзеянні і ўчынкі, праяўленне высокага прафесіяналізму і чалавечнасці. Не менш важныя — жаданне даследаваць і весці пошук новага, укараняць у сістэму адукацыі прагрэсіўныя і інавацыйныя тэхналогіі. Пра значную дзейнасць дырэктара ў сферы адукацыі гавораць шматлікія асабістыя ўзнагароды. Асабліва значны для яго сярод шэрага ганаровых грамат, дыпломаў, званняў — ордэн Святога Вернага царэвіча Дзімітрыя, які ўручаецца за заслугі ў апецы хворых, абяздоленых і маючых патрэбу ў дапамозе. Вельмі знакавым таксама стаў выпуск аўтарскай кнігі “Праз церні да сваіх зорак”, у двух тамах якой А.А.Бахановіч падрабязна расказаў пра гісторыю, калектыў, дасягненні і перадавы педагагічны вопыт Магілёўскага эканамічнага каледжа.

“Я заўсёды думаў не толькі пра вынікі ці перамогі, але і пра тое, што змагу ўнесці разам са сваім калектывам у развіццё прафесійнай адукацыі краіны. Важна, што пры ўсіх сваіх заслугах наш калектыў не забыўся, што важны не толькі вынік, але і працэс яго дасягнення. Таму мы не спыняемся на дасягнутым. Будзем працягваць імкнуцца да самаўдасканалення, асваення новых прафесійных вышынь. Праз церні ісці да сваіх зорак”, — запэўніў А.А.Бахановіч.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.