На пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечаным вынікам дзейнасці адукацыйнай галіны ў мінулым годзе і новым кірункам на гэты год, пасля выступлення міністра адукацыі М.А.Жураўкова іншыя выступоўцы выказалі свае меркаванні па некаторых, найбольш актуальных кірунках функцыянавання сістэмы адукацыі.
Паняцце “вышэйшая школа” ў новай трактоўцы
Сёння наспелі змены ў сістэме вышэйшай адукацыі, і пра гэта гаварылася не раз. Стратэгічны план такога развіцця Міністэрствам адукацыі ўжо вызначаны і выкладзены ў прапановах па ўнясенні змяненняў у Кодэкс аб адукацыі. І сёння, як выказаўся міністр адукацыі М.А.Жураўкоў, важна даць новую выразную трактоўку паняццю “вышэйшая адукацыя”.Віктар Анатольевіч Гайсёнак, рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, адзначыў, што для гэтага неабходна, перш за ўсё, вызначыцца з пералікам і зместам будучых праграм бакалаўрыяту, магістратуры і аспірантуры. Работа ў гэтым кірунку вялася РІВШ на працягу ўсяго 2015 года. У адпаведнасці з зацверджаным Міністэрствам адукацыі тэхнічным заданнем, інстытут пачаў фарміраваць новы пералік спецыяльнасцей і кваліфікацый, і гэтая работа павінна быць скончана ў бягучым годзе.
— На наш погляд, мэтазгодна, не чакаючы фарміравання класіфікатара па ўсіх узроўнях адукацыі, зацвердзіць яго для вышэйшай адукацыі на ўзроўні нашага міністэрства і пачаць работу па распрацоўцы адпаведных праграм бакалаўрыяту і магістратуры, — выказаўся Віктар Анатольевіч. — Тут важны фактар часу. Трэба, каб гэтыя праграмы былі ўжо гатовы да моманту афіцыйнага зацвярджэння новага класіфікатара спецыяльнасцей і кваліфікацый, бо паўзу ў навучанні студэнтаў зрабіць нельга.
Пры гэтым трэба падрыхтаваць меркаванне акадэмічнай супольнасці і меркаванне грамадскасці ў цэлым пра гатоўнасць прыняць новы класіфікатар. У сувязі з гэтым было б мэтазгодным правесці адкрытыя абароны пералікаў спецыяльнасцей па напрамках адукацыі з запрашэннем асноўных стэйкхолдэраў вышэйшай адукацыі, правесці растлумачальную работу ў сродках масавай інфармацыі.
Адначасова з пераглядам класіфікатара інстытутам у цяперашні момант распрацоўваецца пакет нарматыўна-вучэбнай дакументацыі па забеспячэнні новых адукацыйных праграм магістратуры і бакалаўрыяту. Гэта, у прыватнасці, макеты адукацыйных стандартаў новага пакалення, якія прадугледжваюць высокі ўзровень акадэмічнай свабоды ВНУ, гэта нарматыўная база па прафілізацыі адукацыйных праграм, нарматыўныя дакументы па забеспячэнні крэдытна-модульнай сістэмы, сеткавага навучання і інш. Без гэтых дакументаў немагчыма будзе распрацоўваць канкрэтныя адукацыйныя праграмы ў ВНУ ў рамках новай структуры спецыяльнасцей. Тут таксама нельга будзе абысціся без зваротнай сувязі з акадэмічнай супольнасцю, Саветам рэктараў, іншымі зацікаўленымі структурамі.
Як падкрэсліў рэктар РІВШ, новая трактоўка вышэйшай адукацыі запатрабуе і адпаведнай падрыхтоўкі прафесарска-выкладчыцкага складу і адміністрацыйнага персаналу ВНУ. Ужо ў бягучым годзе інстытут прапануе 6 новых курсаў павышэння кваліфікацыі па адпаведнай тэматыцы. Сумесна з калегамі з Германіі для кіраўніцкага і прафесарска-выкладчыцкага складу ВНУ таксама распрацоўваюцца праграмы перападрыхтоўкі і магістратуры па выкарыстанні сучасных тэхналогій.
Сёння неабходна актыўна развіваць электронную і дыстанцыйную адукацыю. Як мяркуе рэктар, неабходна, перш за ўсё, распрацаваць праект і стварыць агульны воблачны адукацыйны рэсурс з адкрытым доступам. Такія парталы ёсць у многіх краінах і ў многіх буйных універсітэтах. Цяпер важна вызначыцца, што размяшчаць на гэтым партале. Гаворка ідзе менавіта аб сучасных электронных адукацыйных рэсурсах, а не аб электронных копіях кніг або канспектаў. Для стварэння такіх сучасных рэсурсаў патрэбны сістэмныя намаганні на ўзроўні нашых універсітэтаў, метадычных службаў. Гэтыя намаганні будуць мець сэнс у тым выпадку, калі пачаць адыходзіць ад класічнай сістэмы чытання лекцый (такая тэндэнцыя з’яўляецца ўжо глабальнай), калі выкладчык будзе адыгрываць ролю не жывой аўдыякніжкі, а актыўнага ўдзельніка ў вучэбным дыялогу са студэнтам. Для перадачы ж базавых ведаў могуць выкарыстоўвацца іншыя метады: самастойная работа з падручнікам, анлайн-курсы, электронныя падручнікі. В.А.Гайсёнак заявіў, што РІВШ гатовы забяспечыць адпаведнае метадычнае суправаджэнне ўкаранення сучасных актыўных адукацыйных тэхналогій праз павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку. Адпаведныя адукацыйныя праграмы ў інстытуце распрацаваны і рэалізоўваюцца.
— Адно з найважнейшых пытанняў, якое стаіць сёння на парадку дня вышэйшай школы — кантроль і забеспячэнне якасці адукацыі, — падкрэсліў Віктар Анатольевіч. — Для яго вырашэння трэба распрацоўваць сістэму забеспячэння якасці з улікам міжнароднага вопыту, стандартаў і інструкцый для гарантавання якасці вышэйшай адукацыі ў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, выкарыстання крэдытна-модульнай сістэмы і міжнароднага стандарту ІСО 9001:2015 у прымальным для нас варыянце. Наш інстытут гатовы распрацаваць і гэтую мадэль, і практычныя рэкамендацыі па яе рэалізацыі.
Падручнік-навігатар
Сёння да нацыянальнага падручніка прыкавана ўвага з боку грамадства. У сувязі з пераходам на новы змест навучання наспела вострая неабходнасць стварэння падручнікаў новага пакалення. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, гэты год павінен быць пераломным у стварэнні новых падручнікаў, якія б адказвалі сучасным патрабаванням як па форме, так і па змесце. Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Аляксандравіч Важнік паведаміў, што ў НІА ўпершыню распрацавана і зацверджана Канцэпцыя базавага падручніка. Згодна з ёй, базавы падручнік будзе мець сістэму электронных дадаткаў, якія пашыраць і дапоўняць асноўную інфармацыю і дзе будзе змешчаны дадатковы ілюстрацыйны, даведачны, дыдактычны, кантрольна-дыягнастычны матэрыял. Новы падручнік будзе своеасаблівай інтэграцыяй вучэбнай інфармацыі, дыдактычных інавацый і новых інфармацыйных тэхналогій.
— Новыя падручнікі павінны распрацоўвацца ў строгай адпаведнасці з новымі вучэбнымі праграмамі, — заявіў дырэктар НІА. — Пры гэтым аўтар павінен бачыць не толькі праграму канкрэтнага класа, але і ўсю лінейку, бо неабходна разуменне таго, што і як вывучалася раней і якая перспектыва вывучэння зместу канкрэтнага прадмета.
С.А.Важнік адзначыў, што праблемы традыцыйных падручнікаў звязаны з перагружанасцю тэкставым вучэбным матэрыялам, складанасцю яго выкладання, адсутнасцю дастатковай колькасці заданняў праблемнага і творчага характару, недастатковасцю ілюстрацый: малюнкаў, дыяграм, схем, табліц. Акрамя таго, не задавальняе дызайн большасці наяўных падручнікаў, у тым ліку шрыфтавое афармленне, каляровыя фонавыя выдзяленні асноўнага і дадатковага тэксту. Да існуючых падручнікаў не былі распрацаваны ў дастатковай ступені электронныя дадаткі, якія з’яўляюцца часткай вучэбна-метадычнага комплексу вучэбнага прадмета.
— Падручнік новага пакалення павінен быць асобасна і практыка-арыентаваным, — падкрэсліў Сяргей Аляксандравіч. — Такое выданне павінна ўтрымліваць творчыя заданні для самастойнай працы і матэрыялы для самакантролю, якія дазволяць замацаваць пройдзены матэрыял, творча засвоіць паняцці і тэорыю, прымяніць іх у вырашэнні канкрэтных жыццёвых сітуацый.
З 1 верасня 2015 года інстытут арганізаваў і правёў тры этапы конкурсу па стварэнні новых вучэбных дапаможнікаў па 28 прадметах для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Цяпер праводзіцца 4-ы этап па 18 прадметах. У конкурсе прымаюць удзел вядомыя аўтарскія калектывы, вучоныя, настаўнікі-практыкі, метадысты. Адметна, што з’явіліся новыя імёны аўтараў. У адпаведнасці з перспектыўным планам па падрыхтоўцы і выпуску падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў на 2016—2020 гады, плануецца падрыхтоўка і выданне 299 найменняў, з іх 185 — новыя выданні.
Пры правядзенні конкурсу НІА сутыкнуўся з праблемай адсутнасці канкурэнцыі паміж аўтарскімі калектывамі з прычыны таго, што ў большасці выпадкаў у конкурсе ўдзельнічаюць толькі калектывы, якія стваралі дзеючыя падручнікі. Існуе таксама ўзроставая праблема і праблема кваліфікацыі аўтараў. Прызнаныя аўтары, на жаль, старэюць. Новыя аўтары не заўсёды маюць патрэбны вопыт. Для вырашэння праблемы неабходна сумесная работа вопытных выкладчыкаў і педагогаў вядучых ВНУ краіны, вопытных настаўнікаў-практыкаў і метадыстаў.
Каб наладзіць сістэмную работу з патэнцыяльнымі аўтарамі падручнікаў, дырэктар НІА прапанаваў арганізаваць пры інстытуце пастаянна дзеючы семінар, на якім абмяркоўваліся б праблемы стварэння падручнікаў новага пакалення.
С.А.Важнік паведаміў і аб тым, што ў мінулым годзе інстытутам была распрацавана інавацыйная мадэль падручніка-навігатара для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама створаны макетны ўзор такога падручніка па арганічнай хіміі (10 клас) для III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Цяпер гэты падручнік праходзіць доследную эксперыментальную апрабацыю ў Ліцэі БДУ. Паводле папярэдніх ацэнак спецыялістаў можна зрабіць выснову, што падобныя адукацыйныя прадукты будуць спрыяць павышэнню эфектыўнасці засваення вучэбнага матэрыялу, а таксама навучаць школьнікаў самастойна шукаць патрэбную інфармацыю і прымяняць яе на практыцы. Распрацоўшчыкі падручніка-навігатара падрыхтавалі рэкамендацыі па стварэнні такіх падручнікаў і па іншых вучэбных прадметах.
Профільнае навучанне — мэтазгоднасць відавочная
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай паведаміў, што як і ў іншых установах вобласці і краіны, у бягучым навучальным годзе ў дзевяці школах Лідскага раёна ўведзена профільнае навучанне на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Рэгіён ужо мае пэўны вопыт работы па арганізацыі вывучэння прадметаў на павышаным узроўні і даказаў дзеяздольнасць гэтага кірунку высокімі вынікамі. Усяго профільным навучаннем ахоплена 24,6% (213) навучэнцаў у складзе адзінаццаці 10-х профільных класаў. На павышаным узроўні арганізавана вывучэнне 8-мі вучэбных прадметаў.
— Лічым, што паспяховасць профільнага навучання ў першую чаргу звязана з высокапрафесійнымі кіраўніцкімі дзеяннямі на ўсіх узроўнях па суправаджэнні профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі, з гатоўнасцю і зацікаўленасцю ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, — падкрэсліў Аляксандр Уладзіміравіч.
З гэтай мэтай аддзел адукацыі, спорту і турызму ажыццяўляе арганізацыйна-кіраўніцкія мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне якасці створаных ва ўстановах умоў для арганізацыі профільнага навучання. Так, у верасні мінулага года аддзелам ажыццёўлены аператыўны кантроль. З лютага па сакавік бягучага года будуць праведзены раённы конкурс на лепшы кабінет профільнага класа і педагагічны форум “Рэалізацыя прынцыпаў дыферэнцыраванага навучання ва ўмовах профільнага навучання”. Цяпер ідзе падрыхтоўка да семінара для кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па тэме “Рэалізацыя комплекснага падыходу да арганізацыі профільнага навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Акрамя гэтага, наладжана круглагадовае метадычнае суправаджэнне педагогаў, якія працуюць у профільных класах, праз работу раённых і школьных метадычных фарміраванняў.
Улічваючы актуальнасць пытання якаснай арганізацыі дапрофільнай і дапрафесійнай падрыхтоўкі вучняў 8—9 класаў, адкрыцця ў рамках профільнага навучання класаў педагагічнай накіраванасці, у план работы аддзела ўключаны тэматычны кантроль па тэмах “Дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па прафарыентацыі вучняў”, “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне работы з вучнямі з рознай вучэбнай матывацыяй”. У яго рамках будзе вывучана пытанне работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы па забеспячэнні сістэмнага суправаджэння дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання.
Як адзначыў кіраўнік аддзела, адной з асноўных умоў функцыянавання профільных класаў з’яўляецца наяўнасць сучаснага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя і ўменне педагогаў правільна выкарыстоўваць гэты рэсурс у адукацыйным працэсе. Сёння ўсе ўстановы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна маюць высакаскорасны доступ да сеткі інтэрнэт па тэхналогіі ADSL, вядзецца работа па доступе ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі да сеткі інтэрнэт па тэхналогіі Wi-Fi. Укараняюцца web-пашырэнне ПТК “ПараГраф”, электронныя дзённікі вучняў і класныя журналы на гэтай платформе. На сённяшні дзень закуплена праграмнае забеспячэнне для кожнай установы агульнай сярэдняй адукацыі.
Адкрыты дыялог з моладдзю
Наталля Іванаўна Пшанічная, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі, нагадала, як у 2015 годзе — Годзе моладзі, актывізаўся ўдзел маладых людзей у фарміраванні і рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Упершыню ў мінулым годзе была праведзена Міжнародная канферэнцыя па студэнцкім самакіраванні, на якой студэнты з усіх рэгіёнаў краіны абмеркавалі ўдзел у вырашэнні пытанняў адукацыі і выхавання, інавацыйныя формы работы, у тым ліку ў інфармацыйнай прасторы, пытанні выяўлення і навучання лідараў і многія іншыя.
Асаблівую папулярнасць заваяваў праект БРСМ па правядзенні адкрытых дыялогаў. Моладзь краіны мела магчымасць у адкрытым фармаце, праз дыялог, мець зносіны з прадстаўнікамі ўлады самых розных узроўняў, вядомымі людзьмі, выказваць свае ідэі і прапановы. Мінулы год адметны і тым, што былі створаны Рэспубліканскі студэнцкі савет і Маладзёжны савет пры Міністэрстве адукацыі, якія сталі пляцоўкамі для абмеркавання сярод моладзі праблемных пытанняў. У асяроддзі студэнцкай, рабочай, сельскай, навуковай моладзі працуюць саветы, маладзёжныя парламенты і палаты. Такім чынам, адбываецца злучэнне моладзі і органаў дзяржаўнага кіравання. Задачу фарміравання сацыяльнай адказнасці моладзі шмат у чым вырашаюць студэнцкія і валанцёрскія атрады. Актыўна развіваецца студатрадаўскі рух, які аб’ядноўвае больш за 70 тысяч маладых людзей. У валанцёрскім руху сёння прымаюць удзел 52 тысячы чалавек. Павелічэнню колькасці валанцёраў спрыяе канцэпцыя валанцёрскага руху ў Рэспубліцы Беларусь, дзе вызначаны паняцці “валанцёр”, “валанцёрская дзейнасць”, яе асноўныя напрамкі і прынцыпы. Да гэтага ў краіне не было нарматыўнай асновы па гэтым відзе дзейнасці. Асаблівай увагі патрабуе прафілактыка негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі. Найбольш эфектыўным кірункам у гэтым з’яўляецца максімальная занятасць моладзі і міжведамасны падыход у вырашэнні праблем. Узаемадзеянне з грамадскімі і міжнароднымі арганізацыямі — неабходная ўмова для падтрымкі і сацыялізацыі маладых людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Сёння неабходна падтрымка маладзёжнаму прадпрымальніцтву, стартап-руху. У гэтым кірунку важна ўзаемадзеянне дзяржаўных і прыватных структур.
— Прапаноўваем таксама вярнуцца да пытання аб зацвярджэнні распрацаванага праекта Стратэгіі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь да 2020 года, — зазначыла Наталля Іванаўна. — Міжнародны вопыт паказвае, што наяўнасць такога дакумента — гэта і іміджавае пытанне для краіны. 2016 год — Год культуры, год парламенцкіх выбараў і год 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Гэта таксама наш год, і ў кожнай гэтай падзеі моладзь прыме самы актыўны ўдзел.
Ала КЛЮЙКО.