Права на адукацыю без дыскрымінацыі

- 14:27Якасць адукацыі

Прадстаўнікі ЮНІСЕФ з 24 краін наведалі Інстытут інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка

У рамках афіцыйнага візіту ў Беларусь спадарыні Афшан Хан, рэгіянальнага дырэктара ЮНІСЕФ па краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі, замежная дэлегацыя наведала Інстытут інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Сярод гасцей былі прадстаўнікі Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), кіраўнікі рэгіянальных офісаў з 24 краін (Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Егіпта, Іспаніі, Італіі, Канады, Карэі, Нарвегіі, Расіі, ЗША, Судана, Францыі, Японіі і іншых). Усе яны прымуць удзел у пасяджэнні рэгіянальнай групы, дзе будуць абмяркоўвацца стан і перспектывы развіцця інклюзіўнай адукацыі ў Беларусі.

Вітаючы прадстаўнічую дэлегацыю, рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў: “Павышаная ўвага з боку прадстаўнікоў ЮНІСЕФ да Беларусі зразумелая. У нашай краіне назапашаны станоўчы вопыт арганізацыі сістэмы спецыяльнай і інтэграванай адукацыі для дзяцей з АПФР. Беларусь знаходзіцца ў міжнародным трэндзе па стварэнні сістэмы інклюзіўнай адукацыі, якая робіць даступным навучанне для дзяцей з рознымі псіхафізічнымі асаблівасцямі сумесна са звычайнымі дзецьмі. Мы ўносім адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Кодэкс аб адукацыі. У заканадаўстве з’явіцца тэрмін “інклюзіўная адукацыя”.

Адносна нядаўна ў БДПУ імя Максіма Танка быў створаны Інстытут інклюзіўнай адукацыі, які размясціўся на базе факультэта спецыяльнай адукацыі. Пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у інстытуце быў адкрыты Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі. А ўніверсітэт атрымаў статус базавай арганізацыі ў СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у сферы інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. Адпаведнае рашэнне было прынята падчас пасяджэння Савета дзяржаў — удзельніц СНД па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, якое адбылося гэтай вясной у Маскве. Застаўся апошні крок — кіраўнікі дзяржаў СНД павінны зацвердзіць гэтае рашэнне. Атрыманне БДПУ імя Максіма Танка статусу рэсурснага цэнтра для дзяржаў СНД па падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы спецыялістаў у сферы інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі дазволіць павысіць імідж нашай краіны ў міжнароднай адукацыйнай прасторы, пашырыць экспарт адукацыйных паслуг і рэалізоўваць міжнародныя праграмы па падрыхтоўцы адпаведных спецыялістаў.

“Візіт замежных гасцей у Беларусь дапаможа нам устанавіць важныя сувязі і кантакты, пасадзейнічае рэалізацыі сумесных адукацыйных, навуковых, сацыяльных праектаў паміж нашым універсітэтам і ўстановамі адукацыі замежных краін, — звярнуўся да прадстаўнікоў ЮНІСЕФ Аляксандр Іванавіч. — Усе дзеці павінны вучыцца ў роўных умовах, каб быць сацыялізаванымі, адчуваць сябе паўнацэннымі грамадзянамі сваёй краіны, рэалізоўваць свой патэнцыял, незалежна ад асаблівасцей развіцця. У цэлым гэта пасадзейнічае фарміраванню ў грамадстве талерантных адносін да людзей з АПФР”.

“Кіраўнікі рэгіянальных офісаў з 24 краін сустрэліся ў Мінску для таго, каб пазнаёміцца з дасягненнямі Беларусі ў развіцці інклюзіўных працэсаў, — адзначыла рэгіянальны дырэктар ЮНІСЕФ па краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі Афшан Хан. — Праграма, якую мы рэалізоўваем у гэтым рэгіёне, мае мэту падтрымаць ранняе дзіцячае развіццё, інклюзіўную адукацыю і работу з падлеткамі. Адпаведную работу курыруе аддзяленне ЮНІСЕФ у Беларусі. Мы зацікаўлены ў абмене вопытам з беларускімі спецыялістамі, у вывучэнні праблем, з якімі яны сутыкаюцца на шляху да інклюзіі. Лічу, што ў Беларусі пакладзены добры пачатак у гэтым кірунку, закладзены надзейны фундамент, які дазволіць развівацца інклюзіўным працэсам далей. Неабходна, каб як мага большая колькасць дзяцей была ахоплена інклюзіўнымі праектамі і праграмамі. У першую чаргу гэта тычыцца арганізацыі вучэбнага працэсу ў школах. Навучэнцы з абмежаванымі магчымасцямі, з інваліднасцю павінны набываць адукацыю па стандартных школьных праграмах. Ад гэтага выйграюць усе: і дзеці з абмежаваннямі, і дзеці, якія будуць іх акружаць. У выніку будзе сфарміравана грамадства, заснаванае на прынцыпах інклюзіўнасці і прыняцця розных людзей. У грамадстве варта ўкараняць думку аб тым, што ўсе людзі, незалежна ад сваіх асаблівасцей, павінны мець магчымасць раскрыць свой патэнцыял у жыцці. Вялікая роля ў гэтым пытанні адводзіцца СМІ”.

“Уключэнне дзяцей з інваліднасцю ў якасны працэс навучання. Што для гэтага неабходна зрабіць?”— сфармуляваў тэму свайго выступлення рэгіянальны саветнік ЮНІСЕФ па пытаннях адукацыі Філіп Тэста-Феры. — Канвенцыя аб правах інвалідаў, прынятая ў 2006 годзе, — вялікі крок наперад. Яна акрэсліла ўзровень адказнасці для дзяржаў, якія яе падпісалі, за выкананне правоў дзяцей з інваліднасцю. У многіх краінах існуюць сур’ёзныя праблемы з рэалізацыяй палажэнняў канвенцыі, паколькі ўзровень дыскрымінацыі дзяцей з інваліднасцю высокі. Па-ранейшаму існуе вялікая колькасць бар’ераў у сістэме адукацыі. Застаецца нізкім узровень разумення таго, што такое інваліднасць, што такое інклюзіўная адукацыя, якія магчымасці яна адкрывае. Дзеці з інваліднасцю ў некаторых дзяржавах практычна не ўлічваюцца нацыянальнай статыстыкай, паколькі даныя аб іх адсутнічаюць. Распаўсюджаны і меркаванні аб тым, што інклюзіўная адукацыя не патрэбна”.

У жніўні 2016 года камітэт па правах людзей з інваліднасцю пры падтрымцы ЮНІСЕФ прыняў агульны каментарый да артыкула 24 “Права на адукацыю” канвенцыі, які інтэрпрэтуе змест артыкула. Гэты артыкул укараніў у практыку шэраг канцэпцый, якія з’яўляюцца фундаментальнымі для правільнага разумення інклюзіўнай адукацыі. У ім ідзе гаворка аб праве на атрыманне адукацыі без дыскрымінацыі на аснове прадастаўлення роўных магчымасцей; аб сістэме інклюзіўнай адукацыі, якая павінна быць на ўсіх узроўнях; аб забеспячэнні разумнага прыстасоўвання і мер па арганізацыі індывідуальнай падтрымкі; аб магчымасцях засвойваць навыкі для роўнага ўдзелу ў працэсе адукацыі і ў якасці членаў мясцовай супольнасці; аб забеспячэнні дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці настаўнікамі, якія валодаюць неабходнымі навыкамі; аб прагрэсіўнай паступовай рэалізацыі права на адукацыю.

Можна выдзеліць некалькі ўзаемазвязаных аспектаў у развіцці інклюзіўнай адукацыі. Па-першае, адукацыйны аспект, калі ўсе дзеці ва ўмовах інклюзіі вучацца больш эфектыўна. Па-другое, сацыяльны аспект: інклюзіўная адукацыя садзейнічае стварэнню інклюзіўнага грамадства. Па-трэцяе, эканамічны аспект: інклюзіўная адукацыя эканамічна эфектыўная. Усё больш фактаў сведчыць пра тое, што навучанне дзяцей з абмежаваннямі ў звычайных школах патрабуе менш затрат, чым стварэнне і фінансаванне спецыяльных школ для дзяцей з інваліднасцю.

Што такое інклюзіўная адукацыя? Гэта перш за ўсё фундаментальнае права чалавека, прынцып, які робіць усіх навучэнцаў у роўнай ступені важнымі. Тут мы гаворым не толькі пра дзяцей з інваліднасцю, але і пра дзяцей з рознымі спецыяльнымі патрэбамі ў сферы адукацыі, у тым ліку дзяцей з этнічных меншасцей, са складаных сем’яў і г.д. Інклюзіўная адукацыя — гэта сродак для рэалізацыі іншых правоў (на работу, на ўдзел у грамадскім жыцці і г.д.), гэта вынік працэсу адданасці прынцыпам устаранення перашкод на шляху рэалізацыі правоў дзяцей на адукацыю.

Варта адрозніваць паняцці “выключэнне” і “сегрэгацыя”, “інтэграцыя” і “інклюзія”. Выключэнне — гэта сітуацыя, калі навучэнцам з абмежаваннямі ўвогуле не прадастаўляецца доступ да адукацыі, яны не ўваходзяць у адукацыйную сістэму. Сегрэгацыя — гэта калі адукацыя і навучанне дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ажыццяўляецца ў асаблівым асяроддзі, у асобных установах або інстытутах, у ізаляцыі ад звычайных вучняў. Інтэграцыя — уключэнне дзяцей з асаблівымі патрэбамі ў тыповыя ўмовы звычайных школ, але пры гэтым дзеці з інваліднасцю павінны адаптавацца да стандартаў адукацыйнай установы, а не наадварот. Інклюзія — гэта калі сістэма школьных устаноў трансфармуецца такім чынам, што змест адукацыйнага працэсу, стратэгіі і метадалогія, падыходы ў рабоце адаптуюцца да асаблівых патрэб кожнага дзіцяці. Кожны навучэнец мае права на індывідуальны план работы з ім, што прадугледжвае як забеспячэнне неабходнага разумнага прыстасоўвання, так і канкрэтнай падтрымкі, напрыклад, дапамогі для наладжвання камунікацыі.

Меры па прагрэсіўнай рэалізацыі артыкула 24 з’яўляюцца ключавым аспектам агульнага каментарыя. Рух у бок інклюзіўнай адукацыі павінен ажыццяўляцца паэтапна. Урады некаторых краін лічаць, што яны не могуць забяспечыць інклюзіўнасць для дзяцей, маўляў, да гэтага не гатовы педагогі, няма неабходных рэсурсаў і г.д. Канечне, рэалізацыя многіх прынцыпаў інклюзіўнай адукацыі залежыць ад наяўнасці рэсурсаў, але гэта не азначае, што іх адсутнасць можна спісаць на нежаданне адказных за гэта асоб або іх негатоўнасць рэалізоўваць канцэпцыю інклюзіі. Мы павінны разумець, што неабходны комплексныя ўсеагульныя намаганні ў гэтым кірунку ва ўсіх урадавых установах і органах улады, каб адказнасць за развіццё інклюзіўных працэсаў не была прэрагатывай выключна Міністэрства адукацыі, каб было партнёрства некалькіх урадавых органаў ва ўкараненні інклюзіі.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што права на інклюзіўную адукацыю — адно з асноўных правоў чалавека, а не штосьці дадатковае ці пытанне добрай волі. Інклюзіўная адукацыя забяспечвае сацыяльныя, эканамічныя і адукацыйныя перавагі — узаемавыгаднае ўкладанне сродкаў. Яна павінна разглядацца як працэс, які ўключае і прававую рэформу, і пераўтварэнне культуры грамадства, яго палітычнай дзейнасці. Інклюзія не можа існаваць толькі на ўзроўні школ. Надышоў час для ўкладання сродкаў, для таго, каб ператварыць у рэальнасць правы людзей з абмежаваннямі.

Дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Вера Валер’еўна Хітрук расказала аб ролі і дзейнасці сваёй установы па падтрымцы ідэй інклюзіўнай адукацыі ў Беларусі: “Што трэба зрабіць для таго, каб усе дзеці былі ўключаны ў агульнаадукацыйную прастору? Што ўдалося зрабіць сёння? Што функцыянальна мяняецца ў задачах падрыхтоўкі настаўніка-дэфектолага, які будзе працаваць ва ўмовах інклюзіі? Што павінна быць у змесце яго падрыхтоўкі?

У БДПУ для ўсіх будучых настаўнікаў з 1998 года выкладаўся курс (модуль) на 24 гадзіны “Асновы карэкцыйнай педагогікі”. З 2013 года выкладаецца дысцыпліна “Тэорыя і практыка спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі”.

Гэты навучальны год унікальны для сістэмы адукацыі, паколькі будуць стварацца новыя адукацыйныя стандарты для падрыхтоўкі педагогаў (дашкольнай адукацыі, І, ІІ і ІІІ ступені адукацыі, настаўнікаў-дэфектолагаў). Сёння нам неабходна падрыхтаваць цэлае пакаленне настаўнікаў для працы ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі. Пачынаць трэба з фарміравання інклюзіўнага мыслення. Нашмат прасцей рабіць гэта ў пачатку шляху будучых педагогаў, чым перастройваць настаўнікаў, якія маюць вялікі працоўны стаж.

Сёння мы робім акцэнт на тым, што больш не павінны ўжывацца словы “інвалід”, “хворы”, трэба гаварыць “чалавек (дзіця, мужчына, жанчына) з інваліднасцю”, або “чалавек з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. У каго з нас няма такіх асаблівасцей? У сувязі з гэтым скажу, што нашы спецыялісты ўзнімаюць пытанне аб некарэктнасці перакладу назвы асноўнага дакумента — Канвенцыі аб правах інвалідаў. Мы адышлі ад ужывання тэрміна “дзеці з разумовай адсталасцю”, ёсць толькі “дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю”. Замест “глухія” мы гаворым “людзі, якія не чуюць”, замест “сляпыя” — “невідушчыя”. Некарэктна гаварыць “дзеці з затрымкай псіхічнага развіцця”, бо ёсць тэрмін “дзеці з цяжкасцямі ў навучанні”. Інстытут інклюзіўнай адукацыі зараз прымае ўдзел у праекце “Ясная мова”, які рэалізоўвае БелАДДІіМІ. Важнай задачай гэтага праекта з’яўляецца фарміраванне журналісцкай этыкі.

Наступны важны кірунак — навуковыя даследаванні. Наша краіна дастаткова позна далучылася да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, але вельмі хутка прыняла рашэнне аб яе ратыфікацыі. Першы крок абдумваўся доўга і грунтоўна, а затым мы хутка прыступілі да канкрэтнай работы. Кожны крок у сістэме адукацыі мы робім на аснове праведзеных навуковых даследаванняў. Напрыклад, на 2018 год ад Інстытута інклюзіўнай адукацыі мы падалі заяўку ў Міністэрства адукацыі і спрабуем такім чынам пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) адказаць на пытанне: што рабіць са зместам пачатковай адукацыі? Калі некаторыя краіны сёння вырашаюць пытанне, як “дагрузіць” дзіця, то нам трэба вырашыць, як разгрузіць змест адукацыі, каб ён адлюстроўваў патрэбы кожнага вучня. Гэтае даследаванне дазволіць з’явіцца адаптыўнай дыдактыцы і навучыць кожнага педагога працаваць са зместам асноўнай адукацыі, падбіраючы адэкватныя метады, прыёмы і дыдактычныя спосабы работы.

Што такое работа псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі? Як мяняецца яе функцыя? Пры паступленні дзіцяці ва ўстанову адукацыі павінны быць агавораны спецыяльныя ўмовы, якія трэба стварыць менавіта для яго (пандусы і поручні, суправаджэнне, адаптаваная праграма навучання).

Сёння пры падтрымцы ЮНІСЕФ нашы спецыялісты распрацоўваюць метадычныя рэкамендацыі па стварэнні спецыяльных умоў для кожнай катэгорыі дзяцей з АПФР. Рэкамендацыі будуць уключаць кароткую характарыстыку кожнай групы дзяцей, абазначэнне таго, якім чынам дзіця павінна быць уключана ў адукацыйны працэс, ва ўзаемадзеянне з равеснікамі. Гэта будуць рэкамендацыі для ўсіх настаўнікаў кожнай установы адукацыі. У Інстытуце інклюзіўнай адукацыі ёсць лабараторыя “Адукацыя без межаў”, створаная ў 2008 годзе па ініцыятыве Міністэрства адукацыі. У ёй сканцэнтраваны праграмнае забеспячэнне, матэрыяльныя рэсурсы, што паказваюць, якімі могуць быць у кожнай установе спецыяльныя ўмовы, створаныя для дзяцей з абмежаваннямі. Зараз распрацоўваюцца адпаведныя метадычныя рэкамендацыі, у якіх будзе адлюстравана, як гэтыя рэсурсы могуць быць выкарыстаны ў інклюзіўнай адукацыі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.