Праведнікі міру з вёскі Індычы. Што высветлілі вучні Пелішчанскай школы падчас даследавання

- 14:24Образование

Члены краязнаўчага гуртка “Мая вёска” Пелішчанскай сярэдняй школы Камянецкага раёна правялі невялікае даследаванне падзей Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Пелішчанскага сельсавета.

Індычы размешчаны ў Камянецкім раёне. Сёння тут пражывае ўсяго 26 чалавек. Гэта маленькая вёсачка, у якой жылых і пустых дамоў прыкладна пароўну, адна вясковая вуліца даўжынёй каля 300 метраў. Са славутасцей — праваслаўны храм Нараджэння Багародзіцы.

Вёска мае багатую гісторыю. У канцы XIX стагоддзя Індычы былі цэнтрам Жыцінскай воласці. А з 1921 па 1928 год — цэнтрам гміны Жыцінь у Брэсцкім павеце. Пры храме дзеці атрымлівалі адукацыю ў царкоўна-прыходскай школе (стаяў асобны будынак, разабраны ў гады Першай сусветнай вайны). Працаваў ветраны млын, шынок недалёка ад царквы. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Індычах здарылася гісторыя, сюжэт якой цалкам мог бы стаць асновай для сцэнарыя мастацкага фільма.

Пра тое, як Гаўрыла, просты сялянскі хлопец з Індыч, малодшы з трох братоў Анішчук, у 1920-х гадах апынуўся ў Мінску, нам вы­светліць не ўдалося. Хлопец быў выдатнай асобай: вывучыўся на журналіста. Падчас вучобы ажаніўся з дзяўчынай з яўрэйскай сям’і па імені Лібэ. Пасля заканчэння ВНУ сям’я паехала ў Гомель. Там у іх у 1931 годзе нарадзіўся першынец — сын Гарык. А праз некаторы час у сям’і зноў адбылося папаўненне — сыночак Вілен.

У 1939 годзе тысячы прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі былі накіраваны ў вызваленыя раёны Заходняй Беларусі для ўладкавання новага жыцця. У іх ліку апынуўся і Гаўрыла Анішчук. Яго прызначылі журналістам у рэдакцыю толькі што ўтворанай газеты “Заря”. У пачатку 1940 года сям’я пераехала ў Брэст.

Пачалося звычайнае жыццё. Маладой сям’і выдзелілі жыллё. Гаўрыла працаваў у газеце. Лібэ, маючы таксама дыплом журналіста, выхоўвала дзяцей. На той час іх было ўжо трое: нарадзілася дачка Соня. Усё ішло сваім парадкам. Але 22 чэрвеня 1941 года пачалася вайна.

Здарылася так, што ў суботу 21 чэрвеня ў гасцях у сям’і быў брат Гаўрылы Антон. Ён прыехаў на кані з Індыч у Брэст па пакупкі і заначаваў у сваякоў. З першымі залпамі вайны Гаўрыла Анішчук адправіўся ў рэдакцыю газеты. У гэты момант сям’я разлучылася на доўгія 4 гады.

Работнікаў газеты змаглі эвакуіраваць, а Лібэ з дзецьмі засталася адна. Антон прыняў мудрае сялянскае рашэнне: “Збірай дзяцей і едзем да нас — у Індычы”. Пагрузіўшы на калёсы няхітры скарб, сваякі адправіліся ў дарогу. Так у вёсцы Індычы ў самым пачатку вайны з’явілася яўрэйская сям’я. Лібэ з дзецьмі прыняла на пастой старая адзінокая бабка Матрона.

А вакол ішла вайна. Немцы ўсюды ўстанаўлівалі “новы парадак”, у якім не было месца людзям з яўрэйскай кроўю. Праз некалькі тыдняў некаторыя жыхары вёскі сталі нара­каць: “Што будзе з намі, калі немцы даведаюцца пра яўрэйскую сям’ю?”

І вось аднойчы ўвечары ў хатцы Матроны сабраліся на сход індыцкія мужыкі. Слова трымаў паважаны ўсімі селянін Фёдар Лось, якога немцы да таго ж прызначылі старастам вёскі: “Хлопцы! Калі немцы даведаюцца, што ў нас жывуць яўрэі, — будзе бяда! Але і выдаць Лібэ з дзецьмі на пагібель мы таксама не маем права — яна жонка нашага Гаўрылы. Што будзем рабіць?”

І мужыкі пастанавілі: пакінуць сям’ю ў Індычах. Але ўсёй вёсцы трымаць язык за зубамі. Лібэ і яе дзеці знешне мала былі падобныя да яўрэяў. Таму было вырашана Лібэ надалей называць Любай, Гарыка — Грышкам, а Вілена — Валодзькам. “А бабам і дзецям сваім наказаць — маўчок. Калі хто прагаворыцца ці спецыяльна данясе, то памятайце — час цяпер ліхі. Карова можа з пашы не прыйсці або хлеў уначы загарыцца…” — падсумаваў Фёдар Лось.

І жыццё пайшло сваім парадкам. Люба, пераязджаючы з Брэста, захапіла з сабой швейную машынку і абшывала жыхароў Індыч. У якасці аплаты за работу брала прадукты, што дазваляла карміць сям’ю. Старэйшыя дзеці дапамагалі Матроне па гаспадарцы. У суседніх Пелішчах стаяў невялікі нямецкі гарнізон, але ў Індычы акупанты наведваліся рэдка, вырашаючы ўсе пытанні праз старасту. А Фёдар дакладваў, што ў іх усё ­спакойна, партызан і яўрэяў у вёсцы няма.

Мінуў год. Аднойчы летнім вечарам у дом да Любы наведаўся свяшчэннік мясцовага храма айцец Дзмітрый. Ён прапанаваў ахрысціць Любу і яе дзяцей у праваслаўную веру. Жанчына рашуча адмовілася ад такой прапановы ў дачыненні да сябе, але дзяцей у храм адправіла. Так Гарык, Вілі і Соня ў адзін дзень сталі праваслаўнымі хрысціянамі.

Неяк каля варот Матронінай хаткі спыніўся матацыкл. У дом увайшоў нямецкі афіцэр. Люба якраз сядзела ў прыцемку ля акна і нешта шыла на машыне. Госць агледзеў небагатае ўбранне маленькага доміка з земляной падлогай і звярнуўся да Любы: “Я служу ў камендатуры ў Камянцы. Ведаю, што вы адукаваная жанчына, ведаеце нямецкую мову. Нам патрэбны перакладчык, прапаную вам работу”. Люба, маючы горды і незалежны характар, адмовілася ад прапановы працаваць на ворага.

Афіцэр паехаў, а ў сэрцы закралася трывога: можа, гэты афіцэр яшчэ нешта ведае пра сям’ю? Якія наступствы цягне за сабой яго візіт і адмова працаваць на немцаў? Але афіцэр аказаўся прыстойным чалавекам. Праз некалькі дзён ён вярнуўся і… падарыў Любе газавую лямпу.

Так сям’я працягвала жыць у Індычах. 22 ліпеня 1944 года вёска была вызвалена ад немцаў. А праз год у сяло прыехаў Гаўрыла. Сустрэча атрымалася вельмі чуллівай: слязам радасці і словам удзячнасці аднавяскоўцам не было канца. Аказалася, што ўсю вайну ён праслужыў ваенным карэспандэнтам у армейскай газеце. Меў афіцэрскае званне і баявыя ўзнагароды. Праз некаторы час сям’я паехала ў Мінск, дзе Гаўрылу прапанавалі работу ў рэдакцыі рэспубліканскай газеты.

Мінулі гады. Дзеці з гэтай сям’і выраслі і сталі дастойнымі людзьмі. Вілен, скончыўшы ВНУ, атрымаў адукацыю дыпламата і доўга працаваў у Аўстрыі. Гарык стаў высока­кваліфікаваным токарам. У 2003 годзе яны, ужо зусім пажылыя людзі, прыязджалі ў Індычы. Прайшліся па вясковай вуліцы, зазірнулі ў даўно не жылую хатку, дзе правялі 4 гады свайго дзяцінства, сустрэліся з відавочцамі тых падзей. На гэты час ўсе члены сям’і Анішчук пайшлі на той свет. У Мінску пахаваны Гаўрыіл з жонкай. Яго браты Антон і Канстанцін спачываюць на могілках у Індычах. Засталася толькі памяць.

Гэтую гісторыю нам расказаў сведка тых падзей Міхаіл Фёдаравіч Лось, старажыл вёскі Індычы. Фёдар Лось — яго бацька.

Сёлета ветэрану Вялікай Айчыннай вайны спаўняецца 98 гадоў. Усе гады ён пражыў у Індычах, выехаўшы з роднай вёскі толькі на год для воінскай службы. Нягледзячы на паважны ўзрост, Міхаіл Фёдаравіч захаваў цвярозы розум і светлую памяць, якая дапаможа нам, прадстаўнікам малодшага пакалення, прыадкрыць яшчэ не адну старонку гісторыі роднай вёскі.

На сходзе, дзе сабраліся індыцкія мужыкі, слова трымаў паважаны ўсімі селянін Фёдар Лось: “Хлопцы! Калі немцы даведаюцца, што ў нас жывуць яўрэі, — будзе бяда! Але і выдаць Лібэ з дзецьмі на пагібель мы таксама не маем права — яна жонка нашага Гаўрылы. Што будзем рабіць?” І мужыкі пастанавілі: пакінуць сям’ю ў Індычах. Але ўсёй вёсцы трымаць язык за зубамі.

Сёлета ветэрану Вялікай Айчыннай вайны спаўняецца 98 гадоў. Міхаіл Фёдаравіч Лось дапаможа нам, прадстаўнікам малодшага пакалення, прыадкрыць яшчэ не адну старонку гісторыі роднай вёскі.

Васіль АРАБЕЙКА,
кіраўнік краязнаўчага гуртка
Пелішчанскай сярэдняй школы Камянецкага раёна