Правільная матывацыя — перадумова поспеху

- 10:15Людзі адукацыі

У большасці выпадкаў чалавек шукае сваю прафесію, але бывае і наадварот: прафесія сама знаходзіць чалавека. Так здарылася ў жыцці настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 15 Магілёва Юліі Паўлавай.

У яе не было мары аб настаўніцтве. На факультэт прыродазнаўства МДУ імя А.А.Куляшова Юлія Аляксандраўна паступала з-за захаплення дакладнымі навукамі. Атрымаўшы размеркаванне ў сярэднюю школу № 15 горада, думала адпрацаваць належны тэрмін і шукаць сябе ў іншай сферы. Але праз некалькі гадоў зразумела: тут, у школе, яна на сваім месцы, а педагогіка — яе прызванне.
Першыя часы маладому педагогу даводзілася сутыкацца з цяжкасцямі. Ёй больш падабалася хімія, а выкладаць давялося біялогію. Праз спробы і памылкі Юлія Паўлава выпрацоўвала ўласную методыку навучання. У прафесійным станаўленні ёй шмат у чым дапамаглі больш вопытныя калегі, тагачасны намеснік дырэктара Алена Плюскевіч. Ды і зараз падтрымка любых пачынанняў з боку кіраўніцтва школы значна дапамагае ёй у рабоце. Сёння Юлія Аляксандраўна з’яўляецца настаўніцай вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, але працягвае знаходзіцца ў пастаянным інтэнсіўным пошуку новых педагагічных ідэй, новых форм правядзення ўрокаў. На сваіх занятках яна імкнецца не проста даць навучэнцам гатовую тэму, а навучыць іх здабываць веды самастойна.
— Захапіць біялогіяй усіх немагчыма. У дзяцей розныя здольнасці, розныя прыярытэты. Але зацікавіць прадметам, зрабіць заняткі інфармацыйна насычанымі, запамінальнымі цалкам рэальна. Не трэба забываць і пра выхаваўчыя моманты, — адзначае Юлія Аляксандраўна.
Пры правядзенні ўрокаў яна шырока выкарыстоўвае міжпрадметныя сувязі, наглядны і раздатачны матэрыял, заданні, тэсты, а яшчэ не толькі вучыць дзяцей біялогіі, але і займаецца іх экалагічным выхаваннем, прывівае культурныя, маральныя каштоўнасці, любоў да працы і роднай зямлі. На працягу шэрага гадоў Юлія Паўлава разам з вучнямі мэтанакіравана азеляняе прышкольную тэрыторыю, стварае пакаёвыя сады.
Эфектыўная выкладчыцкая дзейнасць Юліі Аляксандраўны неаднаразова была адзначана. Настаўніца з’яўляецца тройчы стыпендыятам спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, за высокія прафесійныя дасягненні ўзнагароджвалася спецыяльнымі прэміямі абласнога і гарадскога выканкамаў.
Усё гэта для яе значна. Але больш важная ўсё ж радасць не ўласных, а вучнёўскіх перамог, таму асаблівую ўвагу Юлія Аляксандраўна ўдзяляе рабоце з адоранымі навучэнцамі. Асноўны акцэнт у створанай ёй сістэме падрыхтоўкі — на алімпіядны рух. З таленавітымі вучнямі яна пачынае ўзмоцнена займацца ўжо з 6 класа. Дзеці спрабуюць свае сілы на “малышовых” алімпіядах, прычым даволі паспяхова. Але галоўнае, што набыты вопыт потым дапамагае ім пры ўдзеле ў рэспубліканскай, міжнароднай алімпіядах. Методыка настаўніцы вельмі выніковая. Толькі за тры апошнія гады навучэнцы Юліі Паўлавай атрымалі трыццаць восем пераможных дыпломаў другога, трэцяга і заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Яе вучаніца Кацярына Драгунова заваявала бронзавы медаль на Міжнароднай біялагічнай алімпіядзе. Выхаванцы Юліі Аляксандраўны перамагаюць таксама ў інтэрнэт-алімпіядах, экалагічных конкурсах і конкурсах даследчых работ, алімпіядах па здаровым ладзе жыцця.
Сакрэт паспяховых выступленняў вучняў Юліі Паўлавай — у правільнай матывацыі. Акрамя захопленасці біялогіяй, дбайнай падрыхтоўкі, настаўніца стараецца настроіць дзяцей на поспех, аднак у той жа час вучыць іх не баяцца промахаў і памылак. Аналіз памылак удасканальвае веды вучняў. Гэта і дазваляе дасягаць жаданых адукацыйных вышынь.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.