Правілы добрай кухні

- 12:26Сацыяльны ракурс

Абрусы з вышыўкай на народныя беларускія матывы, з чырвона-белымі каляднымі і навагоднімі, іншымі шыкоўнымі ўзорамі і такія ж сурвэткі… Гэтую прыгажосць мы бачым у школьнай сталовай. Хацела напісаць “у звычайнай школьнай сталовай”, але гэта не зусім так, бо спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат № 13 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху атрымала сёлета дыплом І ступені як пераможца гарадскога конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове здароўя навучэнцаў, прывіцці навыкаў бяспечных паводзін, фарміраванні здаровага ладу жыцця ў намінацыі “Лепшая арганізацыя здаровага і рацыянальнага харчавання навучэнцаў і выхаванцаў”.

Зайздроснае пастаянства

Дыплом за гэтую перамогу, безумоўна, прэстыжны і каштоўны, але далёка не адзіны на сцяне ў прыёмнай дырэктара. Кіраўнік навучальнай установы выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Галіна Паўлаўна Гурбо звяртае нашу ўвагу на тыя, што тычацца здаровага ладу жыцця. Нават толькі гэтых узнагарод нямала, і атрыманы яны ў розныя гады, а значыць, клопат пра здароўе дзяцей тут пастаянны, а апошняя перамога зусім не выпадковая. Так, адзін з такіх дыпломаў ІІІ ступені атрыманы ў гарадскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы па захаванні і ўмацаванні здароўя моладзі. Наогул, узнагароды, што прадстаўлены на сцяне славы, дыпломы са словамі “ахова здароўя”, “спорт” і ім падобныя займаюць пачэснае месца.

Адна з асаблівасцей тутэйшай добрай кухні — тое, што яна свая, шэф-кухар, яго памочнік, іншыя нешматлікія супрацоўнікі харчаблока знаходзяцца ў штаце школы, а не камбіната школьнага харчавання, як гэта часцей за ўсё бывае. Спецыфіка ўстановы, на думку Г.П.Гурбо, дыктуе менавіта такое вырашэнне пытання з арганізацыяй харчавання навучэнцаў.

А яшчэ ў школе ёсць свой дыетолаг, чым таксама можа пахваліцца не кожная навучальная ўстанова (медсястру Галіну Сяргееўну Талкачову, якая здаўна працуе ў школе, накіравалі на перападрыхтоўку, і цяпер тут ёсць свой спецыяліст).

Дырэктар наогул (і гэта немагчыма не заўважыць) дэталёва паглыбляецца ў кожны арганізацыйны момант работы харчаблока, тэхналогіі гатавання ежы, выканання санітарных правіл і г.д. Кажа, што навучылася дасканала ўсяму гэтаму, калі была загадчыцай дзіцячага сада, дзе арганізацыя харчавання — клопат самой установы, а апошнія 16 гадоў, за час кіравання школай, удасканаліла і працягвае ўдасканальваць свае веды і навыкі.

— Я сама складаю меню, умею карыстацца табліцай адходаў, ведаю нормы выхаду і шмат чаго яшчэ, — гаворыць Галіна Паўлаўна. — Таму, падпісваючы меню, магу з веданнем справы зрабіць кантрольнае ўзважванне, задаць любое пытанне, праверыць закладку прадуктаў па тэхналагічнай карце. Калі школа самастойна арганізоўвае харчаванне, то і дырэктар павінен ведаць такія тонкасці. Інакш які гэта будзе кантроль?

Вось такі перфекцыянізм у штодзённай рабоце. Галіна Паўлаўна нярэдка звяртаецца па дапамогу да санітарных урачоў, каб праверыць сябе, задаць тыя ці іншыя пытанні. Усё з таго ж перфекцыянізму, які ў арганізацыі здаровага харчавання якраз не лішні.

А каб самакантроль за якасцю харчавання не быў занадта аднабокім, тут працуе не толькі абавязковая бракеражная камісія, але і грамадская камісія па кантролі за арганізацыяй харчавання з супрацоўнікаў установы, якую ў школе стварылі самі, бо лічаць кантроль надзвычай важным.

Яшчэ тут створана камісія па харчаванні (раней яна называлася саветам). На пасяджэннях члены камісіі разглядаюць вынікі кантролю, прымаюць рашэнні па абнаўленні абсталявання харчаблока, плануюць работу з навучэнцамі па прапагандзе здаровага харчавання, работу з бацькамі, напрыклад, па арганізацыі іх анкетавання, абмяркоўваюць заўвагі санітарных службаў (апошні раз больш-менш сур’ёзная заўвага на гэты конт прагучала гады тры ці чатыры назад) і г.д. У склад гэтай камісіі ўваходзяць прадстаўнікі і адміністрацыі, і педкалектыву, і вучняў, і бацькоў.

У школе-інтэрнаце ажыццяўляюць і лабараторны кантроль. Заўсёды на пачатку навучальнага года робяць аналіз вады. Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі праводзіць праверкі, выдае даведку аб выкананні ўсіх неабходных норм. І перыядычна ажыццяўляецца дзяржаўны кантроль, які правярае ўсё дасканала. За 16 гадоў дырэктарства Г.П.Гурбо не было ніводнага факта недаўкладання прадуктаў або іх лішкаў. Свой вытворчы кантроль таксама дзейнічае адказна.

Вынікі кантролю рознага кшталту за некалькі гадоў, анкетаванне бацькоў і вучняў дэманструюць дынаміку работы школы ў арганізацыі здаровага і карыснага харчавання. Як паказаў гарадскі конкурс на лепшую арганізацыю работы па ахове здароўя навучэнцаў, прывіцці навыкаў бяспечных паводзін, фарміраванні здаровага ладу жыцця, дынаміка гэтая станоўчая, а вопыт варты пераймання.

— Удзельнічаючы ў конкурсе ў намінацыі па арганізацыі харчавання, я ўзяла на сябе смеласць паказаць кіраўніцтва і кантроль у гэтым кірунку работы, — заўважае Г.П.Гурбо. — Звычайна ніхто не любіць гэта паказваць, але мы ведаем, што мы са сваёй задачай спраўляемся.

Дробязей не бывае

— У нас асаблівы кантынгент навучэнцаў, але яны атрымліваюць цэнзавыя дакументы аб сярэдняй адукацыі, як выпускнікі звычайных школ. Ёсць, канечне, нюансы, што паказвае слова “спецыяльная” ў назве ўстановы, — тлумачыць дырэктар школы-інтэрната.

У 2016/2017 навучальным годзе тут было 120 навучэнцаў, больш за 20 з іх — іншагароднія, таксама начаваць застаецца частка хлопчыкаў і дзяўчынак з Мінска. Для іх харчаванне чатырохразовае плюс пяты раз у выглядзе шклянкі кефіру ці іншага кісламалочнага прадукту, але ў рамках грашовых норм, якія выдаткаваны на чатырохразовае харчаванне.

Усё харчаванне бясплатнае. І падчас вучобы, і зараз, калі ў школе дзейнічаюць аздараўленчы лагер “Прамень” і лагер працы і адпачынку “Праметэй”, дзе працуюць школьнікі, якім ужо споўнілася 14 гадоў: на кожнага заведзена працоўная кніжка, падлеткі атрымліваюць зарплату. Абодвы лагеры будуць працаваць амаль увесь чэрвень, а “Праметэй” — яшчэ і ў ліпені. Калі ж праходзілі выпускныя экзамены, выпускнікі таксама атрымлівалі ў школе снеданне і абед менавіта ў экзаменацыйныя і кансультацыйныя дні. Сёлета 9 хлопцаў і дзяўчат скончылі 12 класаў, 19 атрымалі агульную базавую адукацыю.

Падчас нашага візіту ва ўстанову ў сталовай якраз харчаваліся дзеці, якія ходзяць у школьныя лагеры. Тады мы і ўбачылі тую цудоўную сервіроўку, пра якую я расказала ў пачатку свайго матэрыялу. Канечне, ёй не карыстаюцца кожны дзень, але і звычайная штодзённая сервіроўка таксама прыгожая: з абрусамі, тканымі сурвэткамі, усімі сталовымі прыборамі. Аж апетыт павышаецца, хаця ў выхаванцаў, якія працавалі або проста гулялі на дварэ, ён і так добры, гэта бачна адразу. Усе элементы сервіроўкі, зрэшты, як фартухі і хусцінкі дзяжурных па сталовай, зроблены рукамі навучэнак.

Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва разам з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, іншымі зацікаўленымі ўстановамі праводзіць Рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшы аздараўленчы лагер. Конкурс праводзіцца па некалькіх намінацыях. Па выніках мінулага года ў намінацыі “Лепшая арганізацыя харчавання ў аздараўленчым лагеры “Здаровае харчаванне — здаровае дзіця” перамаглі лагер “Барок” ААТ “МАПІД” (Мінская вобласць) і лагер “Рамонак” аддзела адукацыі, спорту і турызму Воранаўскага райвыканкама (Гродзенская вобласць).

Дзяцей тут вучаць многаму, у тым ліку гатаваць. І не толькі на ўроках абслуговай працы ў добра абсталяваным кабінеце. Школьнікі могуць прыйсці сюды вечарам, спячы пірог і пасядзець за кубкам чаю, адсвяткаваць дні нараджэння, прычым у прыгожым, эстэтычна аформленым пакоі. Так што, акрамя ўмення гатаваць, хлопчыкаў і дзяўчынак вучаць культуры паводзін, зносін, выхоўваюць густ. А для тых выхаванцаў, якія застаюцца начаваць у інтэрнаце, у сталовай ёсць мікрахвалевая печка, каб можна было, напрыклад, зрабіць сабе гарачы бутэрброд. Хоць інтэрнат — гэта казённыя сцены, дамашняй утульнасці, дзякуючы агульным намаганням, ён не пазбаўлены.

Невыпадкова і тое, што пазнаёміцца з меню можна адразу пры ўваходзе ў школьнае фае. Яно дэманструецца з дапамогай бягучага радка. І гэта асабліва важна для дзяцей з парушэннем слыху: яны бачаць, якія стравы іх сёння чакаюць у сталовай. Некаторыя адпраўляюць паведамленні бацькам, якім, канечне, надзвычай цікава, як харчуецца іх дзіця, асабліва калі яно жыве ў інтэрнаце. Хто не прачытаў меню на бягучым радку, можа ўбачыць яго на стэндзе каля блока харчавання. А перад любым прыёмам ежы дзеці ўголас за педагогам паўтараюць назвы страў, якія ёсць у меню. Так і ў сталовай працягваецца іх навучанне.

— Пытанні здароўя, арганізацыі жыцця дзяцей у інтэрнаце заўсёды цікавяць бацькоў, — пацвярджае дырэктар. — І калі яны не кожны раз цікавяцца тым, што дзіця рабіла на ўроку, то абавязкова і пры ўладкаванні дзіцяці ў школу, і пазней цікавяцца тым, як дачка ці сын будзе харчавацца. Я як кіраўнік школы, як маці цалкам разумею гэта: здаровае харчаванне — пытанне найважнейшае, таму мы ўдзяляем яму столькі ўвагі.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.