Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час праведзенай у Стамбуле сустрэчы з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам прапанаваў актуалізаваць парадак дня беларуска-турэцкага супрацоўніцтва, ажыццявіўшы перазагрузку па шэрагу канкрэтных напрамкаў з акцэнтам на гандлі і эканоміцы.
“Настаў момант актывізаваць супрацоўніцтва, актуалізаваць парадак дня, адкарэкціраваць дарожную карту адносін”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь адкрыта да супрацоўніцтва з Турцыяй.
Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся, што тэмы, якія абмяркоўваліся на гэтай сустрэчы, атрымаюць далейшае практычнае развіццё ў час пасяджэння міжурадавай беларуска-турэцкай камісіі, якое мае адбыцца ў маі. Размова ішла аб перспектывах павелічэння турэцкіх інвестыцый у Беларусь, больш актыўным узаемадзеянні ў сферы турызму, у тым ліку шляхам павелічэння інтэнсіўнасці авіязносін паміж краінамі.
Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Рэджэпу Таіпу Эрдагану за запрашэнне прыняць удзел у саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, падкрэсліўшы важнасць для Беларусі прысутнасці на такім маштабным форуме. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пляцоўка саміту таксама будзе садзейнічаць устанаўленню новых кантактаў для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з шэрагам краін.
У сваю чаргу Рэджэп Таіп Эрдаган адзначыў, што такія сустрэчы на найвышэйшым і высокім узроўнях уносяць вялікі ўклад у развіццё двухбаковых адносін. Ён падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца востравам стабільнасці ў рэгіёне.
Прэзідэнт Турцыі пацвердзіў гатоўнасць наведаць Беларусь з візітам, парадак дня якога ў тым ліку будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні міжурадавай камісіі, якое мае адбыцца.
Кіраўнікі дзяржаў таксама падрабязна абмеркавалі міжнародны парадак дня.
***
На палях саміту Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг сустрэч з лідарамі ісламскіх краін.
Так, адбылася размова кіраўніка беларускай дзяржавы з Эмірам Дзяржавы Катар шэйхам Тамімам бен Хамадам аль-Тані.
Лідары дзвюх краін абмеркавалі розныя аспекты беларуска-катарскага супрацоўніцтва, у тым ліку перспектыўныя напрамкі развіцця ўзаемадзеяння ў сферы эканомікі. У цэнтры ўвагі таксама былі праблемныя пытанні сусветнай эканомікі ў цэлым.
Падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Пакістана Мамнунам Хусэйнам Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь і Пакістан дасягнулі ўражальнай дынамікі ў развіцці двухбаковых адносін па самых розных напрамках.
“Мінулы год для нашых краін стаў асаблівым. Ён увойдзе ў гісторыю, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Мы без гучных слоў наладзілі за адзін год стратэгічнае партнёрства паміж Пакістанам і Беларуссю”.
У сваю чаргу Мамнун Хусэйн таксама адзначыў высокую дынаміку ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва.
Беларусь гатова прыняць самы актыўны ўдзел у аднаўленні эканомікі Афганістана, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Стамбуле на сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Афганістана Абдулой Абдулой.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у выніку пэўных гістарычных абставін Беларусь адчувае сваю адказнасць перад афганскім народам. “Мы гатовы да супрацоўніцтва з Афганістанам па ўсіх напрамках. Забароненых тэм абсалютна няма”, — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Ён прапанаваў Афганістану стварыць неабходную для развіцця супрацоўніцтва нарматыўна-прававую базу, заключыўшы класічныя пагадненні, напрыклад, аб узаемнай падтрымцы і абароне інвестыцый, а таксама вызначыць 3—4 фундаментальныя праекты.
У сваю чаргу Абдула Абдула выказаў надзею, што бакі змогуць паспяхова працаваць разам і пашыраць узаемавыгаднае партнёрства. “Згодны, што паміж нашымі краінамі існуюць цудоўныя магчымасці для гандлю і інвестыцый”, — сказаў ён.