На афіцыйным інтэрнэт-прадстаўніцтве кіраўніка дзяржавы зарэгістравана петыцыя з патрабаваннем адмяніць указ прэзідэнта, якім урэгулявана пытанне формы для школьнікаў у навучальных установах, і даць права школам і бацькам самастойна вырашаць пытанні знешняга выгляду вучняў у школе.
Аўтары петыцыі адзначаюць, што, нягледзячы на працэсы дэцэнтралізацыі, перадачу ўсё большай колькасці паўнамоцтваў па забеспячэнні функцыянавання школ, такія пытанні, як школьная форма, яе віды, а таксама вытворцы да гэтага часу рэгулююцца Указам прэзідэнта ад 12 чэрвеня 1996 года № 417/96 “Аб школьнай форме для вучняў сярэдніх навучальных устаноў”. Таксама патрабаванні да школьнай формы дадаткова вызначаны ў пастанове кабінета міністраў № 1004 “Аб увядзеннi школьнай формы для вучняў сярэдніх навучальных устаноў”.
“На наш погляд, змест гэтых нарматыўных дакументаў з’яўляецца дыскрымінацыйным і парушае правы дзяцей і бацькоў. Калі гэты ўказ прэзідэнта Кучмы прымаўся ў 1996 годзе, аўтары дэкларавалі яго мэтай забеспячэнне дзяцей недарагой школьнай формай, пры гэтым сацыяльна неабароненыя катэгорыі насельніцтва павінны былі атрымліваць яе бясплатна. Гэтага па факце не адбываецца”, — гаворыцца ў тэксце петыцыі.
Аўтары звароту адзначаюць, што зараз указ негатыўна адбіваецца на бюджэце сем’яў, у якіх ёсць дзеці школьнага ўзросту.
“Наяўнасць гэтага ўказа дае права асобным кіраўнікам школ яшчэ і патрабаваць ад бацькоў набыцця формы пэўнага ўзору, нярэдка па завышаных цэнах”, — адзначаюць аўтары петыцыі.
У сувязі з гэтым яны просяць адмяніць указ ад 12 чэрвеня 1996 года № 417/96 і ўрадавую пастанову ад 22 жніўня 1996 года № 1004 і даць права навучальным установам і бацькам самастойна вырашаць пытанні знешняга выгляду вучняў у школе.