У сям’і настаўніка геаграфіі Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Анжэлы Уладзіміраўны Карнеевай не было педагогаў. Яна стала першай. Прычым да гэтай прафесіі яна мэтанакіравана імкнулася з дзяцінства і не бачыла для сябе іншага жыццёвага шляху.
— Настаўнічаць мне хацелася ўжо са школьных гадоў. Каб паспрабаваць свае сілы ў гэтай справе, я нават узяла шэфства над малодшым братам: вучыла яго, падцягвала паспяховасць па розных вучэбных прадметах. Атрымлівалася даволі нядрэнна, — усміхаючыся, расказвае Анжэла Уладзіміраўна.
Поспехі ў навучанні першага “навучэнца” канчаткова пераканалі яе ў неабходнасці працягу адукацыі па педагагічнай спецыяльнасці, таму, не зважаючы на перасцярогі маці, што ў настаўніцкай працы няма перспектыў, Анжэла Карнеева стала студэнткай геаграфічнага факультэта БДУ.
— З педагагічным профілем вызначалася доўга. Спынілася на геаграфіі, бо здавалася, што яна авеяна нейкім духам рамантыкі. І толькі крыху пазней зразумела, што гэта сур’ёзная і рознабаковая навука, — кажа Анжэла Уладзіміраўна.
Гады яе студэнцтва праляцелі хутка. Інакш і быць не магло, бо гэты час быў насычаны мноствам цікавых падзей: удзелам у навуковых канферэнцыях, мерапрыемствах грамадскага жыцця ВНУ. Будучыя педагогі нават не заўважылі, як іх мара ажыццявілася і яны сталі кваліфікаванымі спецыялістамі. З энтузіязмам маладыя настаўнікі раз’ехаліся па сваіх першых працоўных месцах. Анжэла Карнеева педагагічны шлях пачала ў Блужскай сярэдняй школе Пухавіцкага раёна. Паводле слоў настаўніцы, трохгадовы перыяд працы ў гэтай установе стаў неацэнным вопытам у прафесійным станаўленні, бо яна змагла не толькі адтачыць педагагічныя навыкі, але і паспрабаваць сябе ў якасці намесніка дырэктара, дасканала разабраўшыся ва ўсіх тонкасцях адукацыйнага працэсу.
А потым у жыцці Анжэлы Карнеевай адбыліся змены, якія моцна звязалі яе з Магілёвам. У горадзе на Дняпры яна працягнула плённую педагагічную дзейнасць. Працавала настаўнікам у сярэдніх школах № 31 і № 5, а пасля стала выкладаць геаграфію навучэнцам трэцяга абласнога ліцэя. Сёння ў яе за плячыма ўжо звыш дваццаці пяці гадоў працоўнага стажу. Вядома, за гэты час настаўніца выпрацавала ўласныя методыкі выкладання.
Свае ўрокі Анжэла Уладзіміраўна рэдка праводзіць па стандартнай схеме. На занятках педагог імкнецца наладзіць дыялог з навучэнцамі, заахвоціць іх да самастойнага пошуку ведаў, да асабістых разважанняў і высноў. На яе думку, такі падыход, а таксама ўменне захапіць дзяцей прадметам, спрыяюць найлепшаму засваенню вучэбнага матэрыялу.
— Геаграфія — няпростая навука. Каб яна стала лягчэйшай для ўспрымання, я імкнуся рабіць урокі максімальна займальнымі для навучэнцаў, — адзначае Анжэла Карнеева.
Па яе меркаванні, цікавасць навучэнцаў да прадмета напрамую залежыць ад настаўніка, таму на занятках яна ўмела камбінуе сучасныя педагагічныя тэхналогіі і традыцыйныя метады навучання. Анжэла Уладзіміраўна часта праводзіць урокі-праекты, урокі-экскурсіі, актыўна прымяняе гульнявыя формы. Не менш важнай яна лічыць і практычную накіраванасць заняткаў. Вывучаючы тую ці іншую тэму, навучэнцы павінны выразна ўсведамляць, для чаго яны гэта робяць, дзе ў далейшым ім спатрэбяцца атрыманыя веды.
— На занятках у Анжэлы Уладзіміраўны вельмі цікава. Яна даступна і зразумела падае вучэбны матэрыял, а калі раптам нешта не атрымліваецца, заўсёды патлумачыць індывідуальна, — падзяліліся адзінаццацікласніцы Вольга Бадрылава і Настасся Бірукова.
— А мне Анжэла Уладзіміраўна дапамагла паверыць у свае здольнасці, а потым і вызначыцца з будучай прафесіяй, якая напрамую звязана з геаграфіяй, — заўважыў выпускнік ліцэя студэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Іваноў.
Настаўніца сапраўды асаблівае значэнне надае рабоце з адоранымі навучэнцамі. Асноўны ўпор яна робіць на іх удзел у алімпіядным руху і навукова-даследчых конкурсах. У распрацаванай ёй сістэме падрыхтоўкі таленавітых дзяцей няма нічога незвычайнага. Анжэла Уладзіміраўна практычна штодня сустракаецца з навучэнцамі, у якіх заўважыла пэўную цікавасць да прадмета, і развівае іх здольнасці, не забываючы пры гэтым пра псіхалагічную падтрымку, матывацыю на поспех. Вынік ад падобнага падыходу адпаведны: за час працы ў ліцэі Анжэла Карнеева падрыхтавала 34 пераможцы трэцяга і 7 прызёраў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Даволі паспяхова праяўляюць сябе яе навучэнцы і ў даследчай дзейнасці. Штогод яны перамагаюць на абласных канферэнцыях, станавіліся лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.
Рабоце з дзецьмі Анжэла Уладзіміраўна прысвячае амаль увесь свой час. Штодзённыя ўрокі, заняткі з адоранымі навучэнцамі, сустрэчы з ліцэістамі ў якасці класнага кіраўніка… Кожны дзень настаўніцы загружаны рознымі педагагічнымі справамі. Усё паспяваць вельмі складана, але ў яе атрымліваецца, бо ёсць стымул. І гэта не нейкія матэрыяльныя ўзнагароды. Значна важней для Анжэлы Карнеевай пачуць удзячныя словы ад сваіх былых і сённяшніх навучэнцаў, разам парадавацца іх поспехам у вучобе ці жыцці.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.