Профільнае навучанне: усвядомлены выбар прафесійнага шляху

- 11:30Рознае, Сацыяльны ракурс

 

Увядзенне профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі паставіла перад старшакласнікамі шэраг праблем.

Для сучаснага 10 класа, які знаходзіцца ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі, найважнейшай з’яўляецца праблема сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі да новай сітуацыі навучання. Да яе, у сваю чаргу, можна аднесці такія праблемы, як адаптацыя ў новым калектыве, адаптацыя да вучэбнай нагрузкі па пэўным профілі, якая павялічылася, да новых патрабаванняў настаўнікаў, асаблівасцей і ўмоў навучання, праблема каштоўнасцей і норм паводзін у калектыве класа.

У Інструктыўна-метадычным пісьме Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь профільнае навучанне разглядаецца як сістэма арганізацыі адукацыйнага працэсу на аснове дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання, якая дазваляе адначасова з атрыманнем навучэнцамі якаснай агульнай срэдняй адукацыі забяспечыць адпаведныя ўмовы для паспяховага прафесійнага самавызначэння і паўнацэннай сацыялізацыі з улікам іх здольнасцей, схільнасцей і інтарэсаў.

Профільнае навучанне ўяўляе сабой сродак рэалізацыі асобасна арыентаванага вучэбнага працэсу. Асобасна арыентаваная адукацыя разумеецца як асаблівы тып адукацыі, які грунтуецца на арганізацыі ўзаемадзеяння навучэнцаў і педагогаў, пры якой створаны аптымальныя ўмовы для развіцця ў суб’ёктаў навучання здольнасці да самаадукацыі, самавызначэння, самастойнасці і рэалізацыі сябе. Іншымі словамі, пры ажыццяўленні асобасна арыентаванага вучэбнага працэсу павінны стварацца ўмовы для паўнацэннага развіцця патэнцыяльнай магчымасці стаць асобай, для рэалізацыі патрэбы асобы ў самаактуалізацыі.

Гэта абумоўлівае наступныя мэты профільнай адукацыі:

— забяспечыць паглыбленае вывучэнне асобных прадметаў праграмы поўнай агульнай адукацыі;

— стварыць умовы для істотнай дыферэнцыяцыі зместу навучання старшакласнікаў з шырокімі і гібкімі магчымасцямі пабудовы школьнікамі індывідуальных адукацыйных праграм;

— спрыяць наладжванню роўнага доступу да паўнацэннай адукацыі розным катэгорыям навучэнцаў у адпаведнасці з іх здольнасцямі, індывідуальнымі схільнасцямі і патрэбамі;

— пашырыць магчымасці сацыялізацыі навучэнцаў, забяспечыць пераемнасць паміж агульнай і прафесійнай адукацыяй, больш эфектыўна падрыхтаваць выпускнікоў школы да асваення праграм вышэйшай прафесійнай адукацыі.

Пытанне адаптацыі навучэнцаў профільнага класа ўзнікла ў сувязі з тым, што індывідуальныя асаблівасці развіцця нервова-псіхічных функцый уплываюць на паспяховае асваенне складаных праграм навучання і ступень напружання механізмаў адаптацыі. Пераход у статус старшакласніка — важны этап для кожнага школьніка ў адукацыйнай установе. Працэс адаптацыі праходзіць больш складана, калі вучань пераходзіць не ў агульнаадукацыйны клас, а ў профільны, дзе ўскладняецца праграма, з’яўляюцца новыя прадметы (прафілюючыя), дзе мяняецца форма навучання (напрыклад, профільныя мікрагрупы).

Адаптацыя — гэта прыстасаванне чалавека да новай сістэмы сацыяльных умоў, новых адносін, патрабаванняў, відаў дзейнасці, рэжыму працы і адпачынку. Пад сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыяй разумеецца “актыўнае засваенне асобай новага для яе сацыяльнага асяроддзя”. Ад таго, як праходзіць гэты працэс, залежаць далейшыя поспехі навучэнцаў і іх асобаснае развіццё.

Сацыяльная адаптацыя як прыстасаванне чалавека да ўмоў сацыяльнага асяроддзя прадугледжвае:

— адэкватнае ўспрыманне навакольнай рэчаіснасці і самога сябе;

— адэкватную сістэму адносін і зносін з навакольнымі;

— здольнасць да працы, навучання, арганізацыі вольнага часу і адпачынку;

— здольнасць да самаабслугоўвання і самаарганізацыі, узаемаабслугоўвання ў калектыве;

— зменлівасць (адаптыўнасць) паводзін у адпаведнасці з ролевымі чаканнямі іншых.

Сітуацыя навізны з’яўляецца для любога чалавека ў пэўнай ступені трывожнай. Падлетак перажывае эмацыянальны дыскамфорт з-за няпэўнасці ўяўленняў аб патрабаваннях настаўнікаў, аб асаблівасцях і ўмовах навучання, аб каштоўнасцях і нормах паводзін у калектыве класа і інш. Гэты стан можна назваць станам унутранай напружанасці, насцярожанасці, якая робіць цяжкім прыняцце як інтэлектуальных, так і асобасных рашэнняў.

Такое псіхалагічнае напружанне, з’яўляючыся даволі працяглым, можа прывесці да школьнай дэзадаптацыі, калі навучэнец становіцца недысцыплінаваным, няўважлівым, безадказным, адстае ў вучобе, хутка стамляецца і проста не хоча ісці ў школу. І, канечне, немагчыма гаварыць пра адэкватнае ўспрыманне падлеткам навакольнай рэчаіснасці праз прызму ўласнай трывожнасці, пра адэкватную сістэму адносін і зносін з аднакласнікамі і настаўнікамі. Усё гэта ўскладняе сам вучэбны працэс, прадукцыйная работа на ўроку становіцца праблематычнай. Нават патэнцыяльны выдатнік можа ператварыцца ў таго, хто адстае і прагульвае.

Спецыфіка адаптацыі дзесяцікласнікаў вызначаецца асаблівасцямі ўзросту і спецыфікай профільнага навучання. Важнай сацыяльнай патрэбай гэтага ўзросту з’яўляецца патрэба ў пошукавай актыўнасці, у самавызначэнні, у прастойванні жыццёвых перспектыў.

Практыка паказвае, што калі выбраны напрамак у навучанні адпавядае псіхафізіялагічным і асобасным асаблівасцям, інтарэсам і схільнасцям навучэнца, то, нягледзячы на павышаныя патрабаванні і павелічэнне вучэбнай нагрузкі, стомленасць і звязаныя з ёй неўратычныя з’явы назіраюцца значна радзей, а эфектыўнасць навучання павышаецца.

Профільнае навучанне арыентавана на развіццё здольнасці да самастойнай пабудовы адукацыйнага маршруту, на развіццё якасцей суб’ектнасці вучня. Важна, як адкажа на пытанні, чаго хачу, што магу, чаго ад мяне чакае грамадства, сам навучэнец.

Профільнае навучанне і выбар індывідуальнага маршруту адукацыі прадугледжвае акцэнт на самастойнасці, прававой культуры, здольнасці да супрацоўніцтва, талерантнасці. Старшая школа — узрост, калі фарміруюцца жыццёвыя планы, перспектывы, у тым ліку ўяўленні пра будучую прафесію, узровень адукацыйнага росту і г.д. Гэта ўзрост актыўнага фарміравання каштоўнасных арыентацый і ўстановак. Вельмі важная ў гэты перыяд дапамога чалавеку, які расце, ва ўсведамленні жыццёвых перспектыў, у тым ліку адукацыйных.

Асновай для арганізацыі псіхалагічнага суправаджэння профільнага навучання з’яўляецца “Канцэпцыя профільнага навучання ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі”, зацверджаная загадам № 893 (24.09.2004) Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Мэта псіхалагічнага суправаджэння профільнага навучання — фарміраванне псіхалагічнай гатоўнасці да выбару прафесіі, садзейнічанне ў прафесійным і асобасным самавызначэнні школьнікаў.

Для забеспячэння паспяховасці сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі навучэнцаў да новай сітуацыі навучання, на наш погляд, неабходна:

— правядзенне адаптацыйных заняткаў, развіццёвых заняткаў, трэнінгаў па развіцці міжасобаснага ўзаемадзеяння, стварэнні атмасферы адкрытасці, даверу, згуртаванасці ў класным калектыве;

— выяўленне цяжкасцей і праблем у профільным класе, кансультаванне навучэнцаў, бацькоў, педагогаў па вырашэнні праблем, якія ўзнікаюць;

— аказанне дапамогі ў самарэалізацыі навучэнцаў.

Асноўная мэта работы педагога-псіхолага ў 10 класе — спрыяць сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі навучэнцаў 10-х класаў да новай сітуацыі навучання.

Задачы ў рабоце з дзесяцікласнікамі:

— прыняцце пазіцыі вучань — старшакласнік;

— прыняцце “навічкоў” у калектыў;

— пошук асобаснага сэнсу і матывацыі вучэння;

— арганізацыя самапазнання і добразычлівай, канструктыўнай зваротнай сувязі.

Псіхалагічнае суправаджэнне навучэнцаў профільных класаў можа заключацца і ў даследаванні эмацыянальнага стану ў пачатку навучання, дыягностыцы сацыяльна-псіхалагічнага клімату ў класах, дыягностыцы ўзроўню задаволенасці арганізацыяй вучэбнага працэсу.

Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне можа быць накіравана на вырашэнне наступных задач:

— распрацоўка індывідуальных адукацыйных маршрутаў у рамках псіхалагічнага кансультавання;

— фарміраванне адэкватнай самаацэнкі;

— ахова і ўмацаванне псіхалагічнага здароўя;

— развіццё камунікатыўных здольнасцей;

— прадухіленне ізаляцыі дзяцей у групе равеснікаў;

— развіццё патрэбнасна-матывацыйнай сферы навучэнцаў;

— развіццё псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці адміністрацыі адукацыйных устаноў, педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў.

Для паспяховай адаптацыі навучэнцаў 10-х класаў да профільнага навучання неабходны:

— сумесная з класнымі кіраўнікамі работа;

— адсочванне актуальнага стану навучэнцаў профільных класаў, выяўленне сімптомаў дэзадаптацыі;

— псіхалагічная асвета бацькоў і педагогаў адносна адаптацыйнага перыяду ў дзесяцікласнікаў;

— стварэнне ўмоў для фарміравання адэкватнай самаацэнкі сваіх патрэб і магчымасцей.

Дзейнасць педагога-псіхолага ў рабоце з навучэнцамі 10-х класаў можна падзяліць на тры этапы:

1) дыягнастычны этап (кастрычнік — лістапад);

2) развіццёвы этап (верасень — красавік);

3) аналітычны этап (май).

На першым этапе работы можна выкарыстоўваць наступныя методыкі:

1. Шкала сацыяльна-псіхалагічнай адаптаванасці (адаптаваная методыка К.Роджэрса і Р.Дайманда), накіраваная на вывучэнне асаблівасцей і ўзроўню адаптацыі, трывожнасці, групавой згуртаванасці.

2. Методыка дыягностыкі ўзроўню трывожнасці О.Кондаша.

3. Методыка вывучэння матывацыі навучання старшакласнікаў М.І.Лук’янавай, Н.В.Калінінай.

4. Методыка “Псіхалагічная атмасфера ў калектыве” (Л.Р.Жадуновай).

На другім этапе работы можна рэалізаваць праграму псіхолага-педагагічнага суправаджэння профільнага навучання “Выбар профілю навучання як важны этап прафесійнага станаўлення”.

Мэта праграмы — стварэнне псіхолага-педагагічных умоў для паспяховай адаптацыі навучэнцаў да асаблівасцей адукацыйнага асяроддзя школы, захаванне псіхалагічнага здароўя школьнікаў, распрацоўка спосабаў адаптацыі навучэнцаў.

Праграма складаецца з 8 заняткаў:

1. “Мой клас”. Мэта — згуртаванне калектыву.

2. “Планаванне будучыні”. Заняткі накіраваны на развіццё часавай перспектывы.

3. “Як рэалізаваць пастаўленыя мэты?” — на гэтых занятках адпрацоўваюцца навыкі пераадолення перашкод на шляху да дасягнення мэт.

4. “Хачу, умею і магу!” — фарміруюцца прыёмы ўпэўненых паводзін.

5. “Без праблем!” — далейшая адпрацоўка прыёмаў упэўненых паводзін.

6. “Самае галоўнае ў жыцці…”. Мэта — асэнсаванне старшакласнікамі сваіх жыццёвых каштоўнасцей.

7. “Матыў і прафесія”. Мэта — асэнсаванне сапраўдных матываў выбару профілю навучання.

8. “А напаследак…”. Мэта — атрыманне зваротнай сувязі для ўмацавання самаацэнкі і актуалізацыі асобасных рэсурсаў навучэнцаў.

У рамках псіхолага-педагагічнага суправаджэння профільнага навучання педагог-псіхолаг праводзіць работу з педагогамі і бацькамі, удзельнічае ў педагагічным кансіліуме “Адаптацыя дзесяцікласнікаў да профільнага навучання”, мэта якога — аналіз выяўленых асаблівасцей, заканамернасцей, дынамікі працэсу адаптацыі дзесяцікласнікаў ва ўмовах профільнага навучання, а таксама прадастаўленне рэкамендацый па ліквідацыі прычын дэзадаптацыі дзесяцікласнікаў.

Акрамя гэтага, педагог-псіхолаг можа выступіць на сходзе для бацькоў навучэнцаў 10-х класаў і расказаць пра ўзроставыя асаблівасці юнацкага ўзросту, а таксама пра псіхалагічныя асаблівасці адаптацыі да новых умоў навучання.

На трэцім этапе суправаджальнага цыкла аналізуецца ўся работа, праведзеная псіхолагам. Робяцца высновы аб эфектыўнасці дзейнасці, уносяцца прапановы па праектаванні далейшай праграмы работы.

На гэтым этапе работы навучэнцам можна прапанаваць анкету “Задаволенасць профільным навучаннем” (мадыфікавана на аснове методыкі Н.В.Калінінай, М.І.Лук’янавай) з мэтай ацэнкі задаволенасці навучаннем у профільным класе і цяжкасцей, якія ўзніклі пры навучанні.

Такім чынам, у цэлым рэалізацыя профільнага навучання прызначана развіваць матывацыю дзіцяці да пазнання свету прафесіі і вызначэння свайго месца ў гэтым свеце. Больш за тое, профільнае навучанне павінна спрыяць самастойнаму і ўсвядомленаму выбару свайго прафесійнага шляху.

Толькі пры наяўнасці гэтых паказчыкаў падрыхтоўкі навучэнцаў профільная адукацыя зможа забяспечыць пераемнасць паміж агульнай і прафесійнай адукацыяй праз стварэнне аптымальных умоў для рэалізацыі патрэб, інтарэсаў і схільнасцей навучэнцаў, а таксама іх сацыяльнага, у тым ліку і прафесійнага, самавызначэння.

Настасся ТАРУЦІС,
магістрант факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 21 Гомеля,
Алена БЛІЗНЕЦ,
магістрант факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 32 Гомеля.