Профільныя класы і шматпрадметная школа

- 10:39Планёрка ў рэгіёне

для самых матываваных вучняў Чэрыкаўскага раёна

Прымяненне ў адукацыйным працэсе элементаў сучасных педагагічных і інфармацыйных тэхналогій спрыяе павышэнню яго якасці. Новыя тэхналогіі прадугледжваюць асобасна арыентаванае ўзаемадзеянне педагогаў і навучэнцаў, ствараюць на занятках атмасферу ўпэўненасці, поспеху і бяспекі, развіваюць пазнавальную актыўнасць навучэнцаў. Падрабязней аб гэтым расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Чэрыкаўскага райвыканкама Ларыса Уладзіміраўна АСМАЛОЎСКАЯ.

— Ларыса Уладзіміраўна, раскажыце, калі ласка, аб выніках работы са школьнікамі ў вашым раёне. Якія поспехі вучні дэманструюць у конкурсным і алімпіядным руху?
— У рэспубліканскі банк даных адораных навучэнцаў у 2014—2015 гадах. былі ўключаны 5 навучэнцаў з Чэрыкаўскага раёна. Яны пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд і рэспубліканскага конкурсу (канферэнцыі) работ даследчага характару па вучэбных прадметах. У ліку лепшых навучэнцаў адзначым выпускнікоў сярэдняй школы № 1 Чэрыкава Дзмітрыя Дубкова, Уладзіміра Залогіна, Аляксандра Атрохава, Дар’ю Фралову, а таксама навучэнку Сакалоўскай базавай школы Юлію Прасянцову. Штогод на базе сярэдняй школы № 2 Чэрыкава праводзяцца вучэбныя зборы па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд. З мінулага навучальнага года адкрыта раённая вочна-завочная шматпрадметная школа, мэта якой — рэалізацыя індывідуальных адукацыйных праграм прафесійнага самавызначэння школьнікаў і падрыхтоўка іх да алімпіяд рознага ўзроўню. Зараз школу наведвае больш за 250 навучэнцаў.
Найлепшым чынам здольнасці дзяцей раскрываюцца ва ўмовах профільнага навучання. Так, у бягучым навучальным годзе ў раёне функцыянуюць 2 профільныя 10-я класы: на базе сярэдняй школы № 1 Чэрыкава, дзе вывучаецца хімія і біялогія на павышаным узроўні, і на базе сярэдняй школы № 2 Чэрыкава, дзе дзейнічае клас з вывучэннем на павышаным узроўні рускай мовы і матэматыкі. Працягнута вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні і ў 11-х класах.
У апошні час асаблівая ўвага ўдзяляецца ўдзелу школьнікаў у дыстанцыйных алімпіядах. У нас ёсць дасягненні па выніках абласных дыстанцыйных алімпіяд: прававой і матэматычнай. Ёсць поспехі і ў іншых выпрабаваннях. Напрыклад, у заключным этапе абласнога конкурсу EnglishDay навучэнцы раёна ў 2015 годзе атрымалі дыплом I ступені і пахвальны водзыў.

— Раскажыце аб вопыце выкарыстання інфармацыйных камунікацыйных тэхналогій пры навучанні дзяцей.
— У раёне створаны ўсе ўмовы для выкарыстання ІКТ. Установы адукацыі аснашчаны сучаснай камп’ютарнай тэхнікай на 100%. Яны маюць выхад у сетку інтэрнэт па тэхналогіі ADSL, WLL. Вядзецца работа па прадастаўленні школам праграмнага забеспячэння.
68% нашых педагогаў выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі на ўроках, у пазаўрочнай дзейнасці (праз праграмныя комплексы, інтэрактыўныя прэзентацыі, прэзентацыі PowerPoint, тэставае асяроддзе (MyTest і інш.), на відэаўроках і інш. Праводзяцца майстар-класы, раённыя семінары па выкарыстанні інтэрактыўных дошак. Колькасць сертыфікаваных карыстальнікаў сярод педагогаў раёна складае сёння 60,3%.

— З якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца? Якія шляхі іх вырашэння вы бачыце?
— На жаль, колькасць навучэнцаў у раёне з кожным годам зніжаецца, асабліва ў сельскіх школах. Калі пяць гадоў назад (у 2010/2011 навучальным годзе) ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна вучылася 1888 дзяцей, то ў бягучым навучальным годзе — толькі 1622. У апошнія гады закрыта Лабчанская базавая школа і дзве сярэднія школы рэарганізаваны ў базавыя.
Колькасць дашкольнікаў у сельскай мясцовасці ў апошнія гады таксама знізілася, у самім жа Чэрыкаве — узрасла. Мы правялі аптымізацыю сеткі дашкольных устаноў. У 2011 годзе быў закрыты дзіцячы сад № 2 Чэрыкава, які размяшчаўся ў старым драўляным будынку. Выхаванцы пераведзены ў яслі-сад № 3 Чэрыкава. Адкрыта дадаткова 2 дашкольныя групы на базе пачатковай школы Чэрыкава.
Аптымізацыя сеткі адукацыйных устаноў будзе весціся і праз рэарганізацыю асобных сярэдніх школ у вучэбна-педагагічныя комплексы “яслі-сад — базавая школа” праз скарачэнне колькасці клас-камплектаў.
На жаль, сёння ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі не хапае настаўнікаў замежных моў, працоўнага навучання, фізікі, матэматыкі. Каб вырашыць праблему, мэтава накіроўваем на педагагічныя спецыяльнасці ва ўстановы вышэйшай адукацыі сваіх выпускнікоў. Зараз такім чынам навучаецца 7 чалавек. Радуе, што 75 працэнтаў маладых спецыялістаў сёння застаюцца працаваць у раёне. Гэта высокі паказчык, і ён вышэйшы, чым абласны. У апошнія гады колькасць настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй узрасла да 93%, да 80% павялічылася колькасць настаўнікаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй.

— Наколькі паспяхова ўкараняюцца інклюзіўныя падыходы ў сістэме адукацыі Чэрыкаўскага раёна?
— На 15 студзеня 2016 года ў раённым банку даных ёсць інфармацыя аб 323 дзецях з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Працэнт забеспячэння іх спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай складае 99,4. У раёне праводзіцца работа па стварэнні ўмоў для пашырэння сацыяльных кантактаў дзяцей з АПФР, па забеспячэнні іх нароўні са здаровымі равеснікамі творчай дзейнасцю. Так, у 2014/2015 годзе навучэнец з АПФР Лабанаўскага ясляў-сада — базавай школы Яўген Рабуха дасягнуў поспехаў на абласной алімпіядзе па працоўным навучанні (атрымаў дыплом I ступені). На адборачным этапе фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” выхаванцы ясляў-сада № 5 Чэрыкава заваявалі дыплом I ступені ў намінацыі “Лепшы танцавальны калектыў”, на першынстве вобласці па лёгкай атлетыцы навучэнец спецыяльнага класа сярэдняй школы № 2 Чэрыкава Уладзімір Пархамчук атрымаў дыплом I ступені, а на першынстве Беларусі па лёгкай атлетыцы — дыплом II ступені.

Надзея ЦЕРАХАВА.