Проста стаць дзіцем!

- 15:17Культура

Апошнім часам не сціхаюць размовы пра тое, што нашы дзеці мала чытаюць, што гаджэты маюць значна большую ўвагу і вагу ў вачах дзяцей, чым кнігі, што дарослыя не ведаюць, што рабіць з гэтай бядой… Гэтая праблема ўзнімалася і на ХХVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.

Шчыра кажучы, я даўно не назіраў такіх з’яў, каб дзеці ў літаральным сэнсе цягнуліся да кніг, а кнігі разыходзіліся, як марожанае. Гэта можна было ўбачыць ля прылаўкаў шведскіх і нарвежскіх аўтараў, на французскім і італьянскім стэндах, на палічцы выдавецтва “Галіяфы” і канкрэтна аўтара Веры Бурлак, якая проста ўзрывала сваімі “Фантазюркамі” дзяцей, маленькіх наведвальнікаў Мінскага кніжнага кірмашу. І ва ўсіх выпадках напрошвалася сама сабой выснова: самымі папулярнымі становяцца тыя аўтары для дзяцей, якія самі ператвараюцца ў дзяцей. Не трэба ўмудроных высноў ад сівагаловых крытыкаў, маўляў, дзеці не любяць чытаць, не трэба нараканняў на засілле HI-FI-тэхналогій, не трэба стомленых уздыхаў, што наогул памерла кніга, у тым ліку дзіцячая.

Не памерла! Проста пісьменнікам, якія пішуць для дзяцей, трэба самім хоць бы крышку стаць дзецьмі. Як? А вельмі проста! Проста стаць дзіцем! Ці, прынамсі, падлеткам…

Нават калі ў цябе дрэнны зрок, трэба схаваць далей акуляры і начапіць на свае блізарукія вочы ружова-смарагдавыя лінзы. Нават калі ты прывык хадзіць у адпрасаваным жонкай чорным касцюме, трэба схаваць яго ў доўгую шафу для самай сумнай нагоды ў сваім жыцці і апрануць светла-блакітныя джынсы з разрэзамі на каленях. Нават калі табе падабалася слухаць сто гадоў назад Мірэй Мацьё ці Алу Пугачову, трэба ўключыць Дуа Ліпу. Ды ўключыць Дуа так гучна, каб праз навушнікі яе Be The One чулася на тры найбліжэйшыя кварталы. Дарэчы, думаю, што песня Be The One ў выкананні гэтай брытанскай спявачкі невыпадкова пабіла ўсе рэкорды хіт-парадаў апошніх дзесяцігоддзяў. Сёння, калі ўсе людзі, усё грамадства спакваля становяцца аднолькавымі, пытанне, каб стаць у гэтым нівеліруючым і нівеліраваным свеце The One, адным такім унікальным, гучыць вельмі нават актуальна. На жаль, сёння страцілі сэнс іншыя, лёсавызначальныя ў мінулым пытанні кшталту “Ці лёгка быць маладым?” ці нават To be or not to be? Сёння больш актуальна гучыць вось гэтае простае “Ці лёгка Be The One?”. Гаворка ідзе пра захаванне ідэнтычнасці аднаго асобна ўзятага чалавека. І Dua Lipa выказала ў сваёй папулярнай песні падсвядомае жаданне мільёнаў сённяшніх маладых людзей быць адным. Не адзінокім (“адзіноцтва ў сетцы ім і без таго хапае). Не адным з іншых (сённяшнія культурныя трэнды скіраваны якраз на “іншасць”). А быць адным такім — і сярод іншых, і сярод сваіх.

Зрэшты, вернемся да тэмы кніг. Тэмы дзіцячых кніг.

Гэта балючая тэма.

Яна баліць бацькам, для якіх ператвараецца ў пакуту чытання сваім дзеткам на ноч казкі ў той час, калі па тэлевізары ідзе чарговы марвелаўскі опус.

Яна баліць настаўнікам, якія ўжо ў першым ці другім класе мусяць некалькі разоў упрошваць шасці- і сямігадовых дзетак схаваць у рукзакі смартфоны перад тым, як пачаць чытаць ім пра Муху-цакатуху.

Яна баліць аўтарам дзіцячых кніг, якія доўгімі восеньскімі начамі выдумваюць новага дзіцячага літаратурнага героя, які б стаў любімым.

Але калі нешта баліць, гэтае “нешта” трэба лячыць.

На ХХVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы расійская пісьменніца Ірына Лук’янава прадставіла серыю animalbooks, у тым ліку сваю кніжку з серыі “Я каала”. Тое, што прачытае чытач ніжэй, не мной прыдуманае. Гэта проста прыклад таго, як можна знаёміць дзяцей з кнігамі, як можна зацікавіць дзяцей кнігамі. Забягаючы наперад, скажу, што гэтая прэзентацыя выклікала ў дзяцей фурор. Некаторыя з прыведзеных ніжэй вытрымак могуць крышку шакіраваць чапурыстага чытача. Але ўспрымайце гэта менавіта як размову аўтара са сваім маленькім чытачом. Такая размова, калі аўтар сапраўды хоча знайсці свайго чытача, адбываецца на роўных.

“Як вы думаеце, як правільна называць такую цікавенькую аўстралійскую жывёлку? Вамбат? Ці вомбат? Вы ж, мабыць, чулі песню пра бацяню-камбата? Дык вось, гэтая жывёлка называецца вомбатам, а бацяня — камбатам”.

“Ці ведаеце вы, якая з існуючых сёння на свеце жывёл, даруйце, какае кубікамі? Роўненькімі такімі. І ніхто з сучасных вучоных-біёлагаў не можа даць адказ на гэтае пытанне: чаму так? Чаму яны гэта робяць кубікамі? Чаму гэткімі роўненькімі? Можа быць, той, хто дасць правільны адказ, атрымае Нобелеўскую прэмію ў галіне біялогіі”.

“Як вы думаеце, якая жывая істота найдужэйшая ў свеце? Слон? Бегемот? Тыгр? Ды не! Муравей! Бо ён нясе на сабе вагу ў дзясяткі разоў цяжэйшую за ўласную!”

“Вы думаеце, што мне лёгка было напісаць кніжку пра каалу? Не! Я ўсё скакала на сваіх задніх лапах і крычала: “Я каала! Я каала! Вазьміце мяне ў свет каал! Я вартая гэтага!” Каалы мне доўга не верылі, але потым мне ўсё ж удалося ім даказаць, што я каала”.

“Продак каалы называўся каалінумус. Ён быў такі вялікі, як мядзведзь. Але, нягледзячы на гэта, умеў вельмі спрытна лазіць па дрэвах”.

“Цяпер я разумею, чаму мяне не прымалі каалы ў сваю супольнасць, калі я скакала на задніх лапах. Справа ў тым, што каалы могуць хадзіць толькі на карачках або на кім-небудзь ці на чым-небудзь вісець — або на дрэве, або на чалавеку. Таму каале значна лягчэй з кім-небудзь абдымацца, чым стаяць на лапах”.

“Многія думаюць, што каалы — гэта маленькія мядзведзі. Гэта ў корані няправільнае меркаванне. Каала — гэта сумчатая жывёла. А ніякі мядзведзь не будзе насіць з сабой сумак”.

“У Аўстраліі амаль усе жывёлы сумчатыя. У гэтым яны разумнейшыя нават за людзей. Бо спрадвеку носяць сваіх дзяцей у сумках на жываце — тое, да чаго дадумаліся людзі толькі ў ХХ стагоддзі. Дзеці каалы нараджаюцца вельмі маленькімі — усяго 5 сантыметраў даўжынёй. Ружовенькія, без вочак і вушак. Але з самага нараджэння ў каалы ёсць кіпці, якімі яна паўзе па жываце маці, забіраецца ў сумку і ўжо там адрошчвае свае вочкі, вушкі, шэрстку і… хвосцік”.

“Самая вялікая тайна каал — тое, што ў іх ёсць хвост. Але пра яго ніхто не ведае, бо яго проста не відаць”.

“Каалы любяць дабрабыт. У адной каалы заўсёды ёсць некалькі пакояў-дрэў: спальня (гэта для каал святое!), гардэроб, кухня…”

“Каалы жывуць у далёкай Аўстраліі. Але як мы даведаліся пра іх? Некалькі стагоддзяў назад галандскія мараплаўцы знайшлі Аўстралію і ў ёй такіх звяркоў. Боцман крыкнуў: “Гэта пацукі!” Але капітан прыгледзеўся да “пацукоў” і сказаў: “Пацукі не насілі б дзяцей на сваіх грудзях”.

“Самы распаўсюджаны пост сярод турыстаў, якія наведваюць Аўстралію, фотка з каалай. Каалы любяць нават падміргваць чалавеку. Але ў каал, як і ў людзей, часам прачынаецца дзёрзкасць. Якраз калі я была ў Аўстраліі, адна каала вырашыла збегчы з заапарка. Яе шукалі ўсёй Аўстраліяй. Знайшлі нарэшце. Недзе ў прыгарадзе Мельбурна яна залезла на эўкаліпт. Яна прабыла там некалькі дзён. І дрыжэла ад страху, калі спускалася да ратавальнікаў…”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

P.S. Думаецца, мяне правільна зразумелі чытачы. Гаворка Ірыны Лук’янавай з дзецьмі была не зусім пра каал. А, можа быць, і не пра каал зусім. Кожны з нас — таксама каала.

Пасля прэзентацыі кніжкі “Я каала” дзеці стаялі ў чарзе за аўтографам аўтара.