Прыйсці, застацца, стаць прафесіяналам

- 11:28Адукацыйная прастора

Работа з маладымі педагогамі — адзін з важных напрамкаў дзейнасці Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, на рахунку якой шмат цікавых практычных мерапрыемстваў, накіраваных на замацаванне моладзі ў сістэме адукацыі, дапамогу ў прафесійным станаўленні, працоўна-прававую падтрымку і развіццё творчых здольнасцей.

Нядаўна пры падтрымцы аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама прайшоў ІV Брэсцкі маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст”. 45 маладых выхавальнікаў, настаўнікаў і педагогаў дадатковай адукацыі з працоўным стажам да 2 гадоў сабраліся ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Салют”, што ў Кобрынскім раёне, каб у нефармальнай абстаноўцы нала­дзіць сяброўскія і прафесійныя зносіны, абмяняцца цікавымі напрацоўкамі і атрымаць парады вопытных калег. Сёлета ў мера­прыемстве ўдзельнічалі 12 педагогаў з устаноў адукацыі Жабінкаўшчыны.

Адкрываючы форум, начальнік гарадскога аддзела па адукацыі А.М.Наскоў адзначыў, што асноўная задача мерапрыемства — дапамагчы моладзі пераканацца ў правільным прафесійным выбары і стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для яе прафесійнага станаўлення і замацавання ва ўстановах адукацыі. Але застацца ў прафесіі мала, неабходна стаць яшчэ высакакласнымі спецыялістамі. Дапамагчы ў гэтым — галоўны абавязак вопытных педа­гогаў, органаў кіравання адукацыяй і прафсаюзнай арганізацыі.

— Форум адыгрывае важную ролю ў стымуляванні творчай ініцыятывы маладых педагогаў, выяўленні таленавітых настаўнікаў, здольных да актыўнай прафесійнай дзейнасці, прапагандзе сучасных адукацыйных практык і распаўсюджванні інавацыйных педагагічных ідэй, — расказала старшыня Брэсцкага гаркама галіновага прафсаюза І.А.Жак. 

Загадчыца кафедры педагогікі БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат педагагічных навук Т.А.Кавальчук засяродзіла ўвагу на тэндэнцыях удасканалення адукацыйнага працэсу ў сучаснай школе. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована А.М.Агеявец падзяліўся вопытам выкарыстання элементаў ІТ-тэхналогій у краязнаўстве і вучэбна-выхаваўчай ­дзейнасці. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 7 Т.У.Балычова гаварыла пра шляхі прафесійнага росту маладых педагогаў. Настаўнік геаграфіі А.У.Самайловіч з сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава агучыў крытэрыі паспяховасці маладога настаўніка.

У рамках форуму прайшоў конкурс “Маладзёжная плынь”, які складаўся з двух этапаў. Падчас першага ўдзельнікі рыхтавалі разнажанравыя відэаролікі на тэму “Я педагог, а гэта азначае…” працягласцю да 3 мінут, а падчас другога этапу — публічныя выступленні, дзе прэзентавалі цікавыя метады, прыёмы і формы работы, якія эфектыўна выкарыстоўваюць на ўроках і пазакласных мерапрыемствах, дзяліліся думкамі, ідэямі і поглядамі наконт спосабаў удасканалення ўласнай дзейнасці і адукацыйнага працэсу ў цэлым. Адчувалася, што моладзь любіць выбраную справу, займаецца ёй натхнёна і ўсвядомлена і кідаць не збіраецца.

Пераможцамі конкурсу сталі сацыяльны педагог Алена Андрэеўна Рак з сярэдняй школы № 3 і настаўнік гісторыі Дзмітрый Валянцінавіч ­Уснарскі з сярэдняй школы № 33. На 2-м месцы — кіраўнік фізічнага выхавання Яўгенія Вітальеўна Ледаўскіх з ясляў-сада № 64 і настаўніца пачатковых класаў Алеся Вячаславаўна Румачык з сярэдняй школы № 30 імя Д.Б.Гвішыяні, на 3-м месцы — педагог-псіхолаг Ірына Уладзіміраўна Ахрымук з гімназіі № 3 і настаўніца англій­скай мовы Вольга Ула­дзіміраўна Калінюк з сярэдняй школы № 14 імя Я.М.Фаміна. Іншыя педагогі былі адзначаны ў пэўных намінацыях.

Шмат цікавага і карыснага ўдзельнікі форуму даведаліся на прафсаюзным уроку “Разам за бяспечную працу!”, арга­нізаваным галоўным спецыялістам гаркама галіновага прафсаюза Н.П.Андранюк, майстар-класах “Выкарыстанне крэатыўных метадаў і прыёмаў для павышэння матывацыі да навучання школьнікаў” і “Класны кіраўнік — ключавая фігура выхаваўчага ­працэсу”, праве­дзеных настаўніцамі англій­скай мовы А.В.Анціпаровіч і В.М.Куіс з сярэдняй школы № 37, а таксама настаўніцай гісторыі І.А.Гру­шавец з сярэдняй школы № 32. Даволі пазнавальным атрымаўся трэнінг педагогаў-псіхолагаў І.С.Балцянковай і Н.І.Лысовай з сярэдняй школы № 23, прысвечаны раскрыццю індывідуальнасці маладога педагога.  

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.