Упершыню настаўніцу хіміі гімназіі Іванава, што на Брэстчыне, Алу Васільеўну Таболіну я ўбачыла на сцэне Рэспубліканскага палаца прафсаюзаў. І было гэта зусім нядаўна, на ўрачыстым сходзе, прымеркаваным да Дня настаўніка.
Такія мерапрыемствы заўсёды радасныя і шчымлівыя, бо па ўзнагароды на сцэну падымаюцца лепшыя педагогі. Яны хвалююцца, а ты, седзячы ў зале, адчуваеш гонар. Найперш ад таго, што многіх ведаеш асабіста. Ала Васільеўна атрымала падзяку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Узнагарода пачэсная, як, зрэшты, і праца настаўніка. У педагогіцы Ала Васільеўна даўно, больш за 20 гадоў. І не сумняваюся, што ўвесь гэты час яна атрымлівае задавальненне ад сваёй прафесійнай дзейнасці. Інакш не было б у яе столькі дасягненняў.
У гімназіі Іванава Ала Васільеўна Таболіна працуе з 2010 года. І, як заўважае дырэктар навучальнай установы Інга Юр’еўна Раманчык, гэта настаўніца з высокім пачуццём адказнасці, валодае ўменнем наладжваць стасункі з дзецьмі, яна арганізаваная, патрабавальная, зацікаўленая ў выніках сваёй працы.
“Ала Васільеўна ў сваёй рабоце выкарыстоўвае такія метады і прыёмы навучання, якія садзейнічаюць развіццю актыўнасці, самастойнасці, творчай ініцыятывы навучэнцаў, зацікаўленасці да прадмета, фарміраванню матывацыі на якасць навучання.
Адметная рыса яе ўрокаў — высокі навукова-тэарэтычны ўзровень выкладання праграмнага матэрыялу. Мерай ацэнкі дзейнасці настаўніцы з’яўляецца развіццё здольнасцей кожнага навучэнца. Вынікі на ўроках Алы Васільеўны вымяраюцца не адносна іншых вучняў, а ў параўнанні з папярэднім развіццём навучэнца. Педагог умее зацікавіць дзяцей, развіць іх творчыя здольнасці.
Ала Васільеўна здольна вывучэнне хіміі зрабіць адначасова цікавым, карысным і творчым. На сваіх уроках яна паспяхова выкарыстоўвае прыём рашэння нестандартных задач. І многія віды нестандартных заданняў дапамагаюць настаўніцы арганізаваць прадукцыйную, творчую дзейнасць навучэнцаў праз самастойны пошук шляхоў рашэння задачы”, — адзначае Інга Юр’еўна.
Зразумела, што такое стаўленне да арганізацыі заняткаў, а таксама сістэмнае прымяненне нестандартных заданняў дае магчымасць настаўніцы якасна падрыхтаваць школьнікаў да прадметнай алімпіяды. Штогод навучэнцы А.В.Таболінай паказваюць стабільна высокія вынікі на ўсіх этапах Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі.
Так, у 2014/2015 навучальным годзе яе вучаніцы на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі заваявалі два дыпломы ІІ ступені. Гэта Натасся Расько і Карына Гулюк. У мінулым навучальным годзе з чацвёртага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі яе выхаванцы прывезлі дыпломы І (Настасся Расько) і ІІІ (Ангеліна Насульчык) ступені, а таксама пахвальны водзыў (Алег Жушма).
Ала Васільеўна з’яўляецца трэнерам раённай каманды навучэнцаў па падрыхтоўцы да трэцяга і чацвёртага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Хімія”. Настаўніца далучае дзяцей і да даследчай дзейнасці. Яе вучні неаднаразова станавіліся прызёрамі раённай навукова-даследчай канферэнцыі “З навукай у будучыню”.
Адзначана падзячным лістом за падрыхтоўку каманды ўдзельнікаў у інтэрнэт-праекце “Падарожжа ў свет хіміі”, арганізаваным Дэпартаментам па адукацыі Яраслаўскай вобласці.
З 2010 года Ала Васільеўна з’яўляецца членам абласной творчай групы настаўнікаў хіміі. Сваім вопытам ахвотна дзеліцца на старонках перыядычнага друку — у часопісах “Народная асвета”, “Хiмiя: праблемы выкладання”. Друкавалася А.В.Таболіна і ў “Настаўніцкай газеце” (“Школьны хімічны эксперымент у кантэксце праблемнага навучання”).
Дзялілася сваім вопытам па павышэнні ўнутранай матывацыі вучняў на ўроках хіміі на абласной навукова-практычнай канферэнцыі педагогаў “Эфектыўныя методыкі работы з адоранымі дзецьмі: тэорыя і практыка, вопыт педагогаў Брэстчыны”.
Як адзначаюць калегі, па характары Ала Васільеўна спакойны і ўраўнаважаны чалавек, а таксама прынцыповы і дысцыплінаваны, настойлівы ў давядзенні пачатай справы да лагічнага завяршэння. Думаю, што гэтыя якасці перадаюцца і яе вучням. Інакш яны не станавіліся б паспяховымі ўдзельнікамі алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.