У канцы верасня ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка пачаў работу пункт вакцынацыі ад COVID19. Кіраўніцтва ўніверсітэта, клапоцячыся пра здароўе студэнтаў, таксама далучылася да сусветнага руху па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй.
Пункт аховы здароўя № 1 БДПУ імя Максіма Танка знаходзіцца ў галоўным корпусе ўніверсітэта. У першы дзень работы медпункта па вакцынацыі студэнтаў супраць інфекцыі COVID19 жадаючых прышчапіцца было нямнога, затое сёння студэнты прыходзяць, каб задаць медработніку пытанні, якія іх цікавяць, і даведацца ўсе нюансы вакцынацыі. Гэта, як сказала начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДПУ імя Максіма Танка Святлана Мікалаеўна Маліноўская, добры знак.
“Безумоўна, вакцынацыя — гэта адзіны правільны спосаб пазбегнуць цяжкіх наступстваў COVID19, — упэўнена прадстаўнік універсітэта. — Ва ўніверсітэтах краіны, і ў нашай установе ў тым ліку, а таксама ў пунктах аховы здароўя, што размяшчаюцца ў студэнцкіх інтэрнатах, працуюць прышчэпачныя пункты. Для арганізацыі вакцынацыі на базе медпунктаў БДПУ імя Максіма Танка рэктаратам было закуплена маразільнае абсталяванне для падтрымання неабходнага тэмпературнага рэжыму пры захоўванні вакцыны супраць інфекцыі COVID19. Вакцынацыя з’яўляецца вельмі важнай для стварэння калектыўнага імунітэту, таму і супрацоўнікі БДПУ імя Максіма Танка, і студэнты нашага ўніверсітэта актыўна прышчапляюцца.
У БДПУ імя Максіма Танка студэнтам прапануюць зрабіць прышчэпку вакцынай ад COVID19 “Спутник Лайт” — аблегчаную версію вядомага “Спутника V”.
Даша Кулікова, студэнтка 3 курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, нядаўна зрабіла другую прышчэпку. Дзяўчына прышчапілася вакцынай “Спутник V”.
“Безумоўна, як і ўсе, спачатку сумнявалася ў тым, ці варта рабіць прышчэпку, але ў выніку зрабіла выбар на яе карысць, — расказвае студэнтка. — Я не так баюся самой інфекцыі, як ускладненняў, якія яна выклікае. Калі даведалася, што ў нашым універсітэце пачаў працаваць медыцынскі пункт, то вельмі ўзрадавалася. Гэта вельмі зручна, што прышчапіцца можна ва ўніверістэце, а не бегаць па горадзе ў пошуках спецыялізаваных пунктаў”.
У адрозненне ад сваіх калег Данііл Жураўлёў, студэнт 4 курса факультэта сацыяльнапедагагічных тэхналогій, зрабіў прышчэпку ад COVID19 яшчэ ў красавіку.
“Справа ў тым, што ў чэрвені ў складзе педагагічнага атрада “Ніка”, што дзейнічае на факультэце сацыяльнапедагагічных тэхналогій, я ездзіў у спартыўнааздараўленчы комплекс БДУ “Брыганціна” на работу, таму прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі неабходна было зрабіць у любым выпадку, — дзеліцца Д.Жураўлёў. — У першую чаргу я хацеў засцерагчы сябе. Каранавірус пастаянна муціруе, таму пытанне нашай засцярогі было прыярытэтным. Падругое, мы павінны былі таксама думаць пра бяспеку і здароўе дзяцей, з якімі працавалі. Прышчэпку я рабіў не адзін: прышчапіўся ўвесь наш атрад. Ніякіх наступстваў ад прышчэпкі на сабе не адчуў, самаадчуванне было выдатным. Я не шкадую, што пайшоў на такі крок. Наша здароўе — у нашых руках, і каб засцерагчы сябе, мы павінны хаця б нешта для гэтага зрабіць. Прышчэпка — самы просты крок”.
Наталля САХНО.
Фота аўтара.