Зусім нядаўна навіна пра выдатнае выступленне беларускіх школьнікаў на 47-й Міжнароднай фізічнай алімпіядзе стала радаснай падзеяй не толькі для Гродна, дзе вучыўся залаты прызёр алімпіяды Эрык Камлык, але і для ўсёй краіны. З вялікім хваляваннем сустрэў яе і настаўнік Гродзенскай гарадской гімназіі Аляксей Валер’евіч Кавалевіч, атрымаўшы ад свайго вучня SMS-паведамленне толькі з адным словам — “Золата”.
За гады настаўніцкай работы ў Аляксея Валер’евіча сабралася вялікая бібліятэка з кніг-падарункаў. Іх прывозяць у гімназію яго былыя вучні — неяк склалася такая традыцыя, аб якой ведаюць і якую стараюцца падтрымліваць выпускнікі. Яшчэ адна ўмова — абавязкова прыходзіць у гімназію і сустракацца з яе цяперашнімі навучэнцамі, расказваць аб тых універсітэтах, дзе вучацца былыя вучні, чым займаюцца, даць параду і натхніць. Такая своеасаблівая прафарыентацыйная работа.
Менавіта фізіка, на думку А.В.Кавалевіча, дае цэласную карціну сусвету. Шлях да такога ўяўлення пачаўся у Правамастоўскай сярэдняй школе, дзе здольны вучань Аляксей Кавалевіч даволі лёгка перамагаў у школьных алімпіядах па фізіцы і матэматыцы, нямецкай мове і інфарматыцы. А пасля гэтага перамаганоснага этапу стаў задумвацца, як вучыцца далей, і паступіў у абласны фізіка-матэматычны ліцэй. Першы семестр паказаў, што вучыцца тут трэба зусім па-іншаму. Не проста запамінаць, а спасцігаць вялікую навуку пазнання.
І першыя двойкі, якія атрымаў вельмі добры вучань Кавалевіч, паказалі яму, што гэта сапраўды так. Навучальная ўстанова давала магчымасць вучыцца ва ўніверсітэцкіх выкладчыкаў, адным з якіх быў прафесар Валерый Аляксандравіч Ліопа, які ўражваў не толькі сваімі фізічнымі ведамі, але і бязмежным кругаглядам, гумарам. Ад яго і іншых выкладчыкаў ліцэя прыйшла і такая навука: не сорамна чагосьці не ведаць, сорамна не хацець ведаць. Такая філасофія ў настаўніка А.В.Кавалевіча і сёння.
— Задасць Эрык Камлык пытанне, і я “выпадаю” на тыдзень, — з усмешкай расказвае Аляксей Валер’евіч. — І вучуся таксама ў свайго вучня яго нестандартнаму мысленню. Эрык можа прапанаваць зусім незвычайнае рашэнне, якое не апісана ні ў адным падручніку. Калі запытаюся ў яго: “А што, так можна?” — дык у адказ магу пачуць: “А што, нельга?” Эрык можа прыдумаць свае абазначэнні, вектары.
Вось такі “адрэналін”, работа з адоранымі вучнямі, падрыхтоўка іх да алімпіяд і з’яўляюцца, па словах Аляксея Валер’евіча Кавалевіча, асноўнай матывацыяй яго работы настаўнікам. Калі Аляксей Валер’евіч займаўся спортам, улюбёнай яго дыстанцыяй была стаметроўка. Вось і зараз сваю работу параўноўвае ён з гэтым забегам: трэба ўзяць паспяховы старт, поўнасцю рэалізавацца і дасягнуць выніку.
За 11 гадоў работы, а пачаў працаваць у фізіка-матэматычных класах гімназіі яшчэ студэнтам 5 курса фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ, прайшоўшы перад гэтым тут педагагічную практыку, у настаўніка вышэйшай катэгорыі А.В.Кавалевіча, канечне, з’явіліся свае метадычныя напрацоўкі і вопыт работы з гімназістамі-алімпіяднікамі.
— Дзедаўшчына ў нас вітаецца, — зноў не без гумару расказвае А.В.Кавалевіч. — Ну, можа, назавём гэта шэфствам. Заўважыў, што калі толькі я вяду факультатыўныя заняткі, дзе прысутнічаюць вучні розных класаў, а на гэтыя суботнія заняткі прыходзяць і дзеці з іншых школ, дык часу на ўсё не хапае. Таму размяркоўваю вучняў па парах, замацоўваю старэйшых за малодшымі. Заданні даю толькі я, а ўжо кантроль і дапамогу ажыццяўляюць старэйшыя. А малодшых яшчэ трэба зацікавіць фізікай праз гульню — дослед, эксперымент. Памятаю, як пачынаў займацца з Эрыкам у 7 класе. У яго літаральна вочы свяціліся, калі ён дослед бачыў. Нельга заставіць гэтым займацца, трэба зацікавіць.
І такіх зацікаўленых фізікай асоб у Гродзенскай гарадской гімназіі нямала. Паступова набіраліся вынікі: спачатку — 4 дыпломы на раённым і два дыпломы на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Тры гады назад — ужо два дыпломы рэспубліканскага ўзроўню — І і ІІ ступені. Іх заваявалі Эрык Камлык і Васіль Маркоўкін. І праз год — тры дыпломы. Да Эрыка і Васіля далучыўся Андрэй Рамашчанка. А мінулы навучальны год стаў самым выніковым: тры дыпломы І ступені на рэспубліканскай алімпіядзе. І ўвянчала гэты поспех міжнароднае “золата” Эрыка Камлыка.
— Першае пытанне, якое задае наш дырэктар Ганна Міхайлаўна Дулуб: у чым ёсць патрэба? І заўсёды хутка прымае рашэнне. Калі ў мяне ёсць методыка па рабоце з вучнямі-алімпіяднікамі, то ў Ганны Міхайлаўны ёсць свая методыка па рабоце з настаўнікамі, якія рыхтуюць алімпіяднікаў, — гаворыць Аляксей Валер’евіч. — Кабінеты фізікі ў гімназіі вельмі добра абсталяваны, у нас інтэрактыўныя дошкі, камп’ютары з хуткім інтэрнэтам, абсталяванне для эксперыментаў і доследаў, бо фізіка — напалову тэорыя, напалову эксперымент.
Сярод умоў, якія спрыяюць добрай рабоце настаўнікаў, матэрыяльнае стумуляванне не на апошнім месцы. У калектыўным даговоры гімназіі прадугледжана прэміраванне настаўнікаў: за дыплом І ступені на рэспубліканскай алімпіядзе — да 10 базавых велічынь, за высокія паказчыкі па выніках агляду-конкурсу “Лепшы настаўнік года” — таксама да 10 базавых, за лепшы кабінет — да дзвюх базавых і г.д.
Сярод адзнак А.В.Кавалевіча — ганаровыя граматы і грашовыя прэміі Гродзенскага гарвыканкама і ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, дыплом “Любімы настаўнік” ад Белтэлерадыёкампаніі па выніках праграмы “Дзеці новага пакалення”, падзячны ліст Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута за высокі ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў на анлайн-алімпіядзе “Фізтэх-2014”. У мінулым годзе педагог стаў лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Аляксей Валер’евіч гаворыць, што сваёй зарплатай настаўніка задаволены. Але з не меншай гордасцю гаворыць аб іншых жыццёвых узнагародах — сваёй сям’і. Жонка Наталля Мікалаеўна працуе настаўніцай пачатковых класаў у гэтай жа гімназіі, растуць дзве дачушкі — Настасся, якая ў гэтым годзе стане школьніцай, і Соф’я. Не так даўно ў гімназіі стаў выкладаць фізіку малодшы брат Павел. А яшчэ А.В.Кавалевіч ганарыцца сваімі вучнямі. І не толькі іх дасягненнямі ў фізіцы — проста адносінамі адно да аднаго, да жыцця. Гэта яны так старанна рыхтаваліся да сустрэчы Эрыка Камлыка пасля міжнароднай алімпіяды, і толькі на вакзале настаўнік убачыў залатыя шары, якія шукаліся па ўсім горадзе, бо менавіта такія патрэбны былі для сустрэчы Эрыка, і самаробную залатую карону, якой яго ўпрыгожылі. Гэта яны ўсё самі. Але вучыць іх Аляксей Валер’евіч Кавалевіч.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.