Прысвяціў жыццё дзецям і фізіцы

- 10:22Людзі адукацыі

Педагог — прафесія незвычайная. Яна патрабуе адначасова быць выхавальнікам і ратавальнікам, урачом і тонкім псіхолагам, артыстам і мастаком. Настаўніцкую працу нельга ўціснуць у рамкі з 8.00 да 17.00 гадзін. Педагог, здаецца, працуе на працягу сутак. Стос сшыткаў для праверкі, падрыхтоўка да ўрокаў, пазакласныя мерапрыемствы, сустрэчы з бацькамі вучняў, розныя паходы, экскурсіі, паездкі… І ўсё для таго, каб не толькі даць неабходныя веды, але і выхаваць, захаваць у душах і сэрцах вучняў галоўнае — чалавечнасць.

— Добры настаўнік — гэта заўсёды прызванне і талент, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 2 Маларыты Любоў Васільеўна Куц. — Такім талентам валодае настаўнік фізікі і астраноміі Сяргей Іванавіч Марашчук. Пра яго можна гаварыць доўга і шмат. Па характары строгі, але справядлівы, старанны, разважлівы, дысцыплінаваны, патрабавальны да сябе, адказны за даручаную справу. Сярод іншых якасцей яго вылучаюць дабрыня, спагада, здольнасць зацікавіць прадметам. Ён умее працаваць з вучнямі і паспяхова весці іх да новых ведаў.

На педагагічнай ніве Сяргей Іванавіч, “залаты” выпускнік сярэдняй школы № 2 Маларыты, шчыруе ўжо 25 гадоў. Пасля заканчэння тагачаснага Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна малады спецыяліст адзін год адпрацаваў у Ланской сярэдняй школе, а ў альма-матар яму адразу прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Навічку — і такая адказнасць! Значыць, давяраюць. Гэта было прыемна, але адначасова адказна і нават крыху боязна. Спакою не давала думка, ці справіцца з даручанай справай. Пасля нядоўгіх разваг Сяргей Іванавіч усё ж такі згадзіўся на новую пасаду. Працаваў самааддана і шчыра. Справа, якую рабіў і якой прысвячаў амаль увесь вольны час, прыносіла задавальненне і радасць. Хоць усё і атрымлівалася, хутка зразумеў, што адміністрацыйная пасада не для яго. С.І.Марашчуку для самарэалізацыі не хапала прасторы ўрока са свабодай дзейнасці. Ён любіў эксперыментаваць і на практыцы правяраць найбольш эфектыўныя і выніковыя метады, прыёмы і сродкі навучання. Таму Сяргею Іванавічу больш камфортна было стаяць ля дошкі з крэйдай і ўказкай у руках, тлумачыць новы матэрыял і паказваць розныя эксперыменты, назіраць у тэлескоп за небам…

С.І.Марашчук упэўнены, што трэба любіць тое, што робіш, бо вучыць і выхоўваць дзяцей — высокае мастацтва. Тонкае і далікатнае, якое патрабуе майстэрства, прафесіяналізму і не церпіць фальшу, паспешлівасці і здрады, нават самай маленькай. Педагог павінен умець штодзень аддаваць сваю любоў і частку сябе таму, каго вучыць.

На сваіх уроках С.І.Марашчук выкарыстоўвае педагогіку супрацоўніцтва і кампетэнтнасны падыход. Каб зацікавіць вучняў прадметам, настаўнік часта складае фізічныя задачы на аснове краязнаўчага матэрыялу.

Яшчэ адным важным напрамкам педагагічнай дзейнасці С.І.Марашчука з’яўляецца падрыхтоўка вучняў да ўдзелу ў алімпіядным руху. Гэтым настаўнік сур’ёзна і грунтоўна пачаў займацца 7 гадоў назад. Вынікі не прымусілі доўга чакаць. Цяпер у скарбонцы дасягненняў выхаванцаў Сяргея Іванавіча 13 дыпломаў па фізіцы і астраноміі, атрыманыя па выніках абласных і заключных этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. За гэтай лічбай хаваецца напружаная, карпатлівая і цяжкая праца, за якую С.І.Марашчук быў адзначаны прэміяй Брэсцкага аблвыканкама.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.